Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці стане “Кур’ер” беларускім “Time”?


Ці стане “Кур’ер” беларускім “Time”?

(эфір 28 Жніўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэмаю сёньняшняга выпуску — магчымасьць выжываньня ў Беларусі грамадзка-палітычнага часопіса.

(Цыганкоў: ) “Беларуская прэса небагатая на прыклады каляровых часопісаў — калі яны і ёсьць, дык часьцей існуюць за кошт свайго заснавальніка або іншых фундатараў, не прыносячы матэрыяльных прыбыткаў. У ранейшых выпусках “Ад панядзелка да панядзелка” мы распавядалі пра такія часопісы на жаночую, аўтамабільную, літаратурную тэматыку.

Аднак гэтая ніша для грамадзка-палітычнага выданьня ганебна і разам з тым красамоўна пуставала. Тым часам па ўсім сьвеце такія штотыднёвікі зьяўляюцца вельмі пасьпяховымі праектамі, маюць вялізныя наклады. Напрыклад, у Польшчы часопіс “Wprost” мае наклад 400 тысячаў асобнікаў, у Расеі на гэтай дзялянцы канкуруюць паміж сабой “Итоги”, “Эксперт”, — усяго каля 10 выданьняў. Я ўжо не кажу пра посьпех і сусьветную вядомасьць папулярных і ўплывовых амэрыканскіх тыднёвікаў “Time” i “Newsweek”.

У Беларусі да апошняга часу нічога падобнага не йснавала. Парадаксальна, але за дзесяць гадоў ніхто так і не адважыўся пайсьці на ажыцьцяўленьне такога звонку вельмі пэрспэктыўнага праекту. І вось сёлета ў сакавіку выйшаў у сьвет першы нумар часопісу “Кур’ер”.

Заснавальнік і галоўны рэдактар “Кур’еру” Ігар Гермянчук адразу ж здолеў прыцягнуць да супрацоўніцтва лепшых на сёньня ў Беларусі аналітыкаў і публіцыстаў. Гермянчук тлумачыць сваю стаўку на знакамітыя імёны, а заадно й наракае на недахоп якасных журналістаў…”

(Гермянчук: ) “Безумоўна, такога кшталту часопісы могуць трымацца на імёнах, на аўтарах, якія ведае чытацкая аўдыторыя. Таму я й дамаўляўся з журналістамі, якія маюць імя, якія паводле рэйтынгаў уваходзяць у лік самых чытэльных журналістаў.

Журналісты таксама ссумаваліся па выданьнях пэўнай якасьці. Газэта — гэта тавар, які жыве адзін дзень або тыдзень. Часопіс такога кшталту — гэта ў пэўным сэнсе рэч вечная. Таму аўтары, каб рэалізаваць сабе, хочуць зрабіць нешта такое, што будзе заўважана і доўгі час калі не чытацца, дык неяк прысутнічаць сярод чытачоў. Таму дамовіцца з аўтарамі было досыць проста — яны ахвотна згаджаліся на тое, каб публікавацца ў часопісе.

Іншая рэч, што многія тэксты не патрапілі й не патрапяць у часопіс з-за тае прычыны, што іхная якасьць не адпавядае таму ўзроўню, які мы хацелі б бачыць на нашых старонках. Дарэчы, і журналістаў, якія могуць пісаць якасную аналітыку, няшмат у Беларусі — зрэшты, як і ў іншых сфэрах. Такім чынам мы ў пэўным сэнсе бедныя і на якасных журналістаў”.

(Цыганкоў: ) “Іншая патэнцыйнае перашкода для недзяржаўнага выданьня — гэта нэгатыўнае стаўленьне ўладаў. Любое незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне ў беларускай сытуацыі вымушанае так ці йначай вызначаць сваю пазыцыю. Або яно дабрахвотна робіцца апазыцыйным, або яго сьпіхваюць туды нават насуперак жаданьню. Ігар Гермянчук сьцьвярджае, што дагэтуль «Кур'ер» ня меў палітычных праблемаў…»

(Гермянчук: ) “Ну, я ведаю, што з асьцярогаю чакалі ва ўладных структурах, што ж гэта будзе за часопіс. Я думаю, што выхад “Кур’ера” ў сьвет іх у пэўным сэнсе заспакоіў. У тым сэнсе, што гэта выданьне спакойнае, якое арыентуецца не на пратэстную аўдыторыю, а на аўдыторыю больш прасунутую, інтэлектуальна разьвітую.

Мы ня ставім мэту быць апазыцыйным выданьнем. Мы хочам быць проста якасным свабодным часопісам. У нас галоўная ўмова — каб тэкст быў цікавым для чытача, каб тэма была актулаьная і выкладзеная ў даступнай форме. Мы арыентуемся на людзей прафэсійна актыўных. Гэта непалітызаваная аўдыторыя, але разам з тым яна цікавіцца праблемамі палітыкі, эканомікі, грамадзтва. Нас чытаюць мэнэджэры, кіраўнікі сярэдніх і буйных кампаніяў, істэблішмэнт, людзі з самых розных сфэраў – ад бізнэса да гуманітарнае сфэры”.

(Цыганкоў: ) «Мы працягваем аналізаваць пэрспэктывы ўкараненьня ў сёньняшняй беларускай сытуацыі грамадзка-палітычнага часопіса. Увесну выйшлі першыя два нумары «Кур'ера», аднак наступны трэці нумар дасюль не зьявіўся ў газэтных шапіках. Я пытаюся ў рэдактара часопіса Ігара Герменчука, наколькі рэальнасьць гэтага праекту аказалася блізкай да мараў і задумак…”

(Гермянчук: ) “На першым часе ўяўлялася, што будзе трохі прасьцей у фінансавым сэнсе. Меркавалася, што праект будзе разьвівацца хутчэй — стабільна выходзіць раз у месяц. Але аказалася, што знайсьці рэкляму ня так проста — бо такія праекты могуць жыць фінансава толькі за кошт рэклямадаўцаў.

Але практыка паказвае, што пэўную рэкляму знайсьці можна нават у нашых умовах. Зараз быў вельмі цяжкі пэрыяд — гэта лета, “мёртвы сэзон” — знайсьці рэкляму, тым больш для новага выданьня, практычна было немагчыма. Тым ня менш бліжэй да восені, сытуацыя папраўляецца, нейкія рэклямадаўцы зьяўляюцца, і недзе ў сярэдзіне верасьня ў продажы зьявіцца наступны нумар часопісу “Кур’ер”.

(Цыганкоў: ) “Між тым, калегі Ігара Герменчука – рэдактары беларускіх грамадзка-палітычных часопісаў даюць «Кур'еру» вельмі мала шанцаў на выжываньне. Нажаль, усе, з кім я абмяркоўваў гэтую тэму, адмовіліся сказаць нешта для эфіру, дзеючы паводле прынцыпу «не хачу сурочыць, накаркаць». Аднак скептыкі пагадзіліся выкласьці свае аргумэнты — яны найперш эканамічныя. Па-першае, цяпер у Беларусі назіраецца спад усялякае дзелавой актыўнасьці, таму чакаць вялікага наплыву рэклямы выдаўцу незалежнае прэсы не даводзіцца. Па-другое, афіцыйны курс даляра зьбліжаецца з курсам чорнага рынку, а гэта значыць, падвышаюцца кошты на арэнду памяшканьняў, платы за камунальныя паслугі, выдаткі на працоўны калектыў. Разам з тым падвышаць кошт часопіса ў продажы не выпадае — пакупнік у сваёй асноўнай масе сёньня не гатовы плаціць нават некалькі сотняў рублёў. Сытуацыю тут маглі б выратаваць вонкавыя інвэстыцыі. Але замежныя інвэстары не ўкладаюць зараз нават у незалежную прэсу. Чаму? Пытаньне Ігару Герменчуку…»

(Гермянчук: ) “Таму што сфэра мэдыяў вельмі блізка зьвязаная з палітыкаю, і інвэстар ня хоча рызыкаваць у такой сытуацыі, калі праекту могуць быць пастаўленыя перашкоды паводле палітычных матываў. І таму ў палітычныя мэдыйныя праекты інвэстары ня йдуць. Як толькі сытуацыя трохі лібэралізуецца ў палітычным і эканамічным сэнсе, будзьце ўпэўненыя, што прыйдуць інвэстары і ў мэдыі”.

(Цыганкоў: ) “Дарэчы, акрамя «Кур'еру», у Беларусі фармальна ёсьць яшчэ адзін грамадзка-палітычны часопіс. Называецца ён «Эпоха» і выдаецца ў Польшчы дзьвюма прыватнымі асобамі дзякуючы дапамозе розных замежных фондаў. У выходных дадзеных пазначана, што выданьне зьяўляецца «грамадзка-некамэрцыйнай ініцыятываю», аднак сэнс і задачы гэтага часопіса ўяўляецца даволі цьмяна. «Эпоха», якая прадаецца ў офісах палітычных арганізацыяў, пакуль ня стала рэальнай зьяваю беларускага друку.

Калі ж на рынку беларускай пэрыёдыкі народзіцца канкурэнт для «Кур'еру»? — наша апошняе пытаньне для Герменчука…»

(Гермянчук: ) “Я думаю, наўрад ці ў бліжэйшы час зьявяцца канкурэнты. Людзі, у якіх ёсьць грошы, ня маюць творчых рэсурсаў, каб зрэалізаваць такі праект. У мяне сытуацыя трошкі йнакш — з пункту гледжаньня творчага сытуацыя выглядае больш-менш нармальна, а вось з пункту гледжаньня фінансаў — ня дужа добра.

Так што ў каго ёсьць грошы — ня будзе рызыкаваць. І рэсурсаў няма, і па-другое, калі ўжо ёсьць канкурэнт на рынку, вельмі цяжка прабівацца да чытацкай аўдыторыі”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, як заўсёды, “нашыя жаданьні не супадаюць з нашымі магчымасьцямі”. Застаецца толькі пажадаць, каб жаданьні беларускае грамадзкасьці мець якасны грамадзка-палітычны часопіс супала з магчымасьцямі кіраўніка праекту “Кур’ер” Ігара Герменчука”.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG