Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэлігійная прэса Беларусі


Рэлігійная прэса Беларусі

(эфір 21 жніўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Прывітаньне. Магу загадзя сказаць, што рыхтуючы сёньняшнюю тэму, я быў істотна ўражаны колькасьцю і разнастайнасьцю друкаваных выданьняў рэлігійных канфэсіяў Беларусі. Пры гэтым значная частка іх выходзіць ня толькі ў Менску, але і амаль у кожным рэгіёне.

Аднак аб усім па парадку. Пачнем з праваслаўных – самай масавай рэлігійнай грамады Беларусі. Бадай, галоўнае праваслаўнае выданьне ў краіне, якое выпускае экзархат БПЦ, – гэта газэта “Царкоўнае слова”. Яна выходзіць на расейскай і беларускай мовах і мае наклад каля 10 тысячаў асобнікаў. Непэрыядычна выходзіць “Вестник экзархата”, які звычайна прысьвечаны якой-небудзь важнай падзеі. Пры менскай епархіі друкуюцца “Минские епархиальные ведомости”. Беларускае праваслаўнае брацтва Трох Віленскіх мучанікаў выпускае квартальнік “Праваслаўе ў Беларусі і сьвеце”. Гэты часопіс распаўсюджваецца таксама за межамі краіны і знаёміць з праваслаўным жыцьцём Беларусі беларусаў-эмігрантаў. Але асноўная частка праваслаўных выданьняў выходзіць у рэгіёнах, пра што вы пачуеце ў другой частцы праграмы.

А мы пакуль пяройдзем да выданьняў каталіцкай канфэсіі. Самае старэйшае зь іх – часопіс “Аве Марыя” – мае наклад каля 9 тысячаў і разыходзіцца па парафіях. Квартальнік “Наша вера” разьлічаны на больш дасьведчанага і адукаванага чытача. Там шмат матэрыялаў па гісторыі каталіцызму ў Беларусі, пра сакральную архітэктуру краю. Таксама выдаецца інфармацыйны бюлетэнь “Каталіцкія навіны”, дзе асьвятляецца жыцьцё касьцёлу ў Беларусі і сьвеце. Каталіцкая грамада выпускае і газэту для дзетак “Маленькі рыцар беззаганны”, працягваючы гэтым самым гістарычную традыцыю. Адметна, што ўсе гэтыя выданьні выходзяць на беларускай мове, распаўсюджваюцца яны па парафіях сярод вернікаў.

На каго накіраваныя беларуская релігійная прэса – выключна на перакананых вернікаў ці таксама на людзей, якія толькі пачалі цікавіцца рэлігіяй? Ці можна сустрэць у гэтых выданьняў дыскусіі на рэлігійныя тэмы? На гэтыя пытаньні адказвае Хрысьціна Лялько, рэдактар некалькіх беларускіх каталіцкіх выданьняў.

(Лялько: ) “Калі казаць пра “Авэ Марыю”, то яна сапраўды адрасаваная найбольш для практыкуючых вернікаў. А што датычыць “Нашай веры”, то мы шырока друкуем артыкулы нават такога сьвецкага характару, гістарычнага. Так што я думаю, гэты квартальнік цікавы ня толькі практыкуючым вернікам, і ў прыватнасьці католікам, але і шырокаму колу чытачоў увогуле.

Што да дыскусіяў, то, канешне, калі ўзьнікае нейкая палеміка ў прэсе, то мы стараемся рэагаваць. Калі закранаюцца праблемы каталіцызму ў Беларусі, даваць адказ”.

(Цыганкоў: ) “А ці рэагуеце Вы на тое, калі ў выданьнях іншых канфесіяў – праваслаўных ці пратэстантаў – зьяўляюцца крытычнаыя выступы ці заўвагі ў бок каталіцызму?”

(Лялько: ) “Ну гэта залежыць ад таго, наколькі сапраўды крытычны гэта артыкул, на які трэба рэагаваць. Напрыклад, ёсьць такое выданьне праваслаўных “Царкоўнае слова” – немагчыма рэагаваць на кожны артыкул у гэтым выданьні, бо часам там такія закіды ў бок каталіцызму, як напрыклад, папрокі ў празэлітызме. Ну гэта абсалютна безнадзейна – адказваць на кожны такі закід. Місійнасьць каталіцкага касьцёлу ўспрымаецца як празэлітызм? Сьмешна было б даваць адказ на такія артыкулы.

Мы проста робім сваю справу, і канешне, молімся, каб і такія аўтары, і такія выдаўцы памяталі Хрыстову малітву аб еднасьці хрысьціянаў. Часам мы проста забываем, што была ж такая малітва, і мы павінны быць адзінымі”.

Заклікае Хрысьціна Лялько, рэдактар беларускіх каталіцкіх выданьняў. Акрамя праваслаўных і каталікоў, якіх прынята лічыць асноўнымі канфесіямі ў Беларусі, даволі шырокую актыўнасьць у сфэры друку выяўляюць розныя пратэстанскія плыні. Баптысты выдаюць у Кобрыне на расейскай мове часопіс з беларускамоўнай назвай “Крыніца жыцьця”. Часопіс выходзіць раз у два месяцы, частка яго нават рассылаецца па падпісцы, але большая колькасьць раздаецца бясплатна. Пяцідзесятнікі, а дакладней, міжканфэсійная місія “Прамень надзеі” выпускае штомесячнаю газэту “Слово”, у якой, у адрозьненьне ад многіх рэлігійных выданьняў, ёсьць што пачытаць і чалавеку далёкаму ад рэлігіі. Евангельскія хвысьціяне выпускаюць “Ветви” – як пазначаны ў падзагалоўку – газету аб Хрысьце і хрысьціянах.

І нарэшце, нельга не адзначыць высокую паліграфыічную якасьць і добры творчы ўзровень квартальніка “Царква”, які выпускаюць беларускія ўніяты.

Як я ўжо адзначаў, рэлігійныя выданьні выходзяць у кожнай вобласьці. Для нашай праграмы мы ўзялі прыклады з Захаду і Ўсходу краіны – Гарадзенскай і Магілеўскай абласьцей. З Гарадзеншчыны перадае Сяргей Астраўцоў.

(Астраўцоў: ) “Гродненские епархиальные ведомости” былі заснаваныя ў 1901 годзе, адноўлены – у 92-м. Газэта выходзіць штомесяц накладам 1100 паасобнікаў. Аб’ём яе – 20 старонак фармату А-4. Газэта –дзьвюхмоўная, хаця публікацый на беларускай мове зусім мала. За апошні час у “Епархиальных ведомостях” стала больш мясцовага матэрыялу – з жыцьця Гарадзенска-Ваўкавыскай эпархіі. Надрукавана, напрыклад, інтэрвію з айцом Аляксандрам Велісейчыкам, які ўжо амаль год як аднаго разу на месяц праводзіць набажэнства на беларускай мове ў старажытнай Каложскай царкве, якая стаіць на высокім беразе Нёману.

Айцец Аляксандар гаворыць: “Тое, што ў Беларусі 80% праваслаўных вернікаў – вельмі ўмоўна. Я разглядаю служэньне на беларускай мове як місіянэрскую дзейнасьць. І бачу яе менавіта ў тым, каб дапамагчы знайсьці Хрыста. Царква, якая у часы Кірыла і Мяфодзія несла слова Божае на зразумелай мове, павінна рабіць гэта і зараз”.

У двух апошніх нумарах надрукаваны дакумэнтальныя матэрыялы аб тым, як уціскалася царква на Гарадзеншчыне ў хрушчоўскую адлігу. У 59-м годзе КГБ арыштаваў і распачаў крымінальную справу супраць шасьцідзесяцігадовага настаяцеля Алекшыцкай царквы Міхаіла Гапоніка за тое, што той паслаў – заўважце – ананімны ліст ва ўрад БССР, якім наракаў на тое, што ў мясцовай прэсе шмат нападак на духавенства.

Што датычыць інфармацыйных блёкаў “Епархиальных ведомостей”, дык яны – чыста прамаскоўскія. Пра гэта сьведчаць ужо самі загалоўкі – “Рымскі Папа заахвочвае львоўскія ўлады”, “Біл Клінтан –ардэнаносец”, “ФСБ супраць сэктантаў”, “Лідэр беларускіх раскольнікаў знайшоў падтрымку ва ўкраінскіх аўтакефалістаў’.

Каталіцкая газэта Гарадзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцьця” выходзіць толькі тры гады на 12 старонках, таксама фарматам А-4. Але выдаецца яна часьцей – раз у два тыдні. Мае дзьве моўныя вэрсіі. Друкуецца па-польску і асобным накладам па-беларуску. У беларускай вэрсіі частка матэрыялаў зьмяшчаецца на расейскай мове. Беларускі наклад – 4400 паасобнікаў.

На самым пачатку рэдакцыя мела праблемы з Дзяржкамдрукам. “Слова Жыцьця” называлася тады часопісам. Аднак сталічныя чыноўнікі заўважылі, што старонкі не счапляюцца, як павінна быць у часопісе. А значыцца – гэта газэта. “Слова Жыцьця” спыніла свой выхад на некалькі месяцаў, пакуль не было перароблена пасьведчаньне аб рэгістрацыі.

У нашым горадзе выдаецца таксама каталіцкі часопіс “Misericordia”.

З Гародні перадаваў Сяргей Астраўцоў. Зразумела, што на Ўсходзе Беларусі сярод рэлігійных выданьняў больш за ўсё праваслаўных. З Магілеву – Марыя Ўсьціновіч:

(Усьціновіч: ) “Магілеўская праваслаўная епархія аднавіла ў 1991 годзе “Епархиальные ведомости”, якім больш за сто гадоў. Ва ўсякім разе, у мясцовым краязнаўчым музэі ёсьць такая газэта, заснаваная яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Сёньня “Епархиальные ведомости” выходзяць ня вельмі пэрыядычна – прыкладна раз у два месяцы. Прадаецца газэта ў цэрквах і саборах вобласьці часьцей за ўсё нават ніжэй сабекошту па доступнай для насельніцтва цане. Пачыналася аднаўленьне з накладу 999 асобнікаў, зараз – меней.

Гавораць, што “Епархиальные ведомости” вернікі набываюць з ахвотай, бо там простай і сучаснай – расейскай – мовай распавядаецца пра царкоўныя сьвяты, даты, навіны жыцьця епархіі, ёсьць і багаслоўскія артыкулы.

Магілеўская праваслаўная епархія таксама бярэ ўдзел у падрыхтоўцы адмысловай паласы ў газэце “Могилёвские ведомости” і тэлепраграмы на мясцовым дзяржаўным тэлеканале пад адной назвай “Магілеўшчына праваслаўная”. Раз на месяц у газэце “Бабруйскі кур’ер” зьяўляецца старонка “Светлячок”. Пад гэтай жа назвай выходзіць асобны праваслаўны штомесячнік для сямейнага чытаньня. Займаецца гэтым духова-асьветніцкі цэнтар пры Бабруйскай Сьвята-Нікольска-Георгіеўскай царкве. Набор матэрыялаў “Сьветлячка” звычайны – дні сьвятых, вершы, праваслаўныя навіны, багаслоўскія тэксты і рэкляма нядзельнай школы.

Архікатэдральны касьцёл Сьвятога Станіслава ў Магілеве выдае з 1993 года “Весьнік надзеі”. Газэта выходзіць раз на квартал накладам 499 асобнікаў. Сродкі на выданьне касьцёл выдаткоўвае дзеля таго, каб вернікаў Магілеўшчыны знаёміць з навінамі жыцьця акругі. Пішацца “Весьнік надзеі” таксама простай, але – бларускай мовай.

Негледзячы на тое, што пратэстанцкіх грамадаў у вобласьці зарэгістравана больш за ўсё, іхніх выданьняў на Магілеўшчыне выявіць так і не ўдалося. У асноўным пратэстанты карыстаюцца “цэнтральнымі” выданьнямі сваіх цэркваў. А на камэрцыйным мясцовым тэлеканале ёсьць некалькіх пратэстанцкіх праграмаў з замежжа, якія даюць каналу істотную фінансавую падтрымку”.

Марыя Ўсьціновіч з Магілеву закончыла агляд рэлігійнай прэсы ў рэгіёнах. Такім чынам, вымалёўваецца наступная карціна. Кожная з асноўных хрысьціянскіх канфэсіяў выпускае даволі шмат выданьняў, але яны як бы абмежаваныя ў сваім утульным доміку, не імкнуцца выйсьці на шырокі дыялёг з іншымі канфэсіямі, а тым больш з нявернікамі. Чаму так адбываецца? Пра гэта я запытаў рэдактара каталіцкіх выданьняў Хрысьціну Лялько.

(Цыганкоў: ) “Чаму, на вашую думку, ў Беларусі няма такога выданьня – часопіса ці газэты – скажам так, “сьвецка-рэлігійнага”? Бо каталіцкія ёсьць, праваслаўныя, пратэстанцкія, але яны накіраваныя для сваіх вернікаў. А такога, дзе б вернікі і нявернікі абмяркоўвалі агульныя праблемы, спрачаліся – няма?”

(Лялько: ) “Я лічу, што нават квартальнік “Наша вера” я б не назвала чыста рэлігійным – цяжка вельмі гэтую мяжу вызначыць. Ведаеце, складана аўтарам сьвецкім пісаць на такія тэмы, таму што часам яны проста паслугоўваюцца нейкімі гістарычнымі штампамі.

Нарэўна, таму няма такога выданьня і шырокага абмеркаваньня праблемаў хрысьціянства, увогуле сучаснага жыцьця, – таму што мала ў нас дасьведчанасьці. Скажам, нават мы, каталіцкія выданьні, адчуваем дэфіцыт аўтараў, якія маглі б добра пісаць. Гэта наша бяда, а не віна. Дзесяцігодзьдзі атэізацыі зрабілі сваё – па свайму складу мысьленьня мы матэрыялісты. І знайсьці кагосьці, хто б быў дасьведчаны ў гэтай праблематыцы, адчуваў гэта – вельмі складана”.

Гэтак лічыць Хрысьціна Лялько. Старшыня Беларускага праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчук таксама адказаў на маё пытаньне, чаму ў Беларусі не існуе добрага міжканфесійнага рэлігійнага выданьня. Спадар Матрунчук лічыць, што праблема найперш у кадрах і традыцыі – ў Беларусі няма падрыхтаваных прафэсійных царкоўных журналістаў. Кіраўнік праваслаўнага брацтва ўпэўнены, што ў такім выданьні, калі б яно існавала, можна і трэба было б далікатна закранаць самыя вострыя праблемы міжканфэсійных стасункаў.

У Расеі ў савецкія часы існавала атэістычнае выданьне “Наука и религия”, якое потым пераўтварылася ў часопіс шырокага рэлігійнага дыялёгу. У Беларусі такога выданьня не было, і пакуль ніхто не парупіўся ці ня здолеў зрабіць нешта падобнае. А гэта стала б, безумоўна, вялікім крокам наперад у падачы рэлігійнае тэмы. Пакуль жа вялікая колькасьць рэлігійных выданьняў Беларусі яшчэ не перайшла ў якасьць.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG