Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтамабільная прэса


Аўтамабільная прэса

(эфір 14 Жніўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Нашай чарговай тэмаю – аўтамабільная прэса Беларусі.

(Цыганкоў: ) “Адразу скажу, што на фоне іншае спэцыялізаванае прэсы беларускія аўтамабільныя выданьні ўражваюць сваёй колькасьцю і нават якасьцю. Два поўнакаляровыя часопісы й чатыры газэты – здаецца, нядрэнны вынік для неразьбешчанага посьпехамі беларускага друку.

Усе гэтыя выданьні мы прадставім пазьней, а пачнем традыцыйна зь лідэра. Газэта “Авто-бизнес” з накладам 40 тысячаў – самае дасьведчанае і самае тоўстае выданьне на рынку беларускае аўтамабільнае прэсы. На сёньня “Авто-бизнес” бадай, увогуле, самая тоўстая беларуская газэта – штотыднёва 80 палосаў рэклямы і інфармацыі. На нашае пытаньне пра прычыны посьпеху заснавальнік газэты Дзьмітры Розум адказвае даволі самаўпэўнена…”

(Розум: ) “Быць лідэрам заўжды прасьцей, чым даганяць. І калі мы ўжо занялі першую пазыцыю, і не ўчыняем аніякіх грубых памылак, дзейнічаем даволі пісьменна, дык пасунуць нас вельмі складана”.

(Цыганкоў: ) “А чым вылучаецца Вашае выданьне сярод канкурэнтаў. У чым вашыя моцныя бакі, ці маеце вы нейкую сваю асаблівую, эксклюзіўную тэму?”

(Розум: ) “Наша задача – комплексны падыход, ня толькі купіць–прадаць ці адрамантаваць аўтамабіль, але й даць інфармацыю з аўтамабільнага жыцьця Беларусі і ўсяго сьвету. Мы наведваем амаль усе буйныя аўтамабільныя фэсты, маем непасрэднае ліставаньне амаль з усімі сусьветнымі аўтамабільнымі канцэрнамі. Іншымі словамі – нармальна, спакойна, ціха і, калі можна так бы мовіць, сумна працуем”.

(Цыганкоў: ) “Я вось днямі рабіў праграму пра кампутарныя выданьні, і ў гэтай сфэры ўжо пайшоў працэс даволі вузкае спэцыялізацыі. У вас жа ў газэце можна знайсьці ўсё пра ўсё – і беларускую інфармацыю, і міжнародную, рэклямныя аб’явы… Ці ня лічыце Вы, што й для аўтамабільнае прэсы настаў час спэцыялізацыі?”

(Розум: ) “Цалкам магчыма. Хаця я скажу, што хвароба здрабненьня – гэта дзіцячая хвароба. Калі не хапае грошай, каб выдаваць нешта сур’ёзнае, дык што можа заваяваць чытача? Разумееце, аптымальны варыянт – калі ў газэце ёсьць усё, і ўсё гэта дорага каштуе, і ўсё гэта на ўзроўні. Так, ёсьць размежаваньне аўтамабільнае прэсы – ад рамонту да продажу новых аўтамабіляў – спэктар дастаткова шырокі. Але буйныя выданьні пакрываюць усю тэматыку.

Ці будзе ў бліжэйшы час нейкае падзяленьне? – я думаю, гэта будзе сярод дробных газэтаў, якім трэба шукаць месца пад сонцам, неяк вырвацца зь ценю і чымсьці вылучыцца. Ім гэта патрэбна. А нашаму выданьню бліжэйшым часам гэта не пагражае”.

(Цыганкоў: ) Гэтак лічыць заснавальнік газэты “Авто-бизнес” Дзьмітры Розум. Размову зь ім мы працягнем пазьнем, а пакуль распавядзем пра іншыя аўтамабільныя выданьні Беларусі.

Даволі падобныя па свайму аб’ёму й тэматыцы і каляровым напаўненьні некаторых старонак “Автогазета” і “Автодайджест”. Яны, дарэчы, маюць прыблізна аднолькавыя 20-тысячныя наклады. У “Автогазете” пераважаюць перадрукоўкі зь інтэрнэту і замежнага друку, у “Автодайджесте” троху больш беларускай інфармацыі і аўтамабільных тэстаў.

І нарэшце, газэта “Автозапчасти” дэманструе на сваім прыкладзе ўзор тае самае тэматычнае спэцыялізацыі, пра якую мы ўжо казалі. Яна прысьвечаная адной вузкай тэме, і імкнецца разьвівацца ў рамках сваёй дзялянкі.

Як я адзначаў раней, у Беларусі выходзяць два паўнакаляровыя аўтамабільныя часопісы. Адзін зь іх – “АБС” – выходзіць раз у два месяцы, затое іншы – “Корвет” – выходзіць штомесяц. Хаця многія называюць гэты часопіс рэклямным буклетам фірмы “Американские автомобили”, чытаецца ён даволі цікава, а паводле паліграфічнага выкананьня гэта, безумоўна, адно з лепшых беларускіх выданьняў. Гэта даволі ўдалая спроба зрабіць элітны аўтачасопіс, які абапіраецца на даволі шырокую тэматыку. Іншая справа – ці можа выжыць такі прыгожы часопіс у беларускіх эканамічных умовах.

Агульнапрызнана, што найлепшы час для аўтамабільнага рынку Беларусі быў у сярэдзіне 90-х. Тады ідэі выдаваць “аўтамабільныя” газэты зьяўляліся нават у правінцыі. Гарадзеншчына сярод беларускіх рэгіёнаў зьяўляецца прызнаным цэнтрам аўтамабільнага бізнэсу. Распавядае Сяргей Астраўцоў…

(Астраўцоў: ) «У сярэдзіне 90-х гадоў, калі аўтабізнэс быў яшчэ ў росквіце, ім займаліся тысячы гарадзенцаў. А мясцовы аўтарынак прывабліваў пакупнікоў ня толькі з усяе Беларусі, а таксама й з Расеі.

Аўтарынак знайшоў сваё адлюстраваньне і ў мясцовай прэсе. У газэтах пачалі зьяўляцца зьвесткі пра кошты на аўтамабілі паасобных марак і розных гадоў выпуску. Друкаваліся яны і ў «Пагоні», і ў афіцыйнай прэсе. Бо гэтым можна было тады прыцягнуць увагу новых чытачоў.

Была нават зроблена спроба выдаваць газэтку, прысьвечаную аўтамабільнаму рынку. Прайснавала яна нядоўга. Наступным разам паспрабавалі выпускаць такое выданьне пару гадоў таму. Аднак яно пратрымалася яшчэ менш.

Асноўных прычынаў таго, што аўтамабільныя газэты ў нашым горадзе прайснавалі нядоўга, бадай, дзьве. Па-першае, у выданьні не ўкладаліся дастатковыя грошы. Выпускам займаўся па-сутнасьці адзін чалавек. Па-другое, моцныя пазыцыі на рынку спэцыялізаваных выданьняў адразу заняла сталічная прэса.

Сёньня кошты на аўтарынку пэрыядычна зьмяшчае газэта «Биржа Информации». А публікацыі з аналізам рынку час ад часу друкуе «Пагоня».

(Цыганкоў: ) “З Гародні перадаваў Сяргей Астраўцоў. Каб высьвятліць пэрспэктывы разьвіцьця беларускае аўтамабільнае прэсы, мы працягваем размову з заснавальнікам газэты “Авто-бизнес” Дзьмітрам Розумам.

І першае пытаньне: ці зьяўляюцца прыбытковымі аўтамабільныя выданьні, ці яны існуюць за кошт заснавальнікаў як дадатак да іншага бізнэсу?”

(Розум: ) “Большасьць выданьняў не зьяўляюцца прыбытковымі. Такія выданьні, як часопісы “Корвет” і “АБС” стратныя. Вялікія выдаткі. І фірмы ўтрымліваюць іх дзеля прэстыжу, у разьліку на зьмену сытуацыі, дзеля ўласнае іміджавае рэклямы. Што тычыцца “Авто-бизнеса”, дык гэта адназначна прыбыткавае выданьне, хаця, канешне, казаць пра тыя прыбыткі, што былі раней, цяпер не даводзіцца. Выдаткі ўвесь час растуць, прыбыткі разам з даходамі людзей падаюць, хаця ў прынцыпе мы, папэўна, адзіныя, хто яшчэ сабе больш-менш нармальна адчувае. Астатнім яшчэ горш”.

(Цыганкоў: ) “Дзьмітры Розум адзначае, што на разьвіцьцё спэцыялізаванае прэсы найперш адбілася ня зьніжка коштаў на аўтамабілі, але скарачэньне рынку. Што да патрыманых аўтамабіляў, дык беларусы яшчэ могуць зарабляць на гэтым, але магчымасьці значна зьменшыліся”.

(Розум: ) “Мы ўсе – я маю на ўвазе тых, хто зарабляць на аўтамабільным бізнэсе, жылі з таго, што Беларусь зьяўлялася транзытнай дзяржаваю з пункту гледжаньня перапраўкі аўтамабіляў з Захаду на Ўсход. Не сакрэт, што ў нас быў адзін з найбуйнейшых рынкаў, адно з найбуйнешых выданьняў. Машыны плынямі йшлі празь Беларусь на Расею. Калі была адзіная некантралюемая мытная зона. Зараз яна кантралюецца.

Усё зламаў крызыс у Расеі. Тады ўсё й скончылася – або пачалося, ня ведаю, як сказаць. Пасьля гэтага ўсе сталі сабе нашмат горай адчуваць. Хаця ў прынцыпе, зараз абстаноўка стабілізавалася, і цяпер можна казаць, што мы больш-менш ажываем”.

(Цыганкоў: ) “Дык усё ж якія пэрспэктывы ў спэцыялізаванай аўтамабільнай прэсы? Як пры варыянце нармальнага разьвіцьця падзеяў так і ў выпадку жорсткага крызысу на гэтым рынку…”

(Розум: ) “Я думаю, што час паўнакаляровых часопісаў яшчэ не прыйшоў у Беларусі, гэтак сама як і каляровых газэтаў. Калі такі час настане – Бог яго ведае, і ці дажывуць да гэтага часу тыя каляровыя часопісы, што ў нас ёсьць. Калі рынак будзе разьвівацца, дык ўсё як было, так і застанецца – будзем жыць пакрысе ўсё лепш і лепш. Калі абстаноўка пагоршыцца, першымі памруць тыя, хто нясе большыя выдаткі, гэта значыць каляровыя выданьні. Апошнім вымрэ самы тоўсты й багаты “Авто-бизнес”.

(Цыганкоў: ) “Гэтак, даволі аптымістычна заяўляе заснавальнік газэты “Авто-бизнес” Дзьмітры Розум. Напэўна, ягоны аптымізм мае істотныя падставы. Сапраўды, аўтамабільны бізнэс у Беларусі пакуль ня зьвяў, ён проста пераарыентаваўся з новых і дарагіх мэрсэдэсаў на патрыманыя 10-гадовыя машыны. А яны патрабуюць рамонту, запчастак яшчэ больш за новыя аўтамабілі. Так што колькасьць кліентаў і рэклямадаўцаў для аўтамабільнае прэсы наўрад ці зьменшыцца. А значыць пэрспэктывы беларускае аўтамабільнае прэсы застаюцца дастаткова стабільнымі”.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG