Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутарная прэса Беларусі


Кампутарная прэса Беларусі

(эфір 24 Ліпеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Сёньня прадметам дасьледваньня праграмы стане кампутарная прэса Беларусі.

(Цыганкоў: ) “Кампутарны бізнэс – такая ўдзячная сфэра, якая разьвіваецца паводле аб’ектыўных тэхналягічных законаў незалежна ад палітычнай ці эканамічнай сытуацыі ў краіне. Нават ва ўмовах самага зацятага эканамічнага крызысу, кампутарызацыя ідзе сваім парадкам. Гэта працэс, які можа паскарацца або тармазіцца, аднак ён ня можа быць спынены. Лягічна, што й разьвіцьцё кампутарнае прэсы, у адрозьненьні ад іншых сэгмэнтаў беларускіх мас-мэдыяў, уяўляе сабою даволі роўны і аптымістычны працэс.

Першай зьвярнула ўвагу на кампутарныя тэхналёгіі газэта «Белорусский рынок» яшчэ ў пачатку 90-х. Зразумела, што газэта асьвятляла гэтую тэму выключна з пункту гледжаньня цэнаў, мадыфікацыяў, не давала інфармацыю пра навіны й разьвіцьцё гэтае сфэры. Зрэшты, тады яшчэ не было трывалае катэгорыі чытача, якія б мог сур'ёзна цікавіцца гэтай праблематыкаю.

Потым зьявілася ўласна кампутарная прэса, спачатку часопіс «Press-enter», які неўзабаве саступіў дарогу газэтам.

Цяпер у краіне выходзяць тры штотыднёвіка, прысьвечаныя гэтай тэме. Аднак паказальна, што толькі адна зь іх – “Компьютерные вести”, найстарэйшая з выданьняў падобнае тэматыкі – ёсьць выключна беларускім праектам. Іншая газэта – “Компьютерра Белоруссия” – ўяўляе сабою беларускі варыянт моцнае расейскае кампутарнае газэты з гэткай жа назваю. І нарэшце, «Компъютерная газета» можна назваць хутчэй міжнародным выданьнем, якое зарэгістраванае ў Менску. Яна выходзіць зь лютага 1995 года, і мае самы вялікі наклад па Беларусі – каля 30 тысячаў асобнікаў.

Анатоль Кірушкін, дырэктар выдавецтва “Нестор”, якое зьяўляецца заснавальнікам “Компъютерной газеты”, адказвае на наша пытаньне, чым ягонае выданьне адбірае чытачоў у канкурэнтаў…”

(Кірушкін: ) “У кожнай газэты свае нішы. Дапусьцім, нашае выданьне я б назваў народнай кампутарнай газэтаю, бо мы арыентуемся не на нейкія пэўныя колы чытачоў, а на ўсіх, хто ў нейкай ступені зьвязаны з кампутарам. Гэта й пачынальнікі, якія чытаюць тое, што дапамагае ім засвоіць кампутарную тэхніку, і адмыслоўцы, якія знаходзяць для сябе сьвежыя і спэцыфічныя навіны. Таму розным асьвятленьнем матэрыялу мы пакрываем аўдыторыю ад пачынальнікаў да адмыслоўцаў”.

(Цыганкоў: ) “У мяне такое ўраджаньне, што ўва ўсіх трох кампутарных выданьнях вельмі мала ўласна беларускай інфармацыі. У чым тут справа – у вас недастаткова кадраў ці нічога не адбываецца і няма пра што пісаць?”

(Кірушкін: ) “Справа ў тым, што ў Беларусі ўсё-ткі мала чаго разьвіваецца ў галіне кампутарных тэхналёгіяў, што магло б быць прынцыповым для чытача. Беларуская тэматыка пераважна зводзіцца да праблемаў выставаў, сэмінараў, прэзэнтацыяў – гэта хутчэй тэматыка дзелавых газэтаў, а не спэцыялізаванага кампутарнага выданьня. Нашая газэта накіраваная на тэхналёгіі – праграмнае забесьпячэньне, навіны “жалеза” й гэтак далей. У прынцыпе, я не зусім уяўляю існаваньня кампутарнага выданьня, арыентаванага выключна на беларускую тэматыку. Бадай, адзіны варыянт – асьвятленьне навінаў вакол кампутарнага жыцьця. Але гэтая тэматыка больш тычыцца агульных газэтаў, а не спэцыялізаваных”.

(Цыганкоў: ) “Працягваем праграму. Як вы пачулі раней, спэцыфіка кампутарных выданьняў у тым, што яны імкнуцца не абмяжоўвацца толькі беларускім рынкам і беларускай інфармацыяй.

Напрыклад, у Беларусі й Расеі зарэгістраваныя дзьве розныя “Компъютерные газеты”, бо гэта дае права выдаўцоў распаўсюджвацца ў Расеі, карыстаючыся ўсімі тымі ільготамі, якія дае расейскае заканадаўства. Беларускае ж заканадаўства не дазваляе беларускім выданьням дзейнічаць у Расеі на тых самых умовах, што й расейскім СМІ. А якая пэрспэктыва ў кампутарнай прэсы ў Беларусі?

Анатоль Кірушкін, дырэктар выдавецтва “Нестор”, якое зьяўляецца заснавальнікам “Компъютерной газеты”, упэўнены, што тэматычная прэса будзе разьвівацца тымі ж тэмпамі, што й кампутарныя тэхналёгіі ў Беларусі. Будучыня ж кампутарнае прэсы ў спэцыялізацыі, і гэтыя працэсы праходзяць ужо зараз…”

(Кірушкін: ) “У “Компъютерной газеты” ўжо зараз ёсьць тры спэцыялізаваныя штомесячныя дадаткі. Мы заўважылі такую тэндэнцыю, што йснаваньне “агульнае” кампутарнае прэсы – гэта мінуўшчына. Цяпер стварыліся перадумовы для зьяўленьня больш “вузкіх” выданьняў.

Так, у нас нарадзілася газэта “Издательские системы” – гэта выданьне, якое асьвятляе больш дэтальна для прафэсіяналаў, а не для шырокай аўдыторыі, кампутарныя тэхналёгіі ў галіне паліграфіі, мультымэдыяў – ва ўсіх працэсах, зьвязаных з выдавецтвам. Далей у нас зьявілася газэта “Сетевые решения”, якая апісвае праблемы, зьвязаныя як з лякальныя сеткамі, гэтак і больш шырокія, як камунікацыя ў інтэрнэце, паміж офісамі. У чытачамі, якія цікавяцца гэтым, свае патрэбы. Свае інтарэсы, агульнакампутарная прэса ня можа іх задаволіць. Нарэшце, у нас ёсьць штомесячнік “Виртуальные радости”, дзе асьвятляецца інтэрнэт з пункту гледжаньня карыстальніка й забаўляльнага аспэкта.

А як аб’яднаць у адной газэце інтарэсы ўсіх такіх розных катэгорыяў чытачоў? – камусьці будзе надта падрабязна, камусьці надта павярхоўна… Гэта тое, з чым мы сутыкнуліся ў “Компъютерной газете” – маючы агульнае выданьне, мы не маглі даваць дэтальную інфармацыю для пэўных групаў адмыслоўцаў. Таму нашая газэта ўсё больш робіцца навінным выданьнем, а больш вузкую інфармацыю мы пераводзім у дадаткі.

Я бачу, як гэта разьвіваецца ў Расеі і на Захадзе – гэта той жа працэс, ідзе больш вузкая спэцыялізацыя”.

(Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць Анатоль Кірушкін, дырэктар выдавецтва “Нестор”.

Дарэчы, штомесячнікі-дадаткі, пра якія казаў Кірушкін, якраз накіраваныя пераважна на беларускага чытача. Спэцыялізацыя ў дадзеным выпадку дае свой пазытыўны плён. Увогуле ж, на маю думку, усе тры беларускія кампутарныя выданьні могуць дастаткова ўпэўнена глядзець у сваю сьветлую будучыню. Я думаю, ім можна толькі зайздросьціць – аніякае палітыкі, аніякіх непрыемнасьцяў рэклямадаўцам, адно толькі прывабныя пэрспэктывы наперадзе”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG