Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міліцэйская” тэма ў прэсе


“Міліцэйская” тэма ў прэсе

(эфір 17 Ліпеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У сёньняшнім выпуску – “міліцэйская” тэма. Пра што пішуць выданьні праваахоўных ворганаў, які вобраз міліяцыянта малююць беларускія СМІ?..

(Цыганкоў: ) “Пачнем праграму канстатацыяй таго неаспрэчнага факту, што сярод герояў анэкдотаў міліцыянты, бадай, займаюць адно зь першых пачэсных месцаў. Увогуле ж, вобраз супрацоўніка праваахоўных ворганаў у беларускай грамадзкай сьвядомасьці надзвычай супярэчлівы, кантрастны. Ад варожага непрыняцьця да лісьлівага афіцыёзу. Трэба прызнаць, што самі міліцыянты сваімі паводзінамі даюць падставы як да аднаго, гэтак і для іншага погляду.

Адпаведна грамадзкая думка адлюстроўваеца і ў прэсе. У адзін дзень у розных газэтах можна прачытаць і пра самагубствы сярод міліцянтаў і пра гераічны ўчынак участковага. Зразумела, што артыкул на першую тэму хутчэй прачытаеш у незалежным выданьні, а на другую – у дзяржаўным.

А што пішуць самі пра сабе выданьні праваахоўных ворганаў? У краіне выходзіць тры міліцэйскія газэты – агульнадзяржаўная “На страже” і рэгіянальныя – гарадзенскі “Милицейский вестник” і віцебская “02”. Уласнае выданьне – “Судовы вестнік” мае Вярхоўны суд. Пракуратура таксама выдае ўнутрыведамасны бюлетэнь. Мала хто ведае, што МУС выпускае нават адмысловую газэту для зьняволеных – “Трудовой путь”. Наклад яе зусім немаленькі – каля 5 тысячаў, хаця варта ўлічыць, што спажыўцоў у такога выданьня дастаткова – у Беларусі звыш 50 тысячаў зьняволеных.

Але, безумоўна, асноўнай міліцэйскай газэтаю застаецца “На страже”, заснавальнікам якой выступае МУС. Калісьці ў пачатку 90-х наклад гэтага выданьня дасягаў фантастычных лічбаў – 500 тысячаў асобнікаў. Гэта быў час, калі газэта актыўна друкавала крымінальныя дэтэктывы, а кніжны рынак яшчэ ня быў запоўнены падобнай прадукцыяй. Цяпер наклад газэты каля 30 тысячаў, зь іх толькі каля тысячы – гэта ведамасная падпіска. У наступным годзьдзе “На страже” адзначыць 70 год з дня выхаду першага нумару. Ейны рэдактар падпалкоўнік Міхал Розум лічыць, што такая газэта будзе патрэбная яшчэ тысячагодзьдзі…”

(Розум: ) “Тыя ісьціны, тыя каштоўнасьці, якія прапаведуе газэта “На страже”, – яны вечныя. Мы кажам: не крадзі, не забівай, не рабі нічога, што дрэнна для другіх. Вось з гэтай пазыцыі газэта патрэбна ўсім. Наша сьвядомая пазыцыя, каб у газэту пісалі тыя, хто знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы са злачыннасьцю: сьледчыя, апэратыўнікі крымінальнага вышуку, аддзелы барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю, іншыя супрацоўнікі міліцыі”.

(Цыганкоў: ) “У асьвятленьні працы праваахоўных ворганаў ці адчуваеце Вы канкурэнцыю з боку новых выданьняў, які пішуць на крымінальную тэматыку – “Детектив», «Частный детектив»?…»

(Розум: ) “Калісьці Аляксандар Усеня, рэдактар газэты “Частный детектив”, прыходзіў да нас і прапаноўваў разам выдаваць гэтую газэту. Але, калі тагачасны рэдактар Сяргей Шахновіч, прапанаваў тэматыку, дык Усеня адразу адказаў – “ хто яе чытаць будзе? Гэта нам ня трэба. Навошта нам вобразы супрацоўнікаў міліцыі ды іншыя тэмы. Нас болей цікавіць, выбачайце, за гэтае слова “чарнуха – парнуха””.

Я ніколі не згаджуся, каб газэта “На страже” апусьцілася да такога ўзроўню”.

(Цыганкоў: ) «Як Вашае ведамаснае выданьне ставіцца да парушэньняў у працы праваахоўных ворганаў? Ці пішыце вы пра злачынцаў у міліцэйскай форме, ці для вас важней захаваць гонар мундзіру?”

(Розум: ) “Для мяне гэтая тэма балючая таму, што, мабыць, нідзе няма такога суровага адбору кадраў, як у ворганы ўнутраных спраў. Але ўсё роўна, чамусьці, туды патрапляюць людзі, якім ня месца ў ворганах правапарадку. Тут у мяне ўзьнікае аналёгія з магнітам, які вучоныя спрабавалі падзяліць на “мінус” і “плюс”. Калі яны роўна па граніцы дзялілі, дык ўсё роўна на гэтым маленечкім кавалачку ўзьнікалі “мінус” і “плюс”. І пакуль што не знайшлі спосаб як падзяліць “мінус” і “плюс”. Усё роўна на кожным кавалачку ўзьнікалі палюсы. Вось, мабыць, гэтак і ў грамадзтве, як яго не дзялі, усё роўна будуць узьнікаць нейкія антыподы.

Але, калі ўзяць у цэлым, дык злачынцаў такіх, “перавёртышаў”, у ворганах унутраных спраў 3-4% ад усёй колькасьці асабовага складу”.

(Цыганкоў: ) «Працягваем тэму міліцэйскае прэсы. Як я адзначаў раней, адзіныя беларускія рэгіёны, дзе мясцовыя ворганы ўнутраных справаў выпускаюць свае выданьні – гэта Віцебск і Горадня. Гарадзенскі «Милицэйский вестник» існуе з канца 1996 году й мае сур'ёзны наклад – звыш 10 тысячаў паасобнікаў. Паведамляе Сяргей Астраўцоў…»

(Астраўцоў: ) «Падпіска сярод супрацоўнікаў міліцыі адбываецца пад кантролем з боку начальства. Але разьлічаны штотыднёвік ня толькі на саміх міліцыянтаў. Чытач можа ўзяць нумар газэты й пад рубрыкаю «Крымінальнае надвор'е» ўбачыць на мапе вобласьці – дзе, у якім раёне злачыннасьць зьменшылася, ці наадварот – узрасла. Напрыклад, у Горадні лічба злачынстваў з галіны крымінальнага вышуку стала меншай. Затое ў Гарадзенскім раёне падскочыла на 25%, у Сьвіслацкім – амаль на 43, а ў Іўеўскім яшчэ больш.

«Милицейский вестник» шырока інфармуе чытачоў, што датычыць дзейнасьці міліцыі, асабліва – пра выніковыя апэрацыі. Вось, напрыклад, злачынцы пад выглядам пакупнікоў адабралі ў гарадзенца вельмі дарагі аўтамабіль. Міліцыі ўдалося яго хутка знайсьці й арыштаваць злодзеяў. Такія матэрыялы падаюцца кідка – са здымкамі, з фотакалажамі. Рэгулярна друкуецца крымінальная хроніка. Шмат паведамленьняў спартовых: пра футбол і хакей.

Культурныя падзеі таксама газэтаю асьвятляюцца, прычым для падобнага выданьня даволі нечаканыя. Напрыклад, пісалася пра ўгодкі Адама Міцкевіча, якія адзначаліся ў Наваградку. Або – пра нядаўняе пахаваньне ў Нясьвіжы аднаго з Радзівілаў.

Рэгулярна зьмяшчаюцца публікацыі на беларускай мове, празаічныя творы. Цяпер з працягам друкуецца напісаная па-беларуску крымінальная аповесьць «Сыгнэт каралевы» Георгія Сысоя. Ён, дарэчы, – рэдактар газэты, мае званьне падпалкоўніка. Летась у бібліятэчцы «Маладосьці» выйшла кніжка ягонае прозы.

Што да іншых гарадзенскіх газэтаў, дык міліцэйская тэма імі таксама не забываецца. «Гродзенская праўда» звычайна друкуе штосьці пра гучныя злачынствы, выкрытыя міліцыяй, крымінальную хроніку.

Пра такія злачынствы паведамляюць і іншыя газэты. А што датычыць «Пагоні», дык яна часта піша пра міліцыю рэзка, намагаецца паведамляць пра ўсе выпадкі затрыманьня актывістаў пад час акцыяў апазыцыі або пра тое, як міліцыянты часам зьбіваюць грамадзянаў».

(Цыганкоў: ) «З Горадні перадаваў Сяргей Астраўцоў. Пра тое, як у Магілеве ладзяцца стасункі прэсы й міліцыі, распавядзе Марыя Ўсьціновіч…»

(Усьціновіч: ) «У Магілеўскай абласной управы ўнутраных справаў пакуль няма ўласнага выданьня, хаця пляны такія ёсьць. І супрацоўнікі прэсавага цэнтру ўвесну езьдзілі да сваіх гарадзенскіх калегаў пераймаць перадавы досьвед. Верагодней за ўсё, што гэта ідэя ўзьнікла ў час кіраваньня абласной міліцыяй Віталям Апанасевічам, які надаваў вялікае значэньне інфармаваньню жыхароў праз сродкі масавай інфармацыі.

Пакуль жа над стварэньнем вобраза сучаснага міліцыянта старанна працуюць акрэдытаваныя пры ўправе ўнутраных справаў газэты, радыё і тэлевізія. Міліцэйскі прэсавы цэнтар робіць усё магчымае, каб нэгатыўныя факты ў прэсу не траплялі і, наадварот, усе службовыя перамогі былі шматразова й дэталёва апісаныя на старонках розных газэтаў. Цяжка ўзгадаць, калі ў дзяржаўных выданьнях зьяўлялася крытыка міліцыі. Звычайна, нават у складаных сытуацыях, ніхто не жадае сварыцца з праваахоўнымі ворганамі, як крыніцамі інфармацыі, якой вельмі цікавіцца сучасны чытач.

Іншая справа выданьні недзяржаўныя, дэмакратычнага кірунку. Абліччу магілеўскіх міліцыянтаў у народзе вельмі пашкодзіў скандал з арыштамі 1 траўня ў Магілеве, пад час афіцыйнага мітынгу, што быў прысьвечаны Сьвяту працы. Расповеды дэмакратаў-актывістаў пра зносіны зь міліцыяй і разборы пасьля затрыманьняў былі надрукаваныя. Асабліва рэзка да асьвятленьня гэтых падзеяў падыйшла газэта “Дэ-факта”, супрацоўнікі якой, у ліку іншых, таксама былі затрыманы на мітынгу. Акрамя таго, у асноўнай дэмакратычнай газэце вобласьці “Тыднёвік Магілеўскі” у рубрыцы “Правы чалавека” час ад часу зьяўляюцца матэрыялы пра парушэньні правоў грамадзянаў міліцэйскімі ворганамі. Таму й вобраз мясцовага міліцыянта атрымліваецца ў абласных сродках масавай інфармацыі даволі супярэчлівым…»

(Цыганкоў: ) «Марыя Ўсьціновіч з Магілеву закончыла кароткі агляд нашае тэмы ў рэгіянальным аспэкце. А мы вернемся зноў у сталіцу й працягнем размову з галоўным рэдактарам газэты «На страже» Міхалам Розумам…»

(Цыганкоў: ) “Наколькі аб’ектыўна, на вашую думку, беларуская прэса малюе вобраз супрацоўніка ўнутраных справаў? Увогуле, якіх тут больш фарбаў – станоўчых ці нэгатыўных?”

(Розум: ) “Днямі падводзілі вынікі конкурсу, які праводзіла міністэрства сярод пэрыядычных выданьняў і журналістаў. У цэлым ствараецца добрае ўражаньне. Прэса Беларусі, сродкі масавай інфармацыі ствараюць станоўчы вобраз супрацоўніка міліцыі. Разам з тым ёсьць і недакладныя матэрыялы, якія разглядаюць толькі адзін бок дзейнасьці і, на гэтай падставе робяць неадпаведныя высновы, што “міліцыя ўся такая, усе яны там хабарнікі””.

(Цыганкоў: ) “Але часам супрацоўнікі праваахоўных ворганаў паводзяць сябе, скажам так, ня вельмі высокародна пад час разгону, напрыклад, палітычных акцыяў. Як тут пазыцыя газэты – вы проста не заўважаеце такія моманты або кідаецеся на абарону мундзіру?”

(Розум: ) “Вось надоечы адбыўся канфлікт у сталічным Палацы спорту, калі Філіп Кіркораў абразіў супрацоўнікаў міліцыі. Быццам яны не дазваляюць слухачам весяліцца і ўспрымаць музыку як, на яго погляд, трэба яе ўспрымаць. Празь некалькі дзён паступілі зьвесткі, што ў Даніі, на такім жа рок-канцэрце, дзе паліцыя дазволіла весяліцца, адбыліся сумныя падзеі. Восем чалавек загінула, амаль сотня зьнявечана. У нас нічога не здарылася, і многія сродкі масавай інфармацыі занялі пазыцыю: вось Філіп Кіркораў мае рацыю, а міліцыя не. Але, калі б здарылася тое, што ў Даніі, дык стрэлы паляцелі б у бок міліцыі – непрадухілілі няшчасьце. Таму газэта ўзважана ставіцца да такіх абвінавачваньняў і выступае за тое, каб усе акцыі: і палітычныя, і канцэрты праходзілі ў рамках дазволенага, у рамках закону”.

(Цыганкоў: ) «А мы паспрабуем падвесьці пэўныя высновы. Здаецца, ворганы ўнутраных справаў хутчэй за іншых зразумелі важнасьць стварэньня станоўчага іміджу сваёй прафэсіі ў СМІ. Цяпер на гэтую задачу працуюць шматлікія прэсавыя службы, газэты, рубрыкі. Акрамя таго, рамантычны й прывабны вобраз «мянта» малююць і расейскія тэлесэрыялы. Застаецца толькі пажадаць, каб рэальны беларускі міліцыянт хаця б у мінімальнай супені адпавядаў гэтаму вобразу».

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG