Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Партыйная” прэса


“Партыйная” прэса

(эфір 10 Ліпеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Сёньняшні выпуск прысьвечаны гэтак званай “партыйнай” прэсе. Якія функцыі выконваюць газэты, заснаваныя палітычнымі партыямі і рухамі, ці прадстаўляюць яны інтарэс для звычайных чытачоў?

(Цыганкоў: ) “Калісьці панятак “партыйная прэса” меў адназначнае і маналітнае значэньне. Партыя была адна, і партыйная прэса была самай магутнай і ўплывовай часткаю прапагандысцкага мэханізму. Менавіта праца ў партыйных газэтах “Советская Белоруссия” і “Звязда”, а можа і ў самой “Правде” была вяршыняй мараў кожнага беларускага савецкага журналіста.

Часы зьмяніліся, і цяпер у Беларусі зарэгістравана 18 палітычных партыяў. Зразумела, далёка ня кожная зь іх мае сваю газэту, але традыцыя такая існуе, і найбольш сур’ёзныя палітычныя арганізацыі лічылі патрэбным, асабліва ў пачатку 90-х, мець уласны друкаваны ворган. Іншая справа, што беларуская партыйная прэса апошнімі гадамі перажывае ня лепшы свой час.

Зараз ужо ня кожны й памятае, што ў пачатку 90-х газэта Беларускага Народнага Фронту – “Навіны БНФ” была самым папулярным недзяржаўным грамадзка-палітычным выданьнем у Беларусі. Зараз падобная масавасьць ворганам палітычных партыяў можа толькі сьніцца.

Калі ўжо працягваць размову пра “Навіны БНФ”, дык пасьля шэрагу скандалаў паміж журналістамі гэтага выданьня і кіраўніцтвам БНФ газэта спыніла сваё існаваньне. Аднак у 2000 годзьдзе “Навіны БНФ” аднавілі свой выхад, але цяпер ужо зусім у іншым фармаце. Зараз гэта незарэгістраванае выданьне накладам, як заяўлена, 299 асобнікаў, якое паведамляе пераважна пра падзеі ўнутры Фронту і паводле тэматыцы адпавядае задачам друкаванага партыйнага воргана.

Гэта, дарэчы, самая істотная альтэрнатыва для партыйных газэтаў – ці быць выключна партыйным ворганам, ці намагацца быць незалежным выданьнем, тэматычна выходзіць за вузкія рамкі партыйнае тэматыкі. За апошнія гады некалькі газэтаў, якія пачыналіся як партыйныя ворганы, сталі незалежнымі. Галоўны рэдактар і заснавальнік адной зь іх – газэты “Згода” Аляксей Кароль распавядае пра сваё выданьне…”

(Кароль: ) “Першы выхад газэты адбыўся яшчэ ў 1992 годзе, пры існаваньні партыі “Народнай згоды”, у тую бытнасьць, калі старшынём быў Генадзь Карпенка. Да гэтага мы прыйшлі супольнай думкаю – газэта не павінна абслугоўваць толькі адзін ворган, яна павінна служыць агульнадэмакратычным каштоўнасьцям, з пункту гледжаньня палітычнай, а не партыйнай правільнасьці. Калі мы ідзем да дэмакратыі, дык і прэсса мусіць мець больш шырокія рамкі свабоды, быць сапраўды незалежным выданьнем, яна павінна быць цікавай для чытача.

Нас прывабліваў і замежны досьвед дэмакратычных краінаў, там прэса, па сутнасьці, уся недзяржаўная і ўся непартыйная. Партыйныя там бюлетэні для ўнутрыпартыйнага карыстаньня”.

(Цыганкоў: ) “Але наколькі трывалыя сувязі засталіся ў вашай газэты з партыяй, бо вы ж адзін зь сябраў ейнага кіраўніцтва. Увогуле, калі сярод журналістаў ці палітыкаў узгадаеш газэту “Згода”, усе кажуць – а, ну, гэта сацыял-дэмакратычная…”

(Кароль: ) “Калі набываеш нейкі імідж, дык ён трымаецца трывала, і журналісты газэты “Згода” часьцяком мяне ўпікаюць, што гэты імідж пакуль яшчэ даўлее над намі. Але сацыял-дэмакратызм газэты безумоўна існуе. Ён выяўляецца ў асобных артыкулах, у інфармацыі. Гэтая арыентацыя, гэты кірунак вытрымліваецца ў артыкулах пэўных аўтараў, у пэўных матэрыялах пра дзейнасьць сацыял-дэмакратыі ў Беларусі. Але разам з тым адлюстроўваецца і дзейнасьць іншых партыяў, якія існуюць у Беларусі, дзейнасьць і пазыцыі дэмакратычных сілаў Беларусі. Агульнадэмакратычны кірунак зараз галоўны для нашай газэты”.

(Цыганкоў: ) “Іншымі словамі, Вы б вызначылі газэту як незалежнае выданьне, блізкае да сацыял-дэмакратычнае партыі…”

(Кароль: ) “Можна сказаць і так”.

(Цыганкоў: ) “Ёсьць такое меркаваньне, што беларускія дэмакратычныя партыі не павінны траціць свае сілы на стварэньне многіх выданьняў, а аб’яднаць сілы для выпуску адной моцнай газэты”.

(Кароль: ) “Я баюся, каб не атрымалася тое, што ўжо калісьці было. У тым сэнсе, што партыйны ворган прыдумала і надала яму такое гучаньне бальшавіцкая партыя. Стварыць адзіны ворган апазыцыі – гэта можа быць тое ж самае партыйнае выданьне. Гэта звужэньне магчымасьцяў незалежнае прэсы, звужэньне магчымасьцяў сьцьвярджэньня дэмакратычных каштоўнасьцяў, агульначалавечых каштоўнасьцяў. Ня так шмат у Беларусі газэтаў – да дзясятка незалежных выданьняў – і я думаю, што гэта мала. Чытач розны (дэмакратычны чытач), але ён розны са сваім густам і мусяць быць газэты, якія адлюстроўваюць увесь спэктар цікавасьці чытача”.

(Цыганкоў: ) “Гэта быў заснавальнік і рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль.

Працягнем размову пра цяперашнюю і былую партыйную прэсу. Ад пачатку 90-х колькасьць партыйных выданьняў істотна зьменшылася. Адныя перасталі выходзіць, іншыя пераходзілі на незалежныя рэйкі.

Напрыклад, Беларуская Лібэрал-Дэмакратычная партыя, якая называе сябе самай масавай палітычнай сілаю краіны, выпускала некалькі выданьяў з такімі арыгінальнымі назовамі як “Соколы Гайдукевича” і “Правда Гайдукевича”. Цяпер, аднак, не выходзіць аніводнага, што на маю думку, ставіць пад сумнеў легенды пра нечуванае багацьце гэтае партыі.

Аб’яднаная Грамадзянская партыя выпускала газэту “Грамадзянін”. Як і многія партыйныя выданьні, празь некалькі гадоў газэта памерла, і вось літаральна некалькі тыдняў таму, у чэрвені, была зноў зарэгістраваная. Цяпер, праўда, называецца яна “Гражданин”, а заснавальнікам выступае прыватная асоба Яўген Агурцоў. Ён сьцьвярджае, што газэта ня стане прапагандысцкім лістком партыі, а будзе незалежным дэмакратычным выданьнем.

Як гэта не сымбалічна, але на сёньня, бадай, адзіная палітычная сіла, якая мае ўласны друкаваны ворган – гэта Партыя камуністаў Беларуская. Пасьля расколу партыі ў 1996 годзе газэта “Товарищ” засталася ў апазыцыйных да сёньняшняга рэжыму “калякінцаў”. Але варта адзначыць, што ў газэце найбольш зацята крытыкуюцца рынкавыя рэформы, а не палітыка Лукашэнкі.

У правінцыі задачу выпускаць уласнае выданьне ставіць перад сабою амаль кожная рэгіянальная суполка дэмакратычных партыяў. Але наладзіць выхад сталага пэрыядычнага выданьня амаль нідзе не ўдаецца. З Гародні паведамляе Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Партыйная прэса на Гарадзеншчыне – гэта пераважна бюлетэні. На пачатку большай актыўнасьцю ў выдавецкай справе вылучаўся БНФ. Два гады таму выйшаў “Бюлетэнь “Навіны–Факты”, скарочана “БНФ”. Выпусьціла яго гарадзенская гарадзкая арганізацыя, але толькі адзін нумар.

У тым жа 1998 годзе лідзкія гарадзкая і раённая Рады БНФ пачалі выпускаць невялікім фарматам грамадзка-палітычную газэту “Голас Ліды”, але зрабіць выданьне пэрыядычным не атрымалася. “Паходня” – так называўся смаргоньскі бюлетэнь, які спрабавалі выпускаць супольна мясцовая Рада БНФ і ТБМ. Сваё выданьне мела й Слонімская Рада БНФ пад назваю “Змагар”. Рэгулярны выпуск удалося наладзіць толькі ў суседнім Дзятлаве. Аднак, тамтэйшая “Наша праўда” з выданьня арганізацыі БНФ ператварылася ў раённае незалежнае выданьне.

У Горадні ў выдавецкай справе найбольш вызначыўся “Малады Фронт”, якому ўдаецца рэгулярна выпускаць інфармацыйны весьнік “Дзіда”. Штомесячны бюлетэнь выдаецца і мясцовай “Маладой Грамадою”. А вось старэйшыя таварышы з тэрытарыяльнай арганізацыі БСДП “Народная Грамада”, займелі сваё выданьне толькі адносна ня даўна. Называецца яно “Разам”.

Самае новае выданьне – гэта партыйны бюлетэнь НБП, першы нумар якога выпусьціў дзяяч прафсаюзна–прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі. У ім паведамляецца, што будзе створана новая беларуская партыя – НБП (партыя сярэдняга клясу), устаноўчы зьезд якой адбудзецца ў канцы жніўня”.

(Цыганкоў: ) “З Горадні перадаваў Сяргей Астраўцоў. У Магілеве мясцовыя дэмакраты пераканаліся, што лепш разьмяшчаць сваю інфармацыю ў звычайных газэтах, бо на выпуск уласных выданьняў не хапае сілаў і сродкаў. З Магілеву Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “Рэгіянальных партыйных газэтаў у Магілеўскай вобласьці няма, калі разумець газэту як пэрыядычнае выданьне. Усе друкаваныя ворганы абласных арганізацыяў і палітычных партыяў ня маюць дакладнае пэрыядычнасьці. Сёлета зроблена спроба выдаваць бюлетэнь рэгіянальнай арганізацыі Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” пад назваю “Сацыял-дэмакрат”. Выйшла некалькі нумароў, далейшы лёс гэтага выданьня пакуль невядомы.

Кіраўнік магілеўскае філіі партыі БНФ “Адраджэньне” Анатоль Фёдараў прызнае, што для ўтварэньня й падтрымкі сур’ёзных пэрыядычных партыйных выданьняў не хапае рэсурсаў, ані фінансавых, ані людзкіх. Напрыклад, ворган магілеўскай абласной філіі партыі БНФ “Адраджэньне”, пад назваю “Народнае слова”, бачыць сьвет прыкладна раз на квартал, але гэта вельмі ўмоўна. Чатырох-васьмі палоснае выданьне рэдагуе кіраўнік магілеўскай гарадзкой арганізацыі Віталь Макаранка.

Канцэпцыя інфармацыйнае дзейнасьці абласное філіі БНФ “Адраджэньне” сёньня абапіраецца на выкарыстаньне грамадзка-палітычных газэтаў, якія не зьяўляюцца ворганамі партыі, але блізкія да іх. У асноўным гэта незарэгістраваныя выданьні з накладамі 299 асобнікаў, якія робяць актывісты партыі. Газэту “Заклік” у Касьцюковіцкім раёне рэдагуе Мікалай Малахаў – старшыня раённай арганізацыі партыі БНФ “Адраджэньне”. Летась і пазалетась выйшла 9 нумароў. Цяпер выданьне прыпынена, бо няма ані грошай, ані абсталяваньня.

Больш пашэнціла асіповіцкай “Панараме”, рэдактарам якой зьяўляецца актывіст БНФ “Адраджэньне” Мікола Тамашоў. “Панарама” выходзіць раз на месяц на чатырох палосах А4, але выдае яе некалькі чалавек зусім розных палітычных поглядаў і паводле словаў Міколы Тамашова, фронтаўскія навіны апошнім разам зьяўляліся на старонках “Панарамы” гады паўтары таму. Асноўныя надзеі магілеўская філія партыі БНФ “Адраджэньне”, паведаміў ейны кіраўнік Анатоль Фёдараў, ускладае на галоўную газэту “Беларускі Ўсход”, з накладам 6000 асобнікаў, якую выдае жыхар вёскі Маркаўка Хоцімскага раёну Васіль Даўгалёў”.

(Цыганкоў: ) “З Магілеву перадавала Марыя Ўсьціновіч. Як бачым, сытуацыя ў рэгіёнах толькі падмацоўвае сталічную тэндэнцыю. Найбольш удалыя партыйныя выданьні пераходзяць на незалежныя рэйкі, менш пасьпяховыя – паміраюць. Пра што сьведчыць гэтая тэндэнцыя: пра слабасьць партыяў або наадварот – пра разуменьне імі каштоўнасьцяў незалежнае прэсы. Вось што лічыць галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль…”

(Кароль: ) “Я думаю, што хоць тут мы не выбіваемся з разьвіцьця дэмакратычных сілаў усіх краінаў. Па сутнасьці, яны таксама прайшлі гэты шлях. Мы яго праходзім у незвычайных, вельмі сьціснутых умовах, але, тым ня менш, праходзім. Я думаю, гэта аб’ектыўная тэндэнцыя, якая і ўзяла верх. Спробы стварыць партыйныя выданьні яшчэ могуць быць, хаця верагоднасьць гэтага вельмі малая. А ўнутрыпартыйныя бюлетэні – добра выдадзеныя, на добрай паперы і ў добрым стылі, у добрым гусьце – яны безумоўна будуць, і гэта сапраўды патрэбна для партыі і для тых, хто цікавіцца дзейнасьцю партыі, для пашырэньня ейных шэрагаў”.

(Цыганкоў: ) “Гаварыў Аляксей Кароль. Застаецца толькі пагадзіцца зь ім і канстатаваць відавочнае – эпоха партыйнае прэсы незваротна скончылася”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG