Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса “замежнага” кірунку


Беларуская прэса “замежнага” кірунку

(эфір 3 Ліпеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэма чарговага выпуску праграмы – друкаваная і электронная прэса, якая піша і вяшчае за межы Беларусі. Як прыстасаваліся да новых рэаліяў народжаныя ў часы ідэялягічнага процістаяньня газэты і радыёстанцыі? Якія тэмы асьвятляюць, як паказваюць жыцьцё ў Беларусі.

(Цыганкоў: ) “Гісторыя нараджэньня СМІ, што вяшчаюць на іншыя краіны, пачынаецца ў другую Ўсясьветную вайну. Упершыню падобныя мас-мэдыі, закліканыя весьці псыхалягічную вайну супраць праціўніка, стварылі немцы, свой адказ падрыхтавалі ангельцы. Менавіта тады нарадзілася, напрыклад, славутае “BBC”, зразумела, што прынцыпы й стыль гэтае станцыі кардынальна зьмяніліся з тых гадоў.

Пасьля заканчэньня адной вайны пачалася іншая – халодная – і ў пачатку 50-х у ЗША былі створаныя “Радыё Свабода”, “Голас Амэрыкі”.

Тады ж зь іншага боку жалезнае заслоны, у Савецкім Саюзе, узьнікае структура гэтак званага “иновещания” – вяшчаньня на замежныя краіны. Ствараюцца радыёстанцыі і газэты, задача перад якімі ставіцца відавочна прапагандысцкая: тлумачыць іншаземцам, як добра жывецца ў Савецкім Саюзе, распавядаць пра дасягненьні й посьпехі сацыялістычнае дзяржавы. Зьявіліся такія СМІ і ў Беларусі – радыёстанцыя “Беларусь” і газэта “Голас Радзімы”. Яны існуюць і цяпер – хаця, зразумела, зьмест і тэматыка гэтых мэдыяў зьмяніліся карэнным чынам. “Голас Радзімы”, напрыклад, нядаўна адзначыў сваё 45-годзьдзе. Цяперашні наклад гэтае газэты каля 2 тысячаў асобнікаў, пра сваё выданьне нашай праграме распавядае галоўная рэдактарка Натальля Салук…”

(Салук: ) “Сёньня гэта адзіная міжнародная газэта і мы гэта разумеем, гэта адзіная цалкам беларускамоўная газэта, якая аб’ядноўвае беларусаў сьвету. Мы ў гэтым бачым пакуль што адзіную сваю мэту, і таму самі вызначылі газэту як агульнабеларускую. І чытачы нас зразумелі”.

(Цыганкоў: ) “Беларуская эміграцыя, беларусы, якія апынуліся за межамі Радзімы, вельмі неаднародныя. Адныя знаходзяцца ў непрымірымай апазыцыі да цяперашняй улады ў краіне, іншыя больш ляяльныя. У той жа час “Голас Радзімы” фінансуецца дзяржаваю. Як гэта адбіваецца на зьмесце газэты?”

(Салук: ) “Неабавязкова чытаць увесь нумар, калі ты ня згодны, ці табе нецікава. Але вельмі важна, каб узяўшы ў рукі газэту, беларус у Малдове, ва Ўкраіне ці ў ЗША знайшоў для сябе нешта цікавае і карыснае. Для адных гэта магчымасьць даведацца, што сёньня адбываецца ў Беларусі, – гэта наша другая і трэцяя інфармацыйная старонкі. Для іншых вельмі важна выказаць сваю думку пра мінулае і будучае Беларусі – гэта шостая–сёмая старонкі. Таму мы, такім чынам, улічваючы інтарэсы чытачоў, пазьбягаем непатрэбных эмацыйных канфліктаў, а вось слухаць уважліва і зьмяшчаць публікацыі мы стараемся.

Я ня ведаю аніводнага ліста, дасланага ў газэту, якое мы б не выкарысталі. Асноўныя публікацыі гэзэты – гэта лісты і артыкулы чытачоў. Я была зьдзіўлена тым, што наш чытач вельмі інтэлігэнтны, я б сказала, вялікай газэтнай культуры аўтар, таму што ўсё, што да нас дасылаецца – практычна ўсё выкарыстоўваецца ў газэце”.

(Цыганкоў: ) “Газэта заяўляе, што распаўсюджваецца ў 48 краінах сьвету. У якіх краінах найбольш вашых чытачоў?”

(Салук: ) “Справа ў тым, што газэта, па традыцыі, мае бясплатную рассылку і яна разьлічана ня толькі на беларусаў, але й на тых людзей, якія вывучаюць Беларусь, беларускую мову. Сёньня ў сьвеце беларусісты асабліва ўважліва прыглядаюцца да газэты, таму што гэта для іх таксама адзіная апэратыўная інфармацыя з краіны, якой яны цікавяцца, якая ўяўляе для іх прафэсійны інтарэс. У нас ёсьць такія адрэсы на Кубе, у Японіі, Кітае, Індыі. Але гэта менавіта вучоныя-беларусісты. Наш асноўны чытач – гэта Ангельшчына, ЗША, Летува, Латвія, Польшча. У краінах СНД мы зараз маем найбольш маладога й зацікаўленага чытача, і стараемся вывучаць ягоныя запыты, ягонае становішча. Нашая газэта – гэта, з аднаго боку, ліст з Радзімы, з другога – магчымасьць беларусаў сьвету абмяняцца меркаваньнямі, атрымаць кантакт”.

(Цыганкоў: ) “Мне здаецца, людзі, якія зараз апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, чэрпаюць інфармацыю пра падзеі Беларусі найперш зь інтэрнэту. Там можна знайсьці старонкі многіх газэтаў, грамадзкіх арганізацыяў. Чаго ўнікальнага можа прапанаваць “Голас Радзімы” для сваіх чытачоў?”

(Салук: ) “Што можа газэта даць унікальнага? Па-першае, мы заўсёды памятаем, што любая газэта – гэта архіўны дакумэнт. Нашая газэта ў гэтым сэнсе мае надзвычайныя магчымасьці, яна йдзе практычна ва ўсе інстытуты, архівы, бібліятэкі сьвету, якія займаюцца славянскімі краінамі. І таму кожная публікацыя ў газэце – гэта нібыта працяг жыцьця і магчымасьць захаваць у сьвядомасьці нешта вельмі важнае”.

(Цыганкоў: ) “А як наконт выстаўленьня сваіх матэрыялаў у інтэрнэце? Чаму “Голас Радзімы” не прысутнічае ва Ўсясьветным сеціве?”

(Салук: ) “Яшчэ паўтары гады назад нашая газэта перацярпела зьмену пакаленьняў і тое пакаленьне, якое працавала ў газэце трыццаць–сорак гадоў, было схільна больш да традыцыйных мэтодаў работы й ня вельмі клапацілася пра сучасныя. Калі я прыйшла ў рэдакцыю, гэта быў пэўным чынам шок, таму што само памяшканьне хоць і знаходзіцца ў цэнтры гораду, але было вельмі запушчанае. Я ўжо прызвычаілася да кампутараў і сучаснай тэхнікі, але акрамя старой дабітай машынкі ў рэдакцыі анічога не было! Мы патроху пачалі абрастаць усім неабходным. Зараз у нас ёсьць і кампутары, і факсавая сувязь, але я хацела падкрэсьліць, што гэта ўсё ж больш клопат рэдакцыі – спадзявацца на дапамогу канкрэтную, такую вялікую нам не даводзіцца. Але мы шукаем магчымасьці й цікавімся, як гэта зрабіць. Я думаю, што ў хуткім часе мы таксама зьявімся і ў інтэрнэце”.

(Цыганкоў: ) “Галоўная рэдактарка газэты “Голас Радзімы” Натальля Салук даволі аптымістычна глядзіць на пэрспэктывы свайго выданьня.

Акрамя газэты “Голас Радзімы” на замежнага слухача накіравана праца радыёстанцыі “Беларусь”. Яна вяшчае на беларускай мове, і яе ніша выглядае аднолькавай з газэтаю “Голас Радзімы”. Зусім іншыя задачы ў ангельскамоўнага часопіса “Беларусь”. Гэты праект зьявіўся летась у лістападзе на базе беларускамоўнага часопісу “Беларусь”.

У гэтага выданьня вельмі цікавы лёс. Часопіс “Чырвоная Беларусь” выходзіў з 1930 года, але праз тры гады ў рамках “барацьбы з нацдэмаўшчынаю” быў зачынены і адноўлены пад назовам “Беларусь” у 1944 годзе. І вось у 1999-м – новы паварот, зьяўляецца ангельскамоўны варыянт часопісу. Пра яго распавядае галоўны рэдактар Аляксандар Шабалін, які падкрэсьлівае, што ангельскамоўная вэрсія “Беларусі” – гэта зусім самастойнае выданьне”.

(Шабалін: ) “Яны розныя, гэтыя выданьні, але гэта ня значыць, вы зразумейце мяне правільна, што за мяжу мы робім, як гавораць экспартны варыянт, палепшаны. Проста канцэптуальна розныя, таму што тое, што цікава спажыўцу нашаму, не заўсёды будзе цікава чытачу замежнаму. Што тычыць спажыўцоў цяперашняга ангельскамоўнага часопіса “Беларусь”, пакуль ён… – ёсьць такі тэрмін “раскрутка” – …ён толькі раскручваецца. Мы пакуль па амбасадах яго рассылаем, па нашых прадстаўніцтвах за мяжою, ён ўжо зьявіўся ў шапіках, яго можна набыць у гатэлях.

Ведаеце, мне даводзіцца бываць за мяжою па журналісцкіх справах і балюча проста на сэрцы, балюча, што нас ці ня ведаюць, ці калі ведаюць, дык ідзе неадэкватная інфармацыя пра нашую Рэспубліку. Мы проста выглядаем прыніжана, не такімі, якія мы ёсьць на самой справе. У нас адметная культура, у нас навука заваявала пэўныя высокія рубяжы, у спорце ёсьць дасягненьні. Нам ёсьць што сьвету паказаць, нам ёсьць чым ганарыцца.

Мы хочам прадставіць у ангельскамоўным выданьні такую Беларусь, якая яна ёсьць на самой справе, чым яна жыве, што яе клапоціць, якія ў яе дасягненьні, а часам – што ёй баліць, і пра гэта мы гаворым”.

(Цыганкоў: ) “А ці ёсьць там палітыка? Як, увогуле, стаўленьне да гэтае тэмы ў ангельскамоўным часопісе “Беларусь”?”

(Шабалін: ) “Я ўвогуле скажу, гэта мая асабістая думка, што рабіць з журналіста палітыка – справа няўдзячная. Мы ўжо праходзілі гэты курс, калі былі партыйнымі журналістамі. Калі журналіст, асабліва галоўны рэдактар, робіцца прыхільнікам пэўнай ідэялягічнай лініі ў грамадзтве, дык ён робіцца партыйным, робіцца заангажаваным. Нашая задача – быць не заангажаванымі, як бы “па-над палітыкаю”. Можа, задужа сьмела сказана, але бачыць больш аб’ёмным нашае жыцьцё. Мы не палітычнае выданьне, мы паказваем нашую Беларусь”.

(Цыганкоў: ) “Паводле якіх крытэрыяў вы выбіраеце тэмы? Вось, напрыклад, ці можа быць у часопісе “Беларусь” крытычныя, ці хаця б праблемныя артыкулы пра сёньняшнюю беларускую існасьць, неабавязкова ў палітыцы, а пра экалёгію ці што-небудзь такое?”

(Шабалін: ) “Чаму ж не. Калі я, як галоўны рэдактар, палічу што гэта будзе цікава замежнаму чытачу, што гэта знойдзе нейкі водгук, а можа й рэзананс, а можа пэўны плён прынясе ўрэшце… Вось мы, напрыклад, пісалі пра Чарнобыль, таму што сьвет пачынае забывацца – нібыта й не было гэтага Чарнобылю, давайце забудземся, так зручней… А нам гэта баліць, гэта наш боль. Гэты саркафаг… – мы пад ім яшчэ будзем многа гадоў, і вякоў можа, жыць. Гаворым пра гэта”.

(Цыганкоў: ) “Як прадставіць Беларусь? Маецца на ўвазе прадставіць усе дасягненьні, прадставіць посьпехі ці падыход крытычны, ці ёсьць у вас, напрыклад, дыскусіі пра беларускі нацыянальны характар? Адзін выказвае нэгатыўныя меркаваньні, другі – пазытыўныя. Ці ўсё ж такі мэта – прадставіць нашыя дасягненьні?”

(Шабалін: ) «На першым часе – усё ж прадставіць, я адназначна скажу, прадставіць нашыя дасягненьні. На першым часе. Я думаю, мы дарасьцем да таго, каб размаўляць дыскусійна ў некаторых праблемах. Нам трэба пакуль паказаць – хто мы. Хто мы такія, дзе мы жывем, што мы зь сябе ўяўляем? Паказаць наш характар, наш мэнталітэт, паказаць тое лепшае, што ў нас ёсьць».

(Цыганкоў: ) “І як дзяржава ставіцца да вашага праекту, які на маю думку, вельмі патрэбны дзяржаве, і, іншымі словамі, на колькі моцная ў вас матэрыяльная база, тэхнічная база?»

(Шабалін: ) «Прабачце, зноў ня вельмі карэктнае слова, мы толькі “раскручваемся”. Матэрыяльная база ў нас такая, якую можа дазволіць сёньня сабе дзяржава, яна ня можа дазволіць нам раскошы, хаця пытаньне ставілася менавіта так. Я сам пісаў, нават у афіцыйных паперах – не зусім такія афіцыйныя параўнаньні, што калі вы выпускаеце мяне ў міжнароднае ральлі, дык не давайце старэнькі “Запарожац”, дайце такі аўтамабіль, на якім мы можам прыстойна змагацца са сваімі канкурэнтамі з усяго сьвету… На жаль, магчымасьці нашае дзяржавы не дазваляюць нам пакуль вялікае раскошы. Мы даволі сьціплыя. Аклады ў нас даволі сьціплыя, даволі сьціплая пакуль матэрыяльная база, але я не сумняюся, я веру, што ўсё стане на сваё месца. Трэба толькі пацярпець і не забываць, што ёсьць яшчэ ў нашым жыцьці такія паняцьці, як энтузыязм, як парывы душы журналісцкай, калі можна рабіць тое, што хочаш, прыстойна, ня маючы з гэтага шыкоўных акладаў”.

(Цыганкоў: ) “Галоўны рэдактар часопісу “Беларусь” Аляксандар Шабалін спадзяецца на парывы душы, энтузыязм і мае аптымістычны погляд на будучыню новага ангельскамоўнага выданьня. Зразумела, што любая дзяржава жадае фармаваць пра сябе за мяжою цывілізаваны й прывабны імідж. Але сёньняшняе беларускае кіраўніцтва, здаецца, хацела б дасягнуць гэтае мэты, пазьбягаючы якіх-небудзь матэрыяльных выдаткаў. Задача, якая выглядае маларэальнаю».

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG