Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культура ў прэсе


Культура ў прэсе

(эфір 19 Чэрвеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэмаю сёньняшняга выпуску стане асьвятленьне прэсаю культурнае тэматыкі. Ці многа ў Беларусі выданьняў, прысьвечаных культуры й мастацтву? Якое месца займае гэтая тэма ў грамадзка-палітычных газэтах?

(Цыганкоў: ) “Здавалася б, культура ва ўсіх ейных аспэктах і праявах ёсьць нагэтулькі неабсяжнай тэмаю, што ёй мусяць быць прысьвечаныя дзясяткі самых розных выданьняў. Аднак для мяне было непрыемнай нечаканасьцю даведацца, што сапраўднае становішча зусім іншае, і ў Менску зусім няшмат выданьняў культурніцкага кірунку. І як вы ўбачыце надалей, сытуацыя ў рэгіёнах у гэтым сэнсе выглядае значна больш прывабна. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

У Беларусі ёсьць два дзяржаўныя выданьні, прысьвечаныя культурнай тэматыцы – гэта часопіс “Мастацтва” і штотыднёвік “Культура”. Нажаль, галоўная рэдактарка газэты “Культура” Людміла Крушынская чамусьці не пажадала распавесьці нам пра сваё выданьне і пагаварыць пра асьвятленьне культуры ў прэсе. Непрыйшоўшы на прызначаную сустрэчу, яна патэлефанавала й патлумачыла, што вельмі занятая, не гатовая, і гэтак далей – карацей, увесь набор стандартных адгаворак, якія звычайна чуюць журналісты ад людзей, што не жадаюць даваць інтэрвію.

Штотыднёвік “Культура” займае асаблівае месца сярод беларускае прэсы. Фактычна гэта адзіная дзяржаўная цалкам каляровая газэта. Міністэрства не шкадуе грошай на гэтае выданьне, яно даволі добра ўкамплектаванае штатамі й матэрыяльнай базаю. Шкада толькі, што наклад штотыднёвіка не дасягае нават трох тысячаў.

Сярод недзяржаўных выданьняў у Беларусі няма такога, якое ставіла б за мэту ахапіць усе віды мастацтва. Выходзіць некалькі гістарычных часопісаў, філязофскую тэму прадстаўляе часопіс “Фрагмэнты” музыцы прысьвечаныя часопіс “Джаз-квартет” і “Музыкальная газета”. На дзьвюх мовах выходзіць культурніцкі альманах “Маналог”. Вось, бадай, і ўсё.

Пра тое, якое месца зараз займае культура на старонках грамадзка-палітычнае прэсы, якія жанры пераважаюць у выкладаньні гэтае тэмы, мы гаворым з намесьнікам рэдактара часопіса “Мастацтва” Зьміцерам Падбярэзкім…”

(Падбярэзкі: ) “Трэба пачаць з таго, што я быў бы вельмі ўражаны, калі б убачыў у агульнапалітычнай газэце нейкую гарачую навіну, якая датычыла б культуры й мастацтва, вынесеную, напрыклад, на першую паласу. Мы можам убачыць там, скажам, рахунак футбольнага матчу “Беларусь-Эстонія” ці “Беларусь-Андора”. Але вось вынаску матэрыялу, прысьвечанага культуры, з працягам на трэцяй-чацьвертай паласе – гэта, практычна, як выключэньне. Адсюль, на маю думку, і стаўленьне многіх пэрыядычных выданьняў да культуры”.

(Цыганкоў: ) “А ў чым, на Вашую думку, прычыны гэтага? Што першасна? Ці недастатковы ўзровень беларускае журналістыкі ці проста цяпер такі стан культуры, што прэса ягоная адэкватна адлюстроўвае… – і ў такім выпадку, маўляў, няма чаго наракаць на люстэрка?”

(Падбярэзкі: ) “Я ўжо адзначаў газэту “Звязда” зь дзяржаўных выданьняў. Там найбольш цікава й прафэсійна працуюць людзі. Яна мае брыгаду, якая можа зрабіць нават з дробнага, здавалася б, факта матэрыял-“цукерачку”. І ў іншых газэтах час ад часу, скажам у “Народнай газеце”, сустракаюцца асобныя публікацыі, якія зроблены цікава, якія чытаюцца. А ў цэлым, калі зрабіць нават павярхоўны аналіз, аўтараў ня так шмат.

З жанраў пераважае інтэрвію, якое часьцей за ўсё робіцца вельмі шаблённа і… гэтак з налёту, зьнянацку, якое не дае патрэбнай колькасьці інфармацыі. Аналітычных матэрыялаў вельмі мала, ці з прычыны таго, што журналісты баяцца сапсаваць стасункі з тымі, пра каго яны пішуць, ці проста не хапае ўменьня. Недастатковае ўменьне выкласьці ўласнае асэнсаваньне таго факту ці тае зьявы, якую ўбачыў журналіст, наведаўшы канцэрт або выставу. Але часьцей за ўсё і тое, і другое. Гэта значыць, недастатковая прафэсійнасьць і боязь выказаць уласную думку”.

(Цыганкоў: ) “Іншымі словамі, Вы лічыце, што ў асьвятленьні падзеяў культуры недастаткова выкарыстоўваць шаблённыя падыходы, трэба мець і фантазію, і зь іншага боку, працавітасьць і настойлівасьць”.

(Падбярэзкі: ) “Вось тут дзіўнае супадзеньне. Савецкая сыстэма нас у пэўным сэнсе прывязвала да пэўных шаблёнаў. Скажам вось ёсьць заслужаны артыст ці народны – і пра яго ўсе пішуць. Зь іншага боку, гэты самы падыход дэманструе і масавая культура. Ёсьць штучна зробленыя ідалы, “раскручаныя” імёны – вось пра іх і пішуць. Каб якое-небудзь з выданьняў пачало мэтанакіравана “раскручваць” беларускіх выканаўцаў – зьява вельмі рэдкая, такога амаль не бывае.

Заўсёды лягчэй працаваць зь вядомымі імёнамі. Сваіх рэдка хто шануе, асабліва тых, хто нешта зрабіў цікава, прафэсійна, адметна, арыгінальна. Але заўсёды больш ахвотна чытаюцца матэрыялы, умоўна кажучы, пра Алену Сьвірыдаву, чым пра Вікторыю Дземянчук. Хаця гэта, на мой погляд, зьявы аднаго калібру. Толькі што Вікторыя жыве ў Горадні, а Алена – у Маскве”.

(Цыганкоў: ) “Але ніхто ня ведае, хто такая Вікторыя Дземянчук…”

(Падбярэзкі:) “У тым жа й справа, але гэта задача прэсы. Адсутнічае аналіз – з гэтага, відаць, усё й пачынаецца. Да ўсяго гэтага я дадаў бы й пачуцьцё ўласнага патрыятызму. Перш за ўсё, я думаю, трэба адлюстроўваць і вышукваць цікавыя зьявы ў тым, што адбываецца ў нас. А яны ёсьць. Толькі гэта ня так проста. Гэтыя матэрыялы трэба нагамі выхадзіць або мець такое шырокае кола знаёмстваў, каб гэтыя тэмы самі да цябе прыходзілі. Зразумела, што лягчэй за ўсё працаваць са знаёмым матэрыялам. І часьцей за ўсё нашыя журналісты ідуць па найбольш лёгкім шляху, не ствараючы нешта арыгінальнае, дублюючы тое, што мы можам бачыць на расейскіх тэлеканалах, чытаць у расейскай прэсе. Толькі там гэта робіцца на больш высокім узроўні”.

(Цыганкоў: ) “Гэта было меркаваньне намесьніка рэдактара часопіса “Мастацтва” Зьміцера Падбярэзкага.

Працягнем праграму традыцыйным аглядам нашае тэмы ў рэгіянальным друку. Як гэта не парадаксальна, але ў прэсе беларускай правінцыі культура часам прадстаўленая больш разнастайна, чым у сталічнай. Так, у газэтах Віцебшчыны падзеі культуры займаюць асаблівае і пачэснае месца. Гэтаму ёсьць свае тлумачэньні, пра якія гаворыць Алег Жукоўскі…”

(Жукоўскі: ) “Па-першае, Віцебск заўсёды лічыўся горадам з багатым культурным асяродзьдзем і мае добрыя традыцыі друкаваньня ў газэтах аналітычных мастацтвазнаўчых артыкулаў, аўтары якіх сур’ёзна падыходзяць да адпаведных зьяваў.

Па-другое, гэта агульнавядомы цэнтар выяўленчага мастацтва, у якім шмат для гэтай колькасьці жыхароў выстаўных заляў і галярэяў. Напрыклад, толькі на гэтым тыдні гледачы маглі схадзіць на сямнаццаць розных выставаў, ня лічачы сталых экспазыцыяў у Мастацкім, Краязнаўчым, Літаратурным музэях, у доме Марка Шагала.

І яшчэ – ня ведаю дакладна, але напэўна аніводзін горад Рэспублікі не праводзіць столькі фэстаў. Сярод іх сваім высокім узроўнем вылучаюцца бардаўскі “Лістапад”, рэгіянальны конкурс мадэльераў “Белая амфара”, цудоўны конкурс сучаснае харэаграфіі, на які, акрамя ўдзельнікаў з краінаў СНД, прыяжджаюць калектывы зь дзясяткаў краінаў Эўропы ды Азіі. Ды й разгульны “Славянскі базар” у Віцебску – гэта ня толькі панаваньне папсы, але й магчымасьць пазнаёміцца з таленавітымі выканаўцамі розных краінаў сьвету, сярод якіх багата сапраўдных вакальных, інструмэнтальных зорак ды зорак кіно.

На старонках газэтаў Віцебшчыны адлюстроўваюцца самыя розныя культурныя зьявы. “Народнае слова”, напрыклад, не шкадуе месца артыкулам пра народную творчасьць, распавядае пра выдатныя здабыткі майстроў у галіне керамікі, ткацтва, мастацкае кавальскае справы. “Віцьбічы” і ягоны штотыднёвы дадатак “Вячэрні Віцебск” за апошні месяц пазнаёмілі са многімі зоркамі эстрады, маладымі й сталымі мастакамі, паэтамі, пісьменьнікамі, рок-гуртамі.

Беларускія рок-гурты шырока прапагандуюцца ў незарэгістраванай прэсе. А недзяржаўны “Віцебскі кур’ер”, які, дарэчы, у гэтыя дні сьвяткуе сваё дзесяцігодзьдзе і, у свой час, пачынаўся ў якасьці інфармацыйнага бюлетэня культурнага жыцьця гораду, дае прынцыповыя адзнакі выступам шматлікіх гастралёраў. Напрыклад, у зьдзеклівым артыкуле пра вядомы маскоўскі ансамбаль падтанцоўнікаў “Тодас”, які прывез, так бы мовіць, сольную праграму.

І асабліва трэба адзначыць вялікую колькасьць якасных матэрыялаў пра гісторыю разьвіцьця культуры на віцебскай зямлі, якія друкуюцца ў самых розных выданьнях”.

(Цыганкоў: ) “На Гарадзеншчыне пра культуру больш пішуць дзяржаўныя газэты – відаць, пераважна таму, што тэма гэтая для іх дастаткова нэйтральная. Перадае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “У Горадні адбыўся нядаўна III Ўсебеларускі фэстываль нацыянальных культураў. І таму мясцовая прэса была поўная адпаведных публікацыяў і напярэдадні сьвята, і пасьля яго заканчэньня.

Але нельга сказаць, што ў астатні час на тэму культуры няма чаго пачытаць. Зусім наадварот. Прычым у дзяржаўнай прэсе такіх матэрыялаў нават болей, чым у газэтах незалежных, бо ў апошніх пішуць шмат пра палітыку, якой няма ў дзяржаўных газэтах, калі не лічыць афіцыйных паведамленьняў.

Такім чынам, тэма культуры вельмі пажаданая для той жа “Гродзенскай праўды”, бо пісаць толькі пра сяўбу і ўраджаі ня будзеш. Культура ж да таго, як правіла, галіна ў журналісцкім сэнсе дастаткова нэйтральная. Так, грошаў на яе па-ранейшаму не хапае, але творцы не сядзяць склаўшы рукі, малююць карціны, арганізоўваюць выставы, ставяць спэктаклі”.

(Цыганкоў: ) “Пра тое, якія незалежныя культурна-асьветніцкія выданьні з культурніцкай скіраванасьцю выходзяць на Магілеўшчыне, распавядзе Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “Асноўным гісторыка-культурна-асьветніцкім выданьнем у вобласьці зьяўляецца часопіс “Магілеўская даўніна”, які існуе з 1993 году, як штогадовік. Выдаецца часопіс на пазабюджэтныя сродкі грамадзкае Рады, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Магілеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Музэю гісторыі Магілева, Таварыства Беларускае Мовы, абласнога Краязнаўчага музэю ды іншых грамадзкіх аб’яднаньняў і дзяржаўных установаў. “Магілеўская даўніна” – беларускамоўны элітны часопіс на дзьвюхстах старонках. Наклад у тысячу асобнікаў рэалізуецца ў сетцы “Магілеўкніга”.

Недзяржаўныя культурна-асьветніцкія выданьні на Магілеўшчыне звычайна незарэгістраваныя. У іх ліку бабруйскія “Мой горад” і “Галасы гісторыі”, асіповіцкая газэта “Дарагіня” (яе выдае жаночы клюб пры непасрэдным удзеле мясцовага Таварыства Беларускае Мовы), рэгіянальная газэта “Клімавіцкі настрой”.

У Магілеве згуртаваньне моладзі “Патрыёты Бацькаўшчыны – Рух у Эўропу” раз на месяц робяць часопіс “Terra Incognita”, скіраваны выключна на абласны цэнтар, ягоныя праблемы, гісторыю, культуру.

У Магілеве існуюць і расейскамоўныя самвыдатаўскія часопісы. Самы старэйшы зь іх – “Окорок”, які цяпер мае назову “Он” – “Новый Окорок”. Гэты часопіс “паралельнай і пэрпэндыкулярнай контракультуры”, як заяўлена ягоным рэдактарам Юрыям Раманавым. Ён выходзіць штогод. Ягоную асноўную частку складаюць культуралягічныя артыкулы ў розных плынях нетрадыцыйнае культуры, таксама рок-музыка й літаратура. Там друкуюцца незалежныя аўтары, якія ня маюць магчымасьці выдаваць свае творы афіцыйным шляхам. У свой час “Окорок” быў самым вядомым пэрыфэрыйным культуралягічным часопісам Савецкага Саюзу. Ліставаньне вялося з чытачамі з сотні гарадоў СССР’у.

Малодшыя браты “Окорока” ў Магілеве таксама самвыдатаўскія – “В тихом омуте”, якую выдае аднайменнае грамадзкае аб’яднаньне, і музычна-літаратурныя часопісы “Могилёв-рок” і “С душком”.

(Цыганкоў: ) “Марыя Ўсьціновіч скончыла агляд рэгіянальных культурніцкіх выданьняў.

Як гэта не парадаксальна, менавіта ў правінцыі некамэрцыйныя культурніцкія мас-мэдыі, здаецца, разьвіваюцца лепш за сталічныя. Магчыма, гэта сьведчыць пра тэндэнцыю дэцэнтралізацыі культурнага працэсу, пра тое, што паняцьце “правінцыя” для мастацтва ня мае геаграфічнага зьместу”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG