Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія турысцкія выданьні


Беларускія турысцкія выданьні

(эфір 12 Чэрвеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У самы разгар чэрвеня, калі большасьць людзей усё часьцей задумваецца пра тое, дзе б правесьці свае вакацыі, чарговы выпуск праграмы “Ад панядзелка да панядзелка” прысьвечаны тэме турызму і адпачынка. Што з сябе ўяўляюць беларускія турысцкія выданьні, як асьвятляе тэму адпачынка рэгіянальная прэса.

Калісьці для савецкіх людзей галоўнай магчымасьцю пабачыць замежныя дзяржавы была тэлеперадача “Клюб кінападарожнікаў”. З падзеньнем жалезнай заслоны сотні тысячаў беларусаў кінуліся на свае вочы пабачыць жыцьё ў іншых краінах. Аднак даволі хутка высьвятлілася, што для большаьці беларусаў паўстала новая заслона – эканамічная. Калі заробку не хапае на ежу ды самае неабходнае, мала хто можа дазволіць сабе адпачынак на заморскіх курортах.

Рыхтуючыся да праграмы, я спрабаваў даведацца як у турысцкіх фірмах, так і ў журналістаў спецыялізаваных выданьняў, у якую лічбу яны ацэньваюць колькасьць сваіх патэнцыйных кліентаў. Іншымі словамі, колькі беларусаў кожны год ездзіць адпачываць за мяжу. Статыстыка паведамляе, што летась межы Беларусі перасяклі амаль мільён грамадзянаў краіны. Аднак 80 адсоткаў гэтай лічбы прыпадае на Польшчу і відавочна, што тут мы маем справу з гэтак званым чаўночным ці нават каўбасным турызмам. Калі ж не браць Польшчу, Расею ды Украіну, то ва ўсе астатнія краіны летась выехала каля 90 тысячаў чалавек. Зразумела, што многія едзяць па справах працы і бізнэсу, многія перасякалі мяжу неаднаразова – так што сьмела можна сцвярджаць, што адпачывалі за межамі Беларусі ў мінулым годзе ня больш 50-ці тысячаў чалавек. Іншымі словамі, кожны дзьвюхсоты жыхар Беларусі.

Улічваючы такія дадзеныя, цалкам натуральным успрымаецца, што наклад усіх беларускіх выданьняў, прысьвечаных турызму і адпачынку складае 20-30 тысячаў асобнікаў. У гэтай нішы ў Беларусі працуюць тры газэты – “Туризм и отдых», «Путешественник» і «Отдых и путешествия». Акрамя іх, ёсьць газэта “Иммиграция и туризм”, якая больш спецыялізуецца на миграцыйным накірунку.

Асноўная крыніца даходаў турыстычных выданьняў – гэта, зразумела, рэкляма. Рэклямадаўца, аднак, спрабуюць адабраць і выданьні з іншым профілям, якія актыўна пранікаюць на гэтую нішу. Напрыклад, адносна нядаўна зьявілася газэта “Отдыхай” з дэвізам “Все развлечения Мінска”.

Сярод трох беларускіх турыстычных газэтаў лідэрскія пазыцыі захоўвае найстарэйшая зь іх – “Туризм и отдых”, апошні нумар якой, напрыклад, выйшаў 44 старонках. Заснавальнік і рэдактар Сяргей Плыткевіч сцвярджае, што выданьне газэты вялікіх грошаў не прыносіць. Ён лічыць, што галоўнае тут у іншым:

(Плыткевіч: ) “Наша газэта дае магчымасьць мне, як рэдактару,больш-менш нармальна існаваць у нашых умовах. Яна дае свабоду, таму што ёсць фінансавая незалежнасьць: мы жывём за кошт рэкламадаўцаў. Газета з’яўляецца, на мой погляд, найбольш папулярнай сярод турыстычных газэт, рэкламы ў нас больш за ўсё, зразумела і грошай ў нас больш, чым у іншых выданьняў. Таму і ёсьць магчымасьць падарожнічаць, пісаць пра іншыя краіны.

Але нас больш цікавіць не тое, як зарабіць грошы - сама газэта, падабаецца яе выпускаць, і галоўнае, ёсьць магчымасьць расказваць пра сваю краіну,пра Беларусь, пра гісторыю Беларусі, пра тое, што можна ў нас пабачыць. Справа ў тым, што абсалютная большасьць беларусаў, на жаль, ня ведаюць сваёй гісторыі, і таму адзін з важных накірункаў нашага выданьня - гэта менавіта матэрыялы па Беларусі, матэрыялы пра вядомых людзей, пра гарады, пра тыя ж замкі. Не толькі тыя, якія вядомыя ўсім, той жа Мірскі, але і многія іншыя, якія на жаль на сёньняшьні дзень развалены. Больш таго, мы плануем выпусьціць спецыяльны выпуск “Вецер вандраваньняў”- пра турызм самадзейны, і плануем выпусьціць кніжку пра Беларусь турыстскую”.

Наколькі жорская канкурэнцыя паміж беларускімі выданьнямі, прысьвечанымі турызму. Лічыце вы іх калегамі ці паміж вамі існуе процістаяньне?

(Плыткевіч: ) “Справа ў тым, што з самага пачатку існаваньня ў нас канкурэнцыя была вельмі жорсткай, яна даходзіла да не вельмі прыгожых момантаў. Гэта мы перажылі. І фактычна на сённяшні дзень сітуацыя больш-меньш ясная, хто зьяўляецца мацнейшым. Тыя ж турыстычныя фірмы даўно разабраліся. Гэта толькіраней было, калі людзі выкідвалі грошы на рэкламу і не лічылі іх. Сёньня сітуацыя эканамічная ўскладняецца, а турызм застаецца, як гэта не дзіўна,адной з галін, якая развіваецца. Тым не меньш нашы турфірмы грошы лічаць, і яны бачаць, што, напрыклад, аддача ад нашага выданьня большая, таму і рэкламы ў нас больш. Тое, што маладыя газэты зьявіліся, гэта добра - яны не даюць заспакойваць”.

Расейскі фінансавы крах 1998-га году выклікаў даволі моцны крызіс у сфэры беларускага турбізнэсу. Зьменьшылася колькасьць паездак, асабліва ў адносна дарагія краіны. Як гэта адбілася на турысцкай прэсе і ў прыватнасьці на вашай газэце?

(Плыткевіч: ) “Як выявілася, наша газэта ад гэтага практычна не пацярпела. Калі фірмы памяньшалі колькасьць рэклямы, у нашай газэты яна засталася. Мы праводзілі некалькі гадоў адмысловае апытаньне. Мы хацелі праверыць эфектыўнасьць нашага выданьня, і зь якімі іншымі выданьнямі трэба працаваць. Дык вось,абсалютная большасьць турыстычных фірмаў прызнавалі, што нашае выданьне найбольш эфектыўнае. Але нажаль, колькасьць людзей, якія маглі б паехаць за мяжу, у Беларусі не павялічваецца, а памяньшаецца”.

Вы напэўна даволі часта сустракаецеся са сваімі калегамі з іншых краінаў. Параўноўваючы беларускія турысцкія выданьні з выданьнямі нашых суседзяў, што вы можаце сказаць?

(Плыткевіч: ) “Як гэта не парадаксальна, але ў гэтым накірункеу беларусы дасягнулі значна большага. Напрыклад, у той жа Літве няма аніводнага турыстычнага выданьня, ва Ўкраіне няма аніводнай, скажам так, рэспубліканскай турыстычнай газэты. Ёсьць газэта, якая выходзіць у Крыме, у Адэсе. Праўда, ва Ўкраіне ёсьць каляровы турыстычны часопіс, а вось газэты няма.

Іншая справа ў Расеі. Там ёсьць цудоўныя турыстычныя выданьні – і тыя, якія разьлічаныя на спецыялістаў, і на турыстаў, пакупнікоў. Можна сказаць, што тут нам да Расеі трошкі далекавата.

А калі параўноўваць з Польшчай, Чэхіяй, Славаччынай, то.. паліграфія, канешне, у іх лепшая, часопісы ў іх лепшыя. А газэты – прыблізна нашага ўзроўню”.

А якое адлюствараньне знаходзіць тэма турызму і адпачынку ў правінцыйным друку. Тэму замежных круізаў журналісты беларускай рэгіёнальнай прэсы амаль не закранаюць, відаць, каб не раздражняць чытачоў, для якіх відавочна больш актуальным ёсьць адпачынак на тэрыторыі Беларусі, а таксама праца на лецішчы. У Гародні напрыклад, мясцовых чытачоў непакоіць сытуацыі на памежным з Польшчай пераходзе Брузгі, а не прапановы пляжаў на якім-небудзь Кіпры. Перадае Сяргей Астраўцоў:

(Астраўцоў: ) “Сёлета альбо летнія дзянькі насталі раптоўна, або тэма адпачынку зрабілася нямоднай. Амаль нічога ў газэтах пра гэта няма. Хіба, што адбылася прэс- канферэнцыя, на якой выступаў абласны начальнік, які займаецца аздараўленнем насельніцтва. І журналісты адрэагавалі. Паведамілі, што на адну тысячу працоўных у вобласьці прыпадае 23 пуцёўкі ў санаторыі. Прычым на Нарач або ў Радон паехаць даражэй, чымсьці ў заходнеукраінскі Трускавец. У Крым афіцыйныя структуры маюць с кожным годам усё меньш пуцёвак з-за цяжкасьцяў з канвертацыяй беларускага рубля.

Застаецца ў вобласьці праблема летняга адпачынку дзяцей. На паездку ў лягер можа разьлічваць толькі кожны трэці. Ну а бацькам часта проста не да адпачынку. Хаця за мяжу рэгулярна езьдзяць шмат гарадзенцаў. Аднак не з мэтай адпачыць, а каб зарабіць на жыцьцё гандлем. Газэта “Пагоня” падрабязна паведамляе аб тым, што з першага жніўня і з гэтым будуць праблемы. Памежны пераход “Брузгі” зачыняць для разбудовы. Для большасьці сталых людзей месцам для адпачынку напалам з працай па-ранейшаму застаецца лецішча.

“Гродзенская праўда”, аднак, паведаміла аб пажарах, выкліканых валацугамі на лецішчах Гарадзенскага раёна. Крыху ўразнастаіла тэматыку газэта “Вечерний Гродно”, зьмясьціўшы публікацыю аб магчымасьцях воднага турызму на Аўгустоўскім канале, нарэшты, пасля адбудовы яго беларускай часткі, якая знаходзіцца таксама ў Гарадзенскім раёне. Аднак чытачоў у канцы расчаравалі - грошай на рэканструкцыю канала няма. Варта сказаць, што сёньня зьявілася новае паняцьце адпачынку, якога працоўныя звычайна не чакаюць і не жадаюць. Я маю на ўвазе “адпачынак”, прадастаўлены з ініцыятывы адміністрацыі прадпрыемства. Абласная газэта паведаміла, што за першыя тры месяцы года такі адпачынак ад працы склаў у вобласьці 212 тысяч чалавекадзён. Прасьцей кажучы, для рабочых не было работы, і іх распускалі па дамах. Кожны працоўны дзень вымушана адпачывала каля 9 с паловай тысяч чалавек”.

На старонках рэгіянальнай прэсы знайшоў сваё адлюстраваньне і турыстычны крызіс 98-га году. З Віцебску распавядае Алег Жукоўскі:

(Жукоўскі: ) “Калі яшчэ два-тры гады таму складвалася ўраджаньне, што жыхары Віцебшчыны толькі мараць пра насычаны і актыўны адпачынак ў экзатычных краінах, бо і газэты, мясцовае радыё і тэлебачаньне стракацелі як адкрытай, так і ўтоенай рэклямай, то зараз пра становішча ў гэтай галіне яскрава сведчыць назва матэр’ялу у гарадскіх “Віцьбічах”:”У Браславе ня горш, чым на Кіпры”. Калі не лічыць рэклямных выданьняў, то ў прэсе прайшлі толькі два замоўленых артыкула ў тых жа “Віцьбічах” і адзін у “Народным слове”. Першыя агітавалі зьвяртацца ў абласны моладзевы центар БПСМу, у якім пуцёўкі каштуюць на 10-30 адсоткаў таньней, а “Народнае слова” заклікала мясцовую моладзь шукаць месца летняй працы і адпачынку у абкаме БСМ.

Што тычыцца віцебскіх вучняў з 1 па 9 класы, ім абяцаюць 26800 месцаў пераважна на базе сваіх жа школаў. А дзеля 18500 дзетак магчымасьць адпачынку будзе залежыць ад вынаходлівасьці іхніх бацькоў. Карыснаму ж дасугу саміх бацькоў мясцовая прэса прысвячае сталыя рубрыкі: “Ваш сад и огород”, “Крынічка”, “Поклёвка” з адпаведнымі конкурсамі: “Волат на градцы” ці “Рыба-рэкардсмен”. Пераможцам, як заўсёды, ўзнагароды. Калі лічыць па колькасьці ўдзельнікаў гэтых конкурсаў, пераважная большасьць месьцічаў ці выдатныя агароднікі, ці заўзятыя рыбакі.

Успамінамі пра замежныя вандроўкі насычаны ў асноўным маленькія незарэгістраваныя выданьні, у якіх удзельнікі шматлікіх семінараў распавядаюць пра цудоўнае жыцьцё на Захадзе. І, канешьне, даволі многа сустракаецца матэр’ялаў пра братэрскі Віцебску Ізраіль і ніжнесаксонскі горад Нінбург, з якім віцебляне сябруюць ужо 12 год. Тых жа, хто мае грошы, у апошні час агітуюць наведаць рэстаран ці казіно, альбо нанесьці візіт у новы більярдны клюб. Ды і навошта кідаць грошы на прылавак дзесьці ў Анталіі, калі гэта можна зрабіць з тым жа імпэтам тут”.

У Магілеве чарнобыльская спеціфіка рэгіёну уплывае на тое, што у газэтах галоўным чынам прадстаўлена тэма дзіцячага адпачынку. Распавядае Марыя Усьціновіч:

(Усьціновіч: ) “Нават у першыя летнія дні магілеўскія сродкі масавай інфармацыі не надалі шмат увагі тэмам турызму і адпачынку. Канешне, наперэдадні сезону з’яўляюцца рэкламныя прапановы па адпачынку ад прыватных фірмаў. Але сістэматызуюць іх толькі ў адмысловым рэкламным выданьні “Любой каприз”. Тэма летняга адпачынку дзяцей абласнога цэнтру закранута ва ўсіх афіцыйных газэтах дзякуючы прэс-канферэнцыі, якая днямі адбылася ў магілеўскім гарвыканкаме. Народу давялі, што пуцёўкі ў летнія лагеры можна атрымаць па норме 5 штук на калектыў у 110 чалавек, што за лета падлеткам дадуць магчымасьць зарабіць тысяч па 10 рублёў, калі яны будуць згодныя працаваць, і што заможныя бацькі могуць адправіць сваіх дзяцей на поўдзень за поўны кошт.

Да таго ж чытачы газэты “Дняпроўскі тыдзень” даведаліся пра тое, што і дасюль пляжы ў Магілеве камісіяй не прынятыя, бо не добраўпарадкаваны, што вада ў Дняпры не вельмі добрая, але кампенсаваць усё гэта можна набыцьцём снеданьня ў шматлікіх гандлёвых кропках у зонах адпачынку. У гэтам жа выданьні штолета з’яўляецца паласа “Адпачывай”, дзе сабраная інфармацыя па прапановах турыстычных фірмаў, інтэр’ю іхніх кіраўнікоў, уражанні тых, хто адпачыў, і нейкія карысныя парады. Зразумела, што часам гэта выклікае раздражнёнасьць людзей, якія вандроўкі сабе дазволіць не могуць, затое зведваюць настальгічныя ўспаміны пра даступны ўсім поўдзень у 70-я. Недзяржаўныя дэмакратычныя выданьні звычайна эканомяць друкаваную прастору і толькі зрэдку звяртаюцца да праблемаў турызму і адпачынку. Не вельмі, шчыра кажучы, апярэджваюць іх і дзяржаўныя. Складваецца ўраджаньне, што героі газэтных палосаў, радыё і тэлеэфіру павінны працаваць і змагацца, а адпачываць ім не стае сілаў і часу”.

Гэтай сумнай высновай Марыі Усьціновіч з Магілеву мы завяршаем агляд рэгіянальнай прэсы і паспрабуем падвесьці пэўныя высновы. Пакуль мізэрная частка беларусаў прыкідвае, які б курорт выбраць у гэтым годзе для наведваньня, большасьць персьпектывы сваіх вакацыяў дзеліць паміж лецішчам і вёскай. Турыстычныя выданьні, якія ў Беларусі развітыя даволі нядрэнна, нагадваюць мне яркую і ззяючую вітрыну, непадалёк ад якой знаходзяцца кварталы трушчобаў.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG