Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская прэса ў Беларусі


Расейская прэса ў Беларусі

(эфір 5 Чэрвеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэмаю сёньняшняга выпуску стане расейская прэса ў Беларусі. Чаму ў Беларусі не прадаецца большасьць расейскіх грамадзка-палітычных выданьняў, чаму ў Беларусь ня йдзе расейскі мас-мэдыйны капітал?

(Цыганкоў: ) “Дачыненьні паміж Беларусьсю й Расеяй поўняцца шматлікімі недарэчнасьцямі. Сярод шэрагу іншых парадоксаў можна адзначыць наступны: у Беларусі, якая называе сябе найбліжэйшай і ледзь не адзінай хаўрусніцаю Расеі, немагчыма купіць большасьці расейскіх грамадзка-палітычных выданьняў. У той час як прылаўкі заваленыя рознай спартовай, жаночай, забаўляльнай ды іншай камэрцыйнай расейскай друкаванай прадукцыяй, у газэтных шапіках прадаюцца толькі некалькі расейскіх газэтаў – і гэта ў асноўным тыя, якія маюць свае беларускія ўкладышы.

Такіх выданьняў, якія пайшлі на стварэньне адмысловых беларускіх старонак, сёньня чатыры – штотыднёвік “Аргументы и факты”, штодзённыя “Комсомольская правда”, “Труд” і “Известия”. Усё гэта – самыя масавыя на сёньня расейскія газэты, наклады якіх і ў Беларусі выглядаюць даволі сур’ёзна. Напрыклад, “Комсомольская правда” – каля 150 тысячаў, “Труд” – 90 тысячаў – значна больш за любое беларускае недзяржаўнае выданьне. Зрэшты, яшчэ ў пачатку 90-х наклад “Труда” ў Беларусі дасягаў мільёну паасобнікаў. Дзеля таго, каб захаваць хаця б частку сваіх чытачоў, у 1994 годзе была заснаваная беларуская ўкладка.

Мы гаворым з кіраўніком сталага прадстаўніцтва газэты “Труд” у Беларусі Сяргеем Ваганавым…

Спадар Ваганаў, скажыце: ці можна назваць беларускі выпуск незалежным выданьнем, ці гэта проста дадатак да расейскае газэты “Труд”? Наколькі незалежную рэдакцыйную палітыку вы праводзіце, наколькі Масква дазваляе вам самому стратэгічна вызначаць – якія матэрыялы ставіць?”

(Ваганаў: ) «Я адкажу абсалютна шчыра. Увогуле ў газэце “Труд”, адносна рэгіянальных укладышаў (яны йснуюць ня толькі ў былых рэспубліках саюза, але ж у самой Расеі ў шмат якіх рэгіёнах), такая лінія. Можна пагаджацца з гэтым, можна – не. На мой погляд, ёсьць нейкая рацыя ў гэтай лініі – неўмяшальніцтва ва ўнутраныя палітычныя справы, праблемы ў межах самой Рэспублікі. Ну акрамя нейкае палітычнай інфармацыі – без камэнтароў глыбокіх, проста інфармацыя.

Што тычыцца ўсяго астатняга — гэта сацыяльнае жыцьцё, жыцьцё простых людзей. Мы пішам пра гэта, тут ніхто нам рукі не зьвязвае, мы пішам так, як яно ёсьць, нашая мэта – не хлусіць».

(Цыганкоў: ) «У Беларусі зараз выходзіць чатыры расейскіх выданьні, якія маюць беларускія ўкладкі, як Вы іх успрымаеце, ці лічыце Вы іх канкурэнтамі ў барацьбе за беларускага чытача?»

(Ваганаў: ) «Я хачу адказаць яшчэ на вашае пытаньне, ці можна лічыць укладку асобным выданьнем? Не. І “Камсамолка”, і “Известия” – гэта ўжо выданьні асобныя. Яны зарэгістраваныя як беларускія выданьні, і тут у іх іншы статус, іншая эканамічная база, і тут усё па іншаму. Мы, укладка «Труда», лічымся расейскай газэтаю. Я хачу сказаць, што калі папулярнасьць і наклад, асабліва “Труда-7”, зь беларускім выпускам расьце, дык і сама газэта цікавая, і толькі за мінулы год у 137% было прыбаўкі ў тыражы менавіта “Труда-7”…

Яны нам, зразумела, канкурэнты. Але зь іншага боку – і не канкурэнты. Я думаю, што моладзь «Труд» менш чытае. Моладзь – гэта чытачы ў асноўным “Камсамолкі”. Нас чытаюць у асноўным людзі небагатыя».

(Цыганкоў: ) «Адразу пасьля набыцьця Беларусьсю незалежнасьці адбыўся такі заканамерны фактар – і паводле палітычных прычынаў, і паводле эканамічных – як рэзкае падзеньне накладаў усіх расейскіх выданьняў. І вось літаральна апошнія год-два назіраецца ўпершыню бадай за гэтыя 10 гадоў іншая тэндэнцыя, калі назіраецца рост накладаў расейскіх выданьняў у Беларусі. Чым гэта патлумачыць?»

(Ваганаў: ) «Ну, лягчэй за ўсё гэта патлумачыць тым, што выданьні робяцца цікавейшымі. Я думаю, што ўсё ж такі ёсьць нейкі інтарэс да таго, што адбываецца ў Расеі. Усё ж ён ёсьць і нават пашыраецца – гэты інтарэс, тым больш, што не заўсёды і ў мясцовай прэсе – у беларускай прэсе (у афіцыйнай – перш за ўсё) – можна атрымаць нейкую аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Расеі.

І безумоўна, што газэты пайшлі на такую практыку як стварэньне гэтых укладак. Таксама чытачы бачаць, што ў гэтых газэтах ёсьць беларуская інфармацыя. Чытач можа без перашкод зьвярнуцца да мясцовых рэдакцыяў гэтых расейскіх выданьняў. Я мушу думаць, што ў гэтым – уся прычына».

(Цыганкоў: ) «Гэтак лічыць Сяргей Ваганаў, кіраўнік сталага прадстаўніцтва газэты “Труд” у Беларусі. Працягвем размову пра расейскую прэсу ў Беларусі. Беларуская ўкладка газэты “Известия” адносна маладая, першы нумар выйшаў толькі летась у лістападзе. Якія стратэгічныя мэты ставіла рэдакцыя, засноўваючы беларускі выпуск? Гаворыць рэдактар беларускага выпуску “Известий” Сьвятлана Карпякова…”

(Карпякова: ) «Тут некалькі стратэгічных мэтаў, у тым ліку й пашырэньне на беларускім рынку. Справа ў тым, што сама маскоўская расейская газэта “Известия” на працягу апошніх гадоў мянялася. Там зьмянілася каманда ў бальшыні сваёй. Не мяняліся нейкія стратэгічныя напрамкі газэты, яна заўсёды заставалася з падыходам аб’ектыўным без радыкалізму й г.д., скажам так, у нейкім сэнсе кансэрватыўнай газэтаю. І маскоўскі рэдактар вырашыў пашырыць прысутнасьць на беларускім рынку, падняць тыражнасьць газэты, павялічыць колькасьць інфармацыі менавіта беларускай, для беларускага чытача. Таму, што не ўся інфармацыя трапляе на маскоўскія старонкі.

Таму тут было некалькі мэтаў. Мы ня так даўно існуем. Нам трэба замацавацца на гэтым рынку, таму што на ім ужо ёсьць шмат, у тым ліку, вось такіх старонак расейскіх газэтаў, якія ўжо даволі доўга тут працуюць. І таму нам трэба знайсьці сваю нішу, свайго чытача, каб чытач прызвычаіўся, дарэчы, да нашага выпуску, да нашых старонак. Мы спачатку выходзілі адзін раз на тыдзень, зараз – два разы на тыдзень. І, безумоўна, мы будзем пашырацца нейкім чынам, тэматычна разьвівацца. Мне здаецца, што цікавасьць да газэты ў сувязі з выхадам нашае беларускае старонкі падвысілася».

(Цыганкоў: ) «Увогуле, адкрыцьцё сваіх старонак – гэта, напэўна, можна назваць ужо тэндэнцыяй. У Беларусі ўжо чатыры маскоўскія выданьні практыкуюць такую форму. Чым патлумачыць гэтую тэндэнцыю? Чаму яна набірае ход?»

(Карпякова: ) «Я думаю, што менавіта такія ж мэты і ў іншых выданьнях, гэта найперш эканамічныя мэты. Людзі, якія выдаюць газэту, зьбіраюць рэкляму, вядуць свой бізнэс тут. Акрамя таго што гэта сродак масавай інфармацыі, гэта яшчэ й выдавецкі бізнэс, які прыносіць нейкія прыбыткі».

(Цыганкоў: ) «Можа ў маім пытаньні быў нейкі, ну амаль падвох, калі я меў на ўвазе, што гэта адбываецца з-за таго, што беларускія масавыя грамадзка-палітычныя выданьні даволі слабыя. Таму расейскія вымушаныя ў гэтую нішу ўваходзіць?»

(Карпякова: ) «Мне здаецца, што старонкі расейскіх газэтаў больш свабодныя ў падачы інфармацыі, яны не знаходзяцца пад нейкім такім уціскам ідэялягічным, пад якім зараз – гэта відавочна –знаходзяцца многія СМІ ў Беларусі. І, безумоўна, гэта спрыяе таму, што чытач усё больш і больш аддае перавагу тым газэтам, якія больш свабодныя, скажам так. Маюць магчымасьць выдаваць больш інфармацыі, інфармацыі рознабаковай, зьвязанай як з афіцыйнаю, гэтак і з апазыцыйнаю, зь нейкімі падзеямі, якія не трапляюць на старонкі нашае дзяржаўнае прэсы.

Мне здаецца, што старонкі “Комсомольской правды” ў Беларусі, “Труд”, “Аргументы и факты” падаюць гэтую інфармацыю больш цікава, разнастайна, больш шырокім колам, я б сказала».

(Цыганкоў: ) «Расейскія сродкі масавай інфармацыі, якія ўжо даволі структураваныя ў Расеі, якія маюць свае холдынгі й цэлыя групы, акрамя гэтых вось старонак ва ўжо існуючых газэтах, не імкнуцца пашыраць сваю прысутнасьць, не імкнуцца ствараць нейкія новыя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі, акрамя праектаў, зьвязаных зь інтэграцыяй, якія падтрымліваюцца дзяжаўнымі бюджэтамі, бюджэтамі саюза. Чаму, на вашую думку, расейскі капітал у сфэры мас-мэдыяў ня йдзе ў Беларусі?»

(Карпякова: ) «На гэта вельмі простыя, на мой погляд, і ясныя прычыны – эканамічная сытуацыя ў Беларусі. Я магу сказаць, напрыклад, тут ня так даўно бывалі прадстаўнікі аднаго з расейскіх выданьняў, даволі вядомага і ўплывовага… Такая была афіцыйная разьведка на прадмет таго, каб выдаваць тут рэгіянальны выпуск – і яны зьехалі ні з чым, таму, што гэта аказалася вельмі невыгодна. Гэта быў бы стратны праект, таму, што рэклямы тут не набіраецца. І ўвогуле, калі яны тут паразмаўлялі, сустракаліся, дык падлічылі, што гэта вельмі не выгодны праект, вельмі стратны.

Тое ж самае, мне здаецца, можна сказаць што да расейскага капіталу, які вельмі добра ўсведамляе і ведае тое, што адбываецца ў эканамічных сфэрах у Беларусі. Усе лічаць грошы й ніхто ня хоча ўкладаць іх у нашую вельмі непасьлядоўную эканоміку. З нашымі супярэчнымі законамі эканамічнымі і з тым, што заўтра могуць нейкім чарговым «дэкрэтам № 40» (славуты прэзыдэнцкі, які можа нацыяналізаваць ці канфіскаваць маёмасьць за нейкія там злачынствы, якія нават суд ня будзе разглядаць)… Дык ніхто ж ня хоча гэтага рабіць, зразумела.

І ўсе чакаюць калі такі вось клімат эканамічны зьменіцца, тады, я думаю, сюды прыйдзе расейскі капітал, у тым ліку – у сфэры мас-мэдыяў».

(Цыганкоў: ) “Менавіта паводле эканамічных прычынаў не прадаюцца ў Беларусі тыя расейскія выданьні, якія ня маюць сваіх беларускіх выпускаў. Розьніца курсаў беларускага рубля, нестабільныя правілы для замежных суб’ектаў гаспадараньня спрычыніліся да таго, што самім расейскім мас-мэдыям немагчыма весьці тут справы. Неабходна мець у Беларусі мясцовага бізнэс-партнэра, які б валодаў сытуацыяй і меў права на пэўныя віды дзейнасьці. Бяз гэтага кошт расейскіх выданьняў пасьля самых розных накрутак сягае фантастычных памераў. Напрыклад, паўгодавая падпіска ў Беларусі на газэту “Коммерсантъ” дасягае нерэальнай для беларускіх чытачоў лічбы 100 даляраў. Зразумела, што з падобнымі цэнамі ніхто ня будзе браць гэтыя выданьні і ў газэтных шапіках.

Да таго ж многія новыя расейскія газэты, маючы мізэрны для сваёй краіны наклад, напрыклад, каля 100 тысячаў асобнікаў, ня хочуць распачынаць усю гэтую складаную справу, каб прадаваць у Беларусі некалькі сотняў экзэмпляраў свайго выданьня.

Дарэчы, некаторыя расейскія выданьні пэўны час прадаваліся па расейскіх коштах, але потым беспэрспэктыўнасьць гэтае справы стала для іх відавочнаю. Цяпер уся палітра расейскіх выданьняў на беларускім рынку паданая амаль толькі тымі газэтамі, якія маюць мясцовыя выпускі ды тут друкуюцца”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG