Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская мова ў СМІ Беларусі


Беларуская мова ў СМІ Беларусі

(эфір 15 Траўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэмаю чарговага выпуску стала становішча беларускае мовы ў СМІ. У пятую гадавіну рэфэрэндуму аўтары перадачы вырашылі прааналізаваць, якое месца займаюць праблемы беларускае мовы ў беларускіх мас-мэдыях.

(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Напачатку сёньняшняе перадачы мы плянуем распавесьці, як сродкі масавай інфармацыі адзначылі гадавіну рэфэрэндуму 1995 году. Але галоўную задачу гэтае праграмы мы бачым у тым, каб прааналізаваць становішча беларускае мовы ў СМІ, і тое, як моўная праблема знаходзіць сваё адлюстраваньне ў беларускім друку.

Паказальна, што дзяржаўная прэса амаль не заўважыла на сваіх старонках чарговую гадавіну рэфэрэндуму 1995 году. Большасьць афіцыйных выданьняў абмежаваліся толькі публікацыяй віншаваньня Аляксандра Лукашэнкі з нагоды ім жа ўсталяванага сьвята герба й флага. Хіба толькі “Советская Белоруссия” надрукавала артыкул сваёй неўтаймавальнае аўтаркі Людмілы Масьлюковай. Але нават і там гаварылася пераважна пра ўсенародную падтрымку прэзыдэнта, на моўныя вынікі рэфэрэндуму аўтарка ўвагі не зьвярнула.

Чаму ж дзяржаўная прэса, і нават беларускамоўная “Звязда”, аніяк – ані станоўча, ані адмоўна – не адрэагавала на гадавіну рэфэрэндуму. Як мне падаецца, тут можна даць наступнае тлумачэньне – публікаваць у такі дзень што-небудзь “за мову” газэтам не дазваляе нутраная цэнзура, супраць мовы – рэшткі прыстойнасьці й сумленьня. Цяпер, відаць, наступіў зноў такі час, калі ў дзяржаўнай прэсе ўся сьмеласьць грамадзянскае пазыцыі выяўляецца ў тым, каб прамаўчаць.

Пра тое, чаму дзяржаўная прэса ігнаруе моўныя праблемы, разважае адказны сакратар часопісу “ARCHE”, карэспандэнт Радыё “Рацыя” Юрась Бушлякоў…”

(Бушлякоў: ) «Апошнія гады, час пасьля рэфэрэндуму – гэта час, калі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, у прыватнасьці, афіцыйная прэса, лічачы праблему ўстаноўленай, лічачы пытаньне існаваньня моваў у грамадзтве разьвязанай, спрабуюць не заўважаць рэальна-фатальнага стану беларускае мовы ў Беларусі. І відавочна, што боль і клопат за долю беларускае мовы ў Беларусі ў васноўным мы напатыкаем на старонках беларусацэнтрычнае (калі гэтак можна акрэсьліць) айчыннае прэсы. Сытуацыя такая, што беларуская мова ў варунках апошняга 6-годзьдзя няўхільна мкне да дэкарацыйнага існаваньня, да дэкарацыйнага функцыянаваньня.

Газэты, абвешчаныя дзьвюхмоўнымі, дапускаюць беларускую мову ў якасьці неабавязковага дадатку, і кожны з нас прыгадае факты газэтаў, якія зарэгістраваныя дзьвюхмоўнымі й часьцяком «забываюцца» на гэтую дзьвюхмоўнасьць. Уласна кажучы, можна пра гэтае ігнараваньне ў прэсе гаварыць бясконца, але трэба пачынаць ад клімату ў грамадзтве, які прадвызначае тое, што зьяўляецца на бачынах беларускае прэсы».

(Цыганкоў: ) “Пра тое, чаму дзяржаўная прэса ігнаруе праблемы беларускае мовы, гаварыў Юрась Бушлякоў. Трэба сказаць, што й незалежная прэса ня вельмі актыўна пажадала выкарыстаць нагоду паразважаць і прааналізаваць моўныя праблемы. “БДГ”, “Свободные новости” фактычна прайгнаравалі гадавіну рэфэрэндуму. “Народная Воля” пайшла звыклым і традыцыйным для сябе шляхам, апублікаваўшы артыкул “Ганебныя ўгодкі” народнага пісьменьніка Беларусі Ніла Гілевіча…

А цяпер зьвернемся да сухое статыстыкі, каб параўнаць суадносіны паміж беларуска- і расейскамоўнымі выданьнямі. Як паведаміў мне кіраўнік аддзелу рэгістрацыі СМІ Дзяржаўнага камітэту друку Беларусі Віктар Гурэцкі, на 1 траўня ў Беларусі зарэгістравана 1.160 выданьняў. Сярод іх беларускамоўнымі зьяўляюцца 118, іншымі словамі, каля 10 адсоткаў ад агульнае колькасьці. 209 выданьняў заяўляюць, што выходзяць на беларускай і расейскай мовах, 271 – на расейскай і беларускай. Рэаліі ж паказваюць, што вельмі часта гэтак званыя “дзьвюхмоўныя” выданьні беларускую мову ўжываюць толькі ў назове або ў выходных дадзеных.

Як шчыра адзначыў спадар Гурэцкі, заснавальнікі некаторых выданьняў задэкляравалі сваю дзьвюхмоўнасьць “на ўсялякі выпадак”. Маўляў, калі раптам зьменіцца моўная палітыка, трэба быць падрыхтаваным…

А якія суадносіны паміж расейска- і беларускамоўнымі выданьнямі ў рэгіёнах? На Віцебшчыне на беларускай мове выходзіць большасьць незалежных выданьняў. Пра становішча ў гэтай вобласьці распавядае Алег Жукоўскі…”

(Жукоўскі: ) “Сярод больш чым сямі дзясяткаў пэрыядычных выданьняў Віцебшчыны цалкам беларускамоўнымі зьяўляюцца 28. Гэта 11 дзяржаўных раёнак і незалежная “Вольнае Глыбокае”. Астатнія – беларускамоўныя газэты й бюлетэні, якія выдаюцца без рэгістрацыі афіцыйным накладам да 300 паасобнікаў. Трэба адзначыць, што ўсе раённыя газэты маюць беларускія або амаль беларускія, як да прыкладу, “Браслаўская звязда”, назвы. Але 10 зь іх друкуюць дзьвюхмоўныя матэрыялы. Па-расейску пераважна йдуць афіцыйныя пастановы й рэзалюцыі выканаўчых камітэтаў, праграма тэлевізі, а таксама творы чытачоў.

Гэтую мову больш ужываюць выданьні на ўсходзе вобласці. А вось абласныя «Народнае слова» й «Віцебскі рабочы» беларускімі ёсьць толькі ў назьве. Калі першае яшчэ неяк імкнецца вытрымліваць моўны прыярытэт, то “Віцебскі рабочы”, які мае багатую традыцыю выхаду на роднай мове, пасьля рэфэрэдуму 95-га году, акрамя аблвыканкамаўскіх загадаў ды пастановаў, па-беларуску амаль нічога не друкуе. У “Віцьбічах”, якія дарэчы выходзяць накладам 65 тысячаў паасобнікаў, і незалежным “Віцебскім кур’еры” беларускамоўных матэрыялаў сустракаецца няшмат. Гэта ёсьць і спробамі згуляць на пераважна прарасейскага чытача, і тое, што самі журналісты гэтых выданьняў мову як сьлед ня ведаюць…

Сярод больш як 35 незарэгістраваных газэтаў і бюлетэняў толькі 4 цалкам расейскамоўныя, астатнія ў васноўным ужываюць роднае слова. Станоўчым зьяўляецца тое, што маладзёвыя выданьні і абласнога цэнтру, і Воршы, і Полацку, і Наваполацку лічаць сваім гонарам працаваць толькі па-беларуску.

Нягледзячы на значную перавагу ў колькасьці назваў паводле накладу перамагае мова нашае суседкі. Калі агульны наклад пераважна беларускамоўных выданьняў складае каля 98 тысячаў, дык наклад расейскамоўных газэтаў і «шматтыражак» больш як 204 тысячы паасобнікаў».

(Цыганкоў: ) «Магілеўшчына традыцыйна лічыцца самым русіфікаваным рэгіёнам Беларусі. Як гэная тэндэнцыя адлюстроўваецца ў мясцовай прэсе? Распавядае Марыя Ўсьціновіч…»

(Усьціновіч: ) «Дэмакратычнае выданьне «Тыднёвік Магілеўскі» зьяўляецца адзінай цалкам беларускамоўнай газэтаю абласнога маштабу на Магілеўшчыне і адзінай, якая карыстаецца тарашкевіцаю – дарэформенным правапісам у беларускай мове. Хаця далёка ня ўсе нават і ў рэдкалегіі самой газэты гэта падтрымвалі. Але ідэя рэабілітацыі рэпрэсаванае мовы ўсё ж перамагла. І як сёньня лічаць у тыднёвіку, яна зусім не адбівае чытачоў. Усе свае прызвычаіліся, і кола людзей, якія карыстаюцца тарашкевіцаю, паводле меркаваньня кіраўніка абласнога Таварыства Беларускае Мовы Міхася Булавацкага, павольна, але верна пашыраецца. А калі тэлефануюць у «Тыднёвік Магілеўскі” з прэтэнзіямі наконт «незразумелае мовы», дык як зазвычай сапраўднай прычынаю чытацкага незадавальненьня зьяўляецца інфармацыйны зьмест, які адрозьніваецца ад дзяржаўных выданьняў.

У Бабруйску выдаецца рэгіянальны інфармацыйны бюлетэнь “Мой горад” невялікім накладам. Там карыстаюцца гэтак званай «наркамаўкай», але часам зьяўляецца й тарашкевіца.

Афіцыйная прэса ў Магілеўскай вобласьці, за выключэньнем раённых газэтаў, зьяўляецца амаль цалкам расейскамоўнай. І хаця, напрыклад, у “Магілеўскай праўдзе” дэкляруецца свабодны выбар аўтарам мовы, а ўсё ж артыкулы на беларускай мове зьяўляюцца ў газэце толькі зрэдку. Журналісты лічаць, што на ўсходзе Беларусі на расейска-беларускім памежжы людзі ў пераважнай бальшыні карыстаюцца або расейскай моваю, або «трасянкаю», да расейскай вельмі набліжанай. Беларуская мова для аўтараў дзяржаўных выданьняў, зразумела, значыць – «наркамаўка».

Такая сытуацыя на дзяржаўных радыё і тэлевізіі, дзе на беларускай мове чытаюцца толькі інфармацыйныя выпускі. Але сапраўдная праблема электронных сродкаў масавай інфармацыі і асабліва недзяржаўнага тэлекалану «Магілеў-1», гэта вялізная колькасьць памылак, нават у «наркамаўцы».

Што ж датычыцца асьвятленьня моўных пытаньняў у мясцовай прэсе, то ў вабласных выданьнях такіх артыкулаў не было здаўна. Толькі ў раённых газэтах, дзе ёсьць моцныя суполкі Таварыства Беларускае Мовы, напрыклад, у Асіповічах і Шклове, друкуюцца матэрыялы, дзе іхныя кіраўнікі спрабуюць растлумачыць мэты існаваньня арганізацыі. У Шклове старшыня мясцовай арганізацыі Таварыства, выкладчык Аляксандар Грузіна рыхтуе выдатныя дасьледныя артыкулы ў пытаньнях мовы свайго рэгіёну».

(Цыганкоў: ) «У Гарадзенскай вобласьці, а менавіта ў Лідзе выходзіць газэта Таварыства Беларускае Мовы “Наша слова”. Але нават тут у большасьці выданьняў беларуская мова – тэма ня вельмі папулярная. Распавядае Сяргей Астраўцоў…»

(Астраўцоў: ) «Прагледзеўшы «раёнкі», я знайшоў толькі ў вадной нататцы ў ашмянскай і смаргонскай газэтах, пра экскурсію школьнікаў у музей Францішка Багушэвіча і пра вечарыну з нагоды 160-годзьдзя паэта, які сказаў “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі”. Там жа паведамляецца, што Залеская школа Смаргонскага раёну на супольным конкурсе ТБМ і ТБШ на лепшую сельскую беларускую школу атрымала дыплём ІІ ступені, беларускую бібліятэчку й валейбольны мяч.

Гарадзенская газэта “Пагоня” надрукавала заяву сэкратарыяту ТБМ аб дыскрымінацыі беларускае мовы ў войску. Некаторыя газэты, да прыкладу, “Біржа інфармацыі” зьмясьцілі юбілейныя публікацыі пра Апанаса Цыхуна, заслужанага настаўніка, беларусазнаўцу. Ён стварыў школьны музэй акадэміка Карскага, склаў слоўнік “Скарбы народнае мовы”. Сёньня яму 90 гадоў.

За беларускую мову па сутнасьці змагаецца адное газэта ТБМ “Наша слова”, якая ўжо некалькі гадоў выходзіць у Лідзе. У вапошнім нумары друкуюцца прапановы да адміністрацыі Лукашэнкі аб умацаваньні становішча беларускае мовы ў грамадзтве. Зьмешчаны адказ прэзыдэнта Акадэміі навук Вайтовіча аб магчымасьці наданьня назвы «Нацыянальнага» або БДУ, або Пэдагагічнаму ўнівэрсытэту імя Танка. У Лідзе за Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт сабрана больш як 6 тысячаў 300 подпісаў.

Зьмяншэньня сфэры ўжываньня беларускае мовы добра відно на прыкладзе абласное газэты “Гродзенская праўда”. У сярэдзіне 90-х амаль усе супрацоўнікі пісалі збольшага па-беларуску. Сёньня толькі адзін карэспандэнт друкуе свае матэрыялы заўжды на беларускай мове…»

(Цыганкоў: ) “Сяргей Астраўцоў скончыў агляд асьвятленьня рэгіянальнай прэсаю моўнага пытаньня. Газэта ТБМ “Наша Слова”, пра якую ўзгадваў Астраўцоў, – менавіта тое выданьне, якое закліканае пільнаваць стан роднае мовы. Але, нажаль, на сёньня газэта робіцца на аматарскіх пачатках, без удзелу прафэсійных журналістаў, і відавочна, ня можа прэтэндаваць на ролю моўнага рупліўцы.

А як увогуле можна ацаніць культуру мовы ў беларускіх СМІ? Наколькі адукаваныя журналісты й рэдактары, як часта сустракаюцца на старонках прэсы моўныя памылкі. Я працягваю размову з адказным сакратаром часопісу “ARCHE” Юрасём Бушляковым…»

(Бушлякоў: ) «Беларуская мова, у прынцыпе, зьведзеная да непаўнацэннага ў беларускім грамадзтве сродку камунікацыі, сродку сумоўя. Жывучы ў чужых інфармацыйных каардынатах (на маю думку, гэта адна з найважнейшых прычынаў на сёньня існуючага становішча зь беларускай моваю), чалавек няўхільна траціць адчуваньне асноваў мовы. Чалавек падпадае пад уплыў, узьдзеяньне іншамоўнае сыстэмы, у выпадку сучаснае Беларусі – расейскамоўнае сыстэмы. І, як вынік, мова ў беларускай прэсе, як правіла, не задаволіць русіфікаванага карыстальніка беларускае мовы. І сытуацыя гэтая характэрная для ўсяго спэктру прэсы, як для прэсы афіцыйнае, дзяржаўнае, мова якой утрыманая ў рамках савецкага, постсавецкага стандарту беларускае літаратурнае мовы, гэтак і бальшыні газэтаў незалежных, якія ў меншай ступені абмежаваныя рамкамі ўспомненага савецкага й постсавецкага стандарту літаратурнае мовы».

(Цыганкоў: ) “Ці можна сказаць, што цяперашняя сытуацыя ўтварылася менавіта з-за рэфэрэндуму 95-га году? І сёньняшні стан беларускае мовы выкліканы найперш дзеяньнямі афіцыйнае ўлады?»

(Бушлякоў: ) «Рэфэрэндум падтрымаў тэндэнцыю, запачаткаваную ў 94-м годзе Лукашэнкам – тэндэнцыю на паступовае зьвядзеньне функцыяў беларускае мовы ў Беларусі да дэкарацыйных. Фактычна мы жылі ва ўмовах эрозіі прасторы нацыянальнае мовы, і ў канцы 80-х і ў першай палове 90-х гадоў. Эрозія гэтая не спынялася, бо мы закладнікі расейскай інфармацыйнае прасторы. Іншая рэч, што гэтая эрозія ў першай палове 90-х гадоў як бы стрымала сваю хаду, стрымала дзякуючы атмасфэры ўвагі да беларускае мовы ў беларускім грамадзтве.

Рэфэрэндум і тое, што пайшло за ім, – гэта знак фатальнага стаўленьня ў Беларусі да беларускае мовы, знак таго, што ўлада робіць максімум магчымага для таго, каб вызваліць сябе ад клопату ў беларускай мове. У гэтай сытуацыі процідзеяньнем магла б быць пазыцыя носьбітаў, пасьлядоўных і заўсёдных носьбітаў беларускае мовы.

Мне здаецца, што на сёньняшні дзень нашая бяда ў тым, што крытычнае масы носьбітаў у гарадзкім асяродзьдзі (у прыватнасьці, гэта для нас бадай найважнейшае) мы ня маем. І таму беларуская мова застаецца ў ролі пакрыўджанае дачушкі, якой ад вялікага пасагу сямейнага, на жаль, застаюцца адныя нейкія крыхі».

(Цыганкоў: ) “Гэтак пэсымістычна лічыць адказны сакратар часопісу “ARCHE” Юрась Бушлякоў. Сапраўды, наўрад ці ёсьць патрэба штучна прыўносіць тут аптымістычныя ноткі, таму закончу праграму наступным прыкладам. Газэта “Наша Ніва” ў сваім перадапошнім нумары правяла апытаньне на тэму: “Ці пачуваюцца ў паўсядзённым жыцьці горш тыя, якія размаўляюць толькі па-беларуску?” Дык вось, адзін з апытаных адказаў: “А ў нас ніхто па-белорускі не разгаварывает”…

Ці не да гэтага ймкнецца сёньняшняя ўлада – няма носьбітаў мовы, няма праблемы, а значыць, і няма пра што пісаць?”

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG