Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ пра Перамогу


СМІ пра Перамогу

(эфір 8 Траўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэмаю сёньняшняга выпуску стане асьвятленьне беларускай прэсаю перамогі над фашызмам. На якіх аспэктах перамогі канцэнтраваліся беларускія мас-мэдыі, на што зьвярталі асноўную ўвагу?

(Цыганкоў: ) “5 траўня асноўная інфармацыйная перадача беларускае тэлевізіі “Панарама” першыя 20 хвілінаў свайго эфіру прысьвяціла тэме перамогі. Вось пералік некаторых сюжэтаў: “акцыя пад дэвізам “Мы абараняем вялікую дзяржаву” прайшла ў Невельскім раёне, на мяжы Расеі і Беларусі, у Берасьці фінішавала юбілейная эстафэта “Памяць”, прайшлі ўрачыстыя прыёмы вэтэранаў у вабласных аблвыканкамах, у клюбе імя Дзяржынскага кіраўніцтва КГБ віншуе вэтэранаў нябачнага фронту”.

Прыблізна ў тых жа аб’ёмах і ў той жа фанфарна-ідэялягічнай танальнасьці асьвятляла сьвята перамогі дзяржаўнае радыё.

Не адставала ад электронных мас-мэдыяў і дзяржаўная прэса, матэрыялы на тэму вайны зьяўляліся ў газэтах на працягу ўсяго тыдня. У выхадныя, як вядома, газэты ў Беларусі не выходзяць, так што сьвяточны нумар да дню Перамогі зьявіўся ва ўсіх выданьнях ужо 6 траўня.

Сярод дзяржаўных газэтаў, “Звязда”, бадай, найменш за іншых паддалася агульнаму прапагандысцкаму тону, зрабіўшы гістарычны акцэнт у сваіх матэрыялах. У сьвяточным нумары, напрыклад, газэта друкуе артыкул доктара гістарычных навук Эмануіла Іофе “Колькі жыхароў Беларусі забрала вайна?”.

“Рэспубліка” й “Народная газета” пайшлі звыклым шляхам ідэялягічна вытрыманых ваенных успамінаў удзельнікаў вайны. Троху разнастайней прадставіла тэму Перамогі флагман дзяржаўнае прэсы “Советская Белоруссия”, якая спрабавалала на працягу тыдня распавесьці пра сёньняшняе жыцьцё вэтэранаў і стаўленьне да іх грамадзтва.

Аднак пры ўсіх адценьнях у дзяржаўнай прэсе прысутнічала штосьці нязьменна агульнае – аніводная газэта не пажадала “заўважыць”, што 8 і 9 траўня перамогу адзначаюць многія народы Эўропы, што вайна была менавіта Другой Усясьветнай, вялася амаль па ўсім сьвеце. Аніводная газэта таксама не асьмелілася даць матэрыялы, якія б хоць у нечым не адпавядалі канцэпцыі вайны як усенароднага змаганьня.

Днём сьвятога смутку назвала 9 траўня “Наша Свабода”. “Штодня беларускаму народу нагадваюць: «Ты пераможца!» – каб адцягнуць увагу ад таго, што робіцца навокал сёньня», – піша гэтая газэта. Увогуле ж незалежныя выданьні, напэўна, на спадзяючыся дагнаць дзяржаўную прэсу ў маштабах асьвятленьня Дня перамогі, пісалі пра яго зусім няшмат. Ня здолела знайсьці аніякага цікавага падыходу да гэтае тэмы “Народная Воля”. Верш Юрася Сьвіркі “Я помню ў сорак пятым май” – відавочна, замала, для такога дня. Не заўважыла 9 траўня й “Белорусская Деловая Газета”.

А вось публіцыст Анатоль Казловіч узгадаў некаторыя эпізоды адзначэньня сьвята Перамогі ў розныя гады – эпізоды, сьведкам і ўдзельнікам якіх станавіўся ён сам. “Перамога даўно памерла, але мала хто ведае дату сьмерці”, – піша Казловіч у сваім палемічным і рэзкім артыкуле.

Падобны падзел у асьвятленьні гэтае тэмы дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсаю выразна назіраецца і ў рэгіянальным друку. Пачнем гэты агляд з Горадні. Перадае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Дзень Перамогі – сьвята афіцыйнае. Таму традыцыйна пра ягонае асьвятленьне найперш дбае афіцыйная прэса. Зроблена гэта збольшага ў традыцыйным савецкім стыле. “Гродзенская праўда” надрукавала на дзьве старонкі здымкі герояў Савецкага Саюзу, якія ваявалі на Гарадзеншчыне. Ёсьць артыкулы пра былога партызана, пра афіцэрскую дынастыю, пра вэтэранаў з калгасу “Радзіма” Гарадзенскага раёну. Праўда, у вапошняй публікацыі гаворыцца, што вэтэранам да дня Перамогі выдалі ўсяго па тысячы рублёў. Бо калгас слабы.

На тэрыторыі гаспадаркі знаходзіцца славуты санаторый “Парэчча”, але ніхто з калгасных вэтэранаў ня можа трапіць туды. Брацкія магілы й помнікі прыходзяць у запусьценьне, – піша аўтар. Саміх вэтэранаў начальства на свае сходкі забываецца запрашаць, у школы таксама. Тэма патрыятычнага выхаваньня моладзі паступова як-бы зжывае сабе, – прызнаецца аўтар.

А вось у нарысе пра артылерыста палкоўніка Паганюка, які ўдзельнічаў у вызваленьні Беларусі Чырвонай арміяй ад польскай, усё зусім ужо традыцыйна. Зь Беларусі герой публікацыі трапіў на Фінскую вайну. Аўтар станоўча паказвае, як быў абстраляны фінскі бераг савецкімі караблямі. Як высадзіўся дэсант, і дывізія, дзе служыў Паганюк, пасьпяхова заняла паўночную частку Фінляндыі. Маўляў, каб не высадзіліся англійскія і францускія войскі.

У падобным жа стыле піша на сьвяточную тэму й “Міліцэйскі весьнік”. А газэта “Пагоня” адно зьмясьціла зварот Сямёна Шарэцкага да беларусаў сьвету ў сувязі зь 50-годзьдзем заканчэньня ІІ Усясьветнае вайны”.

(Цыганкоў: ) “З Горадні распавядаў Сяргей Астраўцоў. У большасьці магілеўскіх выданьняў сёньняшнія газэтныя расповеды пра ваенныя гады не адрозьніваюцца ад тых, што былі напісаныя і дзесяць, і дваццаць, і трыццаць гадоў назад. Перадае Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “Практычна ва ўсіх газэтаў Магілеўшчыны напярэдадні сьвята перамогі ёсьць адмысловыя тэматычныя старонкі. Звычайна ў іх увайшлі віншаваньні кіраўнікоў вобласьці й расповеды пра падзеі ІІ Усясьветнае вайны. Выключэньне склала толькі недзяржаўная газэта “Де-факто”, дзе асноўная ўвага нададзена падзеям мінулага сьвята працы, бо некалькі журналістаў менавіта гэтае рэдакцыі былі затрыманыя на мітынгу 1 траўня.

Больш за іншыя выданьні ўвагі ўспамінам вэтэранам вайны надала газэта “Магілеўская праўда”. Перадавы артыкул таксама прысьвечаны сьвяту перамогі й называецца “Прасьвятленьне”. Паводле меркаваньня аўтара, галоўнага рэдактара газэты Аляксандра Тэрпачова, сёньня пасьля гадоў хістаньняў да вернага разуменьня значасьці Перамогі прыйшло й маладое пакаленьне. На старонках, прысьвечаных 55-годьдзю Перамогі, створаны вобраз слаўнага савецкага салдата. Успаміны ветэранаў датычацца ў васноўным пераможных бітваў, радзей – цяжкасьцяў акупацыі. Прынцыпова сёньняшнія газэтныя расповеды пра ваенныя гады не адрозьніваюцца ад тых, што былі напісаныя і 10, і 20, і 30 гадоў таму.

На гэтым фоне вылучаецца дэмакратычная газэта “Тыднёвік Магілеўскі”. Ваенная гісторыя роднае вёскі Міхася Булавацкага, дзе жахі ІІ Усясьветнае апісаныя праўдзіва й неяк будзёна, пакідаюць моцнае ўражаньне. Аднак ані ў вадным выданьні не ўдалося знайсьці матэрыялаў не пра тое, як людзі зьдзейсьнялі свой ваенны подзьвіг, а як гэты подзьвіг адгукнуўся ў іх пасьляваенным жыцьці. Як яны жылі пасьля таго, як уратавалі чалавецтва. І як сёньня гэтыя пераможцы жывуць у жабрацтве”.

(Цыганкоў: ) “З Магілеву распавядала Марыя Ўсьціновіч. У Берасьці з-за сьвяточных справаздачаў дзяржаўная прэса прайгнаравала нават праблемы вяскоўцаў, якія ўзьніклі пасьля раптоўных замарозкаў. Калі йдзе ўсенароднае сьвята, усе сумныя навіны адсунутыя ўбок. Перадае Алег Супрунюк…”

(Супрунюк: ) “Матэрыялы, прысьвечаныя дню Перамогі, не сыходзяць са старонак берасьцейскага друку ўжо на працягу некалькіх месяцаў. Але ў вапошнія дні асьвятленьне гэтае падзеі, асабліва ў дзяржаўных раённых газэтах, атрымала яшчэ больш масавы характар. У выніку з-за сьвяточных справаздачаў са шматлікіх афіцыйных мерапрыемстваў, што ладзіць напярэдадні 9 траўня мясцовая вэртыкаль, на другі плян былі адсунутыя нават праблемы вяскоўцаў, што ўзьніклі ў сувязі з моцнымі замаразкамі.

У любой іншай сытуацыі дзяржаўная прэса не абмінула б такі факт, але цяпер вынікае, што ўсе сумныя навіны павінны чакаць свайго часу, пакуль ня скончыцца чарговая прапагандысцкая кампанія з нагоды перамогі над фашызмам.

Недзяржаўныя СМІ Берасьцейшчыны больш стрымана аднесьліся да гэтага сьвята, аддаўшы перавагу публікацыям на тэму або адкрыцьця новага музэю айчыннае зброі ў вадным з захаваўшыхся фартоў Брэсцкае крэпасьці, або ўспамінам пра дзейнасьць сьвятароў у гады ІІ Усясьветнае вайны. Бо як вядома, сёлета дзень Перамогі супадае з праваслаўнай Радаўніцай, калі памінаюць ўсіх памерлых”.

(Цыганкоў: ) “У Віцебску сярод магутнае хвалі афіцыёзу штораз прарываюцца зусім не юбілейныя простыя чалавечыя ўспаміны. Распавядае Алег Жукоўскі…”

(Жукоўскі: ) “Тэма 50-годзьдзя Перамогі займае апошні месяц пачэснае месца сярод выданьняў Віцебшчыны, прычым кожнае з выданьняў пры асьвятленьні гэтае тэмы мае свае асаблівыя падыходы. Славяна-камуністычны “Віцебскі рабочы” у спэцыяльнай рубрыцы побач з традыцыйнымі для ўсіх СМІ расповедамі пра вэтэранаў больш увагі надае афіцыйным мерапрыемствам з удзелам абласных і раёных уладаў, і кожны раз падкрэсьлівае клопат апошніх пра астаўшыхся ў жывых удзельнікаў вайны.

Гарадзкія “Віцьбічы” – адная зь нешматлікіх газэтаў, якая раз-пораз закранае праблемы памяці й жыцьця. Гэта стан помнікаў палеглым, вялікіх кошт і дэфіцыт лекаў ды іншае. Але і яны падыходзяць да гэтых праблемаў даволі спрошчана – “пакуль, маўляў, цяжка, а вось будуць у дзяржавы грошы, тады…”. Калі ж, напрыклад, гаворка йдзе пра кампэнсацыі сіротам вайны, дык падкрэсьліваецца роля Савета міністраў, які даручыў фонду “Замірэньне й разьвіцьцё” знайсьці за кошт банкаўскіх працэнтаў сродкі й аднаразова дапамагчы гэтай частцы насельніцтва. Аднак нідзе не гучыць, што грошы для фонду далі якраз немцы.

Канешне ж, друкуецца багата ўспамінаў. Але былых франтавікоў і партызанаў засталося няшмат, таму, напрыклад, амаль ва ўсіх газэтах – ад шматтыражкі “Кімавец” да абласных – за апошні час зьявілася вялікая колькасьць вытрыманых у стылі 70-х артыкулаў героя Савецкага Саюзу ганаровага грамадзяніна Віцебска Леаніда Філіпенкі.

Але дзе-нідзе гучыць і простае чалавечае слова, часта зусім не юбілейнае. Або прарвецца, як аднолькава хавалі і ад немцаў і ад партызанаў быдла, або пра тое, што ў нямецкага баўэра ежа была лепей чым дома ў калгасе… Навогул, асаблівасьцю гэтага году было тое, што загаварылі тыя, каго раней вывезьлі ў Нямеччыну – раней пра гэта баяліся ўспамінаць.

А вось незалежныя выданьні пра сьвята Перамогі амаль не згадваюць. Толькі ў “Вольным Глыбокім” я знайшоў матэрыял пра дапамогу польскае дзяржавы былым жаўнерам Войска Польскага. А газэта няўрадавых арганізацыяў заходняе Віцебшчыны “Крэсы”, якая пакуль незарэгістраваная і выдаецца невялікім накладам, надрукавала цікавы артыкулд пра лёс сяброў пастаўскае суполкі Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Тых зь іх, хто застаўся ў жывых, яшчэ на пачатку 90-х запрашалі ў прэзыдыюмы розных беларускіх імпрэзаў. А зараз пра дзейнасьць гэтае патрыятычнае маладзёвай арганізацыі імкнуцца не ўзгадваць”.

(Цыганкоў: ) “Алег Жукоўскі скончыў агляд таго, як рэгіянальная прэса асьвятляла тэму Перамогі. Як бачым, у правінцыі на гэты раз сытуацыя няшмат адрозьніваецца ад сталічнай – маленькая крыніца сапраўды цікавых простых чалавечых успамінаў патанае ў моры пераможных рэляцыяў і клятваў пра адзінства.

А што хацелі б пачуць пра вайну самі франтавікі, якія матэрыялы хацелі б бачыць у беларускай прэсе? Гэтае пытаньне я задаў франтавіку, пісьменьніку Артуру Вольскаму…»

(Вольскі: ) «Павінна быць праўда, горкая, балючая. Ну і ўрэшце і сьвяточная, але праўда, толькі праўда. А зараз, калі часам уключыш тэлевізар, праграму беларускае тэлевізіі, ну хаця б “Панараму” – ня хочацца часам нават і слухаць далей. Выключаеш. Тое самае і радыё, з раніцы йдзе такое, проста робіцца нават і крыўдна, і сумна, і горка. Таму што, тым, хто зьведаў вайну, я думаю, не так ужо, ну я б сказаў, радасна ў гэтыя дні. Ну радасьць можа з таго, што перамаглі такога ворага, радасьць з таго, што самі жывыя засталіся. І гэтых думак, напэўна, трымаюцца многія, але саромеюцца выказацца.

Мне давялося ў час вайны быць мараком, боцманам, мінёрам. Адразу пасьля вайны, калі я вяртаўся дадому, ехаў у цягніку аж з Кітая, таму што для мяне вайна скончылася ў верасьні з канцом ІІ Усяьветнае вайны. У вагонах мне давялося бачыць тых самых людзей, якія здабывалі перамогу, бязногіх, бязрукіх, сьляпых, абпаленых, былых пяхотнікаў, лётчыкаў, танкістаў. Яны сноўдалі, перасоўваліся па вагонах. Некаторыя на самаробных латках-роліках, некаторыя на мыліцах сьпявалі горкія песьні пра цяжкі салдацкі лёс і прасілі міласьціну. Так паставілася да іх, да пераможцаў, дзяржава”.

(Цыганкоў: ) «Зараз усе гэтыя сьвяткаваньні, прапаганда афіцыйная нібыта не заўважае, што гэта была сапраўды Ўсясьветная вайна, што ваявалі ўся Эўропа, і Амэрыка ваявала супраць фашызму, пра гэта й слова няма».

(Вольскі: ) «Так, так, так. І таму я кажу – крыўдна, што праўды няма. А надоечы, слухаючы маскоўскую тэлевізію, я даведаўся, што гэта ледзь не саюз славянскіх народаў: рускіх, беларусаў, украінцаў і перамог гітлераўскую навалу. Канешне, з нашага боку, з боку былога Савецкага Саюза было больш ахвяраў. Але зноў жа такі ўзьнікае пытаньне – па чыёй віне. Ваявалі ўсе, абсалютна ўсе, не толькі народы, якія ўваходзілі ў Савецкі Саюз. Я ня ведаю нават, які народ у Эўропе тады не ваяваў. Зноў-такі вярнуся да таго, што праўду пра вайну пачалі забываць і нажаль пачалі забываць нават тыя, хто сам браў удзел у вайне».

(Цыганкоў: ) «Вось зараз прапаганда якраз многа піша й гаворыць, што менавіта беларуская дзяржава аказвае асаблівае ўшанаваньне й матэрыяльную дапамогу вэтэранам. На вашую думку, ці яна сапраўды такая вялікая, што пра гэта трэба гаварыць. Можа было б больш годна памаўчаць».

(Вольскі: ) «Вы маеце рацыю. Я якраз сёньня атрымаў пэнсію. Ну канешне, яна больш, чым я звычайна атрымліваў, але хіба ж гэта можа ўсё-роўна йсьці ў параўнаньне з тым, што патрэбна дзеля таго, каб больш-менш прыстойна жыць. Канешне, нешта робіцца, але ўсё гэта выглядае так, што дзеля таго, каб схіліць на свой бок. Гэтыя парады – мішура. Уся гэтая шуміха, нехта на гэтым хоча нешта зарабіць. На тых крохах, якія кідаюцца вэтэранам, ну нехта хоча здабыць нейкую палітычную вагу.

І мне здаецца, што гэты дзень павінен быць ня столькі днём нейкага пышнага, разьдзьмутага, можна сказаць, сьвята, нейкае такое ўрачыстасці, а днём смутку. Днём смутку па тых, хто не прыйшоў з вайны, днём смутку па тых, хто пасьля вайны паміраў ад ранаў, ад хваробаў, здабытых у выніку вайны. Днём смутку й пра тых, хто ледзь-ледзь не дайшоў да 55-х угодкаў Перамогі. Вось пра што мы павінны думаць у гэтыя дні, думаць пра тых, каго сёньня з намі няма й каму мы забавязаныя многім».

(Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць франтавік, пісьменьнік Артур Вольскі. У артыкуле ў «Свободных Новостях» Анатоль Казловіч піша: «Перамога ня можа быць вечнай. Любая перамога, нават самая вялікая, пераўтвараецца ў гісторыю». І далей – «У чалавека, які жыве мінулымі перамогамі, не ў парадку псыхіка. Дзяржава, якая рэанімуе даўнюю перамогу з-за адсутнасьці новых, ня мае будучыні».

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG