Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская прэса й прэзыдэнцкія выбары ў Расеі


Беларуская прэса й прэзыдэнцкія выбары ў Расеі

(эфір 27 Сакавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Сёньняшні выпуск праграмы “Ад панядзелка да панядзелка” прысьвечаны асьвятленьню беларускай прэсаю прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Чаму беларускі друк амаль прайгнараваў гэтую падзею? Дзяржаўныя выданьні ня мелі аніякай “устаноўкі”, а недзяржаўныя цяпер захопленыя нутрыбеларускай тэматыкаю, – лічыць адзін з удзельнікаў перадачы, публіцыст Вячаслаў Оргіш…

(Цыганкоў: ) “Расейская тэма заўсёды займае вялікае месца ў беларускай прэсе. Напэўна, можна нават сказаць – занадта вялікае. Але прынамсі, гэтае месца ня большае за тую ролю, якую грае Расея ў беларускім жыцьці й палітыцы. Таму любая больш-менш істотная расейская падзея знаходзіць сваё адлюстраваньне ў беларускіх мас-мэдыях. Здавалася б, выбары прэзыдэнта Расеі – тая падзея, якая павінна запаланіць усю прэсу. Але гэтак не адбылося. Бальшыня беларускіх выданьняў фактычна прайгнаравалі выбары прэзыдэнта Пуціна.

“Белорусская деловая газета”, напрыклад, у вапошніх нумарох мінулага тыдня за пятніцу й суботу не зьмясьціла аніводнай інфармацыі, прысьвечанае расейскім выбарам. “Народная Воля” абмежавалася кароткімі інфармацыйнымі зьвесткамі. Апошнія выпускі штотыднёвіка “Белоруский Рынок” таксама не вылучаліся асаблівай увагаю да гэтае тэмы. Сярод дзяржаўнае прэсы хіба толькі “Советская Белоруссия” выяўляла нейкую сталую цікавасьць да гэтае падзеі. Выданьне адміністрацыі “прэзыдэнта” вельмі прагматычна выяўляла прыхільнасьць да Пуціна, няславіла іншых кандыдатаў і ганьбіла норавы расейскае прэсы.

На гэтым фоне пэўным выключэньнем стаў падыход штотыднёвіка “Свободные новости”. У вапошнім нумары газэта аддала ажно дзьве паласы тэме расейскіх выбараў. Але выканала яе даволі нетрадыцыйна, даўшы слова не палітыкам, а грамадзкім дзеячам, прадстаўнікам культуры й чыноўнікам. На мае пытаньні адказвае галоўны рэдактар “Свободных Новостей” Аляксандар Уліцёнак.

…Аляксандр, чаму, на Вашую думку, іншыя беларускія выданьні так мала асьвятлялі расейскія выбары?”

(Уліцёнак: ) “Я думаю, што адыграў сваю ролю сумны сюжет прэзыдэнцкае гонкі ў Расеі – і гэта падалося не цікавым. А прадказальнасьць вынікаў адпалохала, мне падаецца, нашых калегаў. Але хоць мы таксама не сумняваліся, што пераможа Пуцін, тым ня менш людзі, нашыя чытачы, мае знаёмыя, тэлефанаваньні ў рэдакцыю сьведчылі пра тое, што цікавасьць да выбараў усё роўна ёсьць. Хоць бы, напрыклад, – Яўлінскі ці здолее абагнаць Зюганава, ці не? Здавалася б, гіпатэтычнае пытаньне, але вось, напрыклад, мастак Дзьмітры Масьлей у сваім інтэрвію “Свободным Новостям” палічыў, што на фініш выйдуць Яўлінскі й Пуцін. Прычым за Яўлінскага аддадуць 30 адсоткаў галасоў. Такое прагнае жаданьне бачыць перамогу дэмакратычных сілаў Расеі”.

(Цыганкоў: ) “Можа, спрацавала й тое, што ня толькі хада выбараў, але й фігура Пуціна не выглядала надта цікавай?”

(Уліцёнак: ) “Магчыма й таму, але я б адказаў бы тут не сваімі словамі, а словамі Аляксея Дударава, які даваў нам інтэрвію. Вось у яго цікавыя разважаньні пра тое, чаму перамог таксама ня вельмі цікавы пэрсанаж. На думку многіх нашых чытачоў, Зюганаў нецікавы, але таксама нецікавы пэрсанаж – і Ўладзімер Пуцін. І чаму Расея выбрала Пуціна? Аляксей Дудараў дае прыблізна такі адказ, што Пуцін адказвае спрадвечным патрабаваньням рускага чалавека, рускага народа, якому патрэбная рашучасьць, жорсткасьць, незалежна ад таго, куды прывядуць гэтыя якасьці. Але вось, як толькі зьяўляецца такі моцны лідэр яго або шалікам душылі, або бомбу ў яго кідалі, або замяшчалі як Гарбачова”.

(Цыганкоў: ) “Як Вы думаеце, пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў ці можна чакаць павелічэньня колькасьці матэрыялаў на тэму “Пуцін і Беларусь”, на тэму, які ўплыў будзе мець новы прэзыдэнт Расеі на беларуска-расейскія стасункі?”

(Уліцёнак: ) “У мяне вельмі высокая думка пра кваліфікацыю і прафэсіяналізм сваіх калег, і таму я не сумняюся, што практычна ўсе выданьні – як афіцыйныя, гэтак і недзяржаўныя – аддадуць гэтай тэматыцы значную ўвагу, прычым у тым аспэкце, пра які Вы кажаце. Бо людзям вельмі цікава – як складуцца ўзаемныя стасункі паміж дзьвюма дзяржавамі й лідэрамі дзьвюх дзяржаваў, тым больш што ёсьць і інфармацыйная падстава. Нагадаю – напрыклад, апошнія тэлефонныя перамовы Масквы й Дубая”.

(Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць галоўны рэдактар тыднёвіка “Свободные Новости” Аляксандар Уліцёнак”.

* * *

(Цыганкоў: ) “Пра прычыны таго, чаму беларуская прэса так мала асьвятлала расейскія выбары, мы яшчэ паразважаем троху пазьней, а цяпер скіруем сваю ўвагу на рэгіянальны друк. Які водгук там атрымала прэзыдэнцкая кампанія?

У Віцебску расейская тэматыка заўсёды займае даволі значнае месца ў мясцовай прэсе. Але на гэты раз прэзыдэнцкія выбары ня вытрымалі канкурэнцыі зь іншымі падзеямі. Перадае Алег Жукоўскі…”

(Жукоўскі: ) “Пра пачатак першынства Расеі па футболу пісалі, а пра выбары, акрамя маленькіх нататак са стужак інфармацыйных агэнцыяў, накшталт таго, што некалькі прадстаўнікоў беларускае “палаты” паедуць наглядальнікамі, амаль анічога. Адзіная, з больш чым за тры дзясяткі абласных, гарадзкіх, раённых і шматтыражовых газэтаў, якая надрукавала невялічкі артыкул на гэтую тэму, ёсьць гарадзкая газэта “Віцьбічы”. У матэрыяле пералічаныя ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты Расеі. Прыведзеныя дадзеныя апытаньня віцяблян, зь якога вынікае, што ўсіх прэтэндэнтаў на ролю першай асобы краіны-суседкі ня ведае ніхто. Падкрэсьліваюцца словы Пуціна зь інтэрвію наконт таго, што той, хто не шкадуе пра разбурэньне Саюзу – ня мае сэрца, а той хто жадае ягонага аднаўленьня ў ранейшым выглядзе – ня мае галавы. “Віцьбічы” нагадваюць, што каля тысячы грамадзянаў Расейскае Фэдэрацыі, якія жывуць у рэгіёне, мелі магчымасьць аддаць свае галасы на адзіным у вабласным цэнтры выбарчым участку”.

(Цыганкоў: ) “У Берасьці мясцовыя выданьні спачатку амаль не пісалі пра расейскія выбары. Але ў вапошні тыдзень гэтая тэма набыла больш шырокі рэзананс, бо ў самім Берасьці адбыліся пэўныя падзеі, зьвязаныя з расейскай выбарчай кампаніяй. Распавядае Алег Супрунюк…”

(Супрунюк: ) “Сваеасаблівым штуршком стала зьяўленьне ў Берасьці ўлётак, аўтар якіх заклікаў беларусаў паўплываць на выбар іхных сваякоў ды знаёмых у суседняй дзяржаве, каб тыя прагаласавалі за камуніста Зюганава. Цікава, што й прадстаўнікі берасьцейскіх незалежных мэдыяў і мясцовыя карэспандэнты Беларускае тэлевізіі былі аднадушнымі ў сваіх камэнтарох, як да самога факту зьяўленьня гэтых улётак, гэтак і да іхнага зьместу. Што да ўласна публікацыі берасьцейскага друку на тэму прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, дык зьвярнуў да сябе ўвагу матэрыял у аблвыканкамаўскай газэце “Заря”. Паводле меркаваньня аўтара артыкула, насамрэч ня вельмі важна – хто пераможа ў гэтых выбарах, маўляў, для беларусаў галоўна, каб умацоўваўся хаўрус дзьвюх дзяржаваў і працаваў на дабрабыт народаў, якія падтрымліваюць палітыку, што праводзіць А.Лукашэнка. Застаецца дадаць, што артыкул, у якім робіцца такая арыгінальная выснова, мае наступны загаловак “У Расеі адлоўліваюць тэрарыстаў і абіраюць прэзыдэнта, а мы занепакоены хлебам надзённым і высокімі цэнамі”.

(Цыганкоў: ) “Аб’ява для грамадзянаў Расейскае Фэдэрацыі аб месьце й часе галасаваньня – гэта ці не адзінае, чым адгукнулася магілеўская прэса на выбары ў суседняй дзяржаве. Пра асобу Пуціна мясцовыя газэты пісалі, пра хаду выбараў – амаль не. З Магілеву Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “Аб’ява для грамадзянаў Расейскае Фэдэрацыі наконт месца й часу галасаваньня – гэта бадай што адзінае, чым адгукнулася на выбары прэзыдэнта ў суседняй дзяжаве магілеўская прэса. На мінулым тыдні дэмакратычныя газэты актыўна пісалі пра Дзень Волі, дзяржаўныя – пра канадзкую гуманітарную дапамогу й візыт у Магілеў Міхала Мясьніковіча. Хаця ў традыцыйных апытаньнях народу ў газэце “Дэ-факта” адзін пэнсіянэр сказаў, што расейскія выбары яго цікавяць больш за Дзень Волі, а 17-гадовая студэнтка вызначыла Пуціна, як прывабнага мужчыну. Больш за ўсіх з абласных газэтаў падзеі ў Расеі, здаецца, цікавяць “Магілеўскую праўду”. Яшчэ пры першым зьяўленьні на палітычнай сцэне Ўладзімера Пуціна ў перадавым артыкуле “Сем дзён”, яго назвалі “бледнай мольлю” й далей не давалі яму літасьці. За апошні час рэдактар “Магілеўскае праўды” Аляксандар Тарпачоў некалькі разоў зьвяртаўся да асобы Пуціна, у сувязі зь ягонымі размовамі пра NATO й дзяржаўніцкімі настроямі. Выразы пра галоўнага прэтэндэнта на крэсла прэзыдэнта Расеі наступныя: “маленькі экс-гэбіст”, “бледнавата глядзіцца”, “галоўны дзяржаўны прыярытэт – мачыць”, “па ступені крывадушнасьці”, “увесь ордэн езуітаў за пояс заткнець”… Увогуле магілеўскія газэты мала пішуць пра палітыку – каб не памыліцца. Проста пра зьвесткі з фэрмаў і палёў пісаць больш бясьпечна. Тая ж “Магілеўская праўда” за выказваньне свайго погляду раней, напрыклад, на хаўрус Беларусі й Расеі, зь нездавальненьнем узгадвалася Аляксандрам Лукашэнкам пад час ягоных візытаў у вобласьць. І хаця сьмеласьць дадае папулярнасьці й пашырае кола чытачоў, а ўсё ж кіраўнікі дзяржаўных выданьняў лічаць за лепшае не сварыцца з уладамі”.

(Цыганкоў: ) “Як бачым, беларускія абласныя выданьні былі ня вельмі заклапочаныя хадою прэзыдэнцкае кампаніі ў Расеі. А ці знайшла гэтая падзея нейкая адлюстраваньне ў “раёнках”, якія зараз запоўненыя пераважна зьвесткамі з палёў. Перадае Аляксей Дзікавіцкі…”

(Дзікавіцкі: ) “Друкаваныя ворганы раённых выканаўчых камітэтаў, якія сочаць за вывазам угнаеньняў, нарыхтоўкаю палёў ды агітаваньнем жыхароў гарадоў і палескіх мястэчак дапамагчы калгасам, пра расейскія выбары амаль не ўзгадваюць. Газэты Столінскага, Пінскага, Лунінецкага, Яноўскага ды Драгічынскага раёнаў за два тыдні зьмясьцілі толькі некалькі караценькіх паведамленьняў, кшталту “Цэнтарвыбаркам Расеі абскардзіў рашэньне Вярхоўнага суду ў рэгістрацыі Ўладзімера Жырыноўскага ў якасьці кандыдата на пост прэзыдэнта”, прычым без аніякіх камэнтароў. Толькі ў яноўскай “раёнцы” “Чырвоная Звязда” ад 17 сакавіка перадрукаваная інфармацыя агэнцыі БелТА пра інтэрвію сьпікера расейскае Дзяржаўнае думы Селязьнёва, якое ён даў агэнцыі напярэдадні ў Санкт-Пецярбургу. Журналіст, які браў інтэрвію, выказаў расейскаму сьпікеру вялікую заклапочанасьць з нагоды таго, што ў перадвыбарчай праграме кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Пуціна няма ані слова пра хаўрус Беларусі й Расеі. Аднак Селязьнёў супакоіў журналіста БелТА, а разам зь ім і чытачоў “Чырвонае Звязды”, і паведаміў, што гэта, хутчэй за ўсё, разумны тактычны ход на гэтым этапе перадвыбарчае кампаніі”.

(Цыганкоў: ) “Аляксей Дзікавіцкі зь Пінску закончыў агляд асьвятленьня рэгіянальнай беларускай прэсаю прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі”

* * *

(Цыганкоў: ) “У заключнай частцы нашае праграмы мы паспрабуем падвесьці пэўныя вынікі, у чым нам дапаможа вядомы публіцыст Вячаслаў Оргіш. Яшчэ ў лютым спадар Оргіш апублікаваў у “Народнай Волі” сэрыю аналітычных артыкулаў на тэму “Пуцін і Беларусь”. Размову са спадаром Оргішам пачынаем традыцыйным сёньняшнім пытаньнем: чаму беларуская прэса так мала асьвятляла прэзыдэнцкія выбары”.

(Оргіш: ) “Трэба адзначыць некалькі момантаў. Мне здаецца, што афіцыйны бок ня вызначыўся наконт таго, як адаб’ецца на ягоных справах абраньне Пуціна прэзыдэнтам. Я пісаў, прынамсі, аб тым, што прызначэньне Пуціна на пасаду выконваючага абвязкі прэзыдэнта ў пэўным сэнсэ зблытала карты Лукашэнку, ягоныя намеры адносна магчымасьці пагуляць на расейскім палітычным полі, змагацца за пасаду ў Крамлі. Таму, калі няма пэўных афіцыйных установак, якія зыходзяць з “Чырвонага дому”, дзяржаўная прэса губляецца.

А вось што тычыцца незалежных сродкаў масавай інфармацыі, дык я мяркую, што тут сытуацыя зьвязаная з тым, што апазыцыя на сёньняшні дзень захопленая праблематыкаю дачыненьняў зь дзейнай беларускай уладаю. Пытаньнямі, зьвязанымі з гэтак званым дыялёгам – удзельнічаць, ня ўдзельнічаць… Гэта падставовыя пытаньні, якія сёньня хвалююць дэмакратычныя колы, і магчыма з-за гэтага не стае часу зьвярнуцца да пытаньняў, зьвязаных з абраньнем прэзыдэнта ў Расеі”.

(Цыганкоў: ) “Можа быць, проста журналістам была нецікавай сама кампанія?”

(Оргіш: ) “Тут ёсьць, натуральна, пэўны сэнс у тым, што Вы пазначылі. Таму што, вядома, рэйтынг Пуціна сягаў ажно 50 адсоткаў. Натуральна, гэта ў пэўным сэнсе перадвызначала вынікі выбараў і часткова рабіла іх ня вельмі цікавымі, таму што загадзя пралічваўся вынік галасаваньняў і г.д.

Але тут мне здаецца, што ўсё ж такі расейскі бок сьвядома тушыў цікавасьць да абраньня новага прэзыдэнта. Чаму? Таму што пэўныя колы, які валодалі й валодаюць на гэты час уладаю ў Расеі – яны мэтадычна й плянамэрна гэты плян зьдзяйсьнялі. І ім гэтая шуміха дадатковая вакол свайго абраньніка была непатрэбная”.

(Цыганкоў: ) “Ці лічыце Вы, што пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў будзе выбух артыкулаў, прысьвечаных новаму прэзыдэнту Расеі?”

(Оргіш: ) “Не. Я думаю, што такога выбуху ў літаральным сэнсе гэтага слова ня будзе. Зразумела будуць нейкія камэнтары шэраговыя, але асаблівай цікавасьці да гэтае падзеі і адпаведна шматлікіх і грунтоўных камэнтароў наўрад ці варта чакаць. Іншая рэч, што пройдзе нейкі час, і Пуцін павінен будзе вызначыцца адносна сваёй праграмы – як палітычнай, гэтак і эканамічнай – больш канкрэтна. І тады, калі гэта адбудзецца, – зразумела, што зьявяцца нейкія дадатковыя дэталі, вакол якіх можна будзе будаваць нейкія аналітычныя прагнозы – як будзе кіраваць краінаю Пуцін, з дапамогаю чаго будзе зьдзяйсьняць свае пляны й намеры”.

(Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць вядомы публіцыст Вячаслаў Оргіш. Тут, напэўна, варта дадаць яшчэ адную вэрсію, якая мае права на йснаваньне. Беларускія палітычныя лідэры дагэтуль ня вельмі ахвотна выказваюцца ў прэсе наконт Пуціна. І магчыма, зусім не таму, што нібыта ня ведаюць, чаго чакаць ад новага прэзыдэнта Расеі, а менавіта таму, што выдатна ведаюць, чаго можна чакаць. Таму й маўчаць. Ну а прэса толькі адэкватна адлюстравала гэтую прыцішанасьць беларускае палітычнае вяршыні – як уладнай, гэтак і апазыцыйнай”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG