Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыцьцё чэскіх пэнсіянэраў і плянаваная пэнсійная рэформа


(эфір 10 кастрычніка 2000)

Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч. Летам на узьбярэжжы Адрыятыкі я пазнаёмілася з абаяльнай чэскай пэнсіянэркай Эвай Ялінкавай. Загарэлая, у шортах, кожную раніцу яна энэргічна шпацыравала на нудысцкі пляж , дзе зусім не прайгравала у кампаніі маладзейшых людзей. Яна выглядала ўзорам шчасьлівай, забясьпечанай старасьці. Потым мы разам ляцелі ў Прагу, і я даведалася, што пані Ялінкавай 77 гадоў. І, нягледзячы на гэта, яна працягвае працаваць:

(Ялінкава: ) “ Мая пэнсія – 5400 карун, а за кватэру і тэлефон штомесяц я плачу прыблізна 3400- 3700 карун. Так што застаецца мне няпоўных дзьве тысячы. Таму я рада, што яшчэ маю магчымасьць працаваць – і калі мне за гэта не плацяць. Галоўнае, што я паміж людзей і маю адчуваньне, што маё жыцьцё мае нейкі сэнс”.

Такім чынам, пэнсія пані Ялінкавай складае ў даляравым эквіваленце прыблізна 135 даляраў. Гэта якраз самая сярэдняя пэнсія для чэхаў сёньня. Аднак, гэтую суму трэба ўспрымаць суадносна выдаткам – так, за праскую кватэру і тэлефон з гэтай сумы пані Ялінкава плаціць прыблізна 85 даляраў. Таму зразумела, чаму яна працягвае хадзіць на працу. Адзінае, што мяне зьдзівіла ў прызнаньні маёй знаёмай– гэта тое, што яна зараз працуе амаль бясплатна. Чаму?

(Ялінкава: ) “Да 57 гадоў я працавала ў кавярні, дзе прадавала, мыла посуд. Там было добра, я мела добрую зарплату. Той гаспадар каўні мне даваў сто карун за зьмену. А потым я павалілася, зламала нос, руку, дык гэтае месца страціла. Цяпер наўрад ці знайду такую працу. А таму хаджу да свайго сына, які таксама мае краму з прадуктамі. Ён мне не дае ніякіх грошай – і нічога ня зробіш – я не магу яго папрасіць, бо ён бы сказаў: “ Чаго сюды ходзіш?”

Пані Ялінкава прызналася, што яна звычайна перабірае гародніну ў краме свайго сына – гэтым, як яна лічыць, дапамагае яму весьці бізнэс эканомна, ну а ёй перападаюць нейкія дробязі на харчаваньне. А як жа падарожжы да мора, на якія сродкі? Пані Ялінкава патлумачыла, што гэта яна можа сабе дазволіць толькі дзякуючы таму, што атрымала спадчыну ад мамы. Хаця значаная колькасць чэскіх пэнсіянэраў зараз таксама можа дазволіць сабе паглядзець сьвет -–мушу адзначыць, гэта тыя, хто, як і пані Ялінкава, маюць дадатковы даход. Выключна за чэскую пэнсію гэта зрабіць таксама цяжка, як і за беларускую. Паводле статыстыкі, чэскі пэнсіянэр траціць траціну сваёй пэнсіі на прадукты, чвэрць – адддае за кватэру, і толькі сем працэнтаў прыпадае на культурныя мэты і адпачынак. Дарэчы, у суседняй Няммеччыне, пэнсіянер на гэтыя мэты ў грашовым эквіваленце выдатковае дзесьці ў дзевяць разоў больш.

Чэская папуляцыя вельмі блізкая па сваёй дэмаграфічнай структуры да беларускай. Насельніцтва краіны складае крыху больш за 10 мільёнаў . Заўважныя тыя ж тэндэнцыі, што і ў Беларусі – скарачэнне нараджальнасьці і агульнае пастарэньне нацыі. Так, калі цяпер на сто працуючых чэхаў прыпадае прыблізна 60 пэнсіянераў, то да 2035 году, як мяркуецца, на кожнага працуючага будзе прыпадаць адзін пенсіянер, ці сто на сто. Таму зараз выказваюцца засцерагальныя прагнозы – калі сыстэма пэнсійнага забесьпячэньня застанецца ранейшай, праз выплаты з дзяржаўнага бюджэту– то яна, безумоўна, пацерпіць крах. Сам памер пэнсіі, як і яе доля да папярэдняй зарплаты таксама, адпаведна зьменшацца. Калі цяпер пэнсія складае прыблізна 43 працэнты ад папярэдняй заработнай платы, то праз некалькі дзесяцігодзьдзяў гэтая доля упала б да трыццаці. Зараз у чэскім парлямэнце адмяркоўваецца праект пэнсійнай рэформы. Пра яе накірункі – крыху пазьней, а зараз – некалькі асноўных характарыстык чэскага пэнсійнага заканадаўства. Іх выкладае супрацоўнік міністэрства працы і сацыяльнага забеспячэння Уладзімір Варышэк:

(Варышэк: ) “Узроставая мяжа для пэнсіі па старасьці адрозьнівалася для мужчынаў і жанчынаў. Для мужчынаў гэта 60 гадоў, а для жанчынаў – у залежнасьці ад колькасьці дзяцей: бязьдзетная жанчына магла йсьці на пэнсію ў 57 гадоў, якая выхавала адно дзіця – у 56, якая выхавала двое – у 55, якая выхавала трое ці чацьвёра – у 54, а пяць ці больш – мела права пайсьці на пэнсію ў 53 гады.”

Далей Уладзімір Варышэк паінфармаваў нас, што ў 1995м годзе чэскі ўрад прызнаў неабходнасьць павелічэньня пэнсійнага ўзросту, былі прынятыя адпаведныя папраўкі закону, але ўступалі яны ў сілу паступова, каб пераход быў меньш адчувальным і плаўным. Так, у 1996 м годзе для мужчынаў пэнсійны ўзрост пачаў складаць 60 гадоў і два месяцы, у 1997м – 60 гадоў і чатыры месяцы і гэтай далей.

Жанчынам кожны год прыбаўлялася па чатыры месяцы. Такім чынам, паводле гэтага графіку, да 2006-га году пэнсійны ўзрост для мужчынаў павінен скласьці ў Чэхіі 62 гады, а для жанчынаў – ад 61 да 57. У далейшай пэрспэктыве разглядаецца і мяжа 65 гадоў.

Але ў жыцьці праявілася іншая тэндэнцыя. Людзі старэйшага ўзросту замест таго, каб працаваць даўжэй, пачалі рабіць іншы выбар – выходзіць на пэнсію датэрмінова. Так, у 1996-м годзе датэрмінова выйшла на пенсію 11 тысяч чалавек, а ў 1999-м – ужо 58 тысяч. Колькасць пэнсіянэраў пачала значна расьці, што прымусіла ўрад прапанаваць парлямэнту спэцыяльную папраўку да закону. Дыскусіі яшчэ ня скончыліся. Вось меркаваньне дэпутаткі чэскага парлямэнту, сябры камісіі ў справе пэнсійнай рэформы Алены Паралавай:

(Паралава: ) “Якраз датэрміновыя адыходы на пэнсыю найбольш ускладняюць сытуацыю. Неабходна зараз гэтыя адыходы нейкім чынам абмежаваць. Гэтым памалу і пачнецца пэнсійная рэформа. Калі чалавек ідзе раней на пэнсію, то яго пэнсія на нейкую суму зьніжаецца. Але гэтая розьніца настолькі малая, што раней пайсці на пэнсію проста выгадна. І якраз з-за гэтага такую магчымасьць ужывае шмат людзей. Мы гэтага павінны пазьбегнуць, бо ў графе пэнсійнага забесьпячэньня дэфіцыт, і гэта, зразумела ўлада сацыял-дэмакратаў. Але, мяркую, што і астанія партыі, у першую чаргу правыя, будуць яшчэ больш імкнуцца ўмовы адыходу на пэнсію зрабіць больш жорсткімі. І, магчыма, што ўжо да канца гэтага году тут будуць прынятыя нейкія зьмены”.

Такім чынам, верагодна, што абноўленае чэскае закадаўства неўзабаве прапануе больш прывабны бонус для тых, хто пойдзе на пэнсію пазьней і павялічыць нявыгады тых, хто будзе імкнуцца адпачываць раней.

Чэскія эканамісты, між тым, лічаць, што акрамя павышэньня пэнсійнага ўзросту, ёсць, прынамсі, два іншыя шляхі рэфармаваньня. Гэта, па-першае, павышэньне памераў сацыяльнага страхавання, а, па-другое, стварэньне спэцыяльных фондаў, у якія будуць паступаць абавязковыя ашчаджэньні працуючых і зь якіх пазьней будуць выплочвацца пэнсіі.

Падобныя сыстэмы ужо даўно апрабаваныя ў заходніх краінах. Аднак, ёсьць некалькі перашкодаў таго, каб яны на сёньня маглі быць проста скапіяваныя на чэскай глебе – гэта рызыка высокай інфляцыі, запаволеньне эканамічнага росту і нестабільны рынак капіталу. Чэскі ўрад таксама мяркуе, што на сёньня ён ня можа прымушаць грамадзянаў рабіць абавязковыя адлічэньні ў пэнсійныя фонды, бо мусіў бы за гэтыя адлічэньні несьці поўную адказнасьць. Аднак гэта, як кажа мінстр фінансаў Павел Мертлік, гэта немагчыма.

Такім чынам, у Чэхіі усё больш спраўджваецца прагноз, што пры гэтым складзе ўраду сапраўдная пэнсійная рэформа наўрад ці адбудзецца.

Алена Ціхановіч, Прага

XS
SM
MD
LG