Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму так рэзка расьце колькасць захворваньняў на цукроўку ў сьвеце?


(эфір 18.11.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я, у прамыслова разьвітых краінах Эўропы колькасць хворых на дыябэт на працягу апошніх 10-ці гадоў узрасла на 20%. У Злучаных Штатах Амэрыкі гэтыя лічбы яшчэ больш сумныя. Тут колькасьць хворых узрасла за дзесяцігодзьдзе ажно на 30%.

Нашая перадача “Бывайце здаровы” выходзіць у эфір ужо каля паўгоду. І той, хто ўважліва сочыць за ёй, памятае, што пачалася яна вызначэньнем 10 галоўных “ворагаў” беларусаў, дзесяці небясьпечных хваробаў, ад якіх найчасьцей паміраюць жыхары краіны. Гэта: сардэчна-сасудавыя, ракавыя захворваньні, хваробы дыхальных шляхоў, страваваньня і інш.

Але, як сьцьвердзіў у размове з беларускай “Свабодай” выканаўчы дырэктар Эўрапэйскага бюро Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я доктар Марк Данзон, статыстыка гэтая не да канца дакладная.

Першапрычынай такіх небясьпечных ворагаў чалавека, як сардэчна-сасудавыя захворваньні, хваробы нэрвовай сыстэмы, мочаполавых ворганаў, дыхальных шляхоў і інш. зьяўляецца адна хвароба, якую амаль ніхто не разглядае ў якасьці сьмяротнай небясьпекі. Гэта дыябэт. Менавіта ён разбурае імунную сыстэму арганізма такім чынам, што адкрывае шлях да разьвіцьця сардэчна-сасудавых і іншых хваробаў, якія ў мэдычных статыстыках фігуруюць у якасьці прычынаў сьмерці.

Сёньня Ўсясьветная арганізацыя здароў’я пераглядае гэты падыход да мэдычнай статыстыкі. А ў ЗША ў гэтым кірунку ўжо зробленыя першыя крокі.

Міністэрства аховы здароў’я ЗША лічыць, што сёньня хворых-дыябэтыкаў у Амэрыцы цэлая армія – амаль 16 млн. чалавек. Некаторыя лекары нават гавораць пра эпідэмію дыябэту. Паводле дадзеных Ню-Ёркскага дыябэтычнага гарадзкога цэнтру, у самым вялікім горадзе Амэрыкі кожны 12-ы чалавек хворы на дыябэт. Але самае бадай што небясьпечнае тут тое, што прыблізна кожны трэці дыябэтык ня ведае, што ён хворы.

Сёньня цукроўка моцна памаладзела. Цяпер сярод хворых усё часьцей і часьцей сустракаюцца маладыя людзі ва ўзросьце да 30 гадоў. Дыябэт можа быць двух тыпаў: першага і другога. Першы тып – гэта хвароба імуннай сыстэмы, калі імунная сістэма арганізму пачынае змагацца не супроць вонкавай інфэкцыі, а супроць іншай часткі арганізму чалавека. Яна атакуе тыя клеткі арганізму, якія прадукуюць інсулін, і зьнішчае іх. Падстраўнікавая залоза прадукуе недастатковую колькасьць інсуліну, і такі хворы асуджаны на штодзённае прыняцьцё інсуліну на працягу ўсяго жыцьця.

Прыгадаем галоўныя сымптомы дыябэту першага тыпу: частыя болі галавы, пагаршэньне зроку, частыя прыступы голаду альбо смагі, частае мочаспусканьне, сухая скура і частыя захворваньні скуры.

Другі тып цукроўкі сустракаецца значна часьцей, чымся першы. Ад 90 да 95% ўсіх дыябэтыкаў – гэта хворыя на другі тып дыябэту. Гэтая форма хваробы звычайна зьяўляецца ў людзей ва ўзросьце пасьля 40 гадоў, хаця, як адзначалася раней, пашыраецца колькасьць захворваньняў сярод 30-ці і нават 20-гадовых. Пераважная бальшыня людзей, хворых на другі тып дыябэту, мае залішнюю вагу. У іх падвышаны крывяны ціск і падвышаная вязкасьць крыві.

У хворых на другі тып дыябэту падстраўнікавая залоза звычайна прадукуе дастатковую колькасьць інсуліну, але ў сувязі з невысьветленымі дасюль прычынамі арганізм хворага ня ў стане выкарыстоўваць яго. І таму пасьля некалькіх гадоў хваробы колькасьць інсуліну, які прадукуе залоза, скарачаецца. У выніку паступова другі тып дыябэту паволі пераходзіць у першы з усімі ягонымі нэгатыўнымі наступствамі. І хворы вымушаны таксама штодня прымаць інсулін.

Вучоныя адкрылі інсулін толькі ў 1921 годзе. А да гэтага ўсе хворыю на першы тып цукроўкі былі аўтаматычна асуджаныя на сьмерць на працягу 1 – 2 гадоў пасьля пастаноўкі дыягназу. Цяпер жа, атрымліваючы інсулінавыя ін’екцыі і прытрымліваючыся адпаведнай дыеты, можна, хаця й не зусім камфортна, жыць даволі доўга.

Прычына дыябэтычнай хваробы да сёньняшняга дня адна з апошніх таямніцаў “Гіпакрата”. Вучоны ня ведаюць дакладную прычыну яе ўзьнікненьня. Цяпер ідуць інтэнсыўныя даследваньні геннай структуры чалавека, ягонай імуннай сыстэмы.

Вядома, аднак, што адпаведны стыль жыцьця можа прадухіляць узьнікненьне і разьвіцьцё хваробы. Вось некаторыя парады, зацьверджаныя Амэрыканскай асацыяцыяй лекараў-эндакрынолягаў:

- кожны дзень прысьвячаць ня менш як 30 хвілінаў фізычным практыкаваньням;

- спажываць толькі нізкакалярыйную, багатую на вітаміны і мінэралы ежу;

- штодня харчавацца па магчымасьці ў адзін і той самы час;

- рэгулярна правяраць крывяны ціск і ўзровень цукру ў крыві;

- не курыць і абмежаваць прыём алькаголю;

- рэгулярна чысьціць зубы і дзясны.

І на заканчэньне гэай часткі нашай праграмы мы прапануем кароткі тэст для тых, хто занепакоены станам свайго здароў’я і падазрае ў сябе дыябэт. Адкажыце на наступныя пытаньні і запішыце свае адказы, калі ласка. Адказваць трэба толькі “так” ці “не”.

1. Ці ў вас часта бываюць галаўныя болі?

2. Ці ў вас ёсьць брат альбо сястра, хворыя на дыябэт?

3. Ці хто-небудзь з вашых бацькоў хворы-дыябэтык?

4. Ці вы ўстрымліваецеся ад заняткаў некалькі разоў на тыдзень спартовымі практыкаваньнямі?

5. Ці вы мелі на працягу некалькіх апошніх год хваробы скуры?

Калі на бальшыню гэтых пытаньняў вы адказалі: “Так” -- у вас ёсьць прычыны для неспакою.

А зараз нашая традыцыйная рубрыка “новыя навуковыя распрацоўкі і навіны мэдычнага жыцьця”:

Новазэляндзкія навукоўцы з Оклендзкага ўнівэрсытэту адкрылі, што гарэхі кактусавай пальмы, якая сустракаецца толькі ў Новай Зэляндыі, зьяўляюцца эфэктыўным лекам для хворых на шызафрэнію. Высьветлілася, што ў склад гарэхаў уваходзіць хімічны зьвяз алькалёід арэколіна, узьдзеяньне якога вельмі падобнае да ўзьдзеяньня транквілізатараў. Але ў адрозьненьне ад штучных лекаў, гарэхі пальмы ня маюць нэгатыўнага пабочнага эфэкту. Адзіны нэгатыўны момант – калі жуеш гарэхі, зубы афарбоўваюцца ў чырвона-карычневы колер. Так што ўвесь час трэба хадзіць з зубной шчоткаю.

Навукоўцы з Чыкагскага ўнівэрсытэту ў ЗША ў выніку экспэрымэнту адкрылі, што выкурваньне нават адной цыгарэты можа выклікаць сталыя хімічныя зьмены ў мазгах. У часе экспэрыменту на пацуках у іхных мазгах быў знойдзены адпаведны рэцэптар, які рэагуе на нікатын. Сталае ўзьдзеяньне на яго нікатыну падвышае чульлівасьць курца і выклікае з кожнай выкуранай цыгарэтай больш і больш прыемнасьці. Таму так цяжка кінуць курэньне. Гэтае адкрыцьцё дазволіць, магчыма, распрацаваць новыя мэтады змаганьня з курэньнем.

Японскія навукоўцы адкрылі, што зерне какао-бабоў зьнішчае бактэрыі ў поласьці рота і затрымлівае разьвіцьцё карыесу. Какао-бабы, якія зьяўляюцца падставай у вытворчасьці чакаляды, у значнай ступені нэўтралізуюць нэгатыўны ўплыў чакаляднага цукру. Цяпер у Японіі распрацоўваецца тэхналёгія дадатку экстракту з какао-бабоў да зубной пасты.

Італьянскія лекары-навукоўцы з Міланскага ўнівэрсытэту адкрылі, што нэрвовыя клеткі могуць у адпаведных варунках трансфармавацца ў клеткі сэрца, пячонкі і нават крыві. Цяпер амэрыканскія фірмы працуюць на падставе гэтага адкрыцьця над канструкцыяй спэцыяльнай апаратуры, якая б магла з дапамогай трансфармацыі клетак садзейнічаць аднаўленьню пашкоджаных хваробай ворганаў пацыэнтаў.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG