Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэкс на здароўе - І


(эфір 26.08.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Сэкс – гэта выразны фактар доўгага і шчасьлівага жыцьця. Паводле вынікаў дасьледаваньня групы навукоўцаў з унівэрсытэту Вілкс у амэрыканскім штаце Пэнсыльванія, сэкс уплывае на працягласьць жыцьця. Навукоўцы ўнівэрсытэту на працягу 10 год дасьледавалі стыль жыцьця амаль тысячы мужчынаў ва ўзросьце пасьля 45 год. Высьветлілася, што сьмяротнасьць сярод тых, хто прыблізна два разы на тыдзень займаўся сэксам была прыблізна ў два разы меншая, чымся ў групе мужчынаў, якія практыкавалі сэкс менш як раз на месяц.

На падставе вынікаў гэтых дасьледаваньняў амэрыканскія лекары рэкамэндуюць рэгулярны, даволі часты, але не празьмерны сэкс. Але што гэта такое – рэгулярны здаровы сэкс? Колькі разоў на тыдзень ці на месяц трэба займацца сэксам?

Лекары на гэтае пытаньне звычайна адказваюць, што сэкс – справа вельмі індувідуальная, што аднаму патрэбны штодзённы сэкс, іншаму дастаткова займацца ім некалькі разоў у месяц. Доктар Дэвід Вікса, вядомы ангельскі нэйрапсыхоляг з Кралеўскага Эдынбургскага шпіталя сьцьвярджае, што аптымальная сярэдняя порцыя сэксу – гэта два разы на тыдзень. Вікс таксама лічыць, што сэкс мае выразны ўплыў на захаваньне здаровага, маладога выгляду твару і цела. Сэкс – гэта надзвычай эфэктыўнае касмэтычнае лячэньне. Падчас палавога акту скура чалавека атрымлівае дадатковы прыліў крыві, яна разгладжваецца і самаачышчаецца.

Здавалася б, што “гарачыя” жыхары поўдня значна больш займаюцца сэксам, чымся жыхары халоднай поўначы. Гэта, аднак, зусім ня так. Паводле статыстыкі Ўсясьветнай Арганізацыі Здароў’я, швэды куды больш тэмпэрамэнтныя, чымся італьянцы. Сяродняя колькасьць сэксульных кантактаў у швэдаў – 125 на год на аднаго жыхара краіны, а ў італьянцаў толькі 92. Усясьветнымі рэкардсмэнамі ў гэтай галіне зьяўляюцца французы – 141 сэксульны кантакт. А вось у Тайляндзе, вядомым на ўвесь сьвет сваёй сэксіндустрыяй, гэты паказчык толькі 80. А ў Кітаі толькі 57. А вось як часта займаюцца сэксам жыхары іншых краінаў:

ЗША – (другое пасьля Францыі месца) – 138
Расея – 131.
Нямеччына – 112
Польшча – 109
Канада – 105
Мэксыка – 102
Гішпанія – 82.

Амэрыканскія навукоўцы з унівэрсытэту Бэрклі ў Сан-Францыска на працягу 25 гадоў вывучалі сэксуальнае жыцьцё вялізнай групы амэрыканцаў – 90 тыс. чалавек. У выніку яны прыйшлі да высновы, што адсутнасьць нармальнага сэксу – гэта галоўная прычына нэрвовасьці, дрэннага самапачуцьця, рознага роду дэпрэсіяў і сталага пушуку сэнсу жыцьця. Сэкс можа пасьпяхова здымаць нэрвовае напружаньне, спрыяць зьяўленьню аптымістычных настрояў. Ён паляпшае адносіны паміж партнэрамі, дае пачуцьцё паўнаты шчасьця. А гэта мае выразны ўплыў на іншыя галіны жыцьця партнэраў: іх фінансавае становішча, кар’еру, стасункі з сябрамі.

Яшчэ “бацька” сучаснай псыхааналітыкі Зыгмунд Фройд сьцьвярджаў, што здаровы сэкс – гэта рэалізацыя адной з фундамэнтальных патрэбаў чалавека. Ён спрыяе падвышэньню нашай самаацэнкі, а чым больш мы любім сябе, тым больш прыхільна ставімся да іншых.

Найбольшую прыемнасьць ад сэксу, аднак, атрымліваюць людзі адкрытыя, зычлівыя, пазбаўленыя балясту адмоўных жыцьцёвых дасьведчаньняў. Сэкс спрыяе ўмацаваньню кантактаў паміж людзьмі, ён вучыць адказнасьці за лёс іншага чалавека, выразна зьмяншае страх перад адзінотай.

Наколькі важны сэкс у жыцьці чалавека можна было пераканацца два гады таму, калі на рынак трапіў лек ад імпатэнцыі Віягра. Да лекараў з просьбай выпісаць рэцэпт зьвярталіся ня толькі мужчыны, якія ў сапраўднасьці пакутвалі ад імпатэнцыі, але і шмат папросту нясьмелых людзей, людзей, якія раней атрымалі паразу ў каханьні.

Віягра, як высьветлілася, для многіх людзей стала ня толькі сродкам наладжваньня нармальнага сэксуальнага жыцьця, але спрыяла лячэньню і нават выздараўленьню ад іншых захворваньняў. У шмат якіх выпадках яна спрыяла лячэньню сардэчна-судзінных хваробаў, наладжваньню нармальнага крывянога ціску, прадухіленьню пагрозы сардэчных прыступаў і, нават, інфактаў ды інсультаў.

Сэкс, аднак, ня можа быць панацэяй ад усіх небясьпекаў, якія суправаджаюць чалавека ў жыцьці. Нават у кабінэце самага найлепшага на сьвеце сэксоляга нельга атрымаць рэцэпт на шчасце, якое вынікае з гарманічных сэксуальных кантактаў. Нельга таксама з дапамогай лекара знайсьці ідэальнага партнэра, здольнага забясьпечыць усе вашыя сэксуальныя патрэбы.

Больш за тое, у сэксе, як і ўвогулі ў жыцьці, патрэбная адпаведная памяркоўнасьць. Празьмерны сэкс з многімі партнэрамі, а таксама поўнае ўстрыманьне ад полавых кантактаў прыводзяць часам да трагічных вынікаў. Вэнэрычныя хваробы і СНІД – гэта толькі некаторыя з гэтых нэгатыўных аспэктаў сэксу. Але пра гэта мы пагаворым у адной з наступных перадачаў сэрыі “Бывайце здаровыя”.

Нашую традыцыйную рубрыку “Новыя навуковыя распрацоўкі ў галіне мэдыцыны” мы традыцыйна пачнем з навінаў, якія могуць засмуціць некаторых нашых слухачоў:

1. У амэрыканскім горадзе Атлянта на міжнароднай навуковай
канфэрэнцыі, прысьвечанай новым інфэкцыйным хваробам, яе ўдзельнікі сьцьвердзілі, што бальшыня заразных хваробаў чалавека паходзіць ад жывёлаў. Пасьля вывучэньня прыблізна 1700 вядомых бактэрыяў і вірусаў, якія выклікаюць заразныя хваробы, было адзначана, што да 70% зь іх жывуць у целах жывёлаў. Так, напрыклад, вірус, які выклікае “ліхаманку заходняга Нілу”, знаходзіцца ў арганізме мясцовых птушак. Вірус СНІДу, які выклікаў самую трагічную эпідэмію ХХ стагодзьдзя, праўдападобна, паходзіць ад малпаў. Навукоўцы ў Атлянце таксама папярэджваюць, што і новыя заразныя хваробы, якія могуць зьявіцца ў ХХІ стагодзьдзі, таксама могуць паходзіць ад жывёлаў.

2. Лекары з італьянскага інстытуту спорту ў Рыме сьцьвярджаюць, што нават самая лепшая спартовая форма ня ў стане стаць гарантыяй супраць сэрдэчна-судзінных хваробаў. Пасьля правядзеньня перадалімпійскага мэдычнага кантролю прыблізна 1000 італьянскіх спартоўцаў, кандыдатаў у нацыянальную алімпійскую зборную, высьветлілася, што прыблізна ў 40% з іх ёсьць зьмены ў сардэчнай мышцы, якія могуць спрычыніцца да зьяўленьня сардэчных хваробаў. У 5% зьмены ў сэрцы былі нагэтулькі выразныя, што італьянскія кардыёлягі вырашылі рэкамэндаваць ім прыпыніць далейшыя заняткі спортам. Лекары лічаць, што прычынай гэтых зьменаў сэрдэчнай мышцы сталі надзвычай інтэнсыўныя трэніроўкі напярэдадні алімпійскіх гульняў.

А цяпер навіны, якія для многіх могуць стаць крыніцай надзеі, навіны пра посьпехі мэдыцыны ў змаганьні з хваробамі:

1. Французская фірма “Сірон вакцын” паведаміла, што яна
распрацавала першую ў сьвеце вакцыну супраць язвы страўніка. Шпітальныя выпрабаваньні новай вакцыны павінны распачацца яшчэ сёлета. Вакцына зьявілася дзякуючы дасьледаваньням групы італьянскіх навукоўцаў з Падвы. Яны вывучылі шлях, якім бактэрыі пранікаюць у страўнік і ўрастаюць у ягоныя сьценкі. Навукоўцы з Падвы вывучылі таксама спосаб, якім сілкуюцца бактэрыі, і як рэагуе на іх імунная сыстэма арганізму. У выніку гэтых дасьледаваньняў і была распрацаваная новая вакцына.

2. Японскія навукоўцы распрацавалі разумны дзіцячы ложак. Ён
дазваляе кожную хвіліну ведаць, у якой пазыцыі ляжыць дзіця, і як яно дыхае. Ложак пад матрацам мае каля 400 чуйных індыкатараў, якія кантралююць усе рухі дзіцяці і ягоны спосаб дыханьня. Ложак быў выпрабаваны на 50 хворых дзецях, якім магла пагражаць нечаканая сьмерць падчас сну. Была распрацаваная спэцыяльная кампутарная праграма. Яна каардынуе працу індыкатараў.

Мікола Іваноў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG