Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Наўпроставая інтэрнэт-канфэрэнцыя намесьніка старшыні БНФ Вінцука Вячоркі


(эфір 19 верасьня)
Вядучы Сяржук Сокалаў-Воюш.

Жывы Беларускі дыялёг на інтэрнэце – зьява па-сутнасьці новая і таму я вырашыў прысьвяціць ёй увесь выпуск перадачы.

Гэта была ўжо трэйцяя беларуская анлайнавая канфэрэнцыя. Першая, у часе якой на сувязі быў старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк, прайшла ў леташнім лістападзе. Наступная – зь міжнародным каардынатарам “Хартыі-97” Андрэем Саньнікавым – у студзені сёлета. І вось цяпер он-лайн намесьніка старшыні БНФ Вінцука Вячоркі.

І ўжо калі мы завялі гаворку пра ўдзельнікаў, мушу адзначыць, што ніколі яшчэ ня выйшла на інтэрнэтную сувязь з народам беларускае кіраўніцтва. Ні асабліва плакаць, ні тым больш злавацца з гэтай нагоды ня варта. Лёзунг “я сваю дзяржаву за цывілізаваным сьветам не павяду” працуе бездакорна.

Хаця ў іншых краінах, якія таксама ў цывілізаваны сьвет пішчом ня лезуць, кіраўніцтва раз на калі вядзе інтэрнэтныя дыскусіі… Справа тут не ў цывілізацыі. Справа ў зручнасьці, адсутнасьці страху, а найперш у тым, што ёсьць што сказаць і адказаць.

Але вернемся да тэмы дня. За гадзіну да эфіру мы зьвязаліся зь Вінцуком Вячоркам па тэлефоне, каб задаць яму тры пытаньні: як нашаму сучасьніку, як палітыку і як мовазнаўцу:

(Карэспандэнт: ) “Першае пытаньне да Цябе, як проста да сучаснага чалавека – што Ты думаеш пра беларускі інтэрнэт?”

(Вячорка: ) “Думаю што беларускі інтэрнэт наагул і беларускамоўны інтэрнэт у прыватнасьці разьвіваюцца больш дынамічна, чым беларускае грамадзтва ў цэлым”.

(Карэспандэнт: ) “Пытаньне як да палітыка – што Ты чакаеш да канфэрэнцыі?”

(Вячорка: ) “Лічу, што ў інтэрнэце сядзяць і вядуць чыннае жыцьцё людзі заарыентаваныя на будучыню, людзі больш адукаваныя, людзі, не скаваныя абмежаваньнямі таталітарнага грамадзтва. І мне асабіста будзе вельмі карысна кантактаваць якраз з гэтымі, заарыентаванымі ў будучыню, людзьмі”.

(Карэспандэнт: ) “І апошняе пытаньне як да мовазнаўцы – як слушна сказаць: “ан-лайнавая”, “он-лайнавая”, “ан-ляйнавая” ці “он-ляйнавая” канфэрэнцыя?”

(Вячорка: ) “Канфэрэнцыя жывая або наўпроставая”.

(Карэспандэнт: ) “Тады дзякуй! І да сустрэчы ў канфэрэнцыі!”

(Вячорка: ) “Дзякуй. Да сустрэчы!”

Мушу сказаць, што спосаб інтэрнэтных зносінаў наўпрост ці ня самы лёгкі. Зарэгістраваўся ў якасьці ўдзельніка дыскусіі пад якім заўгодна імем і задавай пытаньні. Дзьве гадзіны, дадзеныя гэтым разам дзеля жывой сувязі, праляцелі як адно імгненьне. У нейкі момант дыскусіі была пададзеная колькасьць зарэгістраваных удзельнікаў: 40 чалавек. Зь іх толькі 26 задалі пытаньні. А саміх пытаньняў было 66. Гэта значыць, што на кожны адказ Вінцук Вячорка меў менш дзьвюх хвілінаў. І гэта пры тым, што бальшыня пытаньняў была досыць сур’ёзная.

Ці ёсьць у БНФ канкрэтная псыхалягічна-асьветніцкая праграма па сувязі з народам?, – спытаўся нехта Кумп, якому амаль ва ўнісон задаў пытаньне яшчэ адзін суразмоўца – Фэлкан: Якім чынам вы мяркуеце прыцягнуць у Фронт новых людзей?

Фронт, – адказаў спадар Вячорка, – стваральная сіла, якая прадукавала ня толькі ідэі, але й навуковыя іх абгрунтаваньні. Таму – вяртаемся да ўраўнаважаньня мітынговай, вулічнай працы працаю мазгавою, ад адасаобленасьці ў сваёй "пясочніцы" пераходзім да адкрытасьці, да супрацоўніцтва з усімі, хто, як і мы, за незалежнасьць, адраджэньне, вяртаньне ў эўрапейскі кантэкст.

Паводле заяваў, – запытаўся суразмоўца Сэм, – усе апазыцыйныя сілы за незалежнасьць. Чаму ж тады вы ня можаце знайсьці кампрамісу й выступіць адзіным фронтам? У якіх пытаньнях БНФ можа ісьці на кампраміс і зь кім? – дадае да гэтага згаданы ўжо Фэлкан.

З усімі, хто за незалежнасьць, – адказвае Вінцук Вячорка і дадае, што Фронт спрабуе знайсьці гэтых кампрамісаў.

Зразумела, што незалежнасьць не прыносяць на сподачку, хаця пры развале СССР зь Беларусяй менавіта так і сталася. Але гэткае выключэньне з правілаў наўрад ці паўторыцца. Таму і запытаўся суразмоўца Ваня пра гаранты гэтае самае незалежнасьці, на што пачуў:

ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя і… Расея. Яны гарантавалі нашую незалежнасьць узамен за адмову ад ядзернай зброі… У нас цяпер ужо больш народу за незалежнасьць, чым за стварэньне рас.-бел. дзяржавы (чытай – інкарпарацыю). Значыць, будзе база для рэальнага нацыянальна-вызвольнага руху. Рэфлекс партызанскага лесу ў беларусаў захоўваецца. Будзем у кантакце з тыми ж татарамі і г.д.

Вось прыкладна на такім узроўні адбываўся дыялёг. З адказаў спадара Вячоркі мы між іншым даведаліся, што зьмена ўлады на Беларусі гвалтоўным шляхам – кепскі варыянт, але: “на жаль, можа адбыцца нутраны пераварот у межах самой клікі”. А вось пры іншым разьвіцьці падзеяў, фронт можа быць гатовым да таго, каб пераняць уладу на ўсіх узроўнях. Прынамсі, адпаведная каманда ўжо ствараецца і першае, што яна гарантуе на працягу году ў разе перамогі, гэта – дэмакратычны лад і эканамічную свабоду, у якой зямля – тавар а вытворчыя адносіны – рынак пры пэўным дзяржаўным кантролі над стратэгічнымі галінамі.

Адзін са шляхоў дасягненьня маты, паводле спадара Вячоркі – хваля пратэстаў і страйкаў, пры максымальна поўным аналізе папярэдніх пралікаў.

Зразумела, што ў часе дыскусіі закраналіся і пытаньні грамадзянства Беларускае Народнае Рэспублікі, і праблемы тэрарызму ў Расеі, і погляды на пазыцыю прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі, і загадкавае зьнікненьне Віктара Ганчара, і магчымы раскол у Фронце, і пэрспэктыва вяртаньня бел-чырвона-белага сьцяга, які, паводле Вінцука Вячоркі, Вярхоўны Савет мог бы вярнуць ужо зараз. Пра ўсё гэта, а таксама шмат пра што іншае, вы можаце прачытаць на інтэрнэтнай старонцы “Хартыі-97”. Я ж, са свайго боку прапаную вам яшчэ адзін дыялёг, гэтым разам ужо на хвалях Радыё Свабода. Пасьля заканчэньня канфэрэнцыі я ізноў зьвязаўся зь Вінцуком Вячоркам:

(Карэспандэнт: ) “Падвядзем вынікі наўпроставае канфэрэнцыі – што найбольш запомнілася і якія ўражаньні? Наколькі я разумею, гэта была твая першая канфэрэнцыя…”

(Вячорка: ) “Так. І шчыра кажучы, як толькі ўсё пачалося – я пасьпяваў, здольваў даваць адказы па 2-3 абзацы, а напрыканцы я быў завалены пытаньнямі – і часам хапала часу толькі на адно слова. Так што гэта была школа ляканізму для мяне. Запомніліся… ну можа быць, разьлегласьць пытаньняў – ад спэцыфікі ўзаемадачыненьняў у Фронце або маіх навуковых зацікаўленьняў да глябальных маральна-этычных пытаньняў, зьвязаных з азначэньнем беларускага мэнталітэту. Чамусьці ў памяці найбольш засела пытаньне ліцэістаў: “чаму гэтак мала беларускамоўных сайтаў у інтэрнэце?” Ну, як кажуць, наймаладзейшым і карты ў рукі – ствараць гэтыя беларускамоўныя сайты…”

(Карэспандэнт: ) “Якую Ты бачыш практычную карысьць ад гэтай канфэрэнцыі, і наогул, ад падобных канфэрэнцыяў?”

(Вячорка: ) “У інтэрнэце пачуваецца па-свойску частка чалавецтва, павернутая ў будучыню. У гэтым сэнсе мне самому было цікава, якія пытаньні задаюць… Пытаньні былі прадыктаваныя пачуцьцём адказнасьці за сваю Бацькаўшчыну, сур’ёзныя, глыбокія ў сваёй бальшыні. Так што гэта й мне было карысна, як акт зваротнае сувязі палітыка з тымі, на каго палітык сваю дзейнасьць скіроўвае. Спадзяўся, што здолеў нешта адказаць, растлумачыць тым людзям, зь якімі я гаварыў.

У будучыні мне бачыцца электронная прастора, як адно зь мейсцаў сталага жыхарства палітычных дзеячоў, дзе кожны павінен мець свой сайт, мейсца, дзе да яго могуць зьвярнуцца людзі й атрымаць адказ на любое пытаньне, якое іх цікавіць”.

(Карэспандэнт: ) “Былі непрыемныя пытаньні?”

(Вячорка: ) “Былі складаныя пытаньні… Ну скажам, пытаньні, зьвязаныя з унутрыфронтаўскай сытуацыяй, з характарыстыкамі пазыцыяў маёй і спадара Пазьняка. І я імкнуўся максімальна годна на іх адказваць, а ні ў якім разе не даўшы нагоды лічыць, што я крыўджу свайго апанэнта”.

(Карэспандэнт: ) “І ёсьць ідэя ўжываць далей такую форму працы, такую форму прапаганды, і такую форму самакантролю – як бы спраўджаньня сваіх думак праз контараргумэнты шырокага кола слухачоў? Каб атрымліваўся такі дыялёг?”

(Вячорка: ) “Кампутар з клявіятурай – гэта штука жалезная, халодная. Але я пачуваўся, далібог, у жывым акіяне людзкіх думак і эмоцыяў. І гэта было прыемна”.

Да сказанага мушу дадаць два словы пра тое, пра што мы не гаварылі, але што праз увесь час лунала ў паветры: Беларускі дыялёг на інтэрнэце робіцца больш культурным.

І гэта зусім не заслуга ўдзельнікаў дыскусіі. Культура палемікі, як гэта ні парадаксальна, спараджаецца існуючай у Беларусі атмасфэрай. Хамства й безкультур’е з аднаго боку выклікаюць у здаровай часткі грамадзтва жаданьне адмежавацца ад балагану, перастаць быць блазнамі, стаць, калі хочаце, самому сабе на глотку, але ні ў якім разе не апусьціцца, не нагадаць, ня стаць падобным НА…

Вось на сёньня і ўсё.
З вамі быў Сяржук Сокалаў Воюш, Прага

XS
SM
MD
LG