Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды ў беларускім Сеціве, новыя рэсурсы беларускага інтэрнэту, аповед пра неафіцыйную старонку Менску.


(эфір 24 сьнежня 2000 году)
Вядучая: Вольга Караткевіч

Прывітаньне! Перад тым, як у нашай праграме прагучыць калядны блёк, я б хацела сказаць колькі словаў пра навінкі беларускага Інтэрнэту. Ён сапраўды пашыраецца тэматычна і геаграфічна. У Інтэрнэце зьявілася старонка гораду Пружаны. Набіраеце www.users.i.ua альбо праз Дзеда Талаша, што прасьцей, і выходзіце на “Пружаны- Он-лайн”.

“Рады вітаць, пачувайцеся як дома, завуць мяне Аляксандар, я аўтар гэтага сайту, прысьвечанага гораду, дзе я нарадзіўся,” – зьвяртаецца стваральнік сайту “Пружаны Он-лайн. Я лічу сябе шчасьлівым, - гаворыць Аляксандар, бо для мяне роднымі зьяўляюцца і Беларусь, дзе нарадзіўся, і Ўкраіна, дзе жыву ад 2-х гадоў. І адчуваю сябе дома і ў Пружанах, і ў Кіеве. Яшчэ мне падабаецца Польшча”. А далей Аляксандар пытаецца: а як жа Расея? “Нармальна. Выхоўваўся на расейскіх байках і нармальным расейска-імпэрскім мысьленьнем… Гляжу на расею як на нядбайнага і бесталковага сваяка…”

На сайце “Пружаны-Он-лайн” шмат лінкаў, спасылак, курс даляраў і надвор’е…

Літаральна ўварваўся ў рэйтынг лічыльніка “Акавіта” сайт Партыі ідыётаў – www. і-party.narod.ru. Актывісты партыі так вызначаюць сваю ідэалёгію – “Мы, ідыёты хочам быць падобнымі да арганізаванай машыны, якая зьбірае ўсю сілу ў кулак, які зьнішчае ворагаў. Прадэманстраваўшы цуды вынаходлівасьці, нашыя навукоўцы распрацавалі эфэктыўны мэханізм супраць ворагаў – морпех.”…У першай дзясятцы “Акавіты” сайт з кампакт-дыскамі, Хартыя-97, газэта “Наша свабода”, сайт Беларускай деловой газеты, натуральна, Радыё Свабода. Партыя Ідыётаў – на 17 пазыцыі….

(Маёрчык: ) “Такое мерапрыемства ў Беларусі адбылося ў другі раз. Арганізатары Інтэрнэт-Форуму BY-2000 з задавальненьнем адзначаюць ягоную большую маштабнасьць і прадстаўнічасьць у параўнаньні зь леташнім. Гэтым разам у Менску сабраліся больш за сотню ўдзельнікаў. Траціна зь іх выступілі з дакладамі пра пэрспэктывы беларускай часткі сеціва. Гэтак званага BY-netу. Цягам форуму адбыліся 3 круглыя сталы. Незразумелыя для некампутарнікаў тэмы можна аб”яднаць у тры тэматычныя групы:

- Стан, тэндэнцыі і пэрспэктывы разьвіцьця Інтэрнэту ў Беларусі.
- Рынак інфармацыйных тэхналёгіяў.
- Дзяржава і Інтэрнэт.

Дырэктар Форуму Іван Пятровіч задаволены вынікамі дыскусіяў з гледзішча таго, што ўдзельнікі змаглі сфармуляваць самыя апошнія тэндэнцыі ў разьвіцьці беларускага Інтэрнэту:

(Пятровіч: ) “Прагучалі некатарыя новыя лічбы, прагучалі некаторыя новыя тэхналёгіі. Прагучалі аспэкты тых дзеяньняў, якія адбываюцца ў Беларускім Інтэрнэце. І гэта вельмі адказна і значна, бо Інтэрнэт вельмі дынамічная сфэра і яна ўкладаецца ў тэмп, які цяжка суадносіць з тымі дзеяньнямі, якія адбываюцца ў звычайным бізнэсе. Беларускі Інтэрнэт разглядае некалькі тэндэнцыяў – Інтэрнэт-рэкляма, Інтэрнэт-маркетынг, адразу паралельна праходзіць этап Інтэрнэт-эканомікі, Інтэрнэт-камэрцыі”.

(Маёрчык: ) “У дыскусіях, дарэчы, мог браць кожны, хто жадае. Гэтую магчымасьць даваў афіцыйны сайт: www.by2000.tut.by .Там можна прачытаць нават больш адкрытыя і радыкальныя меркаваньні, прапановы і ідэі, чым тыя, што гучэлі цягам трох дзён у памяшканьні комплексу “Белэкспа”. Наведнікі дыскутавалі амаль невырашальную праблему - манапалізм дзяржавы. Паглядзіце на сьпіс дакладчыкаў ад дзяржавы. “Яны на форум прыйдуць паглядзець, як яшчэ больш узяць грошай з тых, хто замест таго, каб купляць гарэлку, плоцяць за доступ,” – абурыўся адзін з наведнікаў Форуму. І далей ён іранічна прапаноўвае ўвесьці падатак на карыстаньне сецівам – фіксаваны пабор у памеры 200 эўра з кожнага карыстальніка за месяц. Натуральна, прамінулай датай”. Яшчэ адзін удзельнік сеткавага форуму выказвае меркаваньне, чаму дзяржава не адмовіцца ад манаполіі на гэты канал сувязі – быць манапалістам – мець добры прыбытак.

Намесьніца галоўнага рэдактара часопісу Інтэрнэт-by Аліса Бізяева да згаданай праблемы дадае яшчэ адну: заканадаўства Беларусі не пасьпявае за імклівасьцю разьвіцьця Інтэрнэту:

(Бізяева: ) “На Форуме неаднаразова падкрэсьлівалася, што зараз у беларускім заканадаўстве няма нават паняцьцяў. Такіх як сайт, уладальнік сайту. Гэта вельмі замаруджвае развіцьцё Інтэрнэту”.

(Маёрчык: ) “У выніковай рэзалюцыі гаворыцца, што разьвіцьцё by-netu павінна быць клопатам ня толькі прыватных кампаніяў, але й дзяржавы, бо Інтэрнэт у Беларусі ўваходзіць ва ўсе сфэры жыцьця. Ён ужо не забава, а значная грамадзкая зьява. Паводле статыстычных дадзеных за апошні год, колькасьць карыстальнікаў павялічылася на 120 працэнтаў. Штодня пошукавыя сыстэмы рэгіструюць да 7 новых сайтаў. У by-net прыйшлі замежныя інвэстары. Пачаўся новы этап разьвіцьця сеткі. У Беларусі зьявілася Інтэрнэт-рэкляма”.

А зараз наш калядны блёк. Перад Калядамі Беларуская деловая газета на сваім сайце ў апытанцы высьвятляла, як будуць адзначаць Каляды чытачы. Прапанаваныя варыянты былі – ў адпаведнасьці з праваслаўнай традыцыяй, з усімі канфэсіямі па чарзе, я – атэіст, з каталікамі, пратэстантамі, і ўніятамі… Я папрасіла рэдактара выпуску Андрэя Вашкевіча расказаць пра вынікі апытаньня…

(Вашкевіч: ) “Думкі падзяліліся ў нашых чытачоў і наведнікаў нашага сайту. Пароўну былі адказы падзеленыя на пытаньні: адна траціна адказала, што будзе сьвяткаваць з усімі канфэсіямі па чарзе, адна траціна адказала, што з католікамі, уніятамі, пратэстантамі. Толькі 12 адстокаў удзельнікаў апытанкі будуць адзначаць Каляды ў адпаведнасьці з праваслаўнай традыцыяй. Частка будзе сустракаць яшчэ й Хануку. Я думаю, што з усімі канфэсіямі па чарзе будуць сустракаць менавіта жыхары Беларусі. Каталіцкія Каляды супадаюць і з народнымі калядамі, паганскімі традыцыямі. А менавіта чаму такі высокі працэнт адказу, што будуць сустракаць разам з каталікамі і пратэстантамі – у нас вельмі шмат наведнікаў з замежжа. З Эўропы, Амэрыкі. Напэўна, яны так і адказалі”.

(Караткевіч: ) “Скажыце, а як Вы пэрсанальна адказалі на гэтае пытаньне?”

(Вашкевіч: ) “Я – з усімі канфэсіямі па чарзе. У панядзелак буду адзначаць Каляды, правяду гэты дзень на працы. А ўвечары, натуральна, калядная вячэра”.

(Караткевіч: ) “Ці ёсьць у Вас нейкія традыцыі адзначэньня Калядаў?”

(Вашкевіч: ) “Так. Калісьці мы былі маладымі, сустракалі Каляды ў адпаведнасьці з народным абрадам, беларускім. Сьцялілі абрус, пад абрус клалі сена, рабілі 12 страваў і такім шчыльным маленькім колам сустракалі Каляды”.

(Караткевіч: ) “А чаму Вы гаворыце, што калі былі маладыя… А цяпер як?”

(Вашкевіч: ) “Цяпер, на жаль, гэтыя сувязі парушыліся. Паміж сябрамі. І кожны адзначае па-свойму…”

На сувязі ў Менску быў супрацоўнік Беларускай делавой газэты Андрэй Вашкевіч

Яшчэ адзін цікавы праект, зьвязаны з Калядамі і Новым годам, прапанавала Радыё Рацыя – www.racja.pl – Зюзю – які выконвае функцыю Сьвятога Мікалая. Прадстаўляе Кастусь Бандарук:

(Бандарук: ) “Гэта ня Дзед Мароз і ня Санта Кляўс.
Гэта Зюзя – пэрсанаж беларускае народнае міталёгіі – Уладар Холаду, Гаспадар Зімы.
Зюзя – гэта ягонае сапраўднае імя.
Няхай нашыя дзеткі атрымаюць падарункі ад Зюзі!
Няхай спаткаюцца зь ЗЮЗЕМ ля каляднае ялінкі!
Няхай дашлюць ЗЮЗЮ лісты са сваімі пажаданьнямі!”

Зюзя ўжо дачакаўся шмат пажаданьняў і віншаваньняў. А на пытаньне, ці будзе Сьнягурка, адказаў: “Я самастойная, самадастатковая істота, таму ня маю патрэбы ў сталым суправаджаньні. Я нармальны народны дух у поўным фізычным і інтэлектуальным роськвіце. Дарэчы, Зюзю даслалі вельмі цікавыя калядкі…”

Зразумела, што на ўсіх сайтах Беларускага Інтэрнэту вы знойдзеце калядныя віншаваньні і зычэньні… Я карыстаюся магчымасьцяй і віншую тых нашых слухачоў і чытачоў нашага сайту, хто сьвяткуе Каляды зараз. Няхай у Вашым жыцьці здарыцца цуд… Пра што й сьпявае Аляксандар Памідораў у кампазыцыі з каляднага альбому “Сьвяты Вечар 2000…”

Гучыць песьня “Цуд на каляды”

Вольга Караткевіч, Прага

XS
SM
MD
LG