Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд беларускага (і ня толькі) Сеціва за тыдзень


(эфір 22 кастрычніка)

Вядучы Сяржук Сокалаў-Воюш.

У сёньняшнім выпуску: тэма выбараў у Інтэрнэце, пэрсанальная старонка Адама Глёбуса, як расправіцца ў Інтэрнэце з ворагам. Беларускі Інтэрнэт мінулага тыдню поўніўся матэрыяламі пра выбары ў так званую Палату прадстаўнікоў. Дыяпазон інфармацыі сягаў ад сур’ёзных паведамленьняў і камэнтароў на старонцы Хартыі-97 да гумарыстычных фотасправаздачаў з выбарчых акругаў у “Чарнобыльскім вожыку”.

Тым часам зьвяртае на сябе ўвагу выбарчая інтэрнэт-старонка “Беларускай дзелавой газэты”. Калі некаму з нашых слухачоў захочацца прасачыць хаду выбраў з інфармацыяй пра парушэньні, заявы, камэнтары, падлік галасоў ці актыўнасьць выбаршчыкаў літаральна пахвілінна, то лепшую старонку наўрад ці можна дзе небудзь адшукаць. Шкада толькі, што знаёміцца зь ёй Беларускі чытач мусіць у замежных мовах – ангельскай, альбо расейскай. Зрэшты, апошнюю, нагадаю, лукашэнкава канстытуцыя называе дзяржаўнай. Каардынаты старонкі, альбо, як цяпер кажуць, лучыва: http://www.bdg.minsk.by

У нашых мінулых выпусках “Беларускага дыялёгу на інтэрнэце” ўжо двойчы апавядалася пра Інтэрнэт-праект “Ганьба”. На старонцы http://www.draniki.com/ganba Беларусы вольнага сьвету выдаюць “Ганебныя граматы” судзьдзям зь Беларусі, якія выносяць палітычна матываваныя выракі.

Але, як высьветлілася, кожны карыстальнік Інтэрнэтам можа і сам выносіць прысуды. Каму? Пакуль цікаўныя дабяруцца да старонкі www.vragi.ru, скажу, што на ёй вы можаце запісаць імя свайго ворага і вызначыць яму меру пакараньня. Калі ж імя вашага ворага на старонцы ўжо ёсьць, вам застанецца толькі дадаць кару. Сьпіс 138-мі магчымых спосабаў экзэкуцыі дадаецца. Да іх можна прыпісаць і свой спосаб.

На сёньня сьпіс ворагаў на старонцы перавысіў 1 100. Сярод іх як добра знаёмыя нам Владзімір Жырыновскій, рух “Русское Національное Едзінство” ці мытня Расейскае Фэдэрацыі, так і зусім незнаёмыя кот Барсік, сусед зьнізу або дзядзя Саныч. Сустракаюцца ў сьпісе і вядомыя нам асобы зь Беларусі. Сярод іх, ня гледзячы на тое, што канкрэтная асоба можа быць у сьпісе толькі адзін раз, двойчы фігуруе Аляксандар Лукашэнка. Ён пакараны 96 спосабамі за жаданьне прадаць Расеі радзіму.

На старонцы ворага названага “Менты (нашы беларускія)” пакараньняў няма бо, паводле зьмешчанага там тлумачэньня, “Ворагу даравалі, яго памілавалі, альбо ён купіў прошчу”.

Расейскія імпэрыялісты і шавіністы, абвінавачаныя ў тым, што яны, цытую: “Жадаюць адабраць у нас Радзіму”, пакараныя двойчы, пры гэтым першы раз – шляхам выключэньня іх з камсамолу. А вось Івана Бацькавіча Сусаніна, абвінавачанага ў забойстве, як там напісана “маіх людзей”, пакаралі толькі адной карай. Якой? – Гляньне на старонку www.vragi.ru., якая, нагадаю, ёсьць гумарыстычнай і прызначаная для ўцехі.

www.adam-globus.com алаў па гэтай адрэсе ва усясьветным сеціве зьявілася пэрсанальная старонка Адама Глёбуса. У Менску гэты сайт дасьледваў, а пасьля і гутарыў з ягоным гаспадаром нашў карэспандэнт Ягор Маёрчык.

(Маёрчык: ) “Пэрсанальную старонку Адам Глёбус атрымаў у падарунак ад свайго брата Міраслава Адамчыка. Магчыма, менавіта таму першае, што можа пабачыць наведнік - гэта партрэт Адама Глёбуса. Выява пісьменьніка ўсталёўваецца на экране значна хутчэй за астатнія элемэты. І толькі пасьля зьяўляюцца напісаная па-ангельску назвы разьдзелаў: сучасная беларуская літаратура, сучайная беларуская фатаграфія, сучайнае беларускае мастацтва і сучасны беларусі жывапіс. Старонка азагалоўленая словам “Беларусь”, напісаным па-ангельску. Усё гэта зьмешчанае на чорным тломе з белымі гарызантальнымі і вэртыкальнымі рысамі. Ствараецца ўражаньне, што гэтая “Беларусь”, які і разьдзелы сайту, знаходзяцца як бы за кратамі. Адам Глёбус кажа, што такі дызайн невыпадковы:

(Глёбус: ) “Справа ў тым, што ёсьць ва “Ўліса” такая песенька “Краіна ў кратах”. Калі мой брат быў зусім малады – хадзіў у 10-ую клясу – ён гэтыя словы напісаў пад мостам, там, дзе Няміга ў Сьвіслач упадае (дзе я жыву). Такая стылістыка захоўваецца і дагэтуль. Я думаю, што гэта не ілюзія, а што гэта ў падсьвядомасьці ў нас, што мы яшчэ ўсё ж ня вызваліліся”.

(Маёрчык: ) “Шукаць выйсьце з такога палону празь Інтэрнэт, па думку Адама Глёбуса, марна. Ён кажа: “Гэта ўсё адно, што імкнуцца на свабоду праз тэлефон.”

(Глёбус: ) “Найбольшую цікаўнасьць з усяго зьмешчанага на сайце выклівае раздзел “сучайная беларуская літаратура”. Леваруч тут сьціпла напісана: (цытую) “Адам Глобус, лiтаратар i выдавец, адыграў рэвалюцыйную ролю ў разьвiцьцi беларускага мастацтва, паэзii, прозы i выдавецкай справы 80-х i 90-х, культавая фiгура сучаснай беларускай культуры". Праваруч зьмешчаныя спасылкі на тэксты твораў. А па цэнтру знаходзіцца вокладка апошняй кнігі пісьменьніка "Тэксты".

(Маёрчык: ) “Сам літаратар не згодны з распаўсюджанай думкаю, што выстаўляць таксама тэксты для агульнага, бясплатнага, карыстаньня не мэтазгодна:”

(Глёбус: ) “Тэкст у кампутары не зусім чытэльны. Можна прачытаць у кампутары хайку, можна парачытаць верш. Прачытаць раман, ці 10 апавяданьняў запар на кампутары, я лічу, гэта кепска. Я думаю, што і старажытныя егіпцяне, калі вынайшлі паперу, яны зрабілі геніяльнае адкрыцьцё, што папера, як носьбіт інфармацыі, значна лепш за ўсе астатнія. Я згублю некалькі дзясяткаў чытачоў. Ну, Бог зь імі. Не, гэта не канкурэнтаздольная рэч. Кніжачка вершаў – заўсёды ў лепшым варыянце яна будзе, калі яна будзе надрукаваная на паперы і кішэннага фармату, і калі ты ў парку зможаш разгарнуць лірыку і прачытаць”.

(Маёрчык: ) “Як ні дзіўна, Адама Глёбуса не хвалюе, колькі чалавек завітае на ягоны сайт:”

(Глёбус: ) “Я ж не ствараў там сайт “Каўказ”, ці “Вольная Беларусь”, куды б можна было заходзіць і заходзіць. Ні ў якім разе гэта не рэклямная кампанія. Гэта проста мы дасягнулі пэўнага ўзроўню. Я маю сродкі, я маю магчымасьці рабіць свой сайт, вывешываць фотаздымкі сваёй жонкі. Гэта ня сайт анэкдотаў, ня сайт парнаграфіі і я лічу, што, наагул, інтэрнэт на сёньняшні дзень трымаецца як бы на трох слупах. Гэта – парнаграфія, дэзынфармацыя, гумар. Паколькі мой сайт да гэтых слупоў не належыць – якія ж тут наведнікі”.

(Маёрчык: ) “На адрэсу наведнік можа даслаць свой водгук. Звачайна ўладальнікі сайтаў выстаўляюць усе водгукі, незалежна ад таго станоўчыя яны альбо адмоўныя. Наяўнасьць любой рэакцыя сьведчыць перад усім, што сайт не застаўся не заўважаным ў бязьмежным сеціве. Аднак і тут старонка Адама Глёбуса зьяўляецца выключанэньнем. Гаспадар рэсурсу папросту не публікуе водгукаў”.

(Глёбус: ) “Таму што гэта таксама гульня. Я шмат працаваў, шмат рабіў рэйтынгаў і ў часопісах, я ведаю як гэта робіцца. Я ня буду ні ў якім разе сам сабе пісаць лісты. Гэта таксама гульня. Гэта таксама дэзынфармацыя”.

(Маёрчык: ) “Адам Глёбус - першы беларускі пісьменік, які мае ўласную старонку ў Інтэрнэце. Ён мяркуе, што зь цягам часу ў сеціве зьявяцца і іншыя літаратары. З разьвіцьцём Інтэрнэту зьявілася сеткавая журналістыка. Выглядае, калі гаварыць пра усясьветную сеткавую літаратуру, таксама ўжо можна скарыстоўваць заверашае трываньне дезяслова. Адам Глёбус лічыць, што беларуская сеткавая літаратура абавязкова калі-небудзь зьявіцца. Хутчэй за ўсё, у выглядзе мікранавэлаў альбо вершаў зь 10 радкоў. Літаратар перакананы, што буйных паводле памераў твораў (прыкладам, раманаў) ў беларускай сеткавай літаратуры ня будзе”.

(Сокалаў: ) “А цяпер да навінаў Інтэрнэту:

Днямі ў Менску прайшоў Міжнародны Кангрэс “Пэрспэктыўныя тэхналёгіі і сыстэмы: Інфарматыка, Тэлекамунікацыі, Бясьпека”. На форуме выступіў і міністар сувязі Беларусі Мікалай Крукоўскі, які між іншага заявіў, што колькасьць сталых карыстальнікаў Інтэрнэтам у Беларусі вырасла цягам апошняга году ў 4 разы і цяпер складае больш як 30 тысячаў абанэнтаў.

А закончым мы гэты выпуск той самай тэмай зь якой пачалі, гэта значыць выбарамі. Як паведамляе агэнства Ройтар, афіцыйныя асобы з Чыкага пачалі судовы працэс супраць інтэрнэт-старонкі Voteauction.com, якая фізычна знаходзіцца ў Ню-Ёрку, а належыць жыхару Аўстрыі Гансу Бэрнхарду. Старонка зьяўляецца цэнтрам пакупкі галасоў на наступныя выбары. Кожны ахвотны грамадзянін ЗША можа зайсьці на старонку і (за пэўную суму) прадаць свой голас, альбо купіць некалькі галасоў, якіх на сёньня Ганс Бэрнхард мае, паводле ягоных словаў, ажно 30 тысячаў. Уладальнік старонкі абяцае, што чалавек, які прапануе і заплоціць найбольшую суму, атрымае магчымасьць зьвязацца з усімі ўдзельнікамі гандлю і сказаць ім, за каго галасаваць. Афіцыйныя асобы Чыкага разглядаюць куплю і продаж галасоў на выбарах як крымінальнае злачынства”.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

XS
SM
MD
LG