Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд беларускага (і ня толькі) Сеціва за тыдзень


(эфір 9 ліпеня)
Вядучы Віталь Тарас.

Сёньня ў выпуску: Інтэрнэт і рэчаіснасьць: артыкул на сайце “Газета. Ру”: “МВФ за Лукашэнку не заплоціціь”; новы каталёг-агляд “Лепшыя сайты беларускага Інтэрнэту” ды іншыя навіны.

Як вядома, у гэтыя дні ў сталіцы Румыніі Бухарэсьце завяршае сваю працу 9-я сэсія Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе. Сёлетняя сэсія, дарэчы, адбываецца акурат напярэдадні 25-й гадавіны прыняцьця заключнага Гэльсынскага акту, які паклаў пачатак АБСЭ. Цяперашняя Парлямэнцкая асамблея, сярод іншага, мае прыняць адмысловую рэзалюцыю і ў справе Беларусі.
Радыё Свабода падрабязна асьвятляе падзеі на сэсіі. Але тыя нашыя слухачы, што карыстаюцца Інтэрнэтам, могуць атрымліваць дадатковую інфармацыю на старонцы з адрасам “OSCE.ORG”. Варта ўдакладніць, што калі раней інфармацыю пра Парлямэнцкую асамблею АБСЭ трэба было шукаць на асобнай старонцы з адрасам OSCEPA.ORG, дык зараз гэта лепш рабіць праз згаданую галоўную старонку АБСЭ. У разьдзеле “генэральная інфармацыя” чытаем, што “Парлямэнцкая асамблея, у склад якой уваходзяць больш як трыста парлямэнтароў з усіх дзяржаваў, у ліпені праводзіць сваю штогадовую сэсію”. Нагадаем, мінулая сэсія адбылася ў Санкт-Пецярбургу, а ў 2001-м годзе яна пройдзе ў Парыжы, і ў сёлета старшыньства ў АБСЭ пяройдзе ад Аўстрыі да Румыніі, афіцыйны прадстаўнік якой Адрыян Севярын, па даручэньні Парлямэнцкай асамблеі, ўзначаліў рабочую групу ў справе Беларусі.

Адносіны кіраўніцтва Беларусі зь міжнароднымі, у прыватнасьці, эўрапейскімі арганізацыямі, складваюцца няпроста альбо, можна сказаць, зусім не складваюцца. Прыкладам могуць быць стасункі зь Міжнародным валютным фондам, які ў абмен на магчымыя крэдыты патрабуе правядзеньня эканамічных рэформаў. Апошнім часам фактар Беларусі пачаў моцна ўплываць і на палітыку МВФ ў адносінах да Расеі. Гэта мусілі прызнаць і ўплывовыя расейкія СМІ. Так, вядомы расейкі сайт “Газета. Ру” апублікаваў артыкул “МВФ нам за Лукашэнку не заплоціць”. Нехта Андрэй Сьцяпанаў піша ў сваім артыкуле:

“Па-сутнасьці, МВФ мае рацыю. Ня толькі ягоныя экспэрты, але й многія іншыя аналітыкі не разумеюць, як можа быць уніфікаваная фінансавая палітыка Расеі й Беларусі, чаго патрабуе палітычная дамова паміж дзьвюма краінамі”.

На думку аўтара артыкулу, у цяперашні момант эканоміка Расеі знаходзіцца на ўздыме, у выніку чаго ўмацоўваецца курс рубля, а ў зьнешнім гандлі назіраецца вялікае станоўчае сальда. А ў Беларусі курс рубля з цяжкасьцю стрымліваецца Нацыянальным банкам ад падзеньня, а памер адмоўнага сальда дасягнуў рэкорднага ўзроўню. Далей газэта піша:

“Упартая палітыка фіксаванага валютнага курсу прывяла да таго, што памер залатавалютных рэзэрваў Беларусі ўпаў да стратэгічна нізкага ўзроўню – яго ўжо не хапае на закупкі мэдыкамэнтаў і жыцьцёва неабходных энэргарэсурсаў… Аляксандар Лукашэнка таму й прысьпешвае Ўладзімера Пуціна зь фінансавым аб’яднаньнем, каб беларускі рубель абмяняць на расейскі па больш высокім курсе”.

На падставе інфармацыі, атрыманай ад прадстаўніка Міжнароднага валютнага фонду ў краінах Балтыі й Беларусі Майкла Хортана, Газета.Ру робіць выснову, што Расею чакаюць цяжкія перамовы з экспэртамі МВФ у ліпені. На думку ейнага аўтара, калі раней фонд адмаўляў Расеі ў крэдытах з-за Чачні, зараз МВФ можа зьвярнуць увагу на, мякка кажучы, нелягічнасьць аб’яднаньня Беларусі й Расеі”.

Сярод пашуковых сайтаў – папаўненьне. Зьявіўся новы каталёг-агляд з адрасам obzor.poisk.com. Як вы ўжо здагадаліся з назвы, каталёг рускамоўны, хаця часткова выкарыстоўвае і ангельскую мову. Узяць, напрыклад, падзагаловак “ТОП сайтс беларускага інтэрнэту”. Аднак вынікі статыстычнага дасьледаваньня, прыведзенага на гэтай старонцы, заслугоўваюць увагі.

“Обзор” напачатку зьмяшчае зьвесткі пра іншыя пашуковікі ды лічыльнікі. Вось іхныя характарыстыкі:

“Акавіта” – найбольш гнуткая і дакладная сыстэма статыстыкі ў белрускім Сеціве. Зарганізавалася ў лістападзе 1999 году. Аўтар – Хведар Караленка. Вядзе рэйтынг наведваньняў і асобны – паводле катэгорыяў.

Дарэчы тут будзе выправіць памылку, якая прагучала ў нашай перадачы 25 чэрвеня. Паводле статыстыкі “Акавіты”, Радыё Свабода чытаюць у Інтэрнэт-варыянце ўжо ў 69-ці, а не ў 52-х краінах сьвету.

Працягнем агляд. 09. Open. By – няшмат саступае ў папулярнасьці “Акавіце”. Падтрымліваецца ISP “Адкрыты кантакт”. Рэсурсы выстройваюцца ў залежнасьці ад паказчыка рэйтынгу. Колькасьць удзельнікаў – ня менш за 400.

1000 stars. Расейкі сайт, які падае інфармацыю па рэгіёнах. 31 траўня ў разьдзеле “Беларусь”(!) былі пазначаныя 49 рэсурсаў.

BR.BY альбо “Беларускі рэйтынг” пабудаваны на галасаваньні наведнікаў гэтай старонкі.

Далей аўтары Обзор’а адзначаюць, што ўсе лічыльнікі пабудаваныя па-рознаму, таму пры дасьледаваньні давялося зьяднаць розныя зьвесткі – сярэднія за содні, за тыдзень, за апошнія дні траўня і гэтак далей. Акрамя таго, што вельмі важна, пры падліку былі выключаныя ўсе небеларускія старонкі. І вось што атрымалася. У першую беларускую дзясятку паводле папулярнасьці трапілі выдавецтва “Нестар”, дзяржаўнае прадпрыемства “Магілеўрэсурсы”, Оўпэн бай, Аўтасіці, Хартыя-97, чат на Оўпэн бай, забаўляльныя рэсурсы Менску – Дэльфі плюс, Слон, USSR to Russia, сэрвэр гульняў Queke-2 і старонка спадарожнікавага тэлебачаньня ў Менску.

А вось другую дзясятку ўзначальвае Радыё Свабода, сайт якога апярэдзіў ПРЕСС-НЕТ, БелАГРА, камэрцыйныя ШОП-бай і КОШТ.ком, а таксама віртуальную кавярню “Зямлянка” і “Белорусскую газету”, якая апынулася на 20-м мейсцы. Атрымліваецца, што сярод беларускіх мэдыяў Радыё Свабода займае першае мейсца ў беларускім Інтэрнцэе. Пры гэтым яшчэ варта зазаначыць, што “Nestor.Minsk. By”, які нашмат апярэдзіў “Магілеўрэсурсы”, насамрэч уяўляе сабой не адзін, але адразу некалькі папулярных сайтаў – такіх як “Компьютерная газета”, “Музыкальная газета”, штомесячная газэта “Сетевые решенія” ды іншыя.

Што тычыцца Хартыі-97. На гэтай старонцы днямі была зьмешчаная наступная абвестка: “Прэсавы цэнтар Хартыі аб’яўляе перапынак у абнаўленьні сайта тэрмінам на 1 месяц у сувязі зь летнімі адпачынкамі і тэхнічным пераабсталяваньнем. Наступнае аднаўленьне – 2 жніўня 2000 года”.

Зразумела, цягам месяцу, які абяцае стаць даволі багатым на падзеі, у рэйтынгу беларускіх старонак могуць адбыцца пэўныя зьмены.
Сачыце за нашымі перадачамі, а таксама чытайце нас у Інтэрнэце на адрасе www.svaboda.org

Shut Down

Віталь Тарас

XS
SM
MD
LG