Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэйтынг палітычных сайтаў Беларускага Інтэрнэту, новая Інтэрнэт-старонка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ды іншае.


(эфір 7 студзеня 2001 году)
Вядучая: Вольга Караткевіч.

Сёньня ў праграме:

Рэйтынг палітычных сайтаў Беларускага Інтэрнэту.
Новая Інтэрнэт-старонка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.
Абноўлены дызайн сайту Хартыя-97.
Новыя сайты Беларускага Інтэрнэту.
Інтэрнэт-навіны.

Прывітаньне! Найперш пра апошнія рэйтынгі рэсурсаў паводле лічыльніка “Акавіта”. У катэгорыі “Палітыка” лідэрам – сайт “Апошні дыктатар Эўропы” – малавядомыя старонкі біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі. У першай дзесятцы – сайты Радыё Палёнія “Камунікат”, “Маладога фронту”, весткавая агенцыя “Правае рэха”. Адзначым, што пераважна - беларускамоўныя. А на дзесятым месцы сайт,як напісана, “народнага дэпутата Аляксандра Шпілеўскага. Справаздача перад выбаршчыкамі”. Цікавае пытаньне – якая ж колькасьці выбаршчыкаў дэпутата так званай Палаты прадстаўнікоў Шпілеўскага мае доступ да Інтэрнэту? І ў якой ступені тых, хто мае доступ, цікавіць справаздача Шпілеўскага, калі пры канцы тыдня колькасьць “хастоў” была – 0?

Што да культурных і адукацыйных сайтаў, то відочны практычны інтарэс наведнікаў – найбольш папулярныя сайты “Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”, абласной бібліятэкі Магілеву, кніжных палічак – БДГ, Беларускага кнігазбору, Беларуская палічка. Дарэчы, Беларуская палічка мае новую адрэсу: www.knihi.com . На сайце шмат навінак беларускай літаратуры.

Беларускамоўны Інтэрнэт ахоплівае самыя папулярныя тэмы ў Сеціве. Днямі зьявіўся сайт “Аголеная Беларусь”. Зь Беларусі з каханьнем: www.geocities.com .“Вітаем на Аголенай Беларусі, вэб-старонцы эратычнай фатаздымкі ды малюнкаў беларускіх майстроў візуальных мастацтваў,” - зьвяртаюцца стваральнікі сайту. Калі вам няма 18-ці рокаў, Вы мусіце зараз жа пакінуць гэтую бачыну…”.

Нам 18 ёсьць і мы пачалі разглядаць бачыну, аздобленую Андрусём Беларэцкім. Прыгожае жаночае цела на фоне мапы Беларусі. Ёсьць у сайта і ангельскамоўная вэрсія. У наступных праграмах мы пастараемся зьвязацца са стваральнікамі сайту і больш падрабязна расказаць пра праект “Аголеная Беларусь” – The naced Belarus

Пералік сайтаў беларускіх палітычных партыяў папоўніўся старонкай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ – www.bpfs.boom.ru .На сайце падрабязная інфармацыя пра кіраўніцтва партыі, яе задачы, навіны, арыткулы лідэраў. Дэвіз інфармацыйнай старонкі сайта – “У новы Век з нацыянальным урадам”. На сайце - праграма і першачарговая праграма Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Праграма-мінімум тлумачыць: “Беларусы могуць і павінныя жыць прыстойна і заможна. Для гэтага, перш за ўсё, трэба разарваць путы залежнасьці ад існуючага прамаскоўскага рэжыму, ад імпэрскай палітыкі Расеі і будаваць незалежную, вольную Беларусь у геапалітычнай сыстэме Эўропы. Трэба ўзаемадзейнічаць з цывілізаванай Эўропай і захаваць мірныя дачыненьні з Усходам”.

Сайт аздоблены беларускай нацыянальнай сымболікай, фатаздымкамі з акцыяў пратэсту ў Беларусі, арганізаваных Беларускім Народным Фронтам, ёсьць ангельскамоўная вэрсія, праўда, з больш абмежаваным наборам інфармацыі. У рубрыцы “Ініцыятывы” – зваротная сувязь са стваральнікамі сайту. Усе старонкі адкрываюцца без перашкодаў.

Сярод новых адрасоў беларускага Інтэрнэту – сайт Вызвольнага камітэту Літвы. Калі вы ня ведаеце пра такі камітэт, набірайце www.members.nbci.com і чытаеце: “Вызвольні камітэт Літвы паўстаў на пачатку чэрвеня 1999 году і ўжо ў сярэдзіне ліпеня спартовы аддзел арганізацыі пачаў інтэнсыўную працу фізычнай падрыхтоўкі сяброў арганізацыі. На гэты момант створаныя філіі арганізацыі ў Гомелі, Драгічыне, Маладэчне.

Ідэя стваральнікаў камітэту, як вынікае з галоўнай старонкі сайту, вельмі рамантычная – станаўленьне ліцьвінскае нацыі і аднаўленьне Вялікага княства Літоўскага. Для гэтага некалькі дзесяткаў чалавек, якія ўваходзяць у Камітэт, зьбіраюцца стварыць усеахопную арганізацыю – Рух. Што да назову Рэспубліка Беларусь, дык, на думку сяброў Вызвольнага камітэту Літвы, гэта праява акупацыйнага ладу… Для падтрыманьня духу тых наведнікаў сайту, якія захапіліся ідэяй Вялікалітвы, ім прапаноўваецца інтэрнэт-фанатэка “Легенды Вялікага Княства”. Тут падборка кампазыцыяў у выкананьні хору Ўнія, Алеся Галіча, гурту Руевіт, Контрданс, гурту Вялікае Княства Літоўскае і, натуральна, гурту Камэлёт. Мы прапануем вам урывак з кампазыцыі Дудар гурту Камэлёт…

Гэта быў урывак з кампазыцыі гурту Камэлёт Дудар, якую Вы можаце знайсьці на сайце Вызвольнага камітэту Літвы - www.members.nbci.com. Там шмат інфармацыі для патрыятычна ськіраванага беларускага карыстальніка Інтэрнэту. У тым ліку музыкі. Якую, пры жаданьні, можна атрымаць на СД, сумовіўшыся са стваральнікамі сайту…

“Беларусь Он-Лайн: навіны пераменаў” – такі дэвіз абноўленага сайту Хартыі-97. Адрас застаецца той жа: www.charter97.org . Цяпер на галоўнай старонцы сайту зьмяшчаюцца навіны, а таксама падборка матэрыялаў, зьвязаных са справамі Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадзкага, Уладзіміра Кудзінава, кампаніі Байкоту выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў. На сувязі ў Менску вэб-майстар сайту Хартыі-97 Алег Бебенін:

(Бебенін: ) “У нас у краіне наступаюць новыя часы. Новы лёзунг нашага сайту “Беларусь Он-Лайн: навіны пераменаў”. Мы зараз упэўненыя, мы працуем толькі на тое, каб у гэтым годзе ў Беларусі адбыліся перамены ва ўсім, ва ўсім нашым жыцьці. Сайт наш зьмяніўся ў адпаведнасьці з гэтай палітыкай. Мы ў новае тысячагодзьдзе ўступілі з новым зьнешнім выглядам”.

(Караткевіч: ) “Скажыце, хто дапамагаў вам у ставарэньні сайту, хто кансультаваў?”

(Бебенін: ) “Прафэсійны дызайнэр. Я не магу назваць яго імя, але гэта чалавек, які рабіў беларускі партал Дзед Талаш. Я спадзяюся, ён знаёмы слухачам вашай праграмы. Гэты чалавек дапамог нам у распрацоўцы ўсяго дызайну і ўсяго мэханізму працы сайта”.

(Караткевіч: ) “Я запыталася ў Алега, чаму такая ўвага надаецца інфармацыі пра асобаў, на якіх быў аказаны беспасярэдні ціск уладаў – яны ў турме, ці пра зьніклых беларускіх палітыкаў…”

(Бебенін: ) “Гэтыя справы зараз турбуюць і беларускую, і міжнародную грамадзкасьць. Гэтыя імёны ў апошні час амаль не сыходзяць са старонак СМІ. Гэта гарачыя тэмы, гэта нашая праца і наш уклад у тое, каб гэтыя людзі знайшліся ці былі ўрэшце рэшт вызваленыя”.

(Караткевіч: ) “Ці вядзецца ў вас статыстыка самай папулярнай для наведнікаў інфармацыі?”

(Бебенін: ) “Гэта як раз інфармацыя пра гучныя справы. І, безумоўна, навіны. Навіны, які абнаўляюцца на трох мовах – беларускай, ангельскай і расейскай”.

(Караткевіч: ) “А якая мова самая папулярная?”

(Бебенін: ) “Прыкладна аднолькава – беларуская і ангельская, і адна чацьвертая наведнікаў чытаюць па-расейску”

Пра новую структуру і інфармацыйныя задачы сайту грамадзянскай ініцыятывы Хартыя-97 гаварыў вэб-майстра Алег Бебенін.

У сьвяточныя дні да нас зьвярнуўся Стары Язэп – гаспадар сайту Карчма ў старога Язэпа і папрасіў паведаміць карыстальнікам Інтэрнэнту, што на Каляды ён прэзэнтуецца на новай адрэсе: www.jazep.f2s.com . Паведамляем. І заадно зазірнем, што новага можна пачытаць на сайце ў 2001 годзе.

Стары Язэп паведамляе, што ў новым годзе абнаўленьне Карчмы стане пэрыядычным: штопанядзелка – новая показка. Шточацьвер – гісторыя палітычнага жыцьця Беларусі. З пэрыядычнасьцю іншых разьдзелаў Стары Язэп яшчэ ня вызначыўся. Плянуе зрабіць абнаўленьне цытатаў Аляксандра Лукашэнкі, будзе новы матэрыял у Фотагалерэі.

Зьвяртаецца Стары Язэп да наведнікаў сайту дасылаць цікавую інфармацыю ў рубрыкі Байкі, Сьмешкі, Цытаты палітыкаў і журналістаў, Летапіс дэмакратыі і Летапіс дыктатуры. Сайт Карчма ў старога Язэпа, які, дарэчы, мае і польскамоўную вэрсію, абяцае быць актуальным і сачыць за палітычнымі працэсамі. Мы зьвярнулі ўвагу на показку, якую расказаў дэпутат так званай Палаты прадстаўнікоў 1-га скліканьня Васіль Хрол…Чытае Кастусь Бандарук:

(Бандарук: ) “Адбыліся выбары. Падлічылі галасы. Вызначылі пераможцу. Шчасьлівы дэпутат тэлефануе маці:
- Мама, я выйграў выбары?
- Што, сынок, сапраўды выйграў?
- Мама, ну хоць ты ня зьдзеквайся…”

Дарэчы, аўтар гэтай показкі Васіль Хрол – патрапіў і ў дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў і на восеньскіх выбарах… Нагадаю адрэсу сайту Карчма ў старога Язэпа: www.jazep.f2s.com

А зараз прапануем вам Інтэрнэт-навіны…

Прэм’ер-міністар Японіі Іосіра Моры зьявіцца ў мультфільме, які распавядае японцам пра перавагі карыстаньня Інтэрнэтам. Сам Моры навучыўся карыстацца электроннай поштай толькі тады, калі стаў прэм’ерам. Цяпер у пашырэньні Інтэрнэту ён бачыць адну з галоўных задачаў разьвіцьця краіны. У памянёным мульціку японскі прэм’ер Іосіра Моры ў якасьці мультыплікацыйнага героя дэманструе магчымасьці Інтэрнэту.

Павялічваецца колькасьць звальненьняў у Інтэрнэт-кампаніях ЗША. У сьнежні мінулага году лічба стала рэкорднай – 10 з паловаю тысячаў чалавек. Масавыя звальненьні адбываюцца сёмы месяц запар. Гэта стала вынікам папярэдняга неўтаймоўнага росту колькасьці спэцыялістаў. Найбольш скарачаюцца супрацоўнікі кансалтынгавых і фінансавых службаў Інтэрнэту, а таксама кампаніяў кантэнт-правайдэраў. Наступнымі паводле колькасьці звольненых – Інтэрнэт-крамы…

Пасьля шматлікіх дыскусіяў і судовых разьбіральніцтваў кампанія Yahoo забараніла продаж у сваім віртуальным аўкцыёне нацысцкіх сувэніраў. У лістападзе мінулага году францускі суд пастанавіў, каб Yahoo пазбавіла францускіх карыстальнікаў Інтэрнэту ўдзелу ў аўкцыёне падобных рэчаў. Забарона, уведзеная Yahoo, выключае продаж мэдалёў, зброі ці літаратуры, што засталося ад тых, хто спавядаў філязофію нацызму.

MessageLabs – арганізацыя, якая штодня скануе каля 3-х мільёнаў электронных лістоў, каб выявіць кампутарныя вірусы, апублікавала зьвесткі пра тое, што сёньня ў сярэднім заражаны кожны семісоты электронны ліст. Год таму вірус быў у адным з 2000 лістоў. Пры канцы мінулага году “Лябараторыя Касьперскага” штосуткі аналізавала каля 20 новых кампутарных вірусаў. Экспэрты лічаць, што сытуацыя ў сфэры бясьпекі кампутарных сетак, нагадвае інкубацыйны пэрыяд небясьпечнай хваробы. Чаканыя эпідэміі нанясуць большую шкоду, чым знакаміты ўжо вірус I love you.

Вольга Караткевіч, Прага

XS
SM
MD
LG