Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«ДРАНІКІ»


(Аўтар і вядучы Сяргей Шупа)

Сёньняшні выпуск нашай перадачы пра Інтэрнэт прысьвечаны знаёмству з яшчэ адносна новым, але вельмі папулярным інтэрнэтным праектам, які носіць вельмі адметны кулінарны назоў — ДРАНІКІ.

Што такое ДРАНІКІ? Перадусім гэта ўэб сайт, прысьвечаны пытаньням актуальнай беларускай палітыкі. Але гэтая праблематыка разглядаецца ў ім не з гледзішча нейкай палітычнай сілы, арганізацыі або партыі, без удзелу палітолягаў і экспэртаў, а — зусім як на кухні ў добрых знаёмых, дзе можна сабрацца й абмяняцца думкамі пра тое ЯК МЫ ЖЫВЕМ.

На галоўнай старонцы ДРАНІКАЎ — анонсы актуальных матэрыялаў — жывых роздумаў на актуальныя тэмы, дасланых некім, у каго на душы накіпела. Тут жа й перадрукі цікавых інтэрвію і артыкулаў з друку, спасылкі на іншыя інфармацыйныя сайты. І ня толькі інфармацыйныя — тут, напрыклад, можна знайсьці ўваход на інтэрнэтную старонку Пецярбурскіх Сэпаратыстаў — вельмі рэкамэндую тым, хто любіць пах вольнага балтыйскага паветра.

Зьвязацца з аўтарамі ДРАНІКАЎ, каб папрасіць іх распавесьці пра сябе й свой праект — справа няпростая. Можна даслаць ім ліст электроннай поштай, але ня факт, што вам адкажуць. Рэч у тым, што аўтары старанна захоўваюць сваю ананімнасьць, напэўна, маючы на гэта свае прычыны. І ўсё ж мне ўдалося скантактавацца з... назаву яго проста Дранікам, бо так і ня ведаю ні хто ён, ні дзе ён сядзіць.

***
З чаго пачаліся ДРАНІКІ — было маё першае пытаньне.

Дранік: Гэта пачыналася як... наагул iдэя, так?.. калi ўсё гэта зьяўлялася паўгода таму, базавая iдэя была наагул стварыць хоць нейкi тэрарызм... у сэнсе, iнтэлектуальны, iнфармацыйны... на жаль гэта ня выйшла, таму што вельмi хутка рассыпалася каманда i не атрымалася дынамiкi. Гэта ўсё ператварылася ў такое млявапраяўнае зьвяганьне, якое шмат каго, напэўна, прыколвае, або прыколвала. І... тады — так, тады... у сэнсе, давайце рабiць хоць што-небудзь, калi мы ня можам браць закладнiкаў там, цi падрываць там сёе-тое пятае-дзясятае, бо ня лiчым гэта правiльным — давайце паспрабуем падрываць мазгi хоць бы з гэтага боку, У сэнсе, тады гэта пачыналася так. Базава — так, давайце паспрабуем хоць што-небудзь зрабiць. Пасьля, калi каманда пачала рассыпацца, паспрабавалi зрабiць так, паспрабавалi зрабiць гэтак, пасьля пачалi зьяўляцца новыя людзi, яны прыходзiлi й адыходзiлi — у вiртуальным сэнсе гэтага слова. i... пасьля гэта ўсё заставалася як бы выключна на маiм сумленьнi, я нешта спрабаваў рабiць у меру маiх вельмi слабых магчымасьцяў... i зараз я ўспрымаў, скажам, тое, што было паўтары-два тыднi як новае дыханьне, але ўжо на... зь iншых прычынаў, у сэнсе, калi ёсьць нешта, што людзям цiкава, значыць — хай яно жыве хоць дзеля самога сябе. Таму я дадаў навiны i стараюся неяк... перарабiў трошкi структуру й г.д.

Шупа: А колькi ў «Дранiка» чытачоў?

Дранік: Ну вось рэальна з тых 13 тысячаў цi 14-цi, якiя ёсьць на лiчыльнiках, я мяркую, што... ну, можа быць, рэальна заходзiлi на сайт тысячаў пяць, астатнiя проста... ну гэтая статыстыка лiчыльнiка Geocities, У сэнсе, нават калi й пяць — гэта ўсё роўна, вядома, вельмi добра, ну, у рэшце рэшт гэта зноў жа «кухня» — няма чаго патрабаваць.

Шупа: Але гэтая колькасьць чытачоў дайшла да нейкага ўзроўню й спынiлася на iм?

Дранік: Быў усплёск — ну, я магу адсочваць нейкiя ўсплёскi, ну, вiдавочныя, скажам, сто-дзьвесьце-трыста наведаньняў за дзень, але яна такая млявапраяўная...

Шупа: А што спрыяла гэтым усплёскам? Чым яны былi выклiканыя?

Дранік: Я хацеў бы верыць у тое, што, пасьля дастаткова працяглага маўчаньня — на першай старонцы зьявiлася маўчаньне ў гасьцявой кнiзе — а пасьля... у сэнсе, гэта чыста iнтэрнэтаўскiя рэчы... а пасьля рэарганiзацыi, калi зьявiлiся навiны — бо ж рэклямы як гэткай не было — зьявiлiся навiны, i незта з знаёмых сказаў сваiм знаёмым, што там зьявiлася што чытаць. А паколькi зьяўляцца стала часьцей — як бы павысiўся трафiк. Як я разумею. Але й сапраўды, як я казаў, я думаю, што значна больш за палову чытачоў — за межамi Беларусi.

Шупа: Значыць, у гэтым сэнсе фактычна «Дранiкi» выконваюць сваю функцыю, якая, можа, не задумвалася напачатку — яны, фактычна, ня здольныя нiчога зьмянiць унутры, а яны толькi... разгойдваюць гэты беларускi кантэкст, беларускi дыскурс недзе за межамi — паўсюль там, дзе ёсьць доступ да iнтэрнэту i дзе людзi разумеюць па-расейску?

Дранік: Ну, напэўна так, хоць... гэтая мэта нiколi не вызначалася, а была зразуметая недзе пасьля двух месяцаў iснаваньня «Дранiкаў» — што склалася так, што, скажам, асноўная аўдыторыя там, i... з гэтым трэба пагадзiцца i бароцца з гэтым практычна немагчыма. І няма сэнсу.

***

Адзін з найпапулярнейшых куткоў ДРАНІКАЎ — гэта, вядома ж, ягоная Гасьцявая Кніга. Паводле наведнасьці яна мабыць не саступае беларускім дыскусійным групам і сьпісам падпіскі. У ёй можна знайсьці што заўгодна — ад вершаў Славаміра Адамовіча да абмеркаваньня новаўтвораных нэалягізмаў для абазначэньня новых тэхналёгіяў. Ну й вядома ж палітыка й жыцьцё, эміграцыя й бацькаўшчына ды іншыя адвечныя тэмы.

Калі не лічыць стыхійную Гасьцявую Кнігу, дык ДРАНІКІ - сайт расейскамоўны. Таму невыпадкова ў нашай гутарцы ўсплыло моўнае пытаньне.

Дранік: Ну, па-першае, расейская мова — гэта мая родная мова, я на ёй думаю. Гэта асноўнае. І на ёй думае бальшыня маiх суразмоўцаў, калегаў i аўтараў, скажам якiя пiшуць. Па-другое, зноў жа, паўтаруся, праз два месяцы iснаваньня «Дранiкаў» высьветлiлася, што большасьць чытачоў жыве за межамi, i далёка ня ўсе зь iх беларускамоўныя ў прынцыпе. Я маю на ўвазе: не абавязкова выхадцы зь Беларусi. І ствараць складанасьцi сабе i камусьцi... вось я паважаю беларускую мову, вельмi добра да яе стаўлюся, дастаткова няблага на ёй чытаю, але дрэнна магу выказваць думкi дакладна, на жаль. Але ў гэтым кантэксьце ёсьць як бы велiзарнае поле дзейнасьцi для тых, хто хоча працаваць на беларускай мове, у тым жа ж самым Інтэрнэце.

І ўсё ж сяброўская кухня, якая перасягнула межы кантынэнтаў — зьява неардынарная. Як яе ацаніць? Існаваньне ДРАНІКАЎ у беларускай інфармацыйнай прасторы — гэта нармальнасьць, ці ў гэтым выяўляецца нейкая анамалія нашага жыцьця?

Шупа: Цi можна лiчыць «Дранiкi» анамалiяй, цi наадварот нармальнай сытуацыяй?

Дранік: Для мяне гэта поўнае... Скажам так, гэтае пытаньне найбольш мяне разгубiла.

Шупа: Не, ў тым сэнсе, што... калi ўсе нiшы пустыя, толькi тады трэба iх запаўняць — у гэтым ненармальнасьць... «Дранiкi» ў такой форме, у такiм выглядзе, у якiм яны iснуюць, яны як бы пераймаюць на сябе функцыю нечага, таго, што магло б i мусiла йснаваць у рэальным жыцьцi, у сэнсе сродкаў iнфармацыi, нейкай нармальнасьцi... iнфармацыйнай.

Дранік: У гэтым напэўна... асноўная прычына гэтага напэўна ў тым, што яны незалежныя, што яны па-за ўсiм i крытычна ставяцца да ўсяго, што адбываецца. Да ўсяго, да ўсiх бакоў. У сэнсе, ёсьць як бы паняцьце таго, што дыктатура — гэта дрэнна, што тут гэтая дыктатура i што значыць гэта дрэнна, Ёсьць паняцьце Барацьба з дыктатурай — гэта добра, але тое, што тут — гэта дрэнна. І, можа быць, нармальнасьць гэтага рэсурсу ў тым, што ён нэўтральны. Ён незалежны. Гэта напэўна не адказ на гэтае пытаньне... На сёньняшнi дзень я ведаю велiзарную колькасьць рэсурсаў у iнтэрнэце — беларускамоўных, расейскамоўных (беларускiх), навiнных i г.д. І яны прафэсiйныя, прынамсi з гледзiшча зьместу. Вельмi шмат прафэсiйных з гледзiшча, скажам, падачы гэтага матэрыялу — я маю на увазе web-design'у. Але яны сыходзяць з пазасеткавых крынiцаў, у сэнсе гэта або газэты, або сайты арганiзацыяў. Унiкальнасьць напэўна «Дранiкаў» у тым, што гэта чыста iнтэрнэтны праект. Толькi iнтэрнэтны. І ня будзе напэўна нiколi нiякiм iншым.

Шупа: Існуе толькi так, як iснуе, плюс яшчэ той голас, якi я цяпер чую ў тэлефоне — i гэта ўсё... уся рэальнасьць...

Дранік: Ну, гэта таксама вiртуальны голас...

***

На разьвітаньне мне застаецца паведаміць адрас ДРАНІКАЎ:
http://www.draniki.com

Сяргей Шупа, Прага

XS
SM
MD
LG