Лінкі ўнівэрсальнага доступу

99. Працяг аповяду пра ўнівэрсытэты Польшчы.


Пазаўчора раніцай нам у рэдакцыю беларускай Свабоды пазваніў дырэктар Палянійнага інстытуту Кракаўскага Ягэлёнскага ўнівэрсытэту прафэсар Уладыслаў Мядунка, які прымаў удзел у папярэдняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”, і паведаміў, што да яго ў Інстытут на працягу апошняга тыдня звярнуліся некалькі абітурыентаў з Беларусі з просьбай прыняць іх на вучобу, і што кожны дзень ён атрымлівае новыя лісты. Некаторыя нават ужо накіравалі ў Кракаў неабходныя дакумэнты. Як паведаміў прафэсар Мядунка, кіраўніцтва інстытуту прыхільна ставіцца да падобных просьбаў, і будзе рабіць усё магчымае, каб прыняць у Кракаўскі унівэрсытэт як мага больш беларускіх юнакоў і дзяўчатаў. Прафэсар Мядунка таксама падзякаваў нашай рэдакцыі за прадстаўленьне ягонага ўнівэрсытэту ў эфіры.

Для тых, хто не пасьпеў раней запісаць адрас і тэлефоны палянійнага інстытуту Кракаўскага ўнівэрсытэту, я паўтараю ягоныя каардынаты:
Uniwersytet Jagiellonski
Instytut Polonijny, ul Jodlowa 13
30-253 Krakow, Polska

tel. – 8-10-48-12-4297110
fax. – 8-10-48-12-4299351

Cярод водгукаў слухачоў на перадачу “Гаўдэамус” ёсьць і такія, якія ўражваюць прафэсыйным веданьнем тэмы, глыбінёй і своеасаблівасьцю назіраньняў. І таму, калі да нас у рэдакцыю пазваніла адна менская ўнівэрсытэцкая выкладчыца, якая ўжо 5 гадоў жыве ў Варшаве, супрацоўнічае з Варшаўскім унівэрсытэтам, і падзялілася сваімі думкамі пра магчымасьці для маладых беларусаў вучыцца ў Польшчы, я адразу зьвярнуўся да яе з просьбай выступіць перад мікрафонам перадачы “Гаўдэамус”.

Назавем яе ўмоўна Марына Н. (таму што са зразумелых прычынаў яна папрасіла не называць яе сапраўднае імя).

Спачатку мая суразмоўца вырашыла падзяліцца сваімі агульнымі ўражаньнямі пра перадачу “Гаўдэамус”.

(Марына: ) “Я заўсёды слухаю перадачу “Гаўдэамус” і лічу яе вельмі карыснай для маладых беларусаў і беларусак. Яна як бы далучае людзей да эўрапэйскага кантэксту, арыентуе іх на Эўропу, а не на крымінальны ўсход”.

Марына ў Варшаве знаходзіцца як бы ў цэнтры беларускага нацыянальнага жыцьця. Яна сустракалася амаль з усімі маладымі беларусамі, якія прыехалі, каб вучыцца ў тамтэйшых ўнівэрсытэтах. Вось ейныя назіраньні.

(Марына: ) “Прыязджаюць сюды вучыцца людзі з рознымі ўяўленьнямі, што іх чакае на Захадзе. Ёсьць людзі, якія рэальна разумеюць сытуацыю, а ёсьць такія, якія ўспрымаюць гэта рамантызавана. Яны думаюць, што на Захадзе вучыцца так, як і ў Беларусі. І калі гэты чалавек моцны, калі ён можа хутка пераарыентавацца, усё ідзе добра, а калі чалавек слабейшы, дык ён часам ламаецца, не вытрымлівае.”

Марына сказала, што намагаецца сачыць за посьпехамі і паразамі амаль кожнага з маладых, хто прыязджае ў Варшаву. Яе ўражаньні ад таго, як рэагуюць маладыя беларусы на новую для іх польскую сыстэму навучаньня, наступныя:

(Марына3: ) “Cыстэма навучаньня адрозьніваецца ад сыстэмы ў постсавецкай Беларусі. Яна тут скіраваная на выхаваньне дарослага чалавека. З другога боку, яна скіраваная на атрыманьне вельмі грунтоўнай адукацыі. Вонкава сама вучоба можа падавацца лягчэйшай, чымся ў Беларусі. Бо ёсьць неабавязковыя заняткі. Ёсьць заняткі, якія сам можаш выбіраць. Не так праблематычна, калі студэнт нешта прапусьціць. Адным словам, стаўленьне, як да сур’ёзнага чалавека.

Ёсьць і абавязковыя нейкія прадметы, але ўпор робіцца на самастойнасьць навучаньня. Калі ж надыходзіць час здаваць экзамены, там усё мяняецца. Там ты адказваеш за тое, як ты жыў, як вучыўся гэтыя тры-чатыры месяцы. Сам экзамен – гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаваньне. Дзеля таго, каб здаць экзамен на тройку, напрыклад, трэба ведаць прадмет. На чацверку- трэба ўжо добра ведаць прадмет. Пра пяцёрку ўжо няма чаго гаварыць.

Сам экзамен – гэта як бы міні-дыскусія двух спэцыялістаў: прафэсара і студэнта, але студэнта – таксама спэцыяліста ў гэтай галіне. Спадзяваньні нейкія на шчасьлівы білет, на тое, што пашанцуе, на тое, што патрапіцца тое, што пасьпеў пачытаць – гэта выключана ўвогуле. Бо колькі б ні было ў прафэсара студэнтаў, ён кожнага не лянуецца пытаць усё. Ён размаўляе і з першым, і з дзясятым, і з сотым, але размаўляе цалкам па ўсёй праграме. Да экзаменаў трэба шмат рыхтавацца. Многа трэба запамінаць. Да такой сыстэмы трэба быць падрыхтаваным.”

Марына па-ранейшым жыве і працуе ў Варшаве. Яе назіраньні за тым, як інтэгруюцца маладыя беларусы ў польскую сыстэму вышэйшай адукацыі маюць, як бачым канкрэтны, прыкладны характар. І калі нехта з нашых слухачоў хацеў бы параіцца зь ёй, ці задаць пытаньне – калі ласка, зьвяртайцеся да нас, пішыце на адрас перадачы “Гаўдэамус”.

Марына ў сваіх назіраньнях закранула адну з самых істотных рысаў заходняй сыстэмы адукацыі. Гэта яе творчы характар. Фактычна заходнія прафэсары і іншыя выкладчыкі намагаюцца не вучыць вас, а толькі падказваць шляхі ўдасканаленьня ведаў у той ці іншай галіне. Праграма навучаньня – гэта толькі добры дапаможнік для вас у навуцы, а вучыцца вы павінны самі. Няма нічога дзіўнага, калі, напрыклад, у адным з заходніх унівэрсытэтаў прафэсар можа спытаць вас аб тым, чаго не было ў праграме, але закранутая ім тэма разглядалася ў адной з рэкамэндаваных кніжак. І вельмі высока ацэньваецца тое, калі вашыя веды базуюцца на літаратуры, пра якую ня ведаў сам выкладчык.

У другой частцы нашай праграмы, у “калёквіўму” я сёньня хачу пазнаёміць вас са зьместам артыкулу газэты International Herald Tribune, прысьвечанага праблемам самай прэстыжнай у сьвеце адукацыі ў галіне бізнэсу.

На старонках газэты чытаем, што самая прэстыжная ў сьвеце Гарвардская школа бізнэсу апошнім часам праходзіць грунтоўную перабудову навучальнага працэсу і агульнага падыходу да падрыхтоўкі спэцыялістаў “вялікага бізнэсу”.

Калі раней бальшыня выпускнікоў школы накіроўваліся на працу ў вялікія кампаніі, тыпу IBM, Merck ці Procter & Gamble, дык цяпер прыблізна кожны трэці пасля заканчэньня школы закладае свой уласны бізнес, а каля 40% накіроўваюцца на працу ў малыя і сярэднія кампаніі. Так, напрыклад, значная колькасьць выпускнікоў Гарварду працуе цяпер у кампаніях так званай Сіліконавай даліны, дзе сканцэнтраваныя амаль усе кампаніі кампутарнага бізнэсу ЗША.

Кім Кларк, дэкан школы ад 1995 году камэнтуе змены ў Гарвардскай бізнес школе наступным чынам: "Мы пачалі разглядаць прадпрыймальніцтва не як адлюстраваньне асабістых якасьцяў чалавека, не як элемэнт ягонай дзейнасьці, а толькі як спосаб мэнэджмэнту”.

Гарвард у сувязі з агульнай эканамічнай сытуацыяй сьвету вымушаны быў пайсьці насустрач сваім студэнтам, якія патрабуюць больш практычных ведаў, ведаў, што дапамогуць ім ў будучыні прыймаць самастойныя, часам рызыкоўныя, пастановы, а ня быць толькі выдатнымі выканаўцамі інтулектуальных практыкаваньняў сваіх шэфаў.

Сёньня навучальны працэс у Гарвардскай бізнэс-школе накіраваны на выхаваньне перш за ўсё самастойных прадпрыймальнікаў, якія валодаюць усімі неабходнымі эканамічнымі ведамі.

Важным элемэнтам перабудовы навучальнага працэсу ў Гарвардзе, як піша газэта “Іnternational Herald Tribune”, з 19 чэрвеня сёлета, зьяўляецца амаль поўная кампутарызацыя адносінаў паміж студэнтам і выкладчыкам. Студэнт можа на працягу ўсяго дня падтрымліваць Е-mail сувязь са свім прафэсарам, кансультавацца зь ім, здаваць залікі і экзамены праз кампутар. Кампутарная сетка Гарварду мае таксама магчымасьць імітаваць сапраўдныя валютна-фінансавыя і эканамічныя апэрацыі на ўсясьветных біржах.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG