Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

94. Умовы для навучаньня беларусаў ва Ўсходняй Эўропе.


Cярод беларускіх студэнтаў, якія сёньня вучацца за мяжой, ёсьць ужо свае вэтэраны. Некаторыя зь іх атрымалі ўжо дыплёмы бакаляўраў, магістраў і нават абаранілі доктарскія навуковыя ступені. Дасьведчаньні гэтых людзей ў замежным акадэмічным жыцьці напэўна прыдадуцца тым з нашых радыёслухачоў, якія толькі думаюць пра магчымасьці адукацыі ў замежжы, а таксама і тым, хто ўжо зьбіраецца выяжджаць па веды.

Некалькі нашых апошніх сустрэчаў ля прыймачоў, паважаныя радыёслухачы, у рамках перадачы адукацыйнае сэрыі “Гаўдэамус” выклікалі вашую падвышаную ўвагу. Пра гэта сьведчаць некалькі інтэрнэтаўскіх водгукаў і лістоў. Высьвятляецца, што магчымасьць паехаць на вучобу ў адну з суседніх з Беларусьсю краінаў, якія самі толькі нядаўна скінулі путы камунізму, даволі прывабная. І таму сёньня для ўдзелу у нашай перадачы я запрасіў аднаго з вэтэранаў, калі можна так казаць, вучобы за блізкай мяжой – Янку Чурыловіча.

Янка Чурыловіч – берасьцеец. Пасьля сканчэньня Берасьцейскага эканамічнага тэхікуму ён у 1993 годзе паступіў у Менскі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на факультэт эканомікі. А ў 1996 годзе ён стаў студэнтам Варшаўскага ўнівэрсытэту. Але перадам слова самому Янку Чырыловічу. Вось як ён распавядае пра свой шлях у замежжа па веды:

(Чурыловіч: ) “У 1993 годзе я пачаў навучаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і дзякуючы пасьпяховаму навучаньню я атрымаў магчымасьць у 1996 годзе перавесьціся ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на той самы факультэт эканомікі.

Пасьля гэтага мой лёс пачаў віраваць, спачатку вельмі непрыхільна для мяне. Прыйшлося пакінуць Беларусь ў сувязі з палітычным перасьледам з боку беларускіх уладаў. Гэта адбылося пад час сумна вядомага рэфэрэндуму 1996 году, калі я разам з украінскімі назіральнікамі выкрыў грубыя парушэньні беларускага заканадаўства. Гэта была фальсіфікацыя рэфэрэндуму. Нам пагражала да 5 гадоў зьняволеньня за “злостное хулиганство”. І таму прыйшлося выехаць і застацца ў Польшчы, хаця мне гэта было лягчэй зрабіць, таму што я там вучыўся. У мінулым годзе я скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт і адразу здолеў паступіць у Цэнтральна Эўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапешце на факультэт палітычных навукаў”.

Наколькі я зразумеў з нашай папярэдняй размовы са спадаром Янкам Чурыловічам, ён прыехаў у Польшчу сам на свой страх і рызыку без усялякай падтрымкі, бяз грошай і без папярэдняга ўзгадненьня. І таму я пытаюся ў яго: ці сёньня ён па ранейшаму перакананы, што малады беларус, узброены толькі сваімі добрымі ведамі, упэўненасьцю ў сваіх сілах і аптымізмам, здольны без ніякай падтрымкі атрымаць месца ў польскім унівэрсытэце? Янка Чурыловіч адказвае:

(Чурыловіч: ) “Зразумела, магчымасьць ёсьць, і я б нават сказаў вялікая. Але першае, што патрэбнае ад гэтага маладога чалавека, – гэта прага навукі. Калі я ў 1996 годзе выехаў у Польшчу, я цэлы год жыў без стыпендыі. Я не плаціў за навуку, але вымушаны быў працаваць нелегальна, каб атрымаць грошы на ўтрыманьне. У мяне нават не было дазволу на працу. Але я вучыўся, таму што я хацеў вучыцца. Я думаю, што кожны чалавек, які па-сапраўднаму хоча вучыцца за мяжой, ён пойдзе на ўсялякія ахвяры, каб толькі вучыцца, каб толькі пратрымацца там. Пасьля робіцца лягчэй. Але на сёньняшні дзень, у параўнаньні з 1996 годам, сыстэма дапамогі ў той жа самай Польшчы, Чэхіі ці Вугоршчыне стала больш прыхільнаю да беларускіх студэнтаў. Шмат лягчэй атрымаць дзяржаўную ўрадавую стыпендыю, атрымаць дадатковае фінанасаваньне на пакрыцьцё выдаткаў, таму што дзяржаўныя стыпендыі вельмі малыя”.

А ці лягчэй беларусам у параўнаньні з прадстаўнікамі іншых былых рэспублікаў былога СССР атрымаць стыпендыі польскага ўраду і дадатковую фінанасавую падтрымку? Такім было маё наступнае пытаньне да выпускніка Варшаўскага ўнівэрсытэту Янкі Чурыловіча. Вось, што ён мне адказаў:

(Чурыловіч: ) “Я б вельмі хацеў, каб так не было, але так ёсьць. Беларусаў сапраўды выдзяляюць і ў асноўным па палітычных прычынах. Беларусам лягчэй атрымаць фінансавую дапамогу выключна з палітычных меркаваньняў. Цэлы гэты працэс пачаўся зусім нядаўна, гады паўтары-два таму. Трэба разумець, што ва ўсіх посткамуністычных краінах адбыліся аксамітныя рэвалюцыі з пратэстамі. У Беларусі, хаця мы і назіраем элемэнты гэтага, але ёй яшчэ вельмі далека да Польшчы, Вугоршчыны ці Чэхіі. І таму мы тут вельмі часта чуем пытанье: чаму вы не пратэстуеце, чаму вы ня выходзіце на вуліцы? Да беларусаў стаўленьне дваістае: з аднаго боку нас шкадуюць, а з другога, нас пытаюць, чаму мы не пратэстуем, ці нам гэта падабаецца?”

У нашай папярэдняй размове Янка Чурыловіч сьцьвердзіў, што польскі ўрад нядаўна прыняў пастанову аб выдзяленьні спэцыяльнай квоты месцаў для беларусаў на польскіх унівэрсытэтах. Якая гэтая квота? Як можна ёй карыстацца? Янка Чурыловіч адказвае:

(Чурыловіч: ) “Спачатку я хачу высьветліць справу са студэнтамі польскага паходжаньня з Беларусі. Гэтыя людзі маюць правы мясцовых польскіх студэнтаў. Для іх там свая праграма. Што ж тычыцца беларусаў беларускага паходжаньня, дык яшчэ ў 1998 годзе маладзёвыя беларускія арганізацыі, такія як Малады Фронт, Маладая Грамада і Грамадзянскі Форум зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэм’ера Польшчы Ежы Бузэка з просьбай даць маладым беларусам магчымасьць працягнуць адукацыю ў Польшчы, і менавіта тым беларусам, якіх выкінулі з беларускіх унівэрсытэтаў па палітычных матывах. Гэта быў пасьпяховы для нас крок. Я зьяўляюся прадстаўніком Маладога Фронту тут у Эўропе і ў Польшчы, і я асабіста займаўся гэтай справай, быў адным з ініцыятараў гэтага ліста. Ён быў ухвалены Бузэкам, і беларускія студэнты атрымалі сваю квоту. І цяпер мы працуем над тэхнічнымі дэталямі, як гэта правесьці ў жыцьцё”.

Янка Чурыловіч, як актыўны дзеяч апазыцыі і афіцыйна прадстаўнік “Маладога Фронту” ў замежжы, трымае ў сваіх руках некаторыя рычагі каардынацыі беларускага студэнцкага жыцьця ў Польшчы ды іншых посткамуністычных краінах. Ён, бясспрэчна, валодае каштоўнай, актуальнай інфармармацыяй, толькі частка якой прагучала ў нашай сёньняшняй перадачы. І таму, калі хто-небудзь з нашых слухачоў хацеў бы зьвярнуцца да Янкі з асабістым пытаньнем, гэта можна зрабіць праз перадачу “Гаўдэамус”. Пішыце нам, зьвяртайцеся да нас з дапамогай электроннай пошты.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG