Лінкі ўнівэрсальнага доступу

87. Праграма "Тасіс" - у дапамогу ахвочым вучыцца за мяжой. Працяг тэмы.


Больш за 120 млн. даляраў прызначыў на 1999-2002 гг. Эўрапейскі Зьвяз на разьвіцьцё супрацоўніцтва з незалежнымі краінамі, якія паўсталі на месцы былога Савецкага Саюзу. Нагэтулькі значная сума грошай выдаткоўваецца ў рамках спэцыяльнай праграмы “Тэмпус”. Якім жа чынам можна скарыстаць з гэтых грошай? Які самы просты шлях атрыманьня стыпендыяў для маладых беларусаў праз гэтыя фонды?

Дзеля таго, каб даведацца пра сутнасьць адукацыйнай праграмы Эўрапейскага Зьвязу “Тэмпус” я пазваніў у яе сядзібу, якая знаходзіцца ў Рыме.

Тут патрэбнае малое вытлумачэньне: бальшыня ўстановаў Эўрапейскага Зьвязу знаходзіцца ў Брусэлі (Бэльгія) і Страсбургу (Францыя). Гэта два места, якія ня толькі геаграфічна знаходзяцца ў цэнтры Заходняй Эўропы, але і традыцыйна адыгрываюць ролю галоўных цэнтраў палітычнага жыцьця ЭЗ. Але апошнім часам усё больш і больш вызначаецца тэндэнцыя разгрупаваньня установаў ЭЗ па розных краінах. У Італіі, напрыклад, у Флярэнцыі пачаў працаваць Эўрапейскі ўнівэрсытэт – агульная для ўсіх 15 краінаў супольнасьці вышэйшая навучальная ўстанова. Тут таксама маюць сваю сядзібу некаторыя іншыя адукацыйныя ўстановы, у тым ліку і фонд “Тасіс”.

Як я ўжо расказваў у папярэдняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”, праграма супрацоўніцтва ў галіне адукацыі з краінамі былога СССР (за выключэньнем краінаў Прыбалтыкі) пад назваю “Тэмпус” – гэта складовая частка фонду “Тасіс”. Менавіта зь ягоных сродкаў фінансуюцца праграмы супрацоўніцтва з былымі савецкімі навучальнымі ўстановамі, у тым ліку і з беларускімі. Кожная посткамуністычная краіна на гэтыя мэты атрымлівае адпаведныя сродкі.

Але ці можа гэтымі сродкамі карыстацца прыватная асоба? Ці можа, скажам, адзін зь цяперашніх нашых слухачоў зьвярнуцца ў сядзібу праграмы “Тэмпус” у Рым з просьбай прафінансаваць ягонае навучаньне ў адным з заходніх унівэрсытэтаў? Альбо, ці можа ён папрасіць сродкі на выкананьне нейкага навуковага праекту? На гэтае пытаньне па тэлефоне з Рыму адказвае выканаўчы дырэктар праграмы “Тэмпус” доктар Арыен Вос:

(Вос: ) “Не, такой магчымасьці няма. Да нас трэба зьвяртацца толькі праз прадстаўніцтвы нашага фонду ў кожнага на бацькаўшчыне”.

(Іваноў: ) “Што ж тады трэба рабіць таму чалавеку, які мае канкрэтныя адукацыйныя пляны і шукае грошы дзеля іх выкананьня?”

(Вос: ) “Ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюзу, ахопленых праграмай “Тэмпус”, існуюць спэцыяльныя інфармацыйныя цэнтры. Яны створаныя на падставе паразуменьня паміж адукацыйнай камісіяй Эўрапейскага Зьвязу і ўрадам кожнай паасобнай краіны. Звычайна ў якасьці нашага партнэра выступае адпаведнае міністэрства асьветы”.

(Іваноў: ) “А якія існуюць іншыя ўмовы дзеля таго, каб атрымаць падтрымку ад фонду “Тэмпус”? Ці патрэбна, напрыклад, абавязкова мець адпаведнага партнэра ў заходнім унівэрсытэце?”

(Вос: ) “Так, наяўнасьць адпаведнага партнэра ў заходняй вышэйшай навучальнай установе – мінімальная неабходная ўмова. А для посткамуністычных унівэрсытэтаў неабходнай умовай для атрыманьня сродкаў зьяўляецца супрацоўніцтва як мінімум з двума заходнімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі”.

(Іваноў: ) “Вядома, што галоўная рабочая мова Эўрапейскага Зьвязу – ангельская. Але дзейнасьць арганізацыі адбываецца на 11 афіцыйных мовах ЭЗ. Ці гэтая акалічнасьць мае свой ўплыў на тое, якой мовай можа ці павінен карыстацца той, хто зьвяртаецца ў фонд “Тэмпус” з просьбай прадстаўленьня стыпэндыі ці гранту?”

(Вос: ) “Можа выкарыстоўвацца адна з афіцыйных моваў Эўрапейскае Супольнасьці. Гэта можа быць ангельская мова, фрацузская, нямецкая, і, нават, фінская, швэцкая ці галяндзкая. Усё залежыць ад магчымасьцяў таго, хто зьбіраецца ўступіць з намі ў кантакт”.

(Іваноў: ) “Калі мы вось цяпер паглядзім на мапу былога Савецкага Саюзу, дык на ёй можна знайсьці незалежныя краіны, якія зрабілі даволі значны прагрэс на шляху пабудовы дэмакратычнага грамадзтва і перабудовы сваей гаспадаркі на дэмакратычныя рэйкі. Такі прагрэс зрабілі перш за ўсё краіны Прыбалтыкі. Але на гэтай мапе мы можам пабачыць і краіны, прагрэс якіх на гэтым шляху не такі відавочны, але ёсьць і такія, кіраўніцтва якіх будуе нейкі новы гібрыд таталітарнага грамадзтва з элемэнтамі рынку і дэмакратыі. Апошняе тычыцца перш за ўсе такой краіны, як Беларусь. Ці кіраўніцтва фонду “Тэмпус”у сувязі з гэтым мае дыфэрэнцыйны падыход да паасобных посткамуністычных краінаў? Ці адукацыйная праграма “Тэмпус” спрыяе тым, хто цьвёрда стаіць на шляху дэмакратыі і прагрэсу?”

(Вос: ) “Праграма “Тэмпус” – гэта арганізацыя, якая адкрытая для любых прапановаў з боку вышэйшых навучальных установаў на посткамуністычнай прасторы. Але калі на ўзроўні кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу супрацоўніцтва зь нейкай краінай абмяжоўваецца ці прыпыняецца зусім, гэта мае адпаведны ўплыў і на кантакты фонду “Тэмпус”. Але мы маем свой адпаведны бюджэт, які павінен выконвацца ў адпаведнасьці з раней падпісанымі пагадненьнямі. Праўда Эўрапейская камісія вызначае нейкія прыярытэты для нас. Так, напрыклад, у 1998-1999 гг. для Армэніі былі вызначаныя прыярытэты накіраваньня сродкаў на разьвіцьцё грамадзкіх навукаў: эканомікі, юрыспрудэнцыі ды іншых галінаў”.

(Іваноў: ) “У маладых посткамуністычных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, акрамя дзяржаўных вышэйшых навучальных установаў, дзе часам пануе кансэрватызм савецкага тыпу, апошнім часам зьявілася даволі шмат прыватных незалежных інстытутаў і ўнівэрсытэтаў. Частка зь іх – гэта сапраўдныя асяродкі дэмакратычнасьці і перадавых мэтадаў навучаньня. Ці фонд “Тэмпус” у сваёй дзейнасьці ўлічвае гэтыя акалічнасьці і перш за ўсе спрыяе гэтаму апошняму тыпу вышэйшых навучальных установаў?”

(Вос: ) “Прызначэньне сродкаў у рамках праграмы “Тэмпус” ня ўлічвае падобных крытэраў. У гэтым сэнсе мы намагаемся выбіраць праекты толькі на падставе іх рэальнай навуковай вартасьці, а таксама на падставе таго, якім чынам яны адпавядаюць прыярытэтам, якія вызначаныя кіраўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу ў праграме “Тасіс”.

Праграма супрацоўніцтва ў галіне адукацыі “Тэмпус” паміж Эўрапейскім Зьвязам і краінамі былога СССР – самы дасягальны і эфэктыўны сродак атрыманьня дапамогі для тых беларусаў, якія зацікаўленыя ў стыпендыях і грантах. Пра тыя канкрэтныя крокі, якія трэба рабіць у гэтай галіне, я і мае суразмоўцы з фонду “Тэмпус” раскажам у наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG