Лінкі ўнівэрсальнага доступу

86. Праграма "Тасіс" - у дапамогу ахвочым вучыцца за мяжой.


Праграма “Тасіс”, якая створаная адукацыйнай камісіяй Эўрапейскага Зьвязу, прызначаная спэцыяльна для краінаў былога Савецкага Саюзу. У чым яе сутнасьць? Якім чынам могуць атрымліваць стыпендыі і гранты зь яе фондаў маладыя беларусы? Пра гэта і пра іншыя праблемы адукацыі за мяжой – у сеньняшняй праграме сэрыі “Гаўдэамус”.

Праграма “Тассіс” накіраваная на тое, каб дапамагчы постсавецкім краінам трансфармаваць сваю адукацыйную сыстэму такім чынам, каб яна магла стаць эфэктыўным сродкам дэмакратызацыі грамадзтва і пераводу яго гаспадаркі на рынкавыя рэйкі.

Кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу невыпадкова штогод выдзяляе дзесяткі мільёнаў даляраў на гэтыя мэты. Гэты фонд фінансуе супрацоўніцтва паміж заходнімі і посткамуністычнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, выдзяляе грошы на розныя навуковыя праекты вучоных былога Савецкага Саюзу, дае стыпендыі тым студэнтам з Усходняй Эўропы, які хочуць паехаць навучацца на Захад, дапамагае з кампутарным ды іншым абсталяваньнем унівэрсытэтаў за былой жалезнай заслонай.

У рамках праграмы “Тасіс” існуе спэцыяльны фонд “Тэмпус”, заданьнем якога зьяўляецца непасрэднае фінансаваньне праектаў супрацоўніцтва з унівэрсытэтамі краінаў, якія некалі ўваходзілі ў склад былога Савецкага Саюзу. Кіраўніцтва гэтага фонду знаходзіцца ў Італіі, ў Рыме. І таму, каб даць вам, паважаныя радыёслухачы, найбольш дакладную інфармацыю пра магчымасьці атрыманьня фінанасавай дапамогі ад Эўрапейскага Зьвязу дзеля працягу адукацыі на Захадзе, я пазваніў у Рым у сядзібу праграмы “Тэмпус”. Інтэрвію для праграмы “Гаўдэамус” згадзіўся даць сам выканаўчы дырэктар “Тэмпуса”, прадстаўнік Галяндыі, які прыцуе ў Эўрапейскім Зьвязе, Арнен Вос. Вось што ён расказаў пра сутнасьць праграмы “Тасіс” на самым пачатку нашай размовы:

(Вос: ) “Праграма “Тасіс” – гэта агульная праграма супрацоўніцтва паміж Эўрапейскім Зьвязам і краінамі былога Савецкага Саюзу, за выключэньнем прыбалтыйскіх краінаў і з дадаткам Манголіі. Гэта праграма, якая дае розныя віды дапамогі. Яна дзейнічае, напрыклад, у галіне эканамічнага супрацоўніцтва, у галіне падтрымкі малых прадпрыемстваў. Яна распасюджваецца на галіну экалёгіі, энэргетыкі. Ідзе дапамога ў галіне прыватызацыі і дэмакратызацыі.

Што ж тычыцца праграмы “Тэмпус”, дык яна накіраваная непасрэдна на супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, паміж унівэрсытэтамі ды іншымі адукацыйнымі ўстановамі Эўрапейскага Зьвязу і ўнівэрсытэтамі былога Савецкага Саюзу ды Манголіі. Бюджэт праграмы “Тэмпус” зацьвярджаецца штогод у рамках праграмы “Тассіс”.

Тое, што на супрацоўніцтва ў галіне адукацыі Эўрапейскі Зьвяз штогод выдаткоўвае мільёны даляраў, добра вядома. Але колькі ж дакладна? Які ж гадавы бюджэт праграмы “Тэмпус”? Выканаўчы дырэктар гэтай праграмы Арнен Вос адказвае:

(Вос: ) “Бюджэт наш залежыць ад краіны, для якой ён прызначаны. Эўрапейская Камісія вызначае для кожнай краіны галоўныя кірункі разьвіцьця супрацоўніцтва. Так, напрыклад, калі ўрад Казахстану зьвяртаецца да Эўрапейскае Камісіі з просьбай прызначыць перш за ўсё сродкі на разьвіцьце супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі. І калі Эўрапейская Камісія палічыць, што аргумэнты казахскага ўраду пераканаўчыя, на гэтую галіну могуць быць прызначаныя дадатковыя сродкі. Такім чынам, кожная краіна мае адпаведную аўтаномію ў галіне выкарыстаньня тых сродкаў, якія яны атрымліваюць у якасьці дапамогі ад Эўрапейскага Саюзу.

Так, напрыклад, Расейская Фэдэрацыя ў рамках мінулагодняга бюджэту атрымала прыблізна 11 ці 12 млн. эўра на праграмы супрацоцоўніцтва з эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі”.

Калі падсумаваць тое, што толькі што расказаў нам дырэктар праграмы “Тэмпус” спадар Вос, можна прыйсьці да высновы, што калі нейкая краіна накіроўвае ў Брусэль, дзе знаходзіцца Эўрапейская Камісія, больш пераканаўчую і больш абгрунтаваную дакумэнтацыю ў справе неабходнасьці трансфармацыі сваей адукацыйнай сыстэмы, яна ў стане атрымаць больш значную дапамогу. Іншымі словамі, даволі шмат тут залежыць ад здольнасьцяў саміх працаўнікоў мністэрстваў вышэйшай асьветы паасобных краінаў. Арнен Вос тлумачыць:

(Вос: ) “Так, вы маеце рацыю. У прынцыпе гэта магчыма. Хаця ня кожны навуковы праект аўтаматычна атрымлівае падтрымку Эўрапейскае Камісіі. Есьць міжнароднае пагадненьне, якое абмяжоўвае бюджэт, які выдзяляецца на гэтыя мэты штогод”.

Тое, што на Захадзе Эўропы існуе падобная арганізацыя, якая стварае магчымасьць маладым беларусам паехаць працягваць сваю адукацыю ў замежжы, дае ім надзею здабыць неабходныя сродкі на навучаньне. Але як гэта рабіць практычна? Ці арганізацыя фонду “Темпус” наладжвае кантакты з паасобнымі грамадзянамі? Ці ў поле яе дзейнасьці трапляюць толькі вялікія дзяржаўныя навучальныя і навуковыя ўстановы? Іншыммі словамі, хто мае права ўступаць у кантакт з “Тэмпусам”. Выканаўчы дырэктар гэтага фонду Арнен Вос па тэлефоне з Рыму адказвае:

(Вос: ) “У нашай праграме “Тэмпус” удзельнічаюць толькі самі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Але цяпер у новым этапе праграмы “Тэмпус”, які пачынае ажыцьцяўляцца ў сёлетнім 2000-ым годзе, змогуць удзельнічаць ня толькі адукацыйныя ўстановы, але й тыя, якія маюць нейкую сувязь з адукацыяй”.

А як жа ўсё ж быць паасобнаму чалавеку, які, напрыклад, пасьля праслухоўваньня нашай перадачы “Гаўдэамус” вырашыў сам, на свой страх і рызыку, паспрабаваць паехаць вучыцца на Захад. Якім мог бы быць плян ягоных дзеяньняў у дачыненьні да праграмы “Тэмпус”? Выканаўчы дырэктар гэтай праграмы спадар Арнен Вос адкажа на гэтае пытаньне ў наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG