Лінкі ўнівэрсальнага доступу

83. Праграмы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту для выкладчыкаў. Заканчэньне тэмы.


На пачатку прыгадаю, што летняя школа Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце праводзіцца штогод для ўнівэрсытэцкіх выкладчыкаў, адміністрацыйнага пэрсаналу і незалежных даследчыкаў з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку і з Беларусі. Галоўная мэта школы – дапамагчы ў перакваліфікацыі тых інтэлектуалаў, якія самі адказныя за падрыхтоўку студэнтаў на посткамуністычнай прасторы.

Сёлета ў рамках летняй школы будуць адбывацца сэмінарскія заняткі ў рамках трох спэцыяльных тэматычных курсаў. Яны, ў прыватнасьці, прысьвечаныя праблеме захаваньня правоў чалавека, рэфармаваньню аховы здароў’я, праўным аспэктам рынкавага рэфармаваньня гаспадаркі, ролі прафсаюзаў у новай посткамуністычнай рэчаіснасьці і заканадаўчаму аспэкту міжнародных бізнэсовых кантактаў.

Аднак для тых, хто хацеў бы прыехаць на заняткі ў Будапэшт з Беларусі, адно з самых галоўных пытаньняў, гэта – дзе ўзяць грошы на паездку. І таму, каб высветліць гэтую праблему я зноў пазваніў у Будапэшт, дырэктару летняй школы Эве Гэдэоні. Вось што яна мне адказала.

(Гэдэоні: ) “Гэтыя летнія курсы цалкам фінансуюцца галоўным спонсарам. Але толькі для прадстаўнікоў краінаў Усходняй Эўропы. Усе удзельнікі сэмінараў з краінаў былога Савецкага Саюзу, Манголіі ды іншых краінаў Усходняй Эўропы прыяжджаюць бясплатна. Ім плацяць за дарогу, за навучаньне, за гатэль і харчаваньне. Для прадстаўнікоў жа Заходняй Эўропы і ЗША трэба плаціць прыблізна 200 даляраў за тыдзень. І яны павінны заплаціць за сваё падарожжа. Мы маем вельмі абмежаваную колькасьць месцаў для заходніх удзельнікаў. Ня больш за 5 у кожным сэмінары, і яны павінны заплаціць за свой удзел”.

Гэта была думка Эвы Гэдэоні, дырэктаркі летняй школы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце.

Пра некаторыя крытэрыі адбору кандыдатаў дзеля ўдзелу ў летняй школе я ўжо расказваў вам, паважаныя радыёслухачы, у папярэдняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Сёньня ж я пацікавіўся ў Эвы Гэдэоні, які ўзровень веданьня ангельскай мовы патрэбны дзеля таго, каб удзельнічаць у сэмінарскіх занятках летняй школы? Яе адказ быў наступным:

(Гэдэоні: ) “Гэта вельмі важнае пытаньне. Справа ў тым, што мы ня маем дакладных сродкаў, каб праверыць узровень ведаў ангельскай мовы. Мы ня можам арганізаваць нейкія экзамены ангельскай мовы. Мы можам меркаваць пра ўзровень ведаў ангельскай мовы толькі на падставе тых дакумэнтаў, якія дасылае нам кандыдат, толькі на падставе таго, якой мовай піша ён да нас. І гэты аспэкт дакумэнтаў мы павінны вывучаць вельмі дакладна. Але і той, хто запаўняе анкеты павінен быць вельмі шчыры. Калі ён нас падмане, могуць здарыцца дзьве рэчы. Па-першае, яго могуць паслаць назад дамоў, калі высьветліцца, што ягоная ангельская мова вельмі слабая. І такія выпадкі былі падчас мінулых заняткаў летняй школы. Мы можам таксама ўключыць імя чалавека, які падмануў, у так званы чорны сьпіс. І ён ня зможа больш ніколі прыехаць на заняткі ў Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт”.

Наступнае патыньне, якое я задаў Эве Гэдэоні, дырэктарцы летняй школы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце, датычыла працы кваліфікацыйнай камісіі, якая вырашае, хто будзе залічаны ў лік ўдзельнікаў школы, а хто не. Чый голас у камісіі мае вырашальнае значэньне? Якія крытэрыі ляжаць у падставе той ці іншай пастановы. Эве Гэдэоні адказвае:

(Гэдэоні: ) “У нас шмат кандыдатаў на ўдзел у прыблізна 25 сэмэнірах, якія адбываюцца штогод у нашым унівэрсытэце, і таму ў нас працуе не адна кваліфікацыйная камісія. Аднак у кожнай камісіі ёсць свой старшыня, голас якога вырашальны. Зразумела, ён прыслухоўваецца да дамак членаў камісіі, але ягонае слова мае вырашальнае значэньне. Так, што вырашае не адміністрацыя, а менавіта самі вучоныя”.

Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт – арганізацыя прыватная, створаная на грошы вядомага фінансіста Джорджа Сораса, які дапамагае ўсім краінам былога сацыялістычнага лягеру і былым савецкім рэспублікам ў падрыхтоўцы кадраў, якія б маглі кіраваць пераходам да дэмакратыі і рынкавай гаспадаркі. Усе краіны, за выключэньнем, можа, адной Беларусі, удзячныя Сорасу за гэтую дапамогу.

Сёньня Сорас надалей фінансуе шматлікія праграмы дапамогі, у тым ліку, і Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт. Але ці фінансаваньне з боку Сораса – гэта на доўгую пэрспэктыву? Як доўга яшчэ можна разьлічваць на ягоныя грошы? Ці шукае ўнівэрсытэт і ягоная летняя школа іншых крыніцаў фінансаваньня? Дырэктарка летняй школы Эве Гэдэоні адказвае:

(Гідэоні: ) “Будучыня Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту, на маю думку, даволі бязхмарная. Некаторыя праграмы нашага ўнівэрсытэту фінансуюцца асобна фондамі Эўрапейскага Зьвязу. Яны не абцяжарваюць бюджэт унівэрсытэту. Праўда, па грошы для іх фінансаваньня трэба зьвяртацца кожны год і атрымліваць згоду адпаведных эўрапейскіх камісіяў. Акрамя таго, мы разумеем, што паволі мы павінны пераходзіць на альтэрнатыўныя крыніцы фінансаваньня. Мы ўжо зьвярталіся ў Сусьвтны Банк і атрымалі адтуль пазытыўную рэакцыю. Так што наша будучыня залежыць ад пераходу на іншыя крыніцы фінансаваньня”.

Гаварыла Эве Гэдэоні, дырэктарка летняй школы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце.

І на закначэньне падаю адрас, тэлефоны і інтэрнэтаўскія каардынаты летняй школы ў Будпэшце:

Summer University Office
Central European University
Nador 9
1051 Budapest

tel. 36-1-3273811
fax. 36-1-3273124

Internet – sammer@ceu.hu

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG