Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

82. Праграмы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту для выкладчыкаў.


У нашых праграмах сэрыі “Гаўдэамус” мы пераважна гаварылі пра магчымасьці атрыманьня адукацыі для людзей маладога ўзросту, для беларускіх студэнтаў, якія б хацелі працягваць сваю адукацыю на Захадзе. Але зусім ня меншыя, калі не сказаць большыя, магчымасьці падвышаць сваю кваліфікацыю на Захадзе існуюць для настаўнікаў, прафэсараў і адміністрацыйных работнікаў беларускіх вышэйшых навучальных установаў.

Міжнародныя адукацыйныя арганізацыі і кіраўнікі заходніх унівэрсытэтаў разумеюць, што куды прасьцей арганізаваць падрыхтоўкі ці перакваліфікацыю тых, хто нясе веды, а не тых, хто гэтыя веды атрымлівае. І таму для гэтай катэгорыі працаўнікоў асьветы на захадзе рэгулярна наладжваюцца розныя сэмінары, кароткія курсы і т.п. Есьць даволі шмат і стыпендыяў, якія дазваляюць беларускім выкладчыкам падвышаць сваю кваліфікацыю ў самых прэстыжных унівэрсытэтах.

Сёньня ж я хачу расказаць вам, паважаныя радыёслухачы, пра так званую Летнюю школу Цэнтральна-Эўрапэйскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце, у Вугоршчыне.

Прыгадаем, што Цэнтральна-Эўрапэйскі ўнівэрсытэт – гэта вышэйшая навучальная ўстанова, створаная прыблізна 10 год таму на ініцыятыву і на грошы вядомага амэрыканскага філянтропа і фінансіста Джорджа Сораса. Навучаньне тут адбываецца паводле амэрыканскіх праграмаў, якія базуюцца на распрацоўках навукоўцаў Ню-Ёркскага ўнівэрсытэту. Сярод каля тысячы яго студэнтаў прадстаўнікі амаль ўсіх посткамуністычных краінаў, у тым ліку, і даволі лічная група беларусаў. Заняткі і ўся навукова-педагагічная праца адбываецца там на ангельскай мове.

Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт вядомы на посткамуністычнай прасторы ня толькі высокаякаснай падрыхтоўкай студэнтаў. Гэта таксама аўтарытэтны навуковы цэнтар. У ягоных мурах распрацоўваюцца шматлікія навуковыя тэмы, адбываюцца прадстаўнічыя навуковыя канфэрэнцыі. Тут таксама адбываюцца розныя сэмінары і курсы для тых, хто сам адказвае за падрыхтоўку студэнтаў у сябе на бацькаўшчыне.

Сёлета ўлетку традыцыйна пачынае працаваць на базе ўнівэрсытэту летняя школа, на якую запрашаюць унівэрсытэцкіх выкладчыкаў, адміністрацыйны пэрсанал і незалежных дасьледчыкаў. Сёлета прапануецца 5 спецыяльных тэматычных курсаў. Гэта:

- Правы чалавека і прымусовыя высяленьні людзей: міждысцыплінарны падыход.

- Ахова здароў’я ў параўнаўчай Эўрапэйскай пэрспектыве.

- Эканамічны аналіз юрыспрудэнцыі і размеркаваньня.

- Змены ў прафсаюзным законадаўстве, фрамаваньне новага сацыяльнага партнёрства.

- Законадаўства міжнародных бізнесовых кантрактаў.

Як бачым, тут вельмі шырокі тэматычны спэктар, і шмат хто з беларускіх спэцыялістаў мог бы прыехаць на такі курс у Будапэшт. Але ж як канкрэтна атрымаць магчымасьць паездкі ў Будапешт? Каб высвятліць гэтае пытаньне, як гаворыцца, зь першых рук, я пазваніў у Будапэшт да дырэктаркі летняй школы Эве Гэдэоні. Вось што яна мне расказала пра сутнасьць працэсу навучаньня ў летняй школе Цэнтральна-Эўрапэйскага ўнівэрсытэту:

(Гэдэоні: ) “Усе нашыя праграмы пададзеныя ў Інтэрнэце. Дастаткова клікнуць на адпаведнае вокно на кампутарным экране і даведацца пра адпаведны курс. Можна атрымаць шмат дадатковай інфармацыі, напрыклад, пра варункі прыезду ў Будапэшт, пра прафэсараў, якія арганізуюць сэмінары. І пасьля таго, як вы пазнаёміліся са зьместам, можна выбраць ня больш як два сэмінары. Пры гэтым трэба адзначыць, якому сэмінару вы аддаеце перавагу. Спэцыяльныя анкеты таксама можна ўзяць з Інтэрнэту. Накіраваць сваю заяўку можна на наш адрас у Цэнтральна-Эўрапэйскі ўнівэрсытэт у Будапэшт, альбо на адрас мясцовага аддзяленьня Фонду Сораса ў вашай краіне”.

Падаем адрас, тэлефоны, а таксама інтэрнэтаўскі адрас летняй школы Цэнтральна-Эўрапэйскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце:

Summer University Office
Central European University
Nador 9
1051 Budapest

tel.: 36-1-3273811
fax: 36-1-3273124

Internet – sammer@ ceu.hu

Кіраўнікамі сэмінараў летняй школы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту звычайна зьяўляюцца вучоныя розных заходніх краінаў з сусьветным імем. Фонд Сораса спэцыяльна запрашае іх і, трэба прызнаць, не шкадуе даволі высокіх ганарараў. Так, напрыклад, сёлета сэмінарам “Правы чалавека і прымусовыя высяленьні людзей” будзе кіраваць прафэсар Артур Гельтан з ЗША.

Сэмінарам “Ахова здароў’я ў параўнаўчай эўрапейскай пэспэктыве” будзе кіраваць прафэсар Андрэ фон Экстар з Ратэрдаму, Галяндыя. Юрыдычны сэмінар будзе працаваць пад кіраўніцтвам прафэсара Зейко Севіча з Грынвічскага ўнівэрсытэту ў Вялікай Брытаніі. Сэмінар у справах прафсаюзнага руху будзе весьці вугорскі прафэсар Сыцылія Колонай Лехочкі, а сэмінар на тэму “Заканадаўства міжнародных бізнэсовых кантактаў” будзе працаваць пад кіраўніцтвам амэрыканскага прафэсара Мемфіскага ўнівэрсытэту Франца Габара.

А якім жа чынам адбываецца адбор у летнюю школу Цэнтральна-Эўрапэйскага ўнівэрсытэту? Дырэктар летняй школы Эве Гэдэоні расказвае:

(Гэдэоні: ) “Калі вы прынятыя, вы можаце удзельнічаць толькі ў адным сэмінары летняй школы. Вы ня можаце адначасна ўдзельнічаць у некалькіх сэмінарах. Крытырыі адбора ўдзельнікаў даволі складаныя. У правілах летняй школы гаворыцца, што на працягу 4 гадоў вы можаце ўдзельнічаць толькі ў 2 сэмінарах. І таму тыя, хто ўжо прымаў удзел у 2-х сэмінарах на працягу апошніх трох гадоў, ня можа быць прыняты ў сёлетнюю летнюю школу. Акрамя таго, наш унівэрсытэт арганізоўвае іншыя формы сэмінараў і курсаў. І яны таксама ўлічваюцца падчас адбору. Тыя людзі, якія ўжо бралі ўдзел у розных занятках і працах нашага ўнівэрсытэту, таксама могуць мець адпаведныя абмежаваньні, калі яны хочуць прыехаць на летнюю школу”.

І самае галоўнае пытаньне, якое мне хацелася закрануць у размове з дырэктарам летняй школы Цэнтральна-Эўрапэйскага ўнівэрсытэту Эвай Гедэоні, – гэта справа фінансаваньня магчымай паездкі беларусаў у Будапэшт. Хто ж плаціць за ўдзел у летняй школе? На гэтае і іншыя пытаньні Эве Гэдэоні адкажа ў наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG