Беларускія студэнты ў Вялікай Брытаніі. Як жывуць і вучацца яны на брытанскіх
выспах? Якія іх посьпехі ў навуцы? Як праводзяць яны свой вольны час? Сёньняшняя
перадача адукацыйнай сэрыі “Гаўдэамус” прысьвечаная тэме беларускага студэнцкага
жыцьця ў Вялікай Брытаніі.
Ігар Іваноў, як я ўжо згадваў у папярэдняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”,
– студэнт першага курсу Лёнданскага тэалягічнага ўнівэрсытэту (Місіянэрскага
інстытуту). У Лёндан ён прыехаў на запрашэньне апостальскага візытатара
для беларусаў-католікаў усходняга абраду і дырэктара Скарынінскага цэнтру
ў Лёндане айца Аляксандра Надсана. Прыехаў ён больш за год таму, і першы
пэрыяд свайго побыту тут ён прысьвяціў вывучэньню ангельскай мовы. З гэтай
мэтай вучыўся ён два сэмэстры на так званым падрыхтоўчым факультэце. І
цяпер ягоная ангельская мова цалкам дастатковая, каб вучыцца ў брытанскай
вышэйшай навучальнай установе.
Ігар Іваноў апынуўся ў Лёндане і атрымаў магчымасьць працягваць сваю
адукацыю тут дзякуючы дапамозе беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі.
Вось, што ён расказвае пра тое, як ён і іншыя беларускія студэнты ўдзельнічаюць
у беларускім жыцьці ў Лендане.
(Ігар Іваноў: ) “Мы жывем тут у будынку беларускай каталіцкай місіі,
удзельнічаем у жыцьці беларускай грамады. Тут стала наладжваюцца розныя
вечарыны, розныя сустрэчы, і таму мала застаецца вольнага часу”.
А ці не прыгадвае беларускае студэнцкае жыцьцё ў Вялікай Брытаніі нейкае
“гэтта”? Ці не ізаляваныя вы ў сваім калектыве? Як укладаюцца вашыя адносіны
з карэннымі ангельцамі і іншымі брытанцамі? Ігар Іваноў, студэнт Місіянэрскага
інстытуту з Лендану адказвае:
(Ігар Іваноў: ) “Вельмі цікавае слова “гета”, але магчыма так яно і
выглядае. Зь іншымі беларускімі студэнтамі з Лёндану мне асабіста сустрэцца
так і не ўдалося. Напэўна ў Лендане іх даволі шмат, але, відаць, беларуская
бібліятэка іх не цікавіць.
Дарэчы, у любым даведніку можна знайсьці адрас і тэлефон беларускай
бібліятэкі ў Лёндане. Калі б іх гэта цікавіла, яны б сюды напэўна прыйшлі
б. Так, як гэта робяць студэнты зь некаторых іншых ангельскіх гарадоў.
Вось нядаўна з Манчэстэру да нас прыехаў хлопец, які там вучыцца ва ўнівэрсытце.
Мы цяпер вырашылі зьезьдзіць да іх у Манчэстэр”.
(Мікола Іваноў: ) “Яны беларусы?”
(Ігар Іваноў: ) “Так, так. Адзін з гэтых хлопцаў скончыў факультэт міжнародных
зносінаў у Беларускім Дзяржаўным унівэрсытэце, а цяпер тут вучыцца на паліталёгіі.
Мы наведалі зь ягонай дапамогай Лідс, дзе адбылася канфэрэнцыя дабрачынных
арганізацыяў, якія дапамагаюць Беларусі. Пазьней мы наведалі Манчэстэр
і пазнаёміліся, як мінімум, з двума студэнтамі зь Беларусі. Пабывалі таксама
ў беларускай царкве тамака”.
(Мікола Іваноў: ) “Раскажыце, калі ласка, як жыве вашая група студэнтаў-беларусаў.
Як вы ўдзельнічаеце ў жыцьці беларускай каталіцкай місіі, беларускай бібліятэкі?
Я ведаю, што там штомесяц адбываюцца сустрэчы, даклады, вечарыны”.
(Ігар Іваноў: ) “Рэч зразумелая, што мы удзельнічаем у жыцьці беларускай
каталіцкай місіі, бо мы студэнты ад царквы, і гэта –нашае галоўнае прызначэньне
тут. Мы намагаемся ўдзельнічаць у працы Згуртаваньня беларусаў у Вялікай
Брытаніі. Ігар Лабацэвіч выдае камунікат гэтай арганізацыі. Некалькі нашых
студэнтаў удзельнічаюць у працы кіраўнічых ворганаў Згуртаваньня беларусаў
у Вялікай Брытаніі, Англа-беларускага таварыства. Мы наладжваем вечарыны,
напрыклад, з нагоды 25 сакавіка, гадавіны слуцкага паўстаньня. Англа-беларускае
таварыства нядаўна правяло апошнію сустрэчу, прысьвечаную выхаду кнігі
прафэсара Арнольда Макміліна. Ён напісаў кнігу пра беларускую літаратуру
ў 50-60 гады. Ініцыятыва гэтай вечарыны зыходзіла ад нашых студэнтаў.
Практычна ніводная падзея беларускага жыцьця тут не абыходзіцца без
удзелу студэнтаў з Беларусі. І наколькі я ведаю, нашыя суродзічы тут вельмі
задаволеныя, што апошнім часам тут у Лёндане зьявіліся беларускія студэнты.
Яны кажуць, што іх эмігрантаў застаецца з кожным днём усе менш і менш.
Яны спадзяюцца, што беларускія студэнты дапамогуць адрадзіць беларускае
нацыянальнае жыцьцё тут, актывізуюць працу, зробяць яе больш разнастайнай
і цікавай”.
(Мікола Іваноў: ) “Вы закранулі, я б нават сказаў, балючую праблему.
З аднаго боку, вашыя веды, вашыя здольнасьці патрэбныя Беларусі. З другога,
беларусы, якія вас тут прыймаюць, старыя беларусы, глядзяць на вас, як
на тых, хто можа тут на месцы ратаваць тую беларускасьць, якую стварылі
ў замежжы. Цікава, што іх дзеці ўжо амаль не гавораць па-беларуску, а вы,
беларускія студэнты, выглядаеце на іх духовых дзяцей. І як гэтыя дзьве
галоўныя тэндэнцыі аб’яднаць, прымірыць? З аднаго боку – вяртаньне на Беларусь,
а з другога – патрэба дапамогі для беларускасьці тут у Вялікай Брытаніі?”
(Ігар Іваноў: ) “Толькі ў рэдкім выпадку нашая адукацыя можа прынесьці
карысьць, калі нехта з нас застанецца тут, у Вялікай Брытаніі. Таму, калі
нават нехта і думае пра тое, каб застацца тут, дык, прынамсі, не гаворыць
аб гэтым.
Што ж датычыць жаданьня старэйшых эмігрантаў, каб ім дапамагчы тут,
дык студэнты прыяжджалі, прыяжджаюць і будуць прыяжджаць. І гэта будзе
дапамогай эміграцыі. Прыяжджаюць новыя людзі, прывозяць новыя ідэі, новыя
здольнасьці, новую энэргію.
Тут ня будзе вялікіх праблемаў, але мяне засмучае іншае – у Брытаніі
просіць палітычны прытулак даволі шмат беларусаў. Напрыклад, днямі я пазнаёміўся
з адным хлопцам, які зьвярнуўся тут да ўладаў па палітычны прытулак. Ён
сустракаўся зь іншымі, хто прыехаў з Беларусі. Кажуць, што з аўтобуса па
некалькі чалавек выходзяць і адразу зьвяртаюцца па палітычны прытулак.
Але пазьней мы гэтых людзей ня бачым. Яны зьнікаюць, зьнікаюць у брытанскім
грамадзтве”.
(Мікола Іваноў: ) “І што, атрымліваюць гэты прытулак?”
(Ігар Іваноў: ) “Паводле статыстыкі, кожны чацьверты, хто зьвяртаецца
да брытанскіх уладаў па прытулак, яго атрымлівае. Я асабіста ведаю тры
сьм’і, якія тут жывуць, але толькі адна зь іх бывае на нашых вечарынах.
Не сказаць, каб яны вельмі актыўна ўдзельнічалі ў нашым жыцьці, але прыходзяць…”
(Мікола Іваноў: ) “Ну і на заканчэньне, ў якасьці падсумаваньня нашай
размовы, раскажыце, калі ласка, пра вашыя пляны? Вы вучыцеся на першым
курсе, вучыцца яшчэ даволі доўга… Якія вашыя пляны?”
(Ігар Іваноў: ) “У першую чаргу, гэта – вучоба. Акрамя таго, я крыху
займаюся Інтэрнэтам. Мы стварылі адпаведны сайт на Інтэрнэце. Ён пакуль-што
па-ангельску, але будзе і па-беларуску. Ён будзе называцца “Беларусы ў
Вялікай Брытаніі”.
Мы намагаемся праз Інтэрнэт зьвязацца з рознымі людзьмі, зь якімі мы
раней не змаглі зьвязацца, распавесьці пра беларускае жыцьцё ў іншых гарадох,
пра беларускія школкі. Мне асабіста хацелася б далучыцца да працы брытанскіх
дабрачынных арганізацыяў, якія дапамагаюць Беларусі. Я яшчэ ня ведаю, якім
чынам найлепей я мог бы дапамагчы. Можа ў галіне выдавецкай справы. Вось
гэта мае бліжэйшыя пляны”.
Размовай з Ігарам Івановым мы далека ня вычарпалі праблему беларускага
студэнцкага жыцьця ў Вялікай Брытаніі. У наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”
мы плянуем запрасіць у нашую студыю іншых маладых беларусаў, якія жывуць
і вучацца ў брытанскай сталіцы. Паспрабуем таксама скантактавацца і з тымі,
хто вучыцца ў Вялікай Брытаніі па-за Лёнданам, магчыма з манчэсьцерскім
сябрам, пра якога сёньня згадаў Ігар Іваноў.
Мікола Іваноў, Прага