Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

78. Беларускае студэнцкае жыцьцё ў Вялікай Брытаніі.


Вялікабрытанія адвеку была краінай, куды прыязжалі па веды чужынцы. Ангельскія ўнівэрсытэты Оксфард і Кэмбрыдж былі аднымі зь першых вышэйшых навучальных установаў Эўропы, якія былі закладзеныя яшчэ ў 12 стагоддзі. І сёньня амаль кожны сёмы студэнт у Вялікабрытаніі – чужынец. А ці ёсьць сярод іх студэнты з Беларусі? І калі ёсьць, дык як яны жывуць там? Як вучацца? Як плянуюць выкарыстаць атрыманыя веды?

У сеньняшняй Эўропе есць некалькі цэнтраў, дзе даволі кампактна жывуць і вучацца групы беларускіх студэнтаў. Той, хто ўважліва слухае перадачы нашай сэрыі “Гаўдэамус”, напэўна ведае, што гаворка ідзе перш за ўсё пра групу амаль 20 беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Цэнтральна-Эўрапэйскім унівэрсытэце і прыблізна такую самую паводле сваёй колькасьці групу беларусаў у амэрыканскім унівэрсытэце ў Балгарыі.

Думаю, што трэйцяя паводле сваёй колькасьці кампактная група беларускіх студэнтаў жыве ў Вялікабрытаніі. Жыве і вучыцца яна там, галоўным чынам, дзякуючы дзейнасьці тут Беларускай Каталіцкай місіі на чале з Апостальскім Візытатарам для беларусаў-католікаў усходняга абраду айцом Аляксандрам Надсанам. Менавіта айцец Надсан дапамагае ім ня толькі фінансава, але, галоўным чынам, духова. Дапамагае трымацца разам, дапамагае не забывацца пра беларускасьць, пра свае карэньні, пра тое, што атрыманыя імі веды ў Ангельшчыне будуць патрэбныя ня толькі ім асабіста, але і іх народу.

Ігар Іваноў студэнт 1 курса Лёнданскага тэалягічнага ўнівэрсытэту. У ангельскай сталіцы жыве ён крыху менш за год. Жыве ён разам із групай іншых студэнтаў у самой каталіцкай місіі. Да прыезду ў Лёндан у Менску ён вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце на гістарычным фаультэце.

Вось як ён сам па тэлефоне зь Лёндану расказвае пра свой шлях у Вялікабрытанію

(Ігар Іваноў: ) “Я скончыў у Менску гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пазьней я крыху працаваў у музэі Якуба Коласа і ў каталіцкім выдавецтве. Вось год я ў Лёндане. Спачатку я вывучаў ангельскую мову, хадзіў на заняткі ў тутэйшую школу непадалёк ад нашага скарынінскага цэнтру. З кастрычніка я пачаў вучыцца ў місіянэрскім інстытуце ў Лёндане, дзе вывучаю філязофію і тэалёгію”.

(Мікола Іваноў: ) “А ці гэта было выпадкова, што Вы пайшлі вывучаць філязофію і тэалёгію?”

(Ігар Іваноў: ) “Гэта, канешне, не было выпадковым. Я сам асабіста не шукаў гэтага. Хацелася крыху спакойнага жыцьця. Але я для сябе вырашыў, як мага болей свайго часу прысьвяціць царкве, працы для царквы. І таму зразумела, што гэтае маё імкненьне пераўтварылася ў маё навучаньне. Можа асабліва я і не шукаў гэтай вучобы. Але так сталася, што ёсьць такая патрэба, каб у царкве былі адукаваныя людзі, каб у выніку царква магла б нешта карыснае даць грамадству”.

(Мікола Іваноў: ) “Звычайна для некаторых студэнтаў, якія выязжаюць вучыцца ў замежжа, у іх пераважае жаданьне спазнаць іншыя краіны, зразумець іншыя народы, а сама адукацыя неяк адыгрывае другасную ролю. А як у Вашым выпадку, ці ў Вашым рашэньні вучыцца ў замежжы пераважала патрэба атрымаць адукацыю? Ці Вы лічыце, што ангельская адукацыя лепшая?”

(Ігар Іваноў: ) “Магчымасьці атрымаць падобную адукацыю ў Беларусі папросту не было. Няма такіх навучальных установаў у Беларусі. Зразумела, што для мяне было вельмі цікава вучыцца тут, у Вялікабрытаніі. Брытанія мяне вельмі ўразіла. Я б не сказаў, што я расчараваны гэтай краінай. Дасьведчаньні жыцьця ў Вялікабрытаніі мне даволі шмат далі. Тут зусім іншае грамадзтва. Людзі маюць іншы лад жыцьця. Людзі маюць іншыя ўяўленьні пра адносіны паміж сабой, пра адносіны да некаторых маральных каштоўнасьцяў.

У Беларусі я вывучаў гісторыю, і калі б я прыехаў у Вялікабрытанію вывучаць гісторыю, гэтыя веды спатрэбіліся б, але я пачаў вывучаць флязофію. Мы на гістфаку вывучалі гісторыю філязофіі. Шчыра кажучы, мне гэта спатрэбілая вельмі мала, а некаторыя аспэкты не спатрэбіліся зусім.

Што ж датычыць узроўню беларускай адукацыі, дык яе галоўная загана – гэта адсутнасьць сур’ёзнай спэцыялізацыі. Чалавек, які заканчвае школу, і мае намер працягваць сваю адукацыю ў вышэйшай навучальнай установе, ён павінен гады два-тры спэцыялізавацца ў той галіне, куды ён зьбіраецца ісьці. Гэта датычыць, як гуманітарных, так і дакладных, прыкладных навукаў, такіх як фізыка.

(Мікола Іваноў: ) “Адно з найбольш важных пытаньняў, якія я закранаю ў размовах з беларускімі студэнтамі ў замежжы, гэта праблема фінансаў. Шмат зь іх працуе, іншыя падпрацоўваюць. Галава ў студэнтаў занятая заняткамі, але, адначасна, яны вымушаныя думаць, дзе здабыць грошай. Зразумела, не на штодзённае харчаваньне, але, напрыклад, на наступны сэместр. Ці ў вас ёсьць такая праблема?”

(Ігар Іваноў: ) “Гавораць, што студэнцкія гады – яны самыя шчасьлівыя, якія найбольш запамінаюцца. Студэнтам уласьціва ня толькі вучыцца, але й знаходзіць шмат вольнага часу. Я думаю, што практычна для ўсіх людзей, хто прыязжае з Беларусі сюды вучыцца, гэта – праблема вельмі і вельмі сур’езная. І для нас студэнтаў-беларусаў, якія вучацца ў місіянэрскім інстытуце, яна існуе. Але для нас студэнтаў-беларусаў, якія жывуць у місіянэрскім сьвеце, пры беларускай каталіцкай місіі, яна не нагэтулькі сур’ёзныя. Тут адбываюцца розныя сустрэчы, шматлікія вечарыны. Даводзіцца шмат часу аддаваць гарамдзкай працы. Гэта, ў значнай ступені, палягчае нашае становішча. Хаця фінансавая праблема ёсьць і ў нас”.

У перадачах нашай сэрыі “Гаўдэамус” беларускія студэнты не аднойчы выказвалі думку, што веды, якія яны атрымалі ў Беларусі, амаль заўсёды становяць даволі нядрэную базу для працягу адукацыі ў замежжы, што беларуская адукацыя мае свае адпаведныя вартасьці, прыдатныя, напрыклад, у Вялікабрытаніі.

Тое, што група студэнтаў з Беларусі жыве ў Лёндане ў беларускім асяродку, тое, што яны жывуць тут, здалёк ад Радзімы, справамі Бацькаўшчыны, мае вялікі ўплыў на іх штодзённае жыцьцё. Яны не адчуваюць сябе тут ў адзіноце. Але як жа рэальна жывуць у Лёндане беларускія студэнты? Як праводзяць свой вольны час? Якія формы іх удзелу ў жыцьці лёнданскай беларускай супольнасьці? Як успрымаецца беларускімі студэнтамі брытанская сыстэма асьветы? Якія іх посьпехі ў навуцы? На гэтыя і іншыя пытаньні студэнт-беларус зь Лёндану Ігар Іваноў адкажа праз тыдзень у чарговай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG