Лінкі ўнівэрсальнага доступу

75. Правы акадэмічнае супольнасьці ў Беларусі. Рэкамэндацыі “Human Rights Watch” беларускаму ўраду. Заканчэньне тэмы.


“У акадэмічным жыцьці Беларусі стала парушаюцца міжнародна прызнаныя правы чалавека… Бальшыня гэтых парушэньняў выводзіцца з практыкі адраджэньня ў Беларусі здыскрэдытаванай палітыкі савецкіх часоў”, – такую галоўную выснову робяць экспэрты міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch”, якія падрыхтавалі спэцыяльны даклад аб стане акадэмічнага жыцьця ў Беларусі. Сёньня ў адукацыйнай сэрыі “Гаўдэамус” – апошняя перадача, прысьвечаная гэтаму дакумэнту.

Як я ўжо падкрэсьліваў у мінулай перадачы гэтай сэрыі, справаздача “Human Rights Watch” – гэта грунтоўна падрыхтаваны і задакумэнтаваны даклад, які мае таксама патэнцыяльна значны ўплыў на фармаваньне сусьветнай грамадскай думкі ў дачыненьні да Беларусі. Сёньня гэты даклад вывучаюць у ААН, Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, у Радзе Эўропы, Эўрапейскім Парлямэнце, ЮНЭСКА, розных міжнародных адукацыйных арганізацыях, якія фінансуюць супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Даклад “Human Rights Watch” – гэта ня толькі канстатацыя фактаў, гэта – заклік да міжнароднай грамадскасьці, заклік да канкрэтных дзеяньняў у галіне адбудовы дэмакратычных свабодаў у акадэмічным жыцьці Беларусі.

Экспэрты “Human Rights Watch” лічаць, што найбольшы ўплыў на палітыку беларускіх адукацыйных уладаў і на Аляксандра Лукашэнку мае ўрад Расейскай Фэдэрацыі. Вось чаму яны запатрабавалі ад расейскіх уладаў наступнае:

- выкарыстаць свае значныя магчымасьці уплыву на ўрад Беларусі з мэтай пераканаць яго прыпыніць абмежаваньне акадэмічнай свабоды, свабоды слова і сходаў, якія зафіксаваныя ў гэтай справаздачы;

- выказаць сваё глыбокае незадавальненьне фактамі рэпрэсіяў супроць членаў беларускага акадэмічнага грамадства, пры гэтым падкрэсьліваючы адносна значна больш высокі ўзровень акадэмічнай свабоды ў расейскай адукацыйнай сыстэме, які быў дасягнуты ў пост-савецкі пэрыяд;

Як вядома, у Маскве сёньня ня надта рупяцца ставіць Лукашэнку на месца. Маскоўская геапалітыка ідзе ў зусім іншым кірунку. Так, што гэтыя рэкамэндацыі “Human Rights Watch” маскоўскім уладам могуць так і застацца толькі шчырымі пажаданьнямі, за якімі не стаяць канкрэтныя дзеяньні. Затое зусім іншы характар маюць рэкамэндацыі, якія даюць міжнародныя праваахоўнікі ўрадам заходніх дэмакратычных краінаў і арганізацыям, якія іх прадстаўляюць. Вось, што рэкамэндуе “Human Rights Watch” Эўрапэйскаму Саюзу:

Эўрапэйскі Саюз павінен публічна асудзіць парушэньні правоў чалавека ў галіне акадэмічнага жыцьця, свабоды слова і сходаў у Беларусі;

- павінен падтрымаць станаўленьне прававога дэмакратычнага грамадства ў Беларусі, уключна са спэцыяльнымі праграмамі, накіраванымі на аднаўленьне дэмакратычных прынцыпаў у галіне акадэмічнага жыцьця;

- павялічыць фінансавую падтрымку прыватным унівэрсытэтам і іншым адукацыйным ініцыятывам, распрацаваць праграмы падтрымкі незалежнага навуковага дасьледваньня і публікацыяў.

Але найбольш канкрэтныя і дакладныя рэкамэндацыі дае “Human Rights Watch” Радзе Эўропы. Тут трэба прыгадаць, што заява Беларусі на членства ў гэтай шанаванай міжнароднай арганізацыі ляжыць бяз рухаў ужо некалькі год. Рада Эўропа адмаўляецца прыймаць у свой склад краіну, дзе пануюць такія аўтарытарныя мэтады кіраваньня, як у Беларусі. Падобны лёс мае заяўка толькі такой, сьціпла кажучы, недэмакратычнай краіны, як Югаславія. Дык вось, рэакмэндацыя “Human Rights Watch” Радзе Эўропы ў беларускім пытаньні гучыць наступным чынам:

- працягваць мараторый на разгляд заявы Беларусі ў справе прыняцьця ў склад гэтай арганізацыі да таго часу, пакуль беларускі ўрад не прадэманструе раэльныя зрухі ў галіне аднаўленьня свабоды слова, сходаў і аб’яднаньняў.

У Менску ўжо больш за год працуе Маніторынгавая група Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе. Яе заданьне – не толькі назіраць за палітычнымі працэсамі ў Беларусі, але і ўсяляк спрыяць таму, каб тут ішоў працэс станаўленьня дэмакратычнага грамадства. Пакуль-што вынікі працы Маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску не надта выразныя. “Human Rights Watch”, аднак, лічыць, што група гэтая мае магчымасьці ўплываць на стан правоў чалавека ў галіне вышэйшай адукацыі. Яе экспэрты лічаць:

- Маніторынгавая група АБСЭ павінна назіраць і выкрываць ўсе парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Пры гэтым, яна павінна прысьвячаць спэцыяльную ўвагу парушэньням правоў чалавека ў галіне акадэмічнай свабоды.

- выступіць у якасьці спонсара міжнароднай канфэрэнцыі на тэму акадэмічнай свабоды ў Беларусі, на якую трэба запрасіць як незалежных міжнародных экспэртаў, каб яны далі свае заключэньні, гэтак і прадстаўнікоў уладных структураў, а таксама прадстаўнікоў прыватнага адукацыйнага бізнэсу разам із дзяржаўнымі чыноўнікамі, адказнымі за гэтую галіну жыцьця краіны;

- правесьці сустрэчы з настаўнікамі і студэнтамі, якія былі звольненыя паводле палітычных матываў, альбо знаходзяцца пад пагрозай звальненьня. Трэба паставіць гэтыя пытаньні перад беларускімі ўладамі.

Урад ЗША ўжо не аднойчы рабіў захады дзеля таго, каб Беларусь як найхутчэй вярнулася на шлях дэмакратыі. Як сьцьвярджаюць міжнародныя экспэрты, амэрыканскія ўлады праводзяць найбольш пасьлядоўную і бескампрамісную палітыку падтрымкі дэмакратычнага лягеру. Экспэрты “Human Rights Watch” лічаць, аднак, што і ў амэрыканскага ўраду існуюць адпаведныя рэзэрвы. Рэкамэндацыі для ўраду ЗША наступныя:

- працягваць падтрымку працэсу разьвіцьця прававога грамадства ў Беларусі, надаваць асаблівую ўвагу праблеме акадэмічнай свабоды;

- працягваць манітараваць парушэньні правоў чалавека, асабліва ў
галіне перасьледу за палітычныя погляды, звальненьня і
застрашэньня студэнтаў і настаўнікаў, а таксама ў галіне актыўнай цэнзуры ў акадэмічным грамадстве.

Пасьля азнаямленьня з гэтай справаздачай “Human Rights Watch” складаецца ўражаньне нейкай спрэчнасьці: з аднаго боку, беларуская сыстэма адукацыі – гэта як бы выразнае адлюстраваньне сёньняшняга стану ўсяго беларускага грамадства зь яго паўсюднымі парушэньнямі правоў чалавека, а з другога – сотні тысяч таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія становяць залаты інтэлектуальны фонд беларускага грамадства, вучацца ў гэтых несвабодных ВНУ і патрабуюць яшчэ большага ўдасканаленьня сваіх ведаў, каб пазьней вырвацца з гэтага таталітарнага зачараванага кола. І нават у варунках гэтай несвабоды ў беларускіх вышэйшых навучальных установах ідзе творчы інтэлектуальны працэс.

Вось чаму міжнародныя адукацыйныя арганізацыі, хаця і значна абмежавалі апошнім часам сваё супроцоўніцтва з Беларусьсю, але не прыпынілі яго зусім. “Human Rights Watch” лічыць, што міжнародныя арганізаці і ўрады паасобных заходніх краінаў павінны зрабіць у галіне акадэмічных кантактаў з Беларусьсю наступнае:

- разгледзець магчымасьць выключэньня прадстаўнікоў акадэмічнай адміністрацыі і ўстановаў, якія парушаюць акадэмічную свабоду, з працэсу акадэмічнага абмену;

- разгледзець пытаньне затрыманьня грантаў і узнагародаў, прызначаных для дзяржаўных беларускіх унівэрсытэтаў, якія парушаюць акадэмічную свабоду. І кожны наступны грант і фінансавую дапамогу ўзалежніць ад рэальнага паляпшэньня ў галіне захаваньня правоў чалавека ў акадэмічным жыцьці;

- выступаць у якасьці спонсараў сэмінараў у Беларусі і іншых краінах, прысьвечаных парушэньням правоў чалавека ў эканамічным жыцьці Беларусі і запрашаць міжнародных экспэртаў, каб яны давалі свае ацэнкі гэтаму працэсу.

А якое ж стаўленьне беларускіх уладаў да кантактаў з заходнімі ўнівэрсытэтамі? І ў чым беларускія ўлады бачаць прычыны зьмяншэньня апошнім часам кантактаў і супрацоўніцва з заходнімі адукацыйнымі цэнтрамі і міжнароднымі арганізацыямі?

Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я пазваніў у Менск у Міністэрства вышэйшай адукацыі Беларусі. Там у міністэрстве існуе, нават, спэцыяльны аддзел супрацоўніцтва з замежнымі ўнівэрсытэтамі. Намеснік кіраўніка гэтага аддзелу Генадзь Пяцігор адмовіўся камэнтаваць праблему парушэньня правоў чалавека ў галіне вышэйшай асьветы ў Беларусі. На ягоную думку, праблема абмежаваньня кантактаў з заходнімі унівэрсытэтамі чыста эканамічная.

Дакумэнты ж міжнароднай праваабрончай арганізацыі “Human Rights Watch” сьведчаць, што гэта далека ня так.

Сэрыю перадачаў “Гаўдэамус”, прысьвечаных Дакладу міжнароднай праабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” пра стан правоў чалавека ў беларускіх вышэйшых навучальных установах мне хацелася б закончыць таксама цытатай з аднаго вельмі важнага міжнароднага дакумэнту. У прэамбуле да Ўсясьветнай Дэклярацыі правоў чалавека гаворыцца:

”Кожны чалавек, кожная грамадская ўстанова павінны ў сваёй дзейнасьці кіравацца артыкуламі Дэклярацыі, павінны з дапамогай адукацыі выхоўваць у грамадстве пачуцьцё павагі да правоў чалавека”. Як жа далека штодзеннае жыцьцё ў беларускіх унівэрсытэтах адбягае ад гэтага патрабаваньня?!

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG