Лінкі ўнівэрсальнага доступу

74. Правы акадэмічнае супольнасьці ў Беларусі. Рэкамэндацыі заходніх праваабаронцаў беларускаму ўраду


Даклад міжнароднай праваахоўчай арганізацыі “Human Rights Watch”у справе парушэньня правоў чалавека ў акадэмічным жыцьці Беларусі – дакумэнт, які сёньня ўжо добра вядомы міжнароднай грамадскасьці. Цяпер яго ужо вывучаюць і аналізуюць у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Эўрапейскім Саюзе, ЮНЭСКА, ва ўрадах паасобных краінаў і розных уплывовых міжнародных арганізацыях. Сёньня – чарговая перадача, прысьвечаная гэтаму дакумэнту.

Самае галоўнае ў гэтым дакумэнце ня толькі тое, што ён быў падрыхтаваны на падставе вывучэньня дзясяткаў, сотняў фактаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, але і тое, што справаздача “Human Rights Watch” складаецца з канкрэтных рэкамэндацыяў беларускаму ўраду, ураду Расейскай Фэдэрацыі, Эўрапейскаму Саюзу, Радзе Эўропы, Кансультацыйнай і маніторынгавай групе Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, ураду Злучаных Штатаў Амэрыкі, а таксама міжнародным адукацыйным арганізацыям, якія спансаруюць праграмы супрацоўніцтва з беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

“Human Rights Watch” – арганізацыя абсалютна незалежная, якая фінансуецца толькі з прыватных фундацыяў. Яна не бярэ грошы ад ніводнага ўраду, каб не ствараць пагрозы для сваёй незалежнасьці. Але яе голас ў справах абароны правоў чалавека мае, часам, вельмі важкі ўплыў у сувязі якраз із незалежнасьцю гэтай арганізацыі. Так што яе рэкамэндацыі сусьветнай супольнасьці зусім не пусты гук. Да іх напэўна прыслухаюцца.

Але, каб больш дакладана ўявіць сабе магчымую эфэктыўнасьць рэкамэндацыяў “Human Rights Watch” я вырашыў яшчэ раз зьвярнуцца па камэнтар да кіраўніка групы экспэртаў, якія падрыхтавалі гэтую справаздачу, Малькольма Хаўкса. Вось, як ён па тэлефоне з Масквы пракамэнтаваў гэтую праблему:

(Хаўкс: ) “Што датычыць праблемы інфармаваньня людзей, тут нашыя посьпехі відавочныя. Але апошнім часам праблемай парушэньня правоў чалавека ў Беларусі зацікавіліся і іншыя міжнародныя арганізацыі. Асабліва гэта датычыць Міжнароднай Лігі правоў чалавека. І цяпер міжнародная супольнасьць значна лепш паінфармаваная ў справах Беларусі, чымся гэта было, напрыклад, 3 гады таму.

Калі ж гаварыць аб праблеме: ці мы можам неяк рэальна паўплываць на палітыку беларускага ўраду, гэта вельмі складаная праблема. І было б крыху несумленна з нашага боку сьцьвярджаць, што мы адны дасягнулі посьпеху. Паводле маіх асабістых дасьведчаньняў, каб нешта зьмяніць, патрэбныя комплексныя дзеяньні: праваабарончая праца міжнародных арганізацыяў, мясцовых групаў, але, перадусім, афіцыйных міжнародных арганізацыяў. Такіх, напрыклад, як Рада Эўропы. Патрэбныя дзеяньні ўраду ЗША, Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе. Толькі супольнымі высілкамі мы зможам зьмяніць цяперашнюю палітыку беларускіх уладаў.

Беларусь, аднак, вельмі складаная краіна. Тут вельмі няўступлівы прэзыдэнт, які не згаджаецца пайсьці на кампраміс, нягледзячы на ўсе націскі з боку нашай арганізацыі, іншых міжнародных арганізацыяў. На жаль, я мяркую, што толькі цяжкі эканамічны крызыс у стане рэальна паўплываць на сытуацыю”.

Але вернемся да галоўнага – да рэкамэндацыяў “Human Rights Watch”. Яны заснаваныя на дакладным аналізе шматлікіх фактаў парушэньня правоў чалавека ў акадэмічным жыцьці Беларусі. Экспэрты арганізацыі пры гэтым выслухоўвалі ня толькі сьведчаньні тых, хто пацярпеў, але і сустракаліся з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў. Выслухоўвалі іх аргумэнты.

Самі ж рэкамэндацыі складаюцца зь некалькіх частак. Першае і самае галоўнае – гэта рэкамэндацыі беларускаму ўраду. Іх важнасьць змушае нас працытаваць іх з дакладу слова ў слова:

Беларускі ўрад павінен, лічаць экспэрты “Human Rights Watch”:

- неадкладна прыпыніць кампанію рэпрэсыяў супроць палітычна актыўных студэнтаў, аднавіць ва ўнівэрсытэтах тых, каго звольнілі ў сувязі зь іх палітычнымі перакананьнямі і дзейнасьцю. (Тут падаюцца імёны некаторых рэпрэсаваных: Дзяніса Бобікава і Анатоля Брыцэна з Горкаўскай Сельскагаспадрчай акадэміі, Яўгена Скочкі з Беларускага Тэхналягічнага Ўнівэрсытэту, Алеся Мухіна з Радыёэлектроннага Унівэрсытэту).

- дазволіць студэнтам выступаць з тэрміновай апэляцыяй супроць выключэньняў.

- унутранае ўнівэрсытэцкае жыцьцё, у тым ліку выбар рэктараў і іншых унівэрсытэцкіх адміністратараў, павінна адбывацца паводле міжнародна прызнаных акадэмічных нормаў, а не на падставе палітычных меркаваньняў;

- прыпыніць практыку націску на рэктараў недзяржаўных навучальных установаў у галіне складу выкладчыцкага калектыву і ў галіне праграмы навучаньня. Гэтыя пытаньні павінны вырашацца толькі на падставе акадэмічных вартасьцяў, каб захаваць свабоду выказваньня думак і гарантаваць акадэмічную незалежнасць;

- дазволіць выданьне падручнікаў гісторыі, якія сваім зьместам і мэтадалёгіяй адрозьніваюцца ад падручнікаў савецкіх часоў і садзейнічаць навукоўцам-дасьледчыкам у выбары тэмаў і публікацыі артыкулаў паводле іх уласнага выбару;

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” таксама патрабуе ад беларускіх уладаў наступнае:

- неадкладна прыпыніць палітыку абмежаваньня прыватных ініцыятываў у галіне адукацыі, такіх як “народны ўнівэрсытэт” і “Беларуская Асацыяцыя жанчынаў-юрыстаў”. Не перашкаджаць ім у атрыманьні памешканьняў для правядзеньня заняткаў і адукацыйных сэмінараў;

- пачаць працу разам із заканадаўчымі ворганамі дзеля перагляду “Закону аб сходах, мітынгах і вулічных маршах, дэманстрацыях і пікетах”, які ў сёньняшнім выглядзе парушае права беларускіх грамадзянаў на свабоду сходаў. Гэты закон беларускія ўлады выкарыстоўваюць дзеля таго, каб перашкаджаць прыватным адукацыйным ініцыятывам у наладжваньні пэдагагічных сэмінараў;

- скасаваць артыкул 12 “Закона аб адукацыі 1992” году, які забараняе стварэньне і дзейнасць палітычных партыяў, ці зьвязаных зь імі групаў на тэрыторыях унівэрсытэтаў і ў студэнцкіх інтэрнатах;

- скасаваць артыкул 16 “Закона аб ворганах правапарадку”, які дае права міліцыі паведамляць у месца працы альбо вучобы затрыманага пра факт яго арышту.

На пачатку гэтай перадачы галоўны аўтар гэтых рэкамэндацыяў Малькольм Хаўкс падкрэсьліў, што ўсе яны могуць застацца пустым гукам, калі да іх не далучаць свой голас “моцныя гэтага сьвету”, урады і міжнародныя арганізацыі, якія маюць уплыў на палітыку Аляксандра Лукашэнкі. На думку “Human Rights Watch”, такія ўплывы маюць урады Расеі і Злучаных Штатаў Амэрыкі, Эўрапейскі Саюз, Рада Эўропы і Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе. І таму ім таксама даюцца адпаведныя, канкрэтныя рэкамэндацыі.

Якія яны, што ад іх патрабуе “Human Rights Watch”, каб палепшыць сытуацыю ў галіне абароны правоў чалавека ў акадэмічным жыцьці Беларусі, вы даведаецеся ў наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG