Лінкі ўнівэрсальнага доступу

72. Правы акадэмічнае супольнасьці ў Беларусі. Інтэрвію з аўтарам дакладу “Human Rights Watch” Малькальмам Хаўксам


У сёньняшняй перадачы з сэрыі “Гаўдэамус” мы працягваем расказ пра справаздачу міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” аб стане свабоды акадэмічнага жыцьця ў Беларусі.

Ці магчымае ў несвабодным, аўтакратычным грамадзтве свабоднае, поўнавартаснае разьвіцьцё сыстэмы вышэйшай асьветы? На гэтае ды іншыя пытаньні – адказ у сёньняшняй перадачы.

“Human Rights Watch” – адна з самых вядомых і шанаваных у сьвеце міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Яе прадстаўнікі і экспэрты працуюць у больш чым 100 краінах сьвету. Да голасу экспэртаў арганізацыі прыслухоўваюцца сусьветныя лідэры, кіраўнікі такіх афіцыйных міжнародных арганізацыяў, як ААН, АБСЕ, ЭС ды іншыя. “Human Rights Watch” мае статус асацыяванай арганізацыі пры ААН, і, часам, яе працаўнікі адначасна зьяўляюцца супрацоўнікамі ААН.

Вось чаму, той факт, што “Human Rights Watch” зьвярнула ўвагу на Беларусь, і ня толькі зьвярнула, але й падрыхтавала вялікі грунтоўны даклад аб стане правоў чалавека тут, шмат аб чым гаворыць. Беларусь трапіла ў цэнтар Human Rights Watch” таму што тут у цэнтры Эўропы правы чалавека парушаюцца так, як быццам бы не было краху камунізму і развалу Савецкага Саюзу.

Галоўным ініцыятарам і аўтарам Дакладу аб парушэньні правоў чалавека ў акадэмічным жыцьці Беларусі зьяўляецца вядомы экспэрт і аўтар шматлікіх справаздачаў Малькольм Хаўкс. Каб атрымаць некаторыя зьвесткі біяграфічнага характару, я пазваніў у Маскву, дзе цяпер працуе спадар Хаўкс і папрасіў яго крыху расказаць пра сябе. Вось, што ён мне адказаў:

(Хаўкс: ) “Я пачаў працаваць для “Human Rights Watch” тры гады таму.Я таксама працаваў для арганізацыі “Amnеsty International” у Вялікай Брытаніі, дзе я вучыўся. Пачаткова я быў заняты аналізам сытуацыі на Каўказе і ў Расеі, але ад 1996 году я пачаў працаваць у Ню-Ёркскім бюро гэтай арганізацыі.

І ад тога часу я пачаў таксама спецыялізавацца на беларускай праблематыцы. Як, напэўна, ведаюць вашыя слухачы, 1996 год быў адным з найбольш драматычных гадоў у сучаснай беларускай гісторыі, і я меў магчымасць зьбіраць унікальны матэрыял. У 1997 годзе я накіраваўся ў Маскву, дзе заняў пасаду дасьледчыка беларускіх праблемаў. Гэта поўная стаўка дасьледчыка. Я вельмі часта падарожнічаю ў Беларусь. Зьбіраю і аналізую факты парушэньняў правоў чалавека”.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры ўвагі “Human Rights Watch” невыпадкова. І здавалася б менавіта тут на месцы, магчыма ў Менску, і павінна быць прадстаўніцтва арганізацыі, яе бюро. Ці ня цяжка ўсю праваахоўчую працу ў такой гарачай кропцы як Беларусь рабіць з Масквы? І яшчэ адна справа – наколькі незалежная “Human Rights Watch” у сваей дзейнасьці? Ці мае нехта ўплыў на вынікі яе працы? Малькольм Хаўкс адказвае:

(Хаўкс: ) “Human Rights Watch” зьяўляецца недзяржаўнай і непрыбытковай арганізацыяй. Мы цалкам незалежныя ад якога-небудзь ураду. Але гэтая непрыбытковасьць мае сваю цану. Мы абмежаваныя ў сваёй дзейнасьці ў галіне фінансаў. Гэта, аднак, не азначае, што вонкавыя донары могуць дыктаваць нам сваю волю. Аднак, фінансавыя абмежаваньні ўплываюць на якасьць нашай працы. І таму, я думаю, было б ідэальна мець бюро нашай арганізацыі ў Менску і працаваць на месцы, аднак, калі мы распачалі наш праект у 1996 годзе, у нас не было гарантыяў, што мы атрымаем сродкі на стварэньне рэгіянальнага бюро ў Менску. У Маскве нашае бюро працуе ўжо на працягу 8 год. Гэта вельмі вядомы цэнтар, які робіць добрую і эфэктыўную працу.

І таму пакуль што нам было выгадней ажыцьцяўляць працу ў Беларусі з нашага маскоўскага бюро. Але, калі сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пагоршылася, калі з Беларусі быў высланы адзін з амэрыканскіх грамадзянаў, кіраўнік мясцовага аддзяленьня фонду “Сораса”, калі парушэньні правоў чалавека сталі там больш частымі, мы пачалі больш сур’езна разглядаць магчымасьць стварэньня там рэгіянальнага бюро нашай арганізацыі. І я не включаю магчымасьці, што ў хуткім часе такое прадстаўніцтва зьявіцца”.

Даклад у справе захаваньня правоў чалавека зьяўляецца вынікам працы, зразумела не аднаго чалавека, а цэлага творчага калектыву. Цікава, а хто ж дапамагаў Малькольму Хаўксу ў ягонай працы ў Беларусі? Вось, што ён расказвае:

(Хаўкс: ) “Галоўным чынам, усю працу я выконваў адзін, бо гэта мае непасрэдныя абавязкі як экспэрта “Human Rights Watch”, але я ў сваёй дзейнасьці абапіраўся на аналітычныя парады і дасьведчаньні іншых нашых працаўнікоў. А менавіта ў Нью Ёрку мы маем вельмі дасьведчанага і адданага супрацоўніка Джо Сондэрса, зь якім я актыўна раіўся перад пачаткам праекту і на стадыі яго заканчэньня. У сваей працы я абапіраўся на выключна добрую падтрымку мясцовых беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Такіх як Беларускі Гэльсынскі камітэт, Хартыя –97, Вясна – 96, незалежнае аб’яднаньне студэнтаў, а таксама некаторых іншых. У межах падрыхтоўкі дакладу я тройчы наведаў Беларусь. Гэта даволі шмат. Гэта было патрэбна ў сувязі са скрытым характарам гэтай формы парушэньняў правоў чалавека.

Калі вы маеце дачыненьне з дэманстрацыяй пратэсту, калі людзей зьбіваюць, кідаюць за краты, тады ўсё добра вядома, тады інфармацыю на гэтую тэму можна знайсьці ў кожнай крыніцы, калі ж студэнтаў выключаюць з унівэрсытэту на падставе палітычных матываў, тады гэта даволі цяжка выкрыць, тады амаль усю працу трэба рабіць на падставе апытаньняў тых, хто стаў ахвярай перасьледу”.

І на заканчэньне нашай размовы з Малькольмам Хаўксам, вядучым экспертам міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” і аўтарам дакладу ў справе парушэньняў правоў чалавека ў галіне акадэмічнага жыцьця ў Беларусі, я папрасіў яго адказаць на пытаньне: “Ці на падставе вывучэньня асаблівасьцяў цяперашняга беларускага рэжыму ён прыйшоў да вываду, што дзеля спрыяньня дэмакратыі ў Беларусі найлепшы шлях – гата ізаляцыя беларускіх уладаў? А можа існуюць лепшыя магчымасьці паўплываць на Аляксандра Лукашэнку з дапамогай пашырэньня кантактаў дэмакратычнага сьвету з ім?”

Малькольм Хаўкс адказвае:

(Хаўкс: ) “Гэта вельмі цікавае пытаньне, на якое няма простага адказу. Я мяркую, што татальнае эмбарга некаторых таталітарных рэжымаў не прыносіць посьпеху.

Возьмем хаця б Кубу ці Паўднёвую Афрыку. Зь Беларусьсю інакш. Я ня ведаю, ці кантакты на найвышэйшым узроўні з беларускімі ўладамі, напрыклад перамовы паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам ЗША Клінтанам, могуць прывесьці да чагосьці. Тое самае датычыць кантактаў з ангельскім прэм’ерам Блэрам ці канцлерам Нямеччыны Шродэрам. Ды й кантакты зь беларускімі ўладамі на сярэднім узроўні таксама да нічога не прывялі. Так што я лічу: толькі калі беларускі ўрад будзе мець перад сабой канкрэтную мэту, напрыклад, далучэньне краіны да Рады Эўропы, тады перд ім зьявіцца какрэтная пэрспэктыва зьмяніць сваю палітыку. І, магчыма, тады беларуская ўнутраная палітыка зьменіцца карэнным чынам”.

Даклад міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” у справе акадэмічнага жыцьця Беларусі – гэта ня толькі справаздача, якая канстатуе некаторыя факты. Гэта дакумэнт, які высоўвае канкрэтныя патрабаваньні да беларускіх уладааў, а таксама да міжнародных арганізацыяў і ўрадаў паасобных краінаў, якія маюць рычагі ўплыву на Беларусь. Якія гэта рэкамэндацыі? Пра гэта вы даведаецеся ў наступнай перадачы з сэрыі "Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG