Лінкі ўнівэрсальнага доступу

71. Правы акадэмічнае супольнасьці ў Беларусі. Студэнцтва <i>(працяг)</i>


Некалькі месяцаў назад Беларусь наведалі экспэрты міжнароднае праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch”. Да якіх высноваў яны прыйшлі? Што высьветлілі пасьля шматлікіх размоваў з прадстаўнікамі як адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў, так і з выкладчыкамі, студэнтамі? Гэты матэрыял прысьвечаны беларускаму студэнцтву: як жыве й вучыцца яно ў варунках, калі дзяржава падвяргае амаль таталітарнаму кантролю ўсе галіны акадэмічнага жыцьця? Ці існуюць у студэнтаў хоць нейкія абмежаваныя магчымасьці выступаць у абарону сваіх правоў?

Традыцыя студэнцкіх палітычных клюбаў зусім новая ў Беларусі. Савецкія ўлады раней дазвалялі йснаваньне толькі непалітычных клюбаў або такіх палітычных камсамольскіх клюбаў, якія падтрымліваюць палітыку партыі.

У справаздачы “Human Rights Watch” сьцьвярджаецца, што беларускія ўлады намагаюцца працягваць старую савецкую палітыку ў гэтай галіне.

Аляксей Герасімаў, студэнт 5-га курсу факультэту міжнародных стасункаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, расказаў экспэртам “Human Rights Watch” наступнае:

(Герасімаў: ) “На нашым факультэце ёсьць клюб, які праводзіць дыскусіі на ангельскай мове, але гэтыя дыскусіі не датычаць палітычных праблемаў. Там размаўляюць аб культуры ды іншых праблемах, але нават з гэтым у нас былі вялікія цяжкасьці. Калі два гады таму адзін з маіх сяброў пайшоў да дэкана й папрасіў дазвол на стварэньне палітычнага клюбу, ён атрымаў наступны адказ: “Толькі паспрабуйце нешта падобнае зрабіць – і вы адразу выляціце з унівэрсытэту”. Але пазьней унівэрсытэцкія ўлады ўдалося пераканаць, і клюб адкрылі толькі пасьля таго, калі дэкан пераканаўся, што ў клюбе ня будзе нічога антыпрэзыдэнцкага”.

Падобны кантроль над студэнцкімі клюбамі ўлады ажыцьцяўляюць і ў іншых унівэрсытэтах. Летам 1998 году праўрадавая “Народная газэта” надрукавала ліст нейкага Міхала Гуляева, які скардзіўся на дзейнасьць студэнцкага клюбу Беларускага ўнівэрсытэту радыёэлектронікі. І ужо на наступны дзень клюб “Рэзэрвацыя” быў зачынены. Аб гэтым паведаміў экспэртаў “Human Rights Watch” Беларускі Гэльсынскі камітэт. А пазьней адзін зь сябраў гэтага клюбу, студэнт Зьміцер Маркушэўскі, расказаў, што ж здарылася:

(Маркушэўскі: ) “Клюб Рэзэрвацыя – гэта быў альтэрнатыўны студэнцкі клюб, які арганізоўваў вечары, дыскатэкі. Гэта быў клюб для маладых людзей з малымі прыбыткамі. Але, калі дзяржаўны друк напісаў, што ўсё ў клюбе дрэнна, на наступны дзень прыехала міліцыя і клюб быў зачынены. А на яго мейсцы быў арганізаваны клюб “Беларускага патрыятычнага зьвязу моладзі””.

У справаздачы “Human Rights Watch” паведамляецца таксама пра шматлікія звальненьні студэнтаў на падставе іх палітычных перакананьняў. Найбольш яскравы прыклад гэтага – лёс Яўгена Скочкі.

Яго выключылі з вышэйшай навучальнай установы на падставе палітычных прычынаў. І ня толькі выключылі, але й далі своеасаблівы “чорны білет”, які перашкаджае яму працягваць навучаньне ў якой-небудзь іншай беларускай навучальнай установе. Справа ў тым, што Яўген Скочка – актыўны сябра арганізацыі “Малады Фронт”, якую беларускія ўлады разглядаюць у якасьці аднаго з найбольш небясьпечных палітычных ворагаў існуючага рэжыму.

Выпадак Яўгена Скочкі не адзіны. У справаздачы “Human Rights Watch” падаецца шмат іншых прыкладаў перасьледу беларускіх студэнтаў на падставе іх палітычных перакананьняў. Сяргей Марцалеў, Павал Карназыцкі, Алесь Мухін і Андрэй Гілевіч – вось імёны тых студэнтаў, гісторыі перасьледу якіх паводле палітычных матываў былі апісаныя ў дакладзе “Human Rights Watch”.

Марцалева, да прыкладу, выкінулі зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту за тое, што ён быў сябрам сацыял-дэмакратычнае арганізацыі “Маладая Грамада”. А калі ён паспрабаваў аднавіцца, яму было заяўлена, што такія як ён ня могуць вучыцца за кошт дзяржавы, супроць якой яны выступаюць, і што ён можа вучыцца толькі на платным аддзяленьні.

Некаторыя студэнты ў сувязі зь перасьледам з боку ўладаў вымушаныя былі нават эміграваць. Такі лёс напаткаў студэнта 2-га курсу факультэту журналістыкі БДУ Паўла Карназыцкага, які цяпер знаходзіцца ў Кіеве.

На падставе ўсіх гэтых шматлікіх фактаў парушэньня правоў чалавека экспэрты “Human Rights Watch” прыходзяць да адзінай магчымай высновы: унівэрсытэцкая адміністрацыя зьяўляецца як бы часткаю таталітарнага дзяржаўнага апарату Беларусі. Вельмі часта яна пагражае тым студэнтам, якія хочуць удзельнічаць у акцыях апазыцыі, яна папярэджвае іх, што ў выпадку ўдзелу ў дэманстрацыі студэнта могуць проста выкінуць з унівэрсітэту. Сталай практыкаю сталі студэнцкія сходы на загад адміністрацыі як раз напярэдадні апазыцыйных дэманстрацыяў, на якіх адміністрацыя забараняе студэнтам удзельнічаць у іх.

Унівэрсытэцкая адміністрацыя таксама адмыслова арганізоўвае дадатковыя заняткі як раз у той час, калі адбываюцца апазыцыйныя мерапрыемствы. Пазьней сьпісы тых студэнтаў, якія адсутнічалі на падобных занятках, накіроўваюцца ўладам.

Справаздача “Human Rights Watch” уражвае сваёй факталягічнай базаю і абгрунтаванасьцю.

Але гэта ня першы й не апошні міжнародны дакумэнт, які выкрывае антыдэмакратычныя практыкі беларускіх уладаў. Ці будзе ён мець нейкі практычны эфэкт? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, я затэлефаніў у Маскву ў штаб-кватэру ўсходняга бюро гэтае міжнароднае праваабарончае арганізацыі. Вось як адказаў на гэтае пытаньне кіраўнік групы экспэртаў, якія падрыхтавалі справаздачу аб стане акадэмічнага жыцьця ў Беларусі, Малькольм Хаўкс:

(Хаўкс: ) “Калі мы ўпершыню пачалі працаваць над праблемаю правоў чалавека ў Беларусі, на Захадзе існаваў так званы інфармацыйны вакуум у гэтай тэме. Мы намагаліся пераадолець гэты вакуум, і я думаю не бяз посьпеху. Так, што у галіне інфармацыі нашыя посьпехі відавочныя.

Што ж датычыць праблемы, ці мы змаглі нешта зьмяніць, гэта заўсёды вельмі складаная праблема. І я думаю, што было б нясьціпла сьцьвярджаць, што мы дасягнулі тут адні значнага поспеху. На маю думку, цяпер з усіх бакоў на беларускія ўлады сыплюцца пратэсты. Гэта пратэсты мяйсцовых праваабарончых групаў, пратэсты міжнародных грамадзкіх арганізацыяў, афіцыйных міжнародных арганізацыяў, такіх як Рада Эўропы, Эўрапейскі Зьвяз, урад Злучаных Штатаў Амэрыкі ды Арганізацыя Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе.

Разам мы мусім дасягнуць посьпеху. Але Беларусь вельмі складаная краіна. Беларусь мае вельмі ўпартага кіраўніка, які паводзіць сябе непахісна, нягледзячы на ўсе націскі”.

У беларускіх вышэйшых навучальных установах пануе атмасфэра несвабоды й страху, – падсумоўвае свой аналіз стану студэнцкага жыцьця ў Беларусі міжнародная праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch”. – Палітычна актыўныя студэнты знаходзяцца як бы пад падвойным ціскам: з аднаго боку ім пагражае крымінальнай адказнасьцю дзяржава, а з другога – унівэрсытэцкая адміністрацыя пагражае ім зьніжэньнем іх ацэнак, пазбаўленьнем стыпэндыяў і нават выключэньнем з навучальнай установы на падставе прыдуманай прычыны. Усё гэта тыповыя рысы таталітарнага грамадзтва.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG