Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

67. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (17)


Беларусь сёньня некаторыя называюць ізгоем Эўропы. І сапраўды, шмат якія міжнародныя арганізацыі і ўрады паасобных краінаў лічаць за лепшае мець зь беларускімі ўладамі толькі выключна афіцыйныя кантакты. Нажаль, падобныя адносіны да Беларусі распаўсюджваюцца й на галіну адукацыі.

У параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі посткамуністычнымі краінамі супрацоўніцтва Захаду з Беларусьсю ў гэтай галіне выразна абмежаванае. Ды і як можа Захад шырока супрацоўнічаць з краінаю, дзе выразна парушаюцца ўсе дэмакратычныя і, у тым ліку, акадэмічныя свабоды.

Аб тым, што яны парушаюцца, сьведчыць адмысловая справаздача міжнароднае праваабарончае арганізацыі “Human Rights Watch”. Дарэчы, гэтай справаздачы будзе прысьвечана некалькі наступных перадачаў сэрыі Гаўдэамус.

Якім жа чынам можна пераадолець гэтую ізаляванасьць? І якія ёсьць магчымасьці ў беларускіх вышэйшых навучальных установаў пашыраць супрацоўніцтва з заходнімі ўнівэрсытэтамі? Пра гэта ў сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Сытуацыя Беларусі ў галіне адукацыйнага супрацоўніцтва з Захадам сапраўды незайздросная. Як вядома, Эўрапейскі Зьвяз, фонды якога: “Сакратэс”, “Эразмус”, “Тэмпус” ды інш., фінансуюць бальшыню адукацыйных праграмаў супрацоўніцтва на посткамуністычных абшарах, прыпыніў дапамогу Беларусі ў гэтай галіне. Фінансуюцца яшчэ толькі некаторыя старыя праграмы, распачатыя раней, калі ў Беларусі яшчэ не было выразна аўтакратычнага рэжыму.

Манчэстарскі Мэтраполітан Унівэрсытэт – адна зь нешматлікіх заходніх вышэйшых навучальных установаў, якая, нягледзячы на пазыцыю ЭЗ, працягвае адносна актыўнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю і нават, нягледзячы на сьціплыя сродкі, плянуе пашырэньне кантактаў з паасобнымі беларускімі ўнівэрсытэтамі.

Чаму? Што прывабнага для сябе й для заходняга сьвету бачуць брытанскія навукоўцы й выкладчыкі ў такім супрацоўніцтве? І ці спадзяюцца яны аднаўленьня фінансаваньня з боку ЭЗ? З такім, менавіта, пытаньнем я зьвярнуўся да загадчыка аддзелу міжнародных сувязяў гэтага ўнівэрсытэту Дэвіда Робэртса, які, дарэчы, не аднойчы наведваў Беларусь. Вось, што па тэлефоне з Манчэстару ён мне адказаў:

(Робэртс: ) “У Беларусі ёсьць вельмі добрыя ўнівэрсытэты. Я хацеў бы прыгадаць Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Полацкі ўнівэрсытэт (ён выключна добры), Пэдагагічны ўнівэрсытэт ды інш. Я вельмі спадзяюся, што Эўрапейскі Зьвяз адновіць фінансаваньне праграмаў супрацоўніцтва з гэтымі унівэрсытэтамі, што на праграмы супрацоўніцтва будуць прызначаныя новыя сродкі. Але пытаньні ў гэтай справе прыймаюцца на макрапалітычным узроўні. І цяпер, наколькі я ведаю, дыскусыя на гэтую тэму вядзецца на найвышэйшым узроўні”.

Вядома, што Манчэстарскі ўнівэрсытэт ажыцьцяўляе цяпер некалькі праектаў супрацоўніцтва зь беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Што гэта за праекты? Кім фінансуюцца? І якія цяжкасьці ў іх ажыцьцяўленьні? Такім было маё другое пытаньне доктару Робэртсу:

(Робэртс: ) “Мы цяпер ажыцьцяўляем праект супрацоўніцтва у галіне падрыхтоўкі спэцыялістаў сацыяльнае працы, які фінансуе фонд “Брытыш каўнсіл”. У былым Савецкім Саюзе было зусім іншае прадстаўленьне аб працы ў сацыяльнай сфэры. Усё канцэнтравалася ў міністэрстве сацыяльнага забесьпячэньня.

І вось цяпер мае калегі з факультэту сацыяльнае працы нашага Манчэстарскага ўнівэрсытэту арганізоўваюць у Беларускім пэдагагічным унівэрсытэце заняткі заходняга тыпу на узроўні “майстэрскага” дыплёму. Тут будуць праходзіць падрыхтоўку будучыя кіраўнікі ўстановаў, якія працуюць у сацыяльнай сфэры. Заняткі будуць адбывацца паводле мэтадаў, якія выпрабаваныя і спраўджаныя на Захадзе.

Нашыя спэцыялісты працуюць у шчыльным кантакце зь беларускім міністэрствам адукацыі і сацыяльнага забесьпячэньня. Я нават магу сьцьвердзіць, што беларускія ўлады вельмі зацікаўленыя і актыўна дапамагаюць ў ажыцьцяўленьні гэтага праекту.

Праект гэты фінансуецца рэгіянальным аддзелам фонду “Брытыш Каўнсіл” дзеля Ўсходняй Эўропы, цэнтральнае прадстаўніцтва якога знаходзіцца ў Кіеве ва Ўкраіне”.

Праект супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі спэцыялістаў працы ў сацыяльнай сфэры не адзіны, які ажыцьцяўляюць і каардынуюць навукоўцы Манчэстарскага Мэтраполітан Унівэрсытэту. Вось, што расказвае пра іншыя праекты доктар Робэртс:

(Робэртс: ) “Мы мае яшчэ некалькі падобных праектаў у Беларусі. Да прыкладу, праект падрыхтоўкі эканамістаў-аналітыкаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, а таксама ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце. Там мы дапамагаем у галіне падрыхтоўкі спэцыялістаў у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя”.

Манчэстарскі ўнівэрсытэт у нейкай ступені ідзе супроць галоўнае плыні. Іншыя заходнія ўнівэрсытэты і грамадзкія арганізацыі (тут перш за ўсё трэба прыгадаць Фонд Сораса, гадавы беларускі бюджэт якога перад закрыцьцём перавышаў 2 млн. даляраў) або зусім прыпынілі сваю дзейнасьць у Беларусі, або значна скарацілі яе. Чаму ж Манчэстарскі ўнівэрсытэт застаўся? Доктар Робэртс наступным чынам тлумачыць пазыцыю кіраўніцтва ўнівэрсытэту:

(Робертс: ) “Галоўная мэта фонду “Тэмпус” Эўрапейскага Зьвязу – гэта садзейнічаць паўставаньню рынкавае гаспадаркі, а па-другое, дапамагчы ў стварэньні дэмакратычнага грамадзтва. І ў гэтым як раз і палягае галоўная прычына, чаму мы працягваем даваць грошы на ажыцьцяўленьне гэтых праграмаў.

Вы памятаеце – мінулым летам мы былі сьведкамі дыпляматычнага скандалу ў зьвязку з рэзыдэнцыямі заходніх амбасадараў. Але аніводная амбасада не прыпыніла сваёй працы, ніхто не зачыніў будынкі. Нашая брытанская амбасада працягвала сваю працу. Я асабіста не хачу ўваходзіць у дэталі гэтага дыпляматычнага скандалу. Я і мой унівэрсытэт прыехалі ў Беларусь, каб дапамагчы пабудаваць дэмакратычнае грамадзтва. Мы ня робім тут анічога дрэннага. І ў гэтым палягае галоўная мэта фонду “Тэмпус”.

Захад актыўна намагаецца стварыць тут дэмакратычнае багатае грамадзтва з эфэктыўнай эканомікаю. І я думаю, што нават спадар Сорас быў бы задаволены, што нехта робіць падобнае ў Беларусі.

У Беларусі ёсьць свае праблемы. Тут прэзыдэнт вырашыў актыўна змагацца з карупцыяй. А Вялікабрытанія мае багаты досьвед у гэтай галіне. Чаму ж зь іх не скарыстаць? Хаця, зразумела, на Захадзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі жорстка крытыкуецца”.

Вышэйшая асьвета – непарыўная частка ўсяго грамадзкага арганізму. Яна не ў стане разьвівацца нейкім сваім адметным ад іншых галінаў жыцьця шляхам. І таму выразны заняпад у галіне супрацоўніцтва з багатымі, дэмакратычнымі краінамі адлюстроўвае ўсе сёньняшнія хваробы беларускага грамадзтва. Зьмены на лепшае прыдуць тут толькі тады, калі будуць вылячаны гэтыя хваробы.

І на заканчэньне прыгадаю, што некалькі наступных перадачаў сэрыі Гаўдэамус будуць прысьвечаныя аналізу справаздачы ў справе “Акадэмічныя свабоды”, падрыхтаванай міжнароднай праваахоўчай арганізацыяй “Human Rights Watch”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG