Лінкі ўнівэрсальнага доступу

64. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (14)


Брытанская сыстэма адукацыі не без падставаў карыстаецца вялікай папулярнасьцю, пашанаю і аўтарытэтам ў сьвеце ня толькі дзякуючы сваёй прыхільнасьці традыцыйным вартасьцям вышэйшае асветы. Брытанскія ўнівэрсытэты актыўна й плённа ажыцьцяўляюць шматлікія праекты, якія сымбалізуюць сабою апошнія дасягненьні пэдагагічнае навукі. Адзін з такіх праектаў ажыцьцяўляе на працягу апошніх некалькіх год Манчэстарскі ўнівэрсытэт.

Manchester Metropolitan University (так гучыць ягоная афіцыйная назва) – другі паводле колькасьці студэнтаў унівэрсытэт Вялікабрытаніі. Вучыцца тут больш за 30 тысячаў студэнтаў. Нягледзячы на свае памеры, гэта адносна малады ўнівэрсытэт. Створаны ён толькі ў 1992 годзе на базе Манчэстарскага палітэхнічнага інстытуту. Ён мае 7 факультэтаў: мастацтва й дызайну, права й пэдагогікі, грамадзкіх навукаў, факультэт тэхналёгіі грамадзкага харчаваньня, сацыяльных навукаў, бізнэсу й мэнэджмэнту ды інжынэрны факультэт.

Праект, пра які я хачу расказаць у сёньняшняй перадачы, паўстаў на факультэту бізнэсу й мэнэджмэнту. Ягоным галоўным ініцыятарам і арганізатарам зьяўляецца прафэсар Эндрю Лок, які цяпер узначальвае дэканат факультэту. Cутнасьць праекту палягае ў тым, каб брытанскую адукацыю выкарыстаць непасрэдна ў справе адбудовы рынкавай гаспадаркі на посткамуністычнай прасторы. Унікальнасьць жа яго ў тым, што, калі іншыя ўнівэрсытэты сваю дапамогу посткамуністычнаму сьвету абмяжоўваюць падрыхтоўкаю спэцыялістаў на мейсцы ў Вялікабрытаніі, дык Манчэстарскі вырашыў пайсьці далей – і стварыць сваю філію ў адной з краінаў былога сацыялістычнага лягеру. Дзеля гэтага тры гады таму ў супрацоўніцтве са сьветна вядомай Парыскай школай мэнэджмэнту й эканамічным факультэтам Праскага унівэрсытэту ў Чэхіі пачаў дзейнічаць спэцыяльны гадавы курс паслядыплёмнае адукацыі дзеля падрыхтоўкі спэцыялістаў-рынкавікоў для посткамуністычных краінаў. А вось што сам каардынатар праекту прафэсар Эндрю Лок расказвае аб ім:

(Лок: ) “Ажыцьцяўленьне падобнага праекту стала магчымым таму, што мы ўжо даўно супрацоўнічаем з факультэтам эканомікі Праскага унівэрсытэту й Праскай школай бізнесу, якая фінансуецца са сродкаў эўрапэйскага праекту “Тэмпус”. Таксама наш Унівэрсытэт меў кантакты са сьветна вядомай Парыскай школай мэнэджмэнту. І вось гэтыя тры навучальныя ўстановы вырашылі распачаць праект, які б мог прыцягнуць здольных студэнтаў з ўсяго сьвету. Зразумела, што перш за ўсё гэта датычыла чэскіх студэнтаў, якія атрымалі магчымасьць вучыцца адразу ў дзьвух вядомых навучальных установах Эўрапейскага Зьвязу й пазнаёміцца з дзьвюма непадобнымі гаспадаркамі. Акрамя чэскіх студэнтаў наш праект адкрыты й для студэнтаў зь іншых посткамуністычных краінаў”.

Калі праект пачаў дзейнічаць, высьветлілася, што карыстаецца ён вялікай папулярнасьцю ня толькі сярод спэцыялістаў з Усходу, але й з Заходняй Эўропы і ЗША. Шмат хто з гэтых “заходнікаў” быў перакананы (і не без падставаў), што дыплём Манчэстара дазволіць ім зрабіць кар’еру й зарабіць грошы ў тых фірмах, якія пачалі рабіць буйныя інвэстыцыі за былой жалезнай заслонаю. Але, зразумела, перавага ў прыёме ў лік студэнтаў аддаецца жыхарам былых камуністычных краінаў. Што трэба, каб стаць абітурыентам? Прафэсар Андрю Лок радзіць:

(Лок: ) “Найлепшы спосаб быць прынятым у лік студэнтаў гэтага праекту – зьвяртацца непасрэдна да нас у Манчэстарскі ўнівэрсытэт. Можна, зразумела, зьвяртацца і ў Праскі ўнівэрсытэт на эканамічны факультэт. Мы зацікаўленыя ў прыёме студэнтаў, якія ўжо маюць адзін дыплём аб вышэйшай адукацыі, дыплём, які адпавядае чэскаму тытулу “інжынэра”. Мы таксама ўлічваем дасьведчаньні бізнэсовае дзейнасьці, і таму прыймаем нават зусім маладых людзей”.

Гадавы курс навучаньня новага праекту складаецца як бы з чатырох частак. Заняткі пачынаюцца ў Манчэстары. Іх працягласьць – 11 тыдняў. Пазьней студэнты накіроўваюцца ў Парыж, дзе адбываецца падобны 11-тыднёвы курс толькі на францускім матэрыяле. Пасьля Парыжу прыходзіць чарга Прагі. І заключны этап – гэта трохмесяцовая практыка ў адной з заходніх кампаніяў, якая дзейнічае ў Чэскай Рэспубліцы. На заканчэньне курсу ўсе студэнты павінны прадаць дыплёмную працу ў выглядзе рэальнага бізнэс-пляну. Абарона яго адбываецца на заканчэньне курсу зноў у Манчэстары. І тут жа ва ўрачыстай атмасфэры ўручаюцца дыплёмы.

Тэарытычна ўсё гэта гучыць даволі прывабна, але нашых слухачоў напэўна цікавіць пытаньне: колькі ж усё гэта каштуе і ці ёсьць магчымасьць атрыманьня фінансавае дапамогі, ці стыпендыі? На гэтае пытаньне прафэсар Эндрю Лок адказвае:

(Лок: ) “Усім студэнтам з Усходняй і Цэнтральнай Эўропы мы даем 40-адсоткавую скідку аплаты за навучаньне. Мы таксама шукаем для здольных студэнтаў фундатараў зь ліку вялікіх кампаніяў, якія б маглі за іх заплаціць. Калі ж гаварыць пра агульныя кошты для тых, хто плаціць за год навучаньня з уласнай кішэні, дык іх выдаткі на ўсё, уключна з пражываньнем і харчаваньнем, павінны складаць прыблізна ад 10 да 15 тысячаў амэрыканскіх даляраў. Гэта значна менш за тое, што плацяць студэнты з Заходняй Эўропы або чым трэба заплаціць за падобны курс у іншых навучальных установах”.

Вельмі важным элемэнтам гадавога курсу навучаньня зьяўляецца тое, што навука адбываецца як бы пад крылом вялікага бізнэсу. І студэнты ўжо пад час першых месяцаў пачынаюць супрацоўнічаць з той, ці іншай кампаніяй. Пазьней яны адбываюць у ёй практыку, і калі пасьпяхова здаюць іспыты, ім гарантаваная высокаплатная пасада. Прафэсар Эндрю Лок камэнтуе гэты факт наступным чынам:

(Лок: ) “Мы абсалютна ўпэўненыя, што тыя студэнты, якія не фінансуюцца непасрэдна паасобнымі кампаніямі, будуць мець вельмі высокую цану на рынку працы. Акрамя таго, мы самі робім рэкляму нашым студэнтам сярод кіраўнікоў вялікіх кампаніяў, каб тыя маглі атрымаць цікавую прапанову ў працы. Мы як бы фундатары іх будучых кантрактаў”.

І на заканчэньне маёй размовы з дэканам факультэта грамадзкіх навукаў Манчэстарскага ўнівэрсытэту прафэсар Эндрю Лок запрасіў усіх тых, хто мае адпаведныя здольнасьці, сілы й жаданьне вучуцца на гэтым гадавым курсе накіроўваць свае дакуманты ў Вялікабрытанію. Ён лічыць, што гэта ня толькі ўнікальны шанец для кожнага здольнага маладога чалавека, але й шанец для беларускай эканомікі вырвацца з путаў старой эканамічнай сыстэмы. Вось ягоныя словы:

(Лок: ) “Гэта сапраўдны шанец для тых, хто хоча зразумець сутнасьць пераходнае эканомікі на чэскім прыкладзе й на прыкладзе іншых посткамуністычных краінаў. Мы вучым, як для чэскіх рэформаў можна выкарыстоўваць досьвед такіх дзьвюх непадобных гаспадарак, як француская і брытанская. Увогуле вучоба на працягу году адразу ў трох унівэрсытэтах – гэта ўнікальная магчымасьць”.

Для тых, хто хацеў бы непасрэдна звярнуцца ў Манчэстарскі ўнівэрсытэт падаю ягоны адрас і тэлефон:

Faculty of Management and Business
The Manchester Metropolitan University
Aytoun str.
Manchester M1 3GH
United Kingdom

Tel. – 44-161-2473717

Інтэрнэтаўскі адрас: www.man-bus.mmu.ac.uk

XS
SM
MD
LG