Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

63. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (13)


Лёндан, сталіцу Вялікабрытаніі, можна без перабольшваньня таксама назваць горадам студэнтаў. Іх тут больш 250 тысячаў. Некаторыя сьцьвярджаюць, што гэта самы вялікі студэнцкі горад у заходняй Эўропе.

Прыблізна палова гэтых вучняў вышэйшых навучальных установаў вучыцца ў двух самых буйных унівэрсытэтах Вялікабрытаніі: Лёнданскім унівэрсытэце й Адкрытым унівэрсытэце Лёндана. І сёньня ў чарговай перадачы сэрыі “Гаўдэамус” расказ пра Лёнданскі ўнівэрсытэт.

Унівэрсытэт Лёндану – трэці старэйшы ўнівэрсытэт краіны. Ён быў створаны на падставе каралеўскай хартыі ў 1839 годзе. Старэйшыя ад яго толькі Кэмбрыджскі і Оксфардзкі ўнівэрсытэты. Вучыцца тут каля 60 тысяч студэнтаў, але ёсьць яшчэ вялікая колькасьць так званых карэспандэнцыйных студэнтаў, якія вучацца па перапісцы. Справа ў тым, што кожны можа пачаць здаваць залікі ды экзамены ва ўнівэрсытэце па пошце. І такіх паштовых завочнікаў у Лёнданскім унівэрсытэце таксама дзесяткі тысячаў.

Старшынёй апекунчай Рады Унівэрсытэту зьяўляецца сама каралева Лізавета. А да гэтага да 1981 году Раду ўзначальвала яе маці.

Калі, падрыхтоўваючы гэтую перадачу да выхаду ў эфір, я пазваніў у Лёндан у рэктарат Лёнданскага ўнівэрсытэту, дык кіраўнік аддзелу міжнародных зносінаў Браян Фалькенбрыдж ахарактарызаваў Лёнданскі ўнівэрсытэт як молах, дзе вывучаюцца практычна амаль усе кірункі сучасных навуковых ведаў. І гаварыць пра ўнівэрсытэт агулам практычна немагчыма. І доктар Фалькенбрыдж параіў мне падрыхтаваць перадачу пра адзін з каледжаў універсытэту, а менавіта – пра каледж Гольдсміт.

І сапраўды, каледж Гольдсміт – візытоўка Лёнданскага ўнівэрсытэту. Тут вывучаюцца практычна толькі грамадзкія навукі. І ў кніжцы, прысьвечанай каледжу, гаворыцца, што настаўніцкі калектыў Гольдсміса ганарыцца тым, што ён можа запрапанаваць сваім студэнтам нешта асаблівае, непадобнае на нішто іншае. Што ж гэта такое – унікальная спэцыфіка каледжу Гольдсміт? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, я пазваніў непасрэдна ў сам каледж. Да тэлефону падыйшла супрацоўніца аддзелу міжнародных сувязяў Вікі Анан. Вось, як яна адказала на гэтае пытаньне.

(Анан: ) “Тут у каледжы Гольдсміт студэнты перш за ўсё зьвяртаюць увагу на вельмі спэцыфічную атмасфэру, якая ствараецца ў працэсе навучаньня. У нас ёсьць студэнты, якія вывучаюць мастацтва, псыхалёгію, сацыяльныя навукі й пэдагагічныя. Гэтая атмасфэра ствараецца яшчэ й таму, што ў нас ёсьць студэнты рознага веку. Прыкладам, ёсьць студэнты, сталейшыя за 21 год, але ёсьць і моладзь блізу 18 гадоў. Але самае галоўнае, што стварае ўнікальную атмасфэру, -- гэта касмапалітызм студэнцкага асяродку. У нас студэнты практычна з усяго сьвету. Прыяжджаюць да нас, прыкладам, і з Польшчы, і з Тайланду, і з Амэрыкі. І гэтая атмасфэра спрыяе таму, што амаль кожны, хто паступае сюды, вучыцца да канца”.

У каледжы Гольдсміт вывучаюцца наступныя дысцыпліны: антрапалёгія, дасьледваньні псыхалёгіі моладзі, дызайн, драматычнае мастацтва, пэдагогіка, гісторыя мастацтваў, ангельская мова, гісторыя, мавазнаўства, статыстыка, палітычныя навукі, сацыялёгія, візуальнае мастацтва й сацыяльная палітыка.

Але, ці ўсе гэтыя кірункі ўлічваюць спэцыфіку студэнтаў з Усходняй Эўропы, у прыватнасьці, зь Беларусі, якія маглі б прыехаць вучыцца сюды? На гэтае пытаньне спадарыня Вікі Анан адказвае:

(Анан: ) “У сапраўднасьці мы лічым, што падыход да ўсіх студэнтаў, адкуль бы яны не прыбылі, павінен быць аднолькавым. Студэнты з Ўсходняй Эўропы вучацца ў групах разам з брытанцамі. Яны маюць доступ да тых самых лябараторыяў, да тых самых кампутараў і т.п. Праўда, калі студэнты з усходу патрабуюць дадатковых заняткаў ангельскай мовы, дык мы наладжваем для іх спэцыяльныя курсы”.

Адным з даволі карысных бакоў адукацыі ў каледжы Гольдсміт зьяўляецца той факт, што навука тут працягваецца толькі 4 гады, а не 5, як у бальшыні амэрыканскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтаў. Такім чынам можна ня толькі заашчадзіць свой час, але й значныя грошы. А дасягаецца гэта даволі высокай інтэнсіўнасьцю заняткаў.

Вось, што гаворыць супрацоўніца аддзелу міжнародных стасункаў Вікі Анан пра спэцыфіку дыплёмаў, якія выдаюцца ў Гольдсміце.

(Анан: ) “Мы прапануем нашым студэнтам тры асобныя праграмы, кожная з каторых адпавядае спэцыфіцы патрабаваньняў ва ўласнай краіне студэнта. Нашыя студэнты могуць таксама атрымаць дыплём першай ступені, які фірмуецца Лёнданскім унівэрсытэтам. Мы таксама прапануем тым студэнтам, хто сканчае наш каледж, дыплёмы другой ступені па ўсім галінам ведаў, якія вывучаюцца тут”.

І яшчэ адная рэч, якой не без падставаў ганарыцца каледж Гольдсміт, – гэта кампутарная база. Кожны студэнт адразу пасьля прыняцьця атрымлівае свой кампутарны адрас, які ўводзіцца ў супольную каледжаўскую сыстэму. І ад гэтага часу амаль ўсе кантрольныя працы й нават залікі студэнт будзе здаваць з дапамогай кампутараў.

Праз кампутар ён будзе зьвязвацца з настаўнікамі, з дапамогай спэцыяльнага кампутарнага коду ён атрымлівае бясплатны доступ у інтэрнэт. На тэрыторыі каледжу ёсьць некалькі камутарных заляў, і студэнт можа прыйсьці ў кожную зь іх, сесьці за любы кампутар і пачаць працаваць. Гэта тут нармальная практыка.

Можна яшчэ дадаць, што ўвогуле ва ўсім Лёнданскім унівэрсытэце – скаардынаваная агульная камутарная сыстэма, з дапамогай якой, прыкладам, кожны студэнт можа даведацца, якія экзамены яму давядзецца здаваць на пятым курсе або якія шанцы ён мае на атрыманьне стыпэндыі.

Праз кампутар вы таксама можаце атрымаць неабходныя падручнікі, дапаможныя матэрыялы і інш. Частка заняткаў у каледжы адбываецца таксама з дапамогай кампутарнай тэлевізыі. Так, прыкладам, вядомы прафэсар з Гарварду можа стала выкладаць у Лёндане без патрэбы прыяжджаць сюды на кожныя заняткі. З дапамогай тэлевізыі адбываюцца ня толькі лекцыі, але й сэмінарскія заняткі, калі праз телевізар ідзе нармальны дыялёг паміж выкладчыкам і студэнтам, нягледзячы на тое, што яны знаходзяцца на адлегласьці некалькі тысячаў кілямэтраў адзін ад аднаго.

Як бачым, у сьцвярджэньні, што каледж Гольдсміт – гэта нешта надзвычайнае, ёсьць шмат рацыі. А вось, што супрацоўніца аддзелу міжнародных стасункаў Вікі Анан сказала на заканчэньне нашай размовы.

(Анан: ) “Мы запашаем студэнтаў з усіх куткоў нашае плянэты. Таму што менавіта яны надаюць непаўторнасьць нашай навучальнай установе. Але, калі б нехта хацеў атрымаць дадатковую інфармацыю, калі ласка, вы можаце затэлефаніць да нас у міжнародны аддзел па тэлефоне: 44-171-9197700, я таксама запрашаю вас наведаць нашую вэб-старонку ў інтэрнэце. Яе адрас: www.goldsmiths.ac.uk ”.

Гэта быў інтэрнэтаўскі адрас і тэлефон каледжу Гольдсміт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Гэтая вышэйшая навучальная ўстанова таксама хацела бы бачыць сярод сваіх студэнтаў маладых людзей зь Беларусі.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG