Лінкі ўнівэрсальнага доступу

54. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (4)


Міжнародная асацыяцыя вышэйшай адукацыі, шанаваная міжнародная арганізацыя, якая працуе ў рамках ЮНЭСКА, штогод друкуе свае табліцы лепшых унівэрсытэтаў сьвету. Пры гэтым ужо само знаходжаньне ў табліцы, нават бяз рэйтынгу, можна разглядаць як посьпех і нават падставу для міжнароднага прызнаньня дыплёма той ці іншай вышэйшай навучальнай установы. І вось сярод 10 найлепшых унівэрсытэтаў сьвету — два брытанскія: Кембрыдж і Оксфард. А сярод усіх 98 брытанскіх унівэрсытэтаў афіцыйную міжнародную клясыфікацыю маюць 96. Гэта яшчэ адно сьведчаньне надзвычай высокага аўтарытэту брытанскай вышэйшай асьветы ў сьвеце.

Якія ж брытанскія ўнівэрсытэты найлепшыя? Ці варта беларускім абітурыентам намагацца трапіць менавіта туды, дзе самы высокі ўзровень навучаньня? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказ у сёньняшняй перадачы сэрыі «Гаўдэамус».

На самым пачатку хачу даць вам адну, на мой погляд, вельмі важную параду. Лепшыя брытанскія ўнівэрсытэты маюць ня толькі самы высокі ўзровень пэдагагічнага працэсу, але яны і самыя багатыя. І менавіта яны маюць у сваім распараджэньні самы багаты стыпэндыяльны фонд. І як бы гэта ні гучала парадаксальна, для здольных таленавітых беларусаў лягчэй паступіць ва ўнівэрсытэт зь першай дзясяткі найлепшых, чымся ў сярэдні ці слабы, дзе патрабаваньні да вашых ведаў не такія высокія.

Таму станоўча раю тым, хто цяпер думае пра вучобу на Брытанскіх астравах, намагацца адразу паспрабаваць ісьці туды, дзе самы высокі ўзровень навучаньня. Калі ўнівэрсытэт зацікавіцца Вашай асобай, калі Вашыя веды зробяць уражаньне на прыёмную камісію, унівэрсытэцкія ўлады знойдуць і грошы на стыпэндыю для вас.

Зусім іншая справа ў сярэднім унівэрсытэце. Тут даволі часта бывае так, што на першым месцы для ўнівэрсытэцкіх уладаў стаіць праблема атрыманьня прыбытку ад навучаньня кожнага студэнта. Унівэрсытэт небагаты, ён павінен яшчэ стаць на ногі, і заробак тут адыгрывае першасную ролю. Таму прыняць вас могуць нават з дрэннымі ведамі, галоўнае — плаці.

Напрыклад, каб у 1998-99 навучальным годзе трапіць ва Ўнівэрсытэт Паўночнага Лёндана (ён займае 89-тае месца ў агульнай клясыфікацыі 98 брытанскіх унівэрсытэтаў) трэба было мець толькі задавальняючыя адзнакі (тройкі) па ўсяго двум профільным прадметам. Так што прымалі туды практычна кожнага, хто меў дыплём сярэдняй адукацыі.

Дык вось, тых з вас, хто вырашыць паслухаць маёй парады і паспрабуе паступаць у адзін з найлепшых брытанскіх унівэрсытэтаў, я б сёньня хацеў коратка пазнаёміць зь дзясяткай найлепшых унівэрсытэтаў Вялікабрытаніі. Але спачатку мушу сьцьвердзіць: усе 98 брытанскіх унівэрсытэтаў штогод клясыфікуюцца спэцыяльнай дзяржаўнай арганізацыяй ЮКАС, якая адказная за каардынацыю набору студэнтаў у брытанскія ВНУ. Клясыфікацыя гэтая ажыцьцяўляецца разам з газэтай Sunday Times і штогод зьяўляецца на яе старонках. Ніводзін з унівэрсытэтаў ня мае за сабой сталага зарэзэрваванага месца і можа кожны наступны год страціць сваю пазыцыю.

Унівэрсытэты ацэньваюцца паводле шасьці парамэтраў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца дадзеныя спэцыяльнай Кампаніі страхаваньня вышэйшай адукацыі. Як бачыце, ёсьць і такая арганізацыя, куды вы можаце зьвярнуцца і паспрабаваць атрымаць кампэнсацыю ў тым выпадку, калі веды, якія вы атрымалі падчас навучаньня, мала вартасныя і не дазваляюць вам зрабіць добрую кар’еру. Дарэчы, падобную кампэнсацыю праз суд штогод атрымліваюць дзясяткі ангельцаў і чужынцаў.

Афіцыйная клясыфікацыя брытанскіх унівэрсытэтаў адбываецца паводле 1000-бальнай шкалы. Так што ў ідэале можна атрымаць 1000 балаў. І да гэтага ідэалу вельмі блізкі першы ў клясыфікацыі Кембрыджскі ўнівэрсытэт — 940 балаў.

У Кембрыдж вы можаце паступаць на гэткія спэцыяльнасьці: археалёгія, антрапалёгія, архітэктура, інжынерыя, інфарматыка, эканоміка, пэдагогіка, замежныя мовы, геаграфія, гісторыя, права, мэнэджмэнт, матэматыка, мэдыцына, музыка, статыстыка, псыхалёгія, філязофія, сацыялёгія, паліталёгія, тэалёгія і вэтэрынарыя.

Каб паступіць у Кембрыдж, трэба мець усе тры пяцёркі па профільных дысцыплінах.

University of Camdridge, Kellet Lodge, Tennis Court Road, Cambridge CB2 1QJ, tel. 44 1223, 333308.

Другое месца ў клясыфікацыі займае Оксфардзкі ўнівэрсытэт — 885 балаў.

У Оксфардзе спэцыялістаў рыхтуюць у наступных спэцыяльнасьцях: археалёгія, антрапалёгія, архітэктура, інжынерыя, інфарматыка, эканоміка, пэдагогіка, замежныя мовы, геаграфія, гісторыя, права, гісторыя мастацтваў, мэнэджмэнт, матэматыка, мэдыцына, музыка, філязофія, сацыялёгія, паліталёгія, тэалёгія, статыстыка і псыхалёгія.

Каб паступіць сюды, таксама трэба мець усе пяцёркі па профільных дысцыплінах.

University of Oxford, University Offices, Wellington Square, Oxford OX1 2JD, tel - 44 1865 270708

Трэці ўнівэрсытэт Вялікабрытаніі паводле афіцыйнай клясыфікацыі — гэта Імпэрскі коледж навук і тэхналёгіі — 854 балы.

Imperial College of Science and Technology — падразьдзяленьне Лёнданскага Ўнівэрсыітэту. Тут вывучаюць кампутарныя навукі, фізыку, хімію, астраномію, матэматыку, геадэзію, прыродазнаўчыя навукі, інфарматыку, інжынерыю.

Сюды, паводле дадзеных 1998 году, можна таксама трапіць толькі з усімі пяцёркамі.

Чацьвёртае месца займае Лёнданская Школа Эканомікі і Палітыкі — 844 балы.

London School of Economics and Political Science — гэта таксама незалежнае падразьдзяленьне Лёнданскага Ўнівэрсытэту. Тут студэнтам выкладаюць: бухгальтарскую справу, антрапалёгію, эканоміку, геаграфію, палітыку, гісторыю, мэнэджмэнт, вытворчыя адносіны, права, матэматыку, філязофію, псыхалёгію, сацыялёгію і статыстыку.

Прымаюць сюды таксама толькі выдатнікаў.

London School of Economics and Political Science, Houghton Street, London WC2AE, tel - 44 171 9556137

Пяты ўнівэрсытэт Вялікабрытаніі — Ёркскі. Яго посьпехі ацэненыя 811 баламі.

University of York прапануе студэнтам заняткі ў спэцыяльнасьцях: археалёгія, архітэктура, біялёгія, хімія, інфарматыка, камунікацыі, эканоміка, пэдагогіка, электроніка, замежныя мовы, гісторыя, лінгвістыка, матэматыка, музыка, філязофія, фізыка, псыхалёгія і сацыялёгія.

Варункі прыняцьця сюды не такія жорсткія, як у першай чацьвёркі найлепшых унівэрсытэтаў. Каб паступіць сюды, дастаткова мець адну пяцёрку і дзьве чацьвёркі.

University of York, Heslington, York, Y01 5DD, tel. - 44 1904 433433

Шостае месца ў клясыфікацыі займае Ўнівэрсытэцкі коледж Лёндана — 779 балаў.

University College of London уваходзіць у структуру вялізнага Лёнданскага Ўнівэрсытэту. Тут вывучаюць галоўным чынам прыродазнаўчыя навукі.

Тут таксама самыя лібэральныя патрабаваньні для абітурыентаў. У студэнты вас могуць залічыць нават на падставе ўсіх трох чацьвёрак з профільных дысцыплінаў.

Сёмы ўнівэрсытэт Вялікабрытаніі — гэта Ўорыкскі — 774 балы.

University of Warwik знаходзіцца ў горадзе Ковэнтры. Сярод спэцыфічных кірункаў навучаньня, якіх не было ў іншых унівэрсытэтах пералічым кіраваньне бізнэсам, экалёгію і драму.

Прахадны бал сюды паводле вынікаў 1998 году — дзьве пяцёркі і адна чацьвёрка.

University of Warwik, Coventry CV4 7AL, tel. - 44 1203 461606

На восьмым месцы Нотынгемскі ўнівэрсытэт — 771 бал.

University of Nottingham прапануе вам такія не згадваныя раней кірункі навучаньня, як фармакалёгія, рэлігіязнаўства, гарадзкое плянаваньне і заалёгія.

Прымаюць сюды зь ведамі па профільных дысцыплінах, ацэненых на дзьве пяцёркі і толькі адну чацьвёрку

University of Nottingham, University Park, Nottingham, UK, NG7 2RD, tel. - 44 115 9515155

Дзявятае і дзясятае месцы сярод найлепшых брытанскіх унівэрсытэтаў займаюць Шэфілдзкі і Дарэмскі ўнівэрсытэты. Гэта вялікія ўнівэрсытэты, дзе вам прапануецца вучыцца практычна ва ўсіх раней згаданых кірунках.

University of Sheffield, Western Bank Sheffield UK, S10 2TN, tel. - 44 114 2768555

University of Durham, Old Shire Hall, Durham, UK, DH1 3HP, tel. - 44 191 3742865

У другой дзясятцы клясыфікацыйнай табліцы — такія вядомыя ўнівэрсытэты, як Бірмінгемскі, Кенцкі, Брыстальскі, Ланкастэрскі ды іншыя, якія я таксама раю вам мець на ўвазе.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG