Лінкі ўнівэрсальнага доступу

51. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікай Брытаніі (1)


Кембрыдзкі і Оксфардзкі ўнівэрсытэты сымбалізуюць сабой брытанскую сыстэму адукацыі. Гэта адны з найлепшых унівэрсытэтаў сьвету. І безь перабольшаньня можна сьцьвердзіць, што вучыцца там — мара кожнага студэнта.

Некаторыя людзі аддаюць перавагу ўсяму новаму і неправеранаму. Мадэрн для іх — амаль сынонім прагрэсу і дасканаласьці. Іншыя ж намагаюцца рабіць усё амаль так, як іх бацькі й дзяды. І таксама лічаць, што прагрэс можа будавацца толькі на захаваньні традыцыяў папярэдніх пакаленьняў. Брытанскі стыль жыцьця, духовыя і палітычныя традыцыі, а таксама брытанская сыстэма адукацыі пабудаваныя менавіта на гэткіх традыцыйных прынцыпах. У чым іх сутнасьць? Чаму спэцыяльны энцыкляпэдычны ўнівэрсытэцкі даведнік, выдадзены пад эгідай ЮНЭСКА, ацэньвае брытанскую сыстэму вышэйшай адукацыі як адну з найлепшых у сьвеце?

Якія яны — брытанскія ўнівэрсытэты? У сёньняшняй перадачы ў сэрыі «Гаўдэамус» мы пачынаем расказ пра тое, як можна і ці магчыма вучыцца на Брытанскіх астравах.

Мой сябра, прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту (ён працуе ва ўнівэрсытэцкай школе славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў) Кіт Сворд лічыць, што меркаваньне аб выключным месцы традыцыйнасьці ў брытанскай сыстэме вышэйшай асьветы нішто іншае як міт. У сапраўднасьці, сьцьвярджае ён, захаваньне некаторых вонкавых традыцыяў — гэта даніна брытанскасьці, а таксама спроба з дапамогай адпаведных нетрадыцыйных мэтадаў павысіць прывабнасьць брытанскіх унівэрсытэтаў. Прафэсар Сворд — дарэчы, я пляную зьмясціць размову зь ім у адной з нашых наступных перадачаў — лічыць, што ў справах, якія датычаць непасрэдна навучальнага працэсу, брытанскія ўнівэрсытэты вельмі элястычныя. Больш таго, яны вельмі часта зьяўляюцца піянерамі ўвядзеньня і паўсюднага выкарыстаньня новых пэдагагічных мэтадаў.

Брытанская традыцыя, аднак, прысутнічае амаль на кожным кроку падчас навучаньня. І часам яе прысутнасьць прыймае даволі дзіўныя, калі не сказаць гратэскавыя формы. Хоць самі брытанцы часта іранізуюць на гэтую тэму. Расказвае асьпірант Кембрыдзкага ўнівэрсытэту, беларус Мікола Пачкаеў.

(Пачкаеў:) «Я вучуся ў Кембрыдзкім унівэрсытэце. Унівэрсытэцкія статуты тут, прывілеі і хартыі назапашваліся стагодзьдзямі. Шмат якія з тых зазналі папраўкі і зьмены, але мала што было напрасткі скасавана. Прыкладам, сярэднявечныя патрабаваньні цэлібату выкладчыкаў былі зьмененыя ў тым сэнсе, што ім было дазволена жыць па-за коледжам, дзе статуты і хартыі ня маюць сілы. Жывучы па-за ўнівэрсытэтам, выкладчыкі могуць мець сям’ю, але знаходзячыся ў сваім памешканьні ў коледжы, там яны сям’і фармальна ня маюць.

Адна з вонкавых рысаў акадэмічнае гіерархіі ёсьць акадэмічная вопратка. Згодна з статутамі, якія вывешваюцца штогод на дошцы аб’яваў, унівэрсытэцкі люд абавязаны зьяўляцца на акадэмічныя імпрэзы ў, як сказана, слушнай акадэмічнай вопратцы.

Тут Кембрыдж мае рэпутацыю лібэральнейшай установы за Оксфард. У нас пад акадэмічнымі імпрэзамі разумеюцца урачыстасьці такія як выпуск, а таксама штодзённыя рэчы такія, як вячэра ў коледжаўскай сталоўцы, набажэнствы ва ўнівэрсытэцкай царкве. У Оксфардзе ж сьпіс падобных нагодаў можа ўключаць таксама і здачу іспытаў і сустрэчы з куратарам — навуковым кіраўніком.

Пад слушнай акадэмічнай вопраткай разумеецца акадэмічная тога. Тут кожная прыступка унівэрсытэцкае гіерархіі мае свае адметнасьці. Гэтак, тыя хто вучыцца на бакаляўра, носяць тогі з простымі трохкутнымі рукавамі. Да таго ж, некаторыя калегіі-коледжы маюць адметныя колеры — ня чорныя, а, напрыклад, цёмна-сінія. Кожны коледж, а іх за 30, мае таксама шалікі асаблівай расфарбоўкі. Далей, магістры і дактары маюць тогі з даўгімі зашытымі рукавамі. Пры гэтым магістры мастацтваў маюць найпрасьцейшую вэрсію, а калі я атрымаў магістра філязофіі, то мне прышылі на рукаў своеасаблівую лычку. Дактары маюць ззаду своеасаблівы чырвоны капялюш. На ўрачыстасьці, напрыклад выпуск, на гэта накладаюцца розныя стужкі і футры, у кожнай катэгорыі свае, і дадаюцца шапкі — прастакутныя ці іншыя».

Дарэчы, Мікола — не адзіны беларус, што вучыцца на Брытанскіх астравах. Іх прыцягваюць сюды ня толькі шырокія магчымасьці атрыманьня адукацыі высокага ўзроўню, але і ўнікальная атмасфэра Брытаніі. Тут нізкі ўзровень злачыннасьці, амаль абсалютная рэлігійная талерантнасьць і надзвычай прыхільнае стаўленьне брытанцаў да чужынцаў. Тут у Лёндане знаходзіцца і сядзіба Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі, вядомая ва ўсёй Заходняй Эўропе Скарынінская бібліятэка, замежны цэнтар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Тут, бясспрэчна, самы ўплывовы і актыўны асяродак беларускага жыцьця ў Заходняй Эўропе. І амаль усе студэнты-беларусы ўдзельнічаюць у яго дзейнасьці. І напэўна таму адчуваюць сябе не такімі адзінокімі на чужыне. Ёсьць і іншыя перавагі. Так, напрыклад, для атрыманьня візы няма патрэбы афармляць мэдыцынскую страхоўку. Існуе яшчэ старое савецка-брытанскае пагадненьне, якое гарантуе беларусам бясплатную мэдыцынскую дапамогу ў экстраных выпадках. Трэба толькі заплаціць па 5 фунтаў за кожны рэцэпт на лекі.

Але, што самае цікавае, даніна старой абраднасьці ў брытанскіх унівэрсытэтах не ўспрымаецца як нешта дзіўнае. Хутчэй наадварот, яна дапамагае стварыць тую ўнікальную атмасфэру спакусьлівай таямніцы навукі, якая дапамагае ў навучаньні. Кембрыдзкі аспірант Мікола Пачкаеў працягвае:

(Пачкаеў:) «У Оксфардзе распавядаюць наступную гісторыю. Неяк падчас іспыту студэнт раптам запатрабаваў піва і пірагу. На зьдзіўленьне прафэсара, ён выцягнуў нейкую старадаўнюю хартыю ці статут, згодна зь якою, сапраўды, студэнт можа запатрабаваць на іспыце піва і пірог. Што рабіць — статут ёсьць статут, і некага паслалі ў макдональдс прынесьці кока-колы замест піва і тамтэйшы яблачны пірог. Як кажа гісторыя, на другі дзень ён быў аштрафаваны унівэрсытэтам на 5 фунтоў — за тое, што зьявіўся на ўрачыстасьць бяз шпагі — як таго патрабуе іншы статут».

Сёлета чатыры вядучыя брытанскія ўнівэрсытэты зьнізілі плату за навучаньне на 10%. Гэта ўнівэрсытэты ў Уорыку, Лідсе, Ліверпулі і Брыстолі. Прычына? Пагаршэньне фінансавых магчымасьцяў студэнтаў з тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, Далёкага Ўсходу і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. А менавіта яны складаюць найбольшую колькасьць тых замежнікаў, хто вучыцца ў гэтых унівэрсытэтах. Зразумела, што на якасьці адукацыі гэтае зьніжэньне цэнаў не адбілася. Сьведчыць гэта пра тое, што і на Брытанскіх астравах часам нешта мяняецца.

Прывабнасьць брытанскай сыстэмы вышэйшай адукацыі ва ўсім сьвеце палягае таксама ў тым, што брытанскія праграмы навучаньня выгодныя і адносна кароткачасовыя. Атрыманьне ступені бакаляўра ў большасьці выпадкаў зойме толькі тры гады, тым часам як у іншых краінах Эўрапейскага Саюзу на гэта трэба затраціць чатыры гады. А каб атрымаць дыплём магістра, тут трэба вучыцца ўсяго год, а ня два ці тры, як у іншых краінах. А калі вучыцца трэба менш часу, дык і кошт адукацыі выходзіць таньнейшы. Якім жа чынам брытанцы ў стане гарантаваць такі высокі ўзровень адукацыі і за карацейшы, чымся ў іншых краінах, тэрмін? На гэтае ды іншыя пытаньні я паспрабую адказаць у наступнай перадачы з сэрыі «Гаўдэамус».

Мікола Іваноў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG