Лінкі ўнівэрсальнага доступу

41. Прыватная Варшаўская вышэйшая школа бізнэсу й адміністрацыі (2)


Прыватная Варшаўская вышэйшая школа бізнэсу й адміністрацыі - самая старая, а сёньня і самая шанаваная недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы. А, як гавораць некаторыя, і ва ўсёй Цэнтральнай Эўропе. Як працуе яна, у чым палягае сутнасьць яе посьпеху? Чаму менавіта гэтая школа ўзяла на сябе місію ў сучаснай дэмакратычнай Польшчы быць галоўным падрыхтоўшчыкам прафэсійных кадраў для дзяржаўнай адміністрацыі? І ці могуць высокакваліфікаваныя прафэсіяналы поўнавартасна замяніць партыйных функцыянэраў у мясцовым самакіраваньні? На гэтыя ды іншыя пытаньні - адказ у сёньняшняй перадачы адукацыйнай сэрыі "Гаўдэамус".

............................................

Гэтая варшаўская школа - самая кампутарызаваная вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы. У будынках школы ўсталявана больш 1000 кампутараў. Такім чынам, на двух студэнтаў тут прыпадае адзін кампутар. Гэткай забясьпечанасьці маглі б пазайздросьціць нават некаторыя ўнівэрсітэты Захаду. Разьлік кіраўніцтва школы тут на тое, што сёньня немагчыма быць паўнавартасным спэцыялістам у галіне бізнэсу, адміністрацыі ці міжнародных дачыненьняў без дасканалых кампутарных ведаў. Пры гэтым, кампутарнае навучаньне адбываецца ня толькі дзеля таго, каб навучыць эканаміста выкарыстоўць тэхніку дзеля паглыбленьня сваіх вузкіх прафэсійных ведаў, але і дзеля таго, каб кожны з выпускнікоў школы меў як бы другую прафэсію кампутаршчыка. Шмат хто з выпускнікоў школы працуе цяпер інфарматыкамі, праграмістамі і нават кампутарнымі аналітыкамі. Гэтая спэцыфіка школы зьяўляецца адной з прычынаў яе папулярнасьці і аўтарытэтнасьці.

.....................................

Наша даведка:
У дадзены момант у Вышэйшай прыватнай школе бізнэсу й адміністрацыі мантуецца 7 новых кампутарных клясаў, абсталяваных кампутарамі новага пакаленьня з працэсарамі тыпу Intel Celeron 333 з аб'ёмам RAM 128 МВ, цьвёдымі дыскамі на 9,1 GB i CD-ROM драйвам 36x.

.....................................

Сёлета кіраўніцтва школы пайшло значна далей у кампутарнай спэцыялізацыі працэсу навучаньня. На эканамічным факультэце адкрытая новая спэцыялізацыя - кампутарная інжынэрыя. Студэнты на гэтым кірунку акрамя агульных дысцыплінаў будуць вывучаць тэхніку абслугоўваньня Інтэрнэту, а пасля заканчэньня ВНУ будуць высокакляснымі спэцыялістамі ў Інтэрнэце. Рэктар Прыватнай Варшаўскай школы бізнэсу й адміністрацыі прафесар Тадэвуш Козьлюк лічыць, што ўладальнікі менавіта гэткага дыплёма з кампутарнай спэцыялізацыяй будуць найбольш каштоўнымі спэцыялістамі на польскім рынку працы ў XXI стагодзьдзі. Попыт на іх будзе пераўзыходзіць прапановы наяўнай рабочай сілы ў некалькі разоў.

Школа пад кіраўніцтвам прафэсара Козьлюка ўвесь час вельмі актыўна і плённа разьвіваецца. Амаль кожны год у яе структуры паўстаюць новыя і новыя катэдры, факультэты, самастойныя дасьледчыя аддзелы.

....................................

Дзеля даведкі:
Сёньня Прыватная вышэйшая школа бізнэсу й адміністрацыі складаецца з 4 факультэтаў і дзьвюх самастойных катэдраў. Гэта:
1. Факультэт бізнэсу і гаспадарчай адміністрацыі;
2. Факультэт фінансавай і інвэстыцыйнай стратэгіі;
3. Факультэт дзяржаўнай адміністрацыі і тэрытарыяльнага самакіраваньня;
4. Факультэт сучаснай дыпляматыі і замежных службаў;
На правох самастойных катэдраў у школе дзейнічаюць:
- Цэнтар удасканаленьня кіруючых кадраў;
- Мэтадычны цэнтар вывучэньня замежных моваў.

...................................

Пасьля краху ў Польшчы камунізму высьветлілася, што ў краіне практычна не йснуе ніводнай вышэйшай школы, якая б рыхтавала неідэалягізаваныя кадры для дзяржаўнай адміністрацыі. За часоў Польскай Народнай Рэспублікі гэтым займаліся шматлікія партыйныя школы і курсы ідэалягічнай падрыхтоўкі. Выпускнікі гэтых курсаў і школаў былі амаль заўсёды больш дасканала падрыхтаваныя дзеля таго, каб пільнаваць ідэалягічнай чысьціні тых адзінак дзяржаўнай адміністрацыі, дзе яны працавалі, чымся дасьведчана і ўмела кіраваць імі.

І вось гэткую пустку вырашылі запоўніць тыя, хто ў 1991 годзе стварыў Варшаўскую школу бізнэсу й адміністрацыі.

Вось чаму сёньня склалася на першы погляд даволі дзіўная сытуацыя: кіраўнічыя кадры для дзяржаўнай адміністрацыі рыхтуе прыватная вышэйшая навучальная ўстанова. І дарэчы робіць гэта даволі высокакваліфікавана. Але дзіўнасьць гэтая толькі на першы погляд. У сапраўднасьці ж, менавіта незалежнасьць вышэйшай школы ад дзяржавы дазваляе ёй бяз націску з боку дзяржаўнай адміністрацыі ажыцьцяўляць свабодна і плённа дыдактычны працэс. Больш таго, студэнты пасьля трэцяга курсу абавязкова маюць некалькімесячную практыку ў розных установах дзяржаўнай алміністрацыі. Тое, што яны вучацца ў прыватнай школе, дае ім адпаведную самастойнасьць і незалежнасьць.

........................................

З польскага часапіса "Polityka":
"Прыватная Варшаўская школа бізнэсу й адміністрацыі рыхтуе найлепшых у Польшчы спэцыялістаў у галіне цывільнай адміністрацыі. Яны выходзяць са школы узброеныя сучаснымі, вельмі багатымі ведамі. Іх навучаюць у школе такім чынам, каб яны былі здольныя прымаць самастойныя стратэгічныя пастановы ў складаных сытуацыях. Нягледзячы на тое, што камунізм у Польшчы скончыўся амаль 10 гадоў таму, сёньняшнія партыйныя дзеячы, як зьлева, так і справа, усё яшчэ намагаюцца накіроўваць на кіраўнічыя пасады сваіх прадстаўнікоў паводле партыйнай прыналежнасьці. У сапраўднасьці ж, функцыянэр цывільнай адміністрацыі - гэта прафэсія, якая патрабуе ўсеагульнай грунтоўнай падрыхтоўкі ў спэцыяльнай вышэйшай установе".

........................................

У Польшчы, як і ў іншых посткамуністычных краінах, зь цяжкасьцю прыходзіць разуменьне таго, што партыі прыходзяць да ўлады і адыходзяць, а цывільная адміністрацыя застаецца, што яна павінна дзейнічаць выключна паводле законаў краіны, паводле яе канстытуцыі, а не паводле партыйнай дысцыпліны, ці партыйных дырэктываў.

Вышэйшая прыватная школа бізнэсу й адміністрацыі ў Варшаве першая ў Польшчы узьняла сьцяг менавіта падрыхтоўкі незалежнай дзяржаўнай адміністрацыі. І яна застаецца верная гэтаму правілу да сёньняшняга дня.

У Польшчы цяпер складаная палітычная сытуацыя. Пры ўладзе знаходзяцца дзьве партыі: Выбарчая акцыя Салідарнасьць і Вунія Свабоды. Канфлікты паміж імі здараюцца амаль штодня. Дык вось, першая (гэта больш моцны і ўплывовы партнэр у кааліцыі) прытрымліваецца традыцыйнага падыходу да кадравай палітыкі ў дзяржаўнай адміністрацыі і імкнецца пасьля прыходу да ўлады заняць усе ключавыя пасады сваімі людзьмі. Затое Вунія Свабоды пад кіраўніцтвам вядомага рэфарматара віцэ-прэм'ера Лешка Бальцаровіча лічыць, што ў адміністрацыі павінны працаваць пераважна прафэсіяналы, незалежна ад партыйнай прыналежнасьці. Барацьба паміж гэтымі двума поглядамі працягваецца, але вынік яе прадвырашаны. На захадзе Эўропы даўно зразумелі, што каб мець спраўную і высокакваліфікаваную дзяржаўную адміністрацыю, трэба адмовіцца ад партыйнага ключа.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG