Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

108. 11 стыпендыяў чэскага ўраду для маладых беларускіх патрыётаў.


У сёлетнім навучальным годзе ўрад Чэскай Рэспублікі зацьвердзіў выдзяленьне 11 гадавых стыпендыяў для беларускіх студэнтаў. Нядаўна група студэнтаў з Беларусі прыбыла ў Прагу. Хто ж яны такія, новыя беларускія студэнты ў Чэхіі? Як вучацца яны тут? Як сустрэла іх Прага, горад, які мае такія вялікія традыцыі беларуска-чэскага сяброўства?

Традыцыі беларускага студэнцтва ў Празе сягаюць яшчэ часоў Францішка Скарыны, калі першыя беларускія творчыя людзі пачалі вучыцца ў самым аўтарытэтным і шанаваным унівэрсытэце тагачаснай Цэнтральнай Эўропы – праскім Карлавым унівэрсытэце. Але сапраўдны росквіт беларускага студэнцкага жыцьця тут назіраўся ў міжваенны пэрыяд, калі пасьля стварэньня незалежнай Чэхаславаччыны ўрад прэзыдэнта Томаша Масарыка на пачатку 20-х гадоў зафундаваў сотні стыпендыяў для беларускіх студэнтаў. Тут, у Празе, дзякуючы добрачыннасьці чэхаславацкага ўраду вучыліся і атрымалі дыплёмы Ўладзімер Жылка, Янка Станкевіч, Ігнат Дварчанін, Тамаш Грыб, Вінцэнт Грышкевіч ды іншыя выдатныя беларусы.

І вось цяпер гэтая добрая традыцыя беларускага студэнцтва ў Чэхіі аднаўляецца. На пачатак чэскі ўрад зафундаваў гадавыя стыпендыі для 11 беларускіх студэнтаў. Але гэта толькі пачатак. Калі першыя дасьведчаньні аднаўленьня беларускага студэнцкага жыцьця ў Чэхіі будуць пасьпяховымі, у наступным годзе кольскасьць стыпендыяў можа ўзрасьці.

Як жа сустрэла Прага першую групу беларускіх студэнтаў? Як уладкаваліся яны тут? Каб расказаць вам, паважаныя радыёслухачы, аб усім гэтым, я вырашыў запрасіць у нашую праскую студыю аднаго з новых жыхароў Прагі, былога студэнта Беларускай палітэхнічнай акадэміі, а цяпер студэнта Карлавага ўнівэрсытэта ў Празе Алеся Ціханава.

Стыпендыі, якія чэскі ўрад даў беларусам, абумоўленыя палітычна. Магчымасьць вучыцца ў Чэхіі атрымалі пераважна тыя, хто на Бацькаўшчыне ўдзельнічаў у апазыцыйнай дзейнасьці, і каму за гэта пагражалі рэпрэсіі ўладаў. Вось, як пра свой лёс расказвае Алесь Ціханаў:

(Ціханаў: ) “Я зьяўляўся старшынем Менскай гарадзкой арганізацыі “Грамадзянскі форум”. У мяне праблемы з навучаньнем пачаліся пасьля першага Маршу Свабоды. Я даведаўся пра гэтую праграму ад чэскай арганізацыі “Чалавек у нядолі”, яны шмат зрабілі, каб дапамагчы нам трапіць у Чэхію, каб мы маглі працяіваць навучаньне”.

У Менску Алесь Ціханаў быў студэнтам трэцяга курсу будаўнічага факультэту Палітэхнічнай акадэміі. Пагроза выключэньня з акадэміі за палітычную дзейнасьць была для яго зусім рэальнай. Ён апавядае:

(Ціханаў: ) “Было ўжо шмат выпадкаў выключэньня студэнтаў за палітыку. І для мяне вучоба ў Чэхіі была адзінай магчымасьцю працягваць адукацыю. Гэтая краіна дапамагае нам”.

Першыя ўражаньні маладых беларусаў у Празе былі, аднак, не зусім прыемнымі. Алесь Ціханаў працягвае:

(Ціханаў: ) “Як толькі мы трапілі сюды, з намі адбыўся непрыемны выпадак. Да нас, як толькі аўтобус прыбыў сюды, прычапілася расейская мафія. Яны хацелі адабраць у нас ўсе грошы, але неяк мы ад іх вырваліся. А так ўражаньні вельмі моцныя. Прыемна, што менавіта Чэхія дала стыпендыі 11 беларускім студэнтам”.

Усе 11 студэнтаў, якія сёлета пачалі вучобу ў Карлавым унівэрсытэце, вучацца на так званым падрыхтоўчым факультэце, пра які мы падрабяза апавядалі ў адной з папярэдніх перадачаў “Гаўдэамусу”. Пачаткова яны вывучаюць толькі чэскую мову. Гэты курс разьлічаны на адзін год. Пасьля заканчэньня беларускія студэнты будуць здаваць уступныя экзамены на паасобныя факультэты ўнівэрсытэту. На думку Алеся Ціханава, вучыцца чэскай мовы ня цяжка. Ён падкрэсьлівае:

(Ціханаў: ) “Чэская мова вельмі падобная на беларускую і вучыцца пакуль-што ня цяжка”.

Бальшыня беларускіх студэнтаў трапіла на падрыхтоўчы факультэт Карлава унівэрсытэту, які знаходзіцца ў малым курортным горадзе Падэбрады. Там разам з беларусамі вучацца прадстаўнікі дзясяткаў іншых краінаў сьвету. Чэская вышэйшая адукацыя мае даволі высокі аўтарытэт у сьвеце, і таму сюды імкнуцца прыехаць маладыя людзі амаль з усіх кантынэнтаў. А вось, як сустрэла гэтае інтэрнацыянальнае грамадзтва беларусаў. Алесь Ціханаў распавядае:

(Ціханаў: ) “Мы цяпер жывем у інтэрнаце, і там ёсьць прадстаўнікі розных краінаў. Галоўным чынам, гэта з Лацінскай Амэрыкі: з Эквадору, Парагваю. Ёсьць прадстаўнікі Малдавіі, Украіны. Ёсць такая праграма, паводле якой чэскі ўрад выдзяляе 2 стыпендыі на краіну. І ў выніку конкурсу людзі могуць атрымаць гэтыя стыпендыі. Але гэта толькі па 2, а Беларусь сёлета атрымала 11 стыпендыяў”.

Праграма заняткаў на падрыхтоўчым факультэце Карлава ўнівэрсытэта ў Празе прадугледжвае вывучэньне ня толькі чэскай мовы, але і галоўных элемэнтаў паасобных прадметаў, якія будуць вывучацца пазьней у асноўным курсе навучаньня. Так, напрыклад, будучыя лекары вывучаюць біялёгію і анатомію. Хімікі – хімію і фізыку. Юрысты – падставы права, гісторыю і філязофію. А вось што расказваюць пра свой распарадак дня беларускія студэнты. Алесь Ціханаў апавядае:

(Ціханаў: ) “Раніцай у нас адбываюцца заняткі толькі чэскай мовы. Заняткі пачынаюцца а восьмай гадзіне. Пакуль што акрамя чэскай мовы нічога няма, але праз два тыдні заняткі будуць адбывацца на працягу ўсяго дня да паловы пятай. Калі вывучаеш мову, вельмі цяжка адразу ахапіць усё. Але калі нам далі магчымасьць вучыцца, мы павінны вучыцца”.

А вось у якіх матэрыяльных і жыльлёвых варунках апынуліся беларускія студэнты. Алесь Ціханаў расказвае:

(Ціханаў: ) “У інтэрнатаўскім пакоі два чалавекі. Умовы крыху лепшыя, чымся ў Беларусі. Стыпендыя невысокая – 4000 чэскіх кронаў. Гэта прыблізна 110 даляраў. Але ж мы павінны і харчавацца за гэтыя грошы. З гэтых грошаў трэба будзе пазьней яшчэ плаціць за кнігі, бо яны тут вельмі дорага каштуюць”.

Сытуацыя беларусаў у Празе, аднак, не такая кепская. Пазьней, калі яны атрымаюць студэнцкія візы (пакуль-што яны маюць звычайныя турыстычныя візы), ім можна будзе падпрацоўваць. Дарэчы, гэта нармальная зьява практычна ва ўсіх краінах сьвету, ва ўсіх унівэрсытэтах. Студэнты вучацца і працуюць.

Сёньняшняя палітычная і эканамічная сытуацыя ў Беларусі для здольных маладых творчых людзей амаль беспэрспэктыўная. І таму не сакрэт, што для некаторых выезд на вучобу ў замежжа – гэта магчымасьць зрабіць крок у кірунку да сталай эміграцыі. Але для Алеся Ціханава – гэта толькі адна магчымасьць здабыць неабходныя веды ў замежжы і вярнуцца дамоў, каб выкарыстаць іх дзеля бацькаўшчыны. Вось як ён тлумачыць гэтую сваю думку:

(Ціханаў: ) “Можа быць такая сытуацыя, як у Польшчы ў 80-х гадах, калі там панавала рэакцыя, і шматлікія польскія студэнты паехалі вучыцца на Захад, але ў 90-х гадах яны вярнуліся. Паглядзім цяпер на Польшчу, паглядзім на Беларусь. У Польшчу цяпер вярнуліся тыя людзі, якія атрымалі нармалёвую адукацыю, і яны спрычыніліся да таго, што Польшча цяпер можа і не квітнее, але там сытуацыя значна лепшая, чымся ў Беларусі”.

І на заканчэньне нашай размавы Алесь Ціханаў, які два тыдні таму прыехаў у групе 11 беларускіх студэнтаў на вучобу у Карлаў унівэрсытэт, распавёў, што ён, як і жны чалавек, ае сваю мару:

(Ціханаў: ) “Я спадзяюся атрымаць тут вельмі добрую адукацыю, потым вярнуцца на Беларусь і зрабіць Беларусь краінай, каб яна была ня горш ад Чэхіі, а можа нават і лепш. Бо нашая краіна – гэта вельмі добрая краіна, гэта эўрапейская краіна”.

11 беларускіх студэнтаў толькі пачынаюць сваю вучобу ў Чэхіі. У нашай перадачы мы будзем сачыць за іх лёсам і расказваць вам пра ўсе іх посьпехі, паразы і праблемы.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG