Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

106. Навучаньне на падрыхтоўчым факультэце Карлава унівэрсытэта ў Празе.


Чэхія – краіна, дзе пасьля краху камунізму даволі хутка адбылася перабудова і станаўленьне заходняга тыпу сыстэмы вышэйшай адукацыі. І сёньня чэскія ўнівэрсытэты прапануюць абітурыентам з усяго сьвету стандарты вышэйшай адукацыі, якія мала чым адрозьніваюцца ад заходніх. Але якім жа чынам беларускі абітурыент можа трапіць у чэскі ўнівэрсытэт?

Той, хто слухаў папярэднія перадачы сэрыі “Гаўдэамус” напэўна заўважыў, што ў адрозьненьне ад бальшыні краінаў Заходняй Эўропы і ЗША дзяржаўная вышэйшая адукацыя ў Чэскай Рэспубліцы бясплатная. Бясплатная яна як для чэскіх грамадзянаў, так і для замежнікаў. Праўда бальшыня чэскіх унівэрсытэтаў маюць спэцыяльныя факультэты для замежных студэнтаў, якія працуюць на камэрцыйнай падставе і за якія трэба плаціць. Але пра гэтыя факультэты мы расказвалі ў папярэдніх выпусках “Гаўдэамусу”. Сёньня ж гаворка пойдзе аб тым, як можна ў Чэхіі вучыцца бясплатна.

Галоўны варунак – гэта веданьне чэскай мовы, каб быць у стане здаць уступныя экзамены ў чэскі ўнівэрсытэт разам з чэскімі абітурыентамі на агульных падставах. А вось каб дапамагчы замежнікам зрабіць гэта ў чэскіх унівэрсытэтах адкрытыя спэцыяльныя падрыхтоўчыя факультэты, дзе на працягу году маладыя людзі практычна з усяго сьвету рыхтуюцца да здачы экзаменаў у чэскі ўнівэрсытэт. Вось аб гэтым падрыхтоўчым факультэце і пойдзе гаворка ў сёньняшняй перадачы “Гаўдэамус”.

У сёньняшняй перадачы бярэ ўдзел дэкан падрыхтоўчага факультэту праскага Карлава унівэрсытэту доктар Ян Прэсл. Вось што ён расказаў пра саму ідэю падрыхтоўчага факультэта:

(Прэсл: ) “Праграма навучаньня на нашым факультэце разьлічаная на адзін год. Яна вельмі насычаная. Студэнты вучацца 35 гадзінаў на тыдзень. У першым сэмэстры – 25 гадзінаў чэскай мовы на тыдзень і 10 гадзінаў іншых прадметаў. У другім сэмэстры чэскай мовы – 13 гадзінаў на тыдзень, а іншых прадметаў – 26 гадзінаў. Студэнты вывучаюць тыя дадатковыя прадметы, якія ім спатрэбяцца пазьней падчас здачы ўступных экзаменаў. Тыя хто хоча паступаць на мэдыцыну, будуць на падрыхтоўчым факультэце вывучаць біялёгію, хімію, фізыку, лацінскую мову. Студэнты, якія зьбіраюцца паступаць на тэхнічныя факультэты, вывучаюць матэматыку, фізыку, кампутары ды іншае”.

А ці вывучэньне гэтых паасобных прадметаў сымбалізуе сабой толькі азнаямленьне з навуковай тэрміналёгіяй гэтых прадметаў на чэскай мове, ці гэта вывучэньне навуковага матэрыялу? Рэктар падрыхтоўчага факультэту Карлава ўнівэрсытэту ў Празе, доктар Ян Прэсл адказвае:

(Прэсл: ) “Не, гаворка ідзе не пра навучаньне як карыстацца чэскімі тэрмінамі ў дачыненьні да тых ці іншых прадметаў. На працягу году студэнты вывучаюць усю чэскую школьную праграму гэтых прадметаў. Там ідзе нармальнае навучаньне. Возьмем, напрыклад, фізыку. Навучаньне, зразумела, пачынаецца з вывучаньня тэрміналёгіі. Пазьней ідзе як у прагараме чэскай гімназыі: кінэматыка, дынаміка, тэрмадынаміка, электрыка, магнетызм. Усё гэта вывучаецца і ня толькі з моўнага пункту гледжаньня, а з пункту гледжаньня мэтодыкі”.

А вось, што расказвае дэкан падрыхтоўчага факультэту, доктар Ян Прэсл, пра кошты навучаньня на падрыхтоўчым факультэце Карлавага унівэрсытэту ў Празе:

(Прэсл: ) “Цана нашага гадавога курсу складае 3520 амэрыканскіх даляраў. Заняткі пачынаюцца ў верасьні і цягнуцца да чэрвеня. Зразумела, што студэнтам трэба недзе жыць. Яны могуць жыць у нашых інтэрнатах з іншымі студэнтамі. Цэна пакою залежыць ад яго якасьці, і вагаецца ад 3 да 5 ам. даляраў за дзень. Паводле нашых падлікаў, харчаваньне студэнтаў каштуе да тысячы даляраў на год”.

Такім чынам, паводле падлікаў доктара Прэсла, той, хто мае прыблізна 5 тыс. амэрыканскіх даляраў, можа спакойна накіроўвацца ў Прагу і вучыцца там на падрыхтоўчым факультэце Карлава ўнівэрсытэту. Прыгадаю, што кошт навучаньня ў шараговым амэрыканскім ці ангельскім ўнівэрсытэце перавышае 100 тыс. даляраў за 4 – 5 гадоў навучаньня. У Чэхіі ж, як бачым, трэба выдаць толькі 5 тысячаў на падрыхтоўчы факультэт, а пазьней можна вучыцца бясплатна 5 гадоў. Выгады відавочныя.

А вось які першы крок раіць зрабіць доктар Прэсл тым, хто зацікавіўся перспэктывай вучыцца ў Празе:

(Прэсл: ) “Першы неабходны крок – гэта кантакт з чэскай амбасадай. Трэба высьветліць: якія паперы неабходна мець, каб атрымаць студэнцкую візу ў Чэхію. Гэта сапраўды патрэбны першы крок. Таму што ў нас ёсьць даволі значная колькасьць абітурыентаў, якія спярша кантактуюцца з намі, нават плацяць за навуку, а пазьней амбасада не дае ім візы”.

А якія шанцы маюць беларускія абітурыенты ў паступленьні на той ці іншы факультэт Карлава ўнівэрсытэту? Які кірунак навучаньня абраць? Рэктар падрыхтоўчага факультэту доктар Прэсл адказвае:

(Прэсл: ) “Калі ўзяць тых студэнтаў, якія пасьля сканчэньня нашага падрыхтоўчага факультэту паступаюць на тэхнічныя кірункі на чэскай мове, дык амаль 95% нашых выпускнікоў пасьпяхова паступаюць на першы курс. Гэта, як бачым, ня цяжка. На мэдыцыну пасьпяхова здае экзамены да 65% нашых выпускнікоў. На эканамічныя навукі да 50%. Найгорш выглядае справа з гуманітарнымі навукамі. Тут працэнт пасьпеху вагаецца на мяжы 10%. Сярод тых жа нашых выпускнікоў, якія хацелі вывучаць права, паступаюць звычайна ад 1 да 2%. І сапраўды, калі замежны студэнт ня мае сапраўды надзвычайных здольнасьцяў, няма сэнсу ехаць у Чэхію і намагацца паступіць на гуманітарныя кірункі. Асабліва гэта тычыцца права”.

Доктар Ян Прэсл, як бачым, даволі шчыры ў сваіх разважаньнях на тэму пэрспэктываў навучаньня ва ўнівэрсытэтах Чэскай Рэспублікі.
Але на заканчэньне нашай размовы дэкан падрыхтоўчага факультэту Карлава ўнівэрсытэту доктар Ян Прэсл запрасіў усіх зацікаўленых пэрспэктывай вучобы ў Чэхіі слухачоў беларускай Свабоды (зразумела і ня толькі іх) накіроўваць свае дакумэнты ў Прагу:

(Прэсл: ) “На працягу гэтага году навучаньня на падрыхтоўчым факультэце Карлава ўнівэрсытэту студэнты аточаныя вялікай апекай выкладчыкаў ўнівэрсытэту. Групы, ў якіх адбываюцца заняткі, вельмі малыя: усяго 10 – 12 студэнтаў. Перад студэнтамі адкрываецца магчымасьць вельмі добра навучыцца чэскай мовы, хаця, зразумела, усё залежыць ад іх саміх. Навучаньне адбываецца ў нашых цэнтрах у двух сусьветна вядомых курортных гарадах: Марыянскія Лазьні і Подэбрады. У гэтых курортных гарадах для студэнтаў таксама арганізоўваецца багатая культурная і спартовая праграма. Студэнтам не прыйдзецца сумаваць толькі над кніжкамі. Перад імі пэрспэктыва поўнавартаснага студэнцкага жыцьця”.

На заканчэньне прыгадаю, што верасень – гэта апошні тэрмін, калі можна зьвяртацца з просьбай аб прыёме на падрыхтоўчы факультэт Карлава ўнівэрсытэту ў Празе. І таму на заканчэньне я падаю адрас, тэлефоны і электронны адрас падрыхтоўчага факультэту Карлава ўнівэрсытэту ў Празе:

Адрас: Чэская рэспубліка
Karlova Univerzita
Vratislavova 10
Praha – 1
Tel. – 8-10-420-2-24990411
e-mail: ujop@ruk.cuni.cz

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG