Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

103.Магчымасьць падтрымкі заходнімі фондамі завочнага навучаньня за мяжой.


Кошт навучаньня на юрыдычным факультэце Лёнданскага ўнівэрсытэту дасягае ў год разам з выдаткамі на пражываньне, харчаваньне і падарожжа ў Лёндын 30 тыс. амэрыканскіх даляраў. За пяць гадоў навучаньня трэба аддаць 150 тысячаў даляраў. Сума, нават як на заходнія варункі, даволі значная, не гаворачы ўжо пра Беларусь, дзе простаму чалавеку яе нават за ўсё жыцьцё не зарабіць.

А вось завочную адукацыю ў гэтым адным з самых прэстыжных унівэрсытэтаў сьвету можна атрымаць ужо за паўтары тысячы даляраў у год. Розьніца ў выдатках відавочная. А вось розьніцы ў дыплёме ніякай. Няма выразнай розьніцы і ў праграме навучаньня. Студэнт- завочнік атрымлівае тыя самыя веды, што і студэнт стацыянару. Праўда, розным высілкам.

Больш за тое, ёсьць нават магчымасьці атрыманьня фінансавай дапамогі для студэнтаў-завочнікаў. Якія яны? З такім пытаньнем я і зьвярнуўся да дэкану факультэта завочнага навучаньня Лёнданскага ўнівэрсытэту Сюзан Гітман. Вось, што яна мне адказала.

(Гітман: ) “Сам факультэт завочнага навучаньня ня мае ніякіх стыпендыяў. Але мы звычайна раім нашым студэнтам зьвяртацца ў такія арганізацыі, як “British Council”. Справа ў тым, што стыпендыі выдзяляюцца пры іх пасярэдніцтве. Але ў нас ва ўнівэрсытэце ёсьць некаторыя праграмы, якія дапамагаюць фінансава. Так, напрыклад, Джонсанаўскі каледж дае стыпендыі тым, хто вывучае праблему барацьбы з алкагалізмам. Але гэта хутчэй выключэньне з правіла. Часьцей за ўсё мы не цікавімся, якім чынам студэнты знаходзяць магчымасьць плаціць за сваё навучаньне. Але мушу прыгадаць, што плата за завочнае навучаньне ў Лёнданскім унівэрсытэце значна меншая, чымся кошты прыезду і побыту ў Вялікай Брытаніі”.

Прыгадаю, што за год завочнага навучаньня ў Лёнданскім унівэрсытэце трэба заплаціць прыблізна 1500 амэрыканскіх даляраў. Можна таксама зьвярнуцца ў арганізацыю “British Council”, якая знаходзіцца ў Менску па адрасе: вуліца Захарава 22, будынак Беларускага Дзяржаўнага унівэрсытэту замежных моваў, і там паспрабаваць атрымаць стыпендыю.

Што ж датычыць самога Лёнданскага ўнівэрсытэту, дык дэкан яго завочнага факультэту Сюзан Гітман прапанавала нашым слухачам, якія зацікаўленыя вучыцца ў іх, зьвяртацца непасрэдна ў адміністрацыю факультэту.

(Гітман: ) “Асобы, да якіх трэба зьвяртацца ў справе прыёму, знаходзяцца па адрасе:

Senate House
University of London
Malet Street
London WC1E7HU

Калі нехта хацеў бы даслаць нам факс, дак пасьля набору коду Вялікай Брытаніі з вашай краіны, трэба набраць наступны нумар: 442078628358.

Наш E-mail адрас: inquiry@external.lon.ac.uk”

Сказала Сюзан Гітман.

Калі б нехта хацеў атрымаць больш поўную і дакладную інфармацыю пра завочнае навучаньне ў Лёнданскім унівэрсытэце, можна зазірнуць на інтэрнэтаўскую вэб-старонку факультэта завочнага навучаньня. Яе каардынаты: www.lon.ac.uk/external
Ёсьць таксама кантактны тэлефон адказных працаўнікоў завочнага факультэту Лёнданскага ўнівэрсытэту. Ён наступны: 442078628360.

Гэтая інфармацыя, бясспрэчна, карысная для таго, каб зрабіць першыя крокі, каб стаць студэнтам-завочнікам Лёнданскага ўнівэрсытэту. Але я ўсё ж такі папрасіў спадарыню Гітман параіць нашым слухачам: з чаго ж трэба пачынаць працэс залічэньня ва ўнівэрсытэт. Якая тут чарговасьць?

(Гітман: ) “Пачынаць можна па-рознаму. Калі ў вас ёсьць доступ да Інтэрнэту, самае простае – гэта адчыніць адпаведную вэб-старонку. Там ёсьць самая апошняя інфармацыя, якая ўвесь час абнаўляецца. Наступны крок – калі ў вашай краіне ёсьць аддзяленьне “British Council”, трэба зьвярнуцца туды. У кожным яго аддзяленьні можна знайсьці усе неабходныя інфармацыйныя матэрыялы. Затым, трэба скантактавацца з намі па тэлефоне, факсе альбо з дапамогай электроннай пошты. Калі вы ня ўпэўненыя, які канкрэтна кірунак ведаў хочаце абраць, можна зьвярнуцца ў наш Галоўны інфармацыйны цэнтар. Ён дае інфармацыю пра базавую адукацыю і пра спэцыялізацыю. Можна даведацца пра вурункі вучобы і кошты навучаньня. Калі ж студэнт ведае, чым ён хоча займацца, можна зьвяртацца непасрэдна да нас.

Дакумэнты на базавы курс трэба падаваць да 17 верасьня. Кожны год да 10 тысяч абітурыентаў зьвяртаюцца да нас з просьбай прыняць на базавы курс. І таму, калі надыходзіць верасень, у нас на факультэце вельмі шмат працы з дакумэнтамі. І нам даволі цяжка апрацаваць іх усе своечасова. Таму, калі нехта сапраўды зацікаўлены ў тым, каб стаць нашым студэнтам, зьвяртайцеся да нас як найхутчэй. На спэцыялізацыю няма фіксаванай даты прыёму дакумэнтаў. І трэба ў кожным паасобным выпадку зьвяртацца па адпаведную інфармацыю”.

Сярод шматлікіх пытаньняў нашых слухачоў у справе атрыманьня завочнай адукацыі на Захадзе, адно з найбольш частых датычыць узроўню веданьня ангельскай мовы, дастатковага для таго, каб стаць студэнтам Лёнданскага ўнівэрсытэту. Дэкан завочнага аддзяленьня Лёнданскага ўнівэрсытэту Сюзан Гітман адказвае:

(Гітман: ) “У спэцыяльнай анкеце, якую кожны запаўняе для паступленьня, трэба даць адказ пра ўзровень веданьня мовы. Калі нехта раней вучыўся ў Анегельшчыне, дык ніякіх пытаньняў не ўзнікае. Калі ж ангельская мова для вас другая, мы падаем сьпіс магчымых тэстаў і экзаменаў, якія неабходна здаць, каб быць прынятым. Гэта перадусім TOEFL, IL. Можна таксама даслаць дыплём аб сканчэньні спэцыяльнай ангельскамоўнай школы. Можна таксама здаць экзамен ангельскай мовы, які звычайна арганізуе “British Council”. Гэта экзамен “IL”. Наколькі я ведаю, гэта вельмі грунтоўны экзамен, таму што ён правярае перадусім разуменьне ангельскай мовы і запас словаў”.

І на заканчэньне нашай размовы дэкан завочнага факультэта Лёнданскага ўнівэрсытэту Сюзан Гітман зьвярнулася да ўсіх нашых радыёслухачоў са словамі заахвочваньня далучацца да ліку студэнтаў-завочнікаў брытанскай сталіцы.

(Гітман: ) “Я даволі часта падарожнічаю ў замежжа, сустракаюся з нашымі студэнтамі-завочнікамі і пасьля гэтых сустрэчаў я адчуваю натхненьне. Тое самае я адчуваю падчас цырымоніі ўручэньня дыплёмаў, якая звычайна адбываецца ў лютым. На яе прыяжджаюць выпускнікі з усяго сьвету. Для мяне ўзнагарадай зьяўляюцца іх усьмешкі. Шмат хто зь іх вельмі цяжка працаваў, каб атрымаць дыплём, ахвяруючы часам многімі рэчамі. Шчырасьць іх усьмешак можна параўнаць толькі з сытуацыяй, калі людзі сьвяткуюць уласнае вясельле.

Я заклікаю вас, далучайцеся да нас, да ўсясьветнай адукацыйнай арганізацыі. Мы хацелі б, каб нашыя студэнты адчувалі сябе адзінай сям’ёй, каб наладжвалі кантакты паміж студэнтамі розных краінаў, розных кантытэнтаў. Гэта па-сапраўднаму адкрые ім цэлы сьвет, дапаможа абменьвацца дасьведчаньнем з людзьмі іншых краінаў. У гэтым якраз і палягае сапраўды магічная сутнасьць завочнай адукацыі, сапраўднай усясьветнай адукацыі”.

Гэтай апошняй размовай з дэканам Сюзан Гітман з Лёнданскага ўнівэрсытэту мы заканчваем тэму пра магчымасьці атрыманьня завочнай адукацыі ў Вялікай Брытаніі. Але тэма гэтая далёка не вычарпаная. І мы, напэўна, вернемся да яе ў наступных выпусках “Гаўдэамусу”.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG