Лінкі ўнівэрсальнага доступу

102.Завочнае навучаньне ў Лёнданскім унівэрсытэце і яго кошт


Завочная адукацыя на Захадзе. Ці зьяўляецца яна больш даступнай для беларусаў, чымся стацыянарная форма адукацыі? Ці трэба і колькі трэба плаціць за завочную адукацыю ў заходнім унівэрсытэце? Такія і іншыя тэмы разглядаюцца ў сёньняшняй перадачы адукацыйнай сэрыі “Гаўдэамус”.

Завочная форма адукацыі зьявілася вельмі даўно. Ёсць інфармацыя, што ангельскія Кембрыдзкі і Оксфардзкі ўнівэрсытэты дазвалялі сваім студэнтам вучыцца па перапісцы яшчэ ў сярэднявеччы. А ў бадай самым вялікім брытанскім унівэрсытэце, Лёнданскім, завочны факультэт існуе ад 1856 году.

Але канец ХХ стагодзьдзя прынес у завочную форму адукацыі шмат новага. Сучасныя сродкі інфармацыі і камунікацыі, паўсюдная кампутарызацыя, а таксама шырокае выкарыстаньне аўдыёвізуальных сродкаў спрычыніліся да шырокага распаўсюджаньня завочнай формы адукацыі. У некаторых унівэрсытэтах завочна вучацца да траціны ад агульнай колькасьці студэнтаў.

Але самае галоўнае тут тое, што дыплёмы завочнай адукацыі сёньня практычна нічым ня розьняцца ад дыплёмаў, атрыманых пасьля сканчэньня стацыянару. Студэнты дыплёмнікі вучацца па тых самых падручніках, што і стацыянарнікі, здаюць экзамены і залікі паводле тых самых крытэрыяў, пішуць і бароняць дыплёмныя працы, патрабаваньні да якіх зусім ня меншыя, чымся да тых, якія рыхтуюць студэнты стацыянарнай формы навучаньня.

Разам з тым завочная форма адукацыі мае свае выразныя перавагі, але гэта датычыць толькі тых маладых людзей (і ня толькі маладых, бо ў завочным навучаньні няма ўзроставых абмежаваньняў), якія здольныя шмат, інтэнсыўна і эфэктыўна вучыцца самастойна.

Завочныя аддзяленьні сучасных унівэрсытэтаў здольныя запрашаць сваіх студэнтаў з дапамогай электронных сродкаў камунікацыі (напрыклад, праз Інтэрнэт) на лекцыі найбольш вядомых прафэсараў, дасылаць ім відэакасэты з запісамі лябараторных працаў і сэмінарамі настаўнікаў.

Складаецца такое ўражаньне, што можна быць на працягу 5 гадоў студэнтам-завочнікам Лёнданскага ўнівэрсытэту, нават атрымаць дыплём гэтага шанаванага ўнівэрсытэту, і ніколі нават не наведаць брытанскую сталіцу. Ці такое магчыма? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я зноў зьвярнуўся да дэкана факультэту завочнага навучаньня гэтай вышэйшай навучальнай установы Сюзан Гітман. Вось, што яна мне адказала.

(Гітман: ) “Гэта цалкам магчыма. Зразумела, што мы вельмі радыя, калі нашыя студэнты наведваюць Лёндан і вітаюць нас. Але толькі на стаматалягічным факультэце ёсьць абавязак прыехаць на заняткі ў Лёндан. На ўсіх іншых кірунках студэнты вучацца самастойна. Яны здаюць экзамены ў сваёй уласнай краіне. Гэта вельмі выгодная праграма. Бальшыня нашых студэнтаў – гэта салідныя людзі. Яны працуюць, маюць сем’і. Яны не заўсёды маюць час падарожнічаць за мяжу. Такім чынам, застаючыся ва ўласнай краіне, яны атрымліваюць дыплём Лёнданскага ўнівэрсытэту”.

У сучасным сьвеце, як я ўжо згадваў раней у гэтай перадачы, існуе вельмі шмат спосабаў электронных і іншых кантактаў унівэрсытэту са студэнтамі-завочнікамі. А якім спосабам кантактаў аддае перавагу Лёнданскі ўнівэрсытэт? Дэкан факультэту завочнага навучаньня Сюзан Гітман адказвае:

(Гітман: ) “Спосаб карэспандэнцыі выбіраюць самі студэнты. Яны выбіраюць такі, які больш за ўсё ім падыходзіць. У сучасны момант усё большая і большая колькасьць людзей мае e-mail. І на узроўні спэцыялізацыі студэнты маюць права здаваць кантрольныя працы праз e-mail. Хаця мы, зразумела, аддаем перавагу пісьмовым працам у цьвёрдай вокладцы, таму што ў e-mail могуць быць злоўжываньні. Але студэнты кантактуюцца з намі самымі рознымі спосабамі”.

Адной з найважнейшых характарыстычных рысаў сеньняшняй сыстэмы завочнай адукацыі на Захадзе зьяўляецца тое, што выкладчыкі, якія працуюць з завочнікамі, гэта – тыя самыя людзі, што і на стацыянарным аддзяленьні. У тым ліку з завочнікамі працуюць часам прафэсары з сусьветным імем. А як падобная сытуацыя выглядае ў Лёнданскім унівэрсытэце? Сюзан Гітман расказвае:

(Гітман: ) “У нашым унівэрсытэце настаўнікі якія рыхтуюць праграмы для студэнтаў стацыянару, адначасна складаюць і праграмы для завочнікаў. Так, напрыклад, у Інстытуце гігіены і трапічнай мэдыцыны тыя самыя прафэсары рыхтуюць праграмы для завочнікаў і стацыянарнікаў. Аднак, у нас ёсьць спэцыялісты, якія дапамагаюць ім рыхтаваць матэрыялы для завочнікаў. Завочнікі часам патрабуюць спэцыфічныя матэрыялы, таму што яны не сустракаюцца з выкладчыкамі тварам у твар. Але і гэтыя кансультанты не займаюцца толькі завочнікамі. Важна, што яны займаюцца абедзьвюма групамі студэнтаў”.

Бадай што самае распаўсюджанае пытаньне, зь якім да нас зьвяртаюцца нашыя радыёслухачы, датычыць коштаў вучобы на захадзе і магчымасьцяў атрыманьня фінансавай дапамогі. Ці завочная форма значна таньнейшая ад стацыянарнай і якія існуюць формы аплаты? Сюзан Гітман адказвае:

(Гітман: ) “Пачатковы агульны курс навучаньня разьлічаны на тры гады, каб атрымаць дыплём. Але студэнты могуць вучыцца на ім да 8 гадоў. На пачатку трэба заплаціць уступны ўзнос. На сёньня гэта прыблізна 38 фунтаў.

Мы вывучаем дакумэнты абітурыента, і калі мы яго прымаем, накіроўваем яму ліст аб залічэньні ў студэнты. І калі ён хоча распачаць вучобу, трэба заплаціць ў залежнасьці ад кірунку навучаньня ад 198 ад 278 фунтаў. Пасьля аплаты студэнт атрымлівае шэраг навучальных дапаможнікаў. Пазьней дзеля таго, каб здаваць экзамены трэба заплаціць наступную суму, але можна і не плаціць, калі студэнту патрэбны дадатковы час на заняткі, ён хоча прапусьціць адзін год і здаваць экзамен пазьней. Калі ж падсумаваць усе выдаткі на агульны курс за ўвесь час навучаньня, дык агулам нам трэба заплаціць да 2 тысячаў 200 фунтаў, калі нехта будзе вычыцца чатыры гады. Акрамя таго, студэнт павінен разьлічваць выдаткі да 200 фунтаў у год на падручнікі”.

А што рабіць тым з нашых радыёслухачоў, у каго такіх сродкаў няма? Куды зьвяртацца? Дзе шукаць стыпендыю, каб стаць студэнтам завочнікам Лёнданскага ўнівэрсытэту. Адказ на гэтае пытаньне прагучыць у наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG