Лінкі ўнівэрсальнага доступу

101.Завочная адукацыя на Захадзе.


Завочная адукацыя на Захадзе. Дзе і якім чынам можна яе атрымаць? Чым адрозьніваецца яна ад стацыянарнай формы асьветы? Куды трэба зьвяртацца, і якія дакумэнты прадстаўляць, каб стаць студэнтам аднаго з заходніх ўнівэрсытэтаў па перапісцы?

Завочная форма вышэйшай адукацыі на Захадзе перажывае сёньня своеасаблівы бум. Зьзязана гэта з агульным тэхнічным прагрэсам і перш за ўсё з прагрэсам у галіне сродкаў масавай камунікацыі, амаль усеагульнай кампутарызацыяй пэдагагічнага працэсу і надзвычайным падвышэньнем мабільнасьці насельніцтва.

Сёньня з дапамогай электронных сродкаў камунікацыі можна прысутнічаць на лекцыі вядомага парыскага прафэсара ў Сарбоне, знаходзячыся за тысячу кілямэтраў ад Парыжу. З дапамогай Інтэрнэту студэнты завочнікі могуць сёньня разам з вочнымі здаваць залікі і экзамены па адных і тых жа праграмах. Яны рыхтуюцца да іх па адных і тых жа праграмах, карыстаюцца тымі самымі падручнікамі.

Завочная форма адукацыі на Захадзе сёньня вельмі мала чым адрозьніваецца ад вочнай, калі ўлічваць узровень і якасьць ведаў, якія вы атрымліваеце ў працэсе навучаньня. Але разам з тым яна мае адпаведныя перавагі. Яна дазваляе атрымліваць вышэйшую адукацыю ў адным з прэстыжных заходніх унівэрсытэтаў і адначасна не прыпыняць заробкавую працу, не затрымліваць кар’еру, не прыпыняць бізнэсовую дзейнасьць. Іншымі словамі, дазваляе найбольш аптымальна выкарыстоўваць ваш вольны і працоўны час. Хаця, зразумела, што завочная форма асьветы патрабуе ад студэнта значных высілкаў, зусім ня меншых, а часьцей за ўсё значна большых, чымся на стацыянарным аддзяленьні.

У чым жа палягае практычная спэцыфіка завочнай формы асьветы? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я зьвярнуўся ў Лёнданскі ўнівэрсытэт, завочнае аддзяленьне якога, як сьцьвярджаюць ягоныя кіраўнікі, самае вялікае ў сьвеце. Кожны трэці студэнт тут завочнік. Іх тут больш за 30 тысячаў, са 100 тысячаў агульнай колькасьці студэнтаў. Вось, што па тэлефоне зь Лёндану расказвае дэкан завочнага аддзяленьня Лёнданскага ўнівэрсытэту доктар Сюзан Гітман:

(Гітман: ) “Лёнданскі ўнівэрсытэт быў створаны ў 1836 годзе ў якасьці дзяржаўнай вышэйшай навучальнай установы. Сёньня ў яго складзе працуе 18 каледжаў ды інстытутаў. Але завочая форма адукацыі тут была закладзеная яшчэ ў 1858 годзе. Так, мы маем багатую гісторую навучаньня студэнтаў на адлегласьці. Сёньня мы прапануем завочным студэнтам два вырыянты праграмы. Першы – гэта базавая вышэйшая адукацыя, курс якой ахоплівае першыя тры гады. Праграма базавай адукацыі прапануе абітурыентам каля 40 кірункаў ў розных галінах ведаў, пачынаючы ад юрыдычнага факультэту, філязофіі, ангельскай мовы, фінансаў, банкаўскай справы, эканомікі, мэнэджмэнту, усіх відаў кампутарных навукаў, матэматыкі і т.п”.

А як практычна ажыцьцяўляюцца кантакты паміж унівэрсытэтам і прынятым студэнтам, скажам з Беларусі? Якім чынам ён атрымлівае неабходныя інструкцыі, як вучыцца? Сюзан Гітман, дэкан факультэту завочнага навучаньня Лёнданскага ўнівэрсытэту адказвае:

(Гітман : ) “Калі нехта стане студэнтам першага этапу базавай адукацыі, мы высылаем гэтаму чалавеку неабходныя матэрыялы для заняткаў. Гэтыя матэрыялы падобныя на мапу, паводле якой можна навучацца. Мы вызначаем прадметы, якія неабходна вывучаць. Мы даем інструкцыі, якія падручнікі трэба купляць. І гэтыя кніжкі каштуюць даволі дорага”.

А як ідзе падрыхтоўка да экзаменаў і залікаў? Дэкан Сюзан Гітман выказвае наступную думку:

(Гітман : ) “Мы накіроўваем ім спэцыяльныя экзаменацыйныя дакумэнты і экзаменацыйныя справаздачы. З дапамогай гэтых дакумэнтаў яны могуць як бы зазірнуць ў вочы экзаменатару, даведацца, якія пытаньні ставіліся пад час папярэдніх экзаменацыйных сэсіяў. Там дакладныя інструкцыі, як вучыцца на адлегласьці, як рыхтавацца да экзаменаў на адлегласьці”.

Але ці ў працэсе завочнага навучаньня ў Лёнданскім унівэрсытэце зусім выключаюцца кантакты з іншымі студэнтамі і з выкладчыкамі. Ці няма асабістага кантакту? Сюзан Гітман адказвае:

(Гітман : ) “Існуе магчымасьць, каб студэнты зьбіраліся разам з іншымі і праводзілі супольныя заняткі і кансультацыі. Але дзеля гэтага на месцы павінна быць нейкая ўстанова, на базе якой можна было б арганізаваць супольныя заняткі-кансультацыі. Наш унівэрсытэт, напрыклад, наладзіў кантакты ў гэтай справе з больш чым 130 арганізацыямі на сьвеце, якія выказалі жаданьне дапамагчы ў вучобе студэнтаў. Яны зьвярнуліся да нас, і мы далі ім неабходныя правы і інструкцыі, як гэта рабіць. Гэта даволі простая працэдура, але там шмат працы”.

Але ці ёсьць нейкая адна арганізацыя ў замежжы, асабліва гэта датычыць краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якая б была адказная за правядзеньне экзаменаў для студэнтаў-завочнікаў Лёнданскага ўнівэрсытэту? Сюзан Гітман, дэкан факультэту завочнага навучаньня Лёнданскага ўнівэрсытэту адказвае:

(Гітман : ) “Калі студэнты паведамляюць, што яны гатовыя здаваць экзамены, мы звычайна накіроўваем экзаменацыйныя дакумэнты ў аддзяленьні “Брытыш кансэл” у той ці іншай краіне. Там студэнты здаюць экзамены, і пазьней дакумэнты накіроўваюцца да нас на ацэнку”.

(Іваноў: Прыгадаем, што аддзяленьне арганізацыі “Брытыш кансэл” у Менску знаходзіцца ў будынку Беларускага Дзяржаўнага ўнівэрсытэту замежных моваў па адрасе: Менск, Захарава 22)

(Гітман : ) “Адзін з самых важных элемэнтаў сыстэмы завочнага навучаньня палягае ў тым, што экзамены, якія здаюць нашыя студэнты, практычна нічым не адрозьніваюцца ад экзаменаў на стацыянары. Мы сьвядома ня робім ніякай розьніцы ў экзаменацыйных стандартах. Мы даем права завочнікам атрымаць паўнавартасны дыплём Лёнданскага ўнівэрсытэту. Кожны з каледжаў і інстытутаў унівэрсытэту адказны за сваю галіну навучаньня. Так, напрыклад, завочнае навучаньне ў галіне фінансаў, маркетынгу, эканомікі курыруе усясьветна вядомая Лёнданская Школа эканомoкі і палітычных навукаў. Яе настаўнікі складаюць праграмы, яны ж правяраюць экзаменацыйныя дакумэнты як завочных, так і стацыянарных студэнтаў”.

Два апошнія гады завочнага навучаньня ў Ленданскім ўнівэрсытэце – гэта так званая спэцыялізацыя. Вось як яе характарызуе дэкан завочнага факультэту спадарыня Гітман:

(Гітман : ) “Да спэцыялізацыі ў нас крыху іншы падыход. Тут мы ўжо накіроўваем нашым студэнтам усе неабходныя матэрыялы дзеля навучаньня. Усе студэнты могуць самі непасрэдна зьвяртацца да настаўнікаў. Але экзамены таксама здаюцца на месцы, пераважна з дапамогай “Брытыш кансэл”. Студэнты атрымліваюць ад нас аўдыя- і відэастужкі, іншы неабходны матэрыял”.

На заканчэньне нашай першай размовы з дэканам завочнага факультэту Лёнданскага ўнівэрсытэту я прыгадваю адрасы, куды можна зьвярнуцца па больш падрабязную інфармацыю.

Пісаць можна на адрас:
Information Center
Senate House
University of London
Malet Street
London 7HU
Great Britain

Tel – 8-10-44-20-78628360
Fax – 8-10-44-20-78628358

E-mail address: inguiry@external.lon.ac.uk

Web-site: www.lon.ac.uk/ external

Вы можаце праверыць правільнасьць запісаньня на слых адрасоў Лёнданскага ўнівэрсытэту на вэб-старонцы Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Калі вы хочаце даведацца, колькі каштуе завочная адукацыя ў Лёнданскім унівэрсытэце, ці існуе магчымасьць атрыманьня стыпендыі, і якія першыя канкрэтныя крокі трэба зрабіць, каб не выяжджаючы зь Менску стаць студэнтам Лёнданскага ўнівэрсытэту, слухайце наступную перадачу сэрыі“Гаўдэамус”.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG