Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

100. Юбілейны выпуск: вынікі двухгадовага эфіру, далейшыя пляны вяшчаньня


Сёньня ў эфір выходзіць юбілейны 100-ты нумар перадачы адукацыйнае сэрыі “Гаўдэамус”. Амаль два гады гэтая перадача ў эфіры беларускае “Свабоды”. У ёй мы расказваем пра пэрспэктывы й магчымасьці для маладых беларусаў вучыцца за мяжою, гутарым зь беларускімі студэнтамі, якія вучацца ў самых прэстыжных унівэрсытэтах сьвету, апавядаем пра сутнасьць адукацыйнае сыстэмы замежных краінаў.

Тут, у юбілейнай перадачы падсумуем вынікі двухгадовага эфіру, распавядзем пра далейшыя пляны вяшчаньня.

“Гаўдэамус” – перадача, разьлічаная пераважна на тых, хто зацікаўлены пашырэньнем сваіх ведаў у заходніх унівэрсытэтах, на тых, хто разумее сутнасьць новага посткамуністычнага этапу разьвіцьця Беларусі. Працэсы дэмакратызацыі, якія хаця цяпер і затрымаліся, непазьбежныя. Новыя рынкавыя эканамічныя стасункі таксама патрабуюць людзей з новым мысьленьнем, якое можа даць перад усім заходняя адукацыя.

Адной з галоўных ідэйных падставаў перадачы “Гаўдэамус” зьяўляецца тое, што мы ані ў якім разе не супрацьпастаўляем беларускую сыстэму адукацыі заходняй. Беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы маюць свае значныя вартасьці, асабліва гэта датычыць дакладных навукаў. Але заходняя адукацыя можа быць такім дапаўненьнем да беларускай, што адукаваны такім чынам чалавек будзе сапраўдным “агульнаэўрапейскім” спэцыялістам. Яго аднолькава высока ацэньваюць, як на берагох роднае Сьвіслачы, гэтак і ў Парыжы, Нью Ёрку, Бэрліне ці Варшаве.

“Гаўдэамус” – перадача, якая амаль ня мае часавых абмежаваньняў. Перад Беларусьсю вельмі цяжкі й даўгі шлях да цывілізаванае нармальнасьці. Паводле падлікаў экспэртаў Усясьветнага банку, дзеля таго, каб прадукцыйнасьць працы ў беларускай прамысловасьці й сельскай гаспадарцы дасягнула толькі паловы сярэдняга ўзроўню прадукцыйнасьці краінаў Эўрапейскага Зьвязу, патрэбна прыблізна 36 гадоў. І чым больш у Беларусі будзе эўрапейскі адукаваных спэцыялістаў, тым карацейшым і менш балючым можа быць гэты шлях.

* * *

На адрэсу перадчы “Гаўдэамус” прыходзіць шмат лістоў і водгукаў нашых слухачоў. Колькасьць іх сьведчыць пра яе папулярнасьць, і, магчыма, таму так доўга яна гучыць у эфіры. Мяркую, што вы зможаце пачуць на хвалях беларускае “Свабоды” пазыўныя студэнцкага гімну Гаўдэамус яшчэ так доўга, як гэта будзе патрэбна нашым слухачам…

А сёньня з нагоды выхаду ў эфір юбілейнага 100-га выпуску некаторыя з нашых сталых слухачоў пазванілі нам з віншаваньнямі й новымі думкамі пра будучыню студэнцкае перадачы.

Для мяне, як аўтара “Гаўдэамусу”, найбольш цэнным было тэлефанаваньне зь Лёндану ад дырэктара Беларускага культурнага цэнтру імя Францыска Скарыны айца Аляксандра Надсона…

(Надсон: ) “Чым больш нашых беларусаў атрымаюць асьвету на Захадзе, тым лепш. Неабходна пашырыць нашыя гарызонты. Я не кажу, што ўзровень ў Беларусі нізкі… Гэта датычыць перш за ўсё фізычна-матэматычных навукаў, узровень якіх высокі. Але ў галіне гуманітарных навукаў яшчэ шмат чаму можна навучыцца на Зхадзе. Гэта дае і шырыню поглядаў і глыбейшыя веды. Таму, калі “Гўдэамус” дапаможа хоць малой групе моладзі ўладкавацца на Захадзе, гэтым прынясе вялікую карысьць.

Мне б хацелася б, каб, тыя, хто выкарастаюць гэтую перадачу, пасьля здабыцьця асьветы вярнуліся на бацькаўшчыну, каб быць карыснымі нашаму народу. Я сам маю тут студэнтаў у Лёндане, якія ўсе хочуць вярнуцца на бацькаўшчыну пасьля заканчэньня навукі тут. У Беларусі ў іх вялікая патрэба”.

А вось, што параіў “Гаўдэамусу” Аляксандар Надсон у справе ўдасканаленьня перадачаў…

(Надсон: ) “Хачу пажадаць “Гаўдэамусу”, даць магчымасьць маладым людзям атрымаць асьвету на Захадзе, але з мэтаю, каб вярнуцца дадому будаваць лепшае жыцьцё для нашага народу. Больш будзе людзей з добрай асьветаю, з шырокімі поглядамі. Бяда ў тым, што ў нас шмат людзей ня бачылі іншага жыцьця…”

А вось, што пажадаў “Гаўдэамусу” з нагоды юбілею студэнт 2-га курсу багаслоўскага факультэту Лёнданскага ўнівэрсытэту Ігар Іваноў:

(Іваноў: ) “Самая магчымасьць адукацыі за мяжою раскрывае магчымасьці для новых ідэяў, для больш хуткага кар’ернага росту, Таму я б заахвочваў маладых людзей слухаць вашую перадачу на “Радыё Свабода”.

Што ж датычыць канкрэтных парадаў, дык я б хацеў, каб у “Гаўдэамусу” было ня так шмат аповедаў пра канкрэтныя сыстэмы прыёму, а больш інтэрвію з канкрэнтнымі асобамі, якія ўжо вучацца за мяжою. Я б яшчэ раіў шукаць такіх людзей, якія вучыліся за мяжою, але пазьней вярнуліся на бацькаўшчыну, якія свае веды выкарыстоўваюць у Беларусі”.

І яшчэ адзін водгук на юбілейную перадачу прыйшоў з Варшавы, ад нашае сталае слухачкі Марыны Н. Яна з-за зразумелых прычынах папрасіла нас не называць яе сапраўднага імя…

(Марына: ) “Пад узьдзеяньнем вашае перадачы можа скласьціся ўражаньне, што ехаць вучыцца ў Эўропу страшна і што трэба мець нейкія супэр-здольнасьці, быць ледзь не геніяльным чалавекам. На самой жа справе гэта не зусім так. Вучыцца можа ня толькі надзвычай здольны, але й чалавек сярэдніх здольнасьцяў. Трэба проста быць падрыхтаваным да працы 20 гадзінаў у суткі… Працаваць, працаваць… Бо за два тыдні нельга падрыхтавацца да экзамэнаў. Таму, вучыцца могуць многія. І трэба вучыцца на Захадзе. Нашай краіне патрэбная моладзь, якая арыентуецца ва ўсясьветных каштоўнасьцях”.

* * *

Няглядзячы на свой сталы век, “Гаўдэамус” у далейшым будзе няспынна мяняць сваю структуру й падыход да разгляду адукацыйнае тэматыкі. Нашыя сталыя слухачы ўжо напэўна заўважылі, што мы апошнім часам намагаемся заўжды знаёміць вас з навінамі адукацыйнага жыцьця на Захадзе. У гэтай рубрыцы “навіны адукацыйнага жыцьця” будзе й надалей гучаць інфармацыя пра новыя факультэты й кірункі навучаньня, пра сучасныя мэтоды пэдагогікі, пра магчымасьці атрыманьня стыпэндыяў ды іншае.

Адукацыя празь інтэрнэт. Ці існуе ў сьвеце вышэйшая навучальная ўстанова, якая цалкам ажыцьцяўляе свой навучальны працэс ў інтэрнэце? Як паступіць туды? – гэта таксама адна з тэмаў будучых перадачаў сэрыі “Гаўдэамус”.

Мы плянуем прысьвяціць сэрыю радыёперадачаў тэме, якую мы амаль зусім не закраналі ў нашых папярэдніх перадачах. І мушу прызнаць, што незаслужана. Гэта – завочная адукацыя. У адрозьненьні ад завочнай формы адукацыі ў Беларусі, гэтая форма асьветы на Захадзе ўвесь час пашыраецца, і ейны ўзровень амаль нічым не адрозьніваецца ад вочнае формы. Прыгадаю, што сярод студэнтаў самага вялікага ў Вялікабрытаніі Лёнданскага ўнівэрсытэту амаль палова – завочнікі.

Цяпер жа, адзначу, што завочная форма заходняй асьветы таксама самая даступная для беларускіх студэнтаў, хаця й не найлягчэйшая.

У адказ на просьбы нашых сталых слухачоў, якія прагучалі сёньня, мы таксама паспрабуем расказаць пра далейшы лёс тых, хто атрымаў заходні дыплём. Што робяць сёньня і дзе жывуць беларусы, якія ўжо скончылі заходнія ўнівэрсытэты – адказу на гэтае пытаньне мы паспрабуем прысьвяціць некалькі будучых “Гаўдэамусаў”.

І самае галоўнае: мы будзем па-ранейшаму ў нашых перадачах даваць практычную карысную інфармацыю тым, хто вырашыў вучыцца на Захадзе.

Так, што да сустрэчы ў эфіры ды ў інтэрнэце.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG