Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1. Ці варта вучыцца за мяжой?


Пад канец 80-х гадоў я быў запрошаны з курсам лекцыяў у Стэнфардзкі ўнівэрсытэт, што знаходзіцца ў амэрыканскім штаце Каліфорнія. Час быў перабудовачны, пераходны. Камунізм, хоць і моцна хістаўся, але неяк усё ж такі трымаўся. Тое, што гэта канец камунізму, на Ўсходзе Эўропы разумелі адзінкі, я й сам яшчэ паволі дасьпяваў да разуменьня сутнасьці пераменаў, а рэальнае ўяўленьне пра заходнія вартасьці толькі нараджалася. І таму мяне надзвычай зьдзівіла тое, што студэнты гэтага аднаго з найбольш прэстыжных унівэрсытэтаў Амэрыкі плоцяць за гады навучаньня тут ад 120 да 150 тыс. даляраў. Гэта значыць больш як 30 тысячаў даляраў на год. Сума велізарная нават для Амэрыкі. Такім чынам, пяць ці нават шэсьць гадоў адукацыі тут абыходзяцца ў суму, якую ня кожны амэрыканец можа зарабіць на працягу ўсяго свайго жыцьця.

Першае маё ўражаньне было такое: які сэнс выдаткоўваць такія велізарныя грошы? Якая б ні была вартасьць падобнай адукацыі, адрабіць выдаткаваныя грошы ў хуткім часе практычна немагчыма. Да таго ж, выхаваны савецкай рэчаіснасьцю, я падумаў сабе: дайце мне такія грошы, дык да канца дзён сваіх можна жыць добра без праблемаў і клопатаў.

Амэрыка, аднак, краіна чыстага капіталізму. Рынкавая гаспадарка тут дзейнічае ў чыстым выглядзе безь ніякіх абмежаваньняў. Тут кожны тавар, з адукацыяй улучна, мае сваю цану, цану, якая дакладна адлюстроўвае ягоную вартасьць. Так што больш за 14 тысячаў студэнтаў гэтага аднаго з самых прэстыжных унівэрсытэтаў Амэрыкі добра разумелі, што за сваю адукацыю яны плоцяць адпаведную вартасьці адукацыі цану.

Наша даведка: Слова адукацыя лацінскага паходжаньня. Яно азначае працэс перадачы раней назапашаных чалавецтвам ведаў новаму пакаленьню. Малыя дзеці, дзе б яны ні жылі - у Злучаных Штатах Амэрыкі, Гвінеі, Эўропе ці Афрыцы - нараджаюцца безь ніякай культуры, безь ніякіх ведаў. І таму адукацыя патрэбная ім, каб нармальна функцыянаваць у грамадзтве. Разам з паступовай эвалюцыяй грамадзтва расьце колькасьць і якасьць ведаў, якія перадаюцца ад пакаленьня да пакаленьня.

Сёньня амаль кожная вышэйшая навучальная ўстанова - гэта амаль што фабрыка ведаў. Колькасьць розных курсаў, лекцыяў і сэмінараў лічыцца на сотні і нават тысячы. Але самае галоўнае - у ХХ стагодзьдзі значна ўзрасла сама вартасьць вышэйшай асьветы. Чалавек без адукацыі, альбо з пачатковай асьветай займае выразна ніжэйшае месца ў сацыяльнай ярархіі кожнага грамадзтва, чымся асоба, якая мае ўнівэрсытэцкі дыплём.

Адбіваецца гэта і на заробках. У Злучаных Штатах, напрыклад, чалавек з вышэйшай адукацыяй зарабляе прыблізна ў 4 разы болей, чымся асоба, якая яе ня мае. Гэткім чынам вы бачыце, чаму амэрыканцы ахвотна плоцяць такія вялікія грошы за ўнівэрсытэцкую адукацыю.

Але саме цікавае, што нармальны, прыкладны падыход да атрыманьня ведаў, да адукацыі паволі перамагае і ў посткамуністычным грамадзтве. Скончыліся часы, калі самае прывілеяванае становішча ў грамадзтве мелі выхаванцы розных партыйных школаў і акадэміяў, дзе замест практычных ведаў людзі атрымлівалі пераважна ідэалягічную падрыхтоўку. У варунках нармальнага рынкавага грамадзтва сёньня патрэбная ўжо не цалкавітая адданасьць партыі, шэфу альбо дырэктару, а прафэсійныя якасьці, веды. Выразна адбіваецца гэта і на заробках людзей у посткамуністычным грамадзтве.

Наша даведка: З паведамленьня Дзяржаўнай статыстычнай службы Польшчы: "У пэрыяд існаваньня Польскай Народнай Рэспублікі да 1989 году суадносіны паміж сярэднестатыстычнымі заробкамі асобаў з вышэйшай асьветай і тымі, хто яе ня меў, складалі прыблізна паўтара да аднаго на карысьць адукаванай часткі грамадзтва. Цяпер за гады посткамуністычнага разьвіцьця гэтыя суадносіны зьмяніліся ў прапорцыі 3 да 1 на карысьць асобаў з унівэрсытэцкім дыплёмам. І што самае цікавае: падобная тэндэнцыя ўвесь час пашыраецца, і розьніца паміж заробкамі гэтых катэгорыяў насельніцтва расьце".

Я ня маю дадзеных з гэтай галіны, датычных Беларусі, але мяркую, што яны падобныя да польскіх. Ня трэба быць экспэртам, каб зразумець, што пачатак трэцяга тысячагодзьдзя будзе сымбалізаваць сабой далейшы рост вартасьці вышэйшай адукацыі. Дасягнуць чаго-небудзь у жыцьці, зрабіць кар'еру без спэцыяльнай падрыхтоўкі з кожным годам будзе ўсё цяжэй і цяжэй.

Думаю, што ня трэба тлумачыць і той факт, што эканамічнае і цывілізацыйнае адставаньне Беларусі ад вядучых дэмакратычных краінаў сьвету лічыцца на дзесяцігодзьдзі. А палітыка сучаснага беларускага рэжыму зусім не спрыяе пераадоленьню гэтай розьніцы.

Няма ілюзіяў: вартасьць беларускай і заходняй адукацыі таксама адлюстроўвае цывілізацыйную розьніцу паміж Беларусяй і заходнім сьветам. І пераадоленьне яе магчыма толькі ў комплексе з агульным прагрэсам беларускага грамадзтва.

Але ці можа кожны малады беларус ці беларуска паспрабаваць самастойна пераадолець гэтую адукацыйную бездань? А калі можа, дык якім чынам?

Адказ на гэтае пытаньне можа быць толькі адназначны: так. Існуе шмат магчымасьцяў для маладых беларусаў ужо сёньня атрымаць высокаякасную заходнюю адукацыю. І да таго ж, не заўсёды дзеля дасягненьня гэтай мэты неабходна мець вялізныя грошы.

Наша даведка: Толькі ў Злучаных Штатах Амэрыкі існуе цэлая адукацыйная індустрыя для замежных студэнтаў. Сёньня каля 5% студэнтаў амэрыканскіх унівэрсытэтаў і коледжаў - чужынцы. Прыблізна 40% зь іх атрымліваюць розныя віды фінансавай дапамогі і стыпэндыяў. Існуе спэцыяльны амэрыканскі закон, прыняты кангрэсам краіны і падпісаны прэзыдэнтам - Freedom Promotion Act, які прадугледжвае фэдэральную дапамогу для студэнтаў з посткамуністычных краінаў, у тым ліку і зь Беларусі.

Існуе шмат магчымасьцяў атрыманьня адукацыі за мяжой. Гэта, бясспрэчна, дапаможа вам, маладыя беларусы, пераадолець тую цывілізацыйную прорву, якая аддзяляе Бацькаўшчыну ад перадавых багатых краінаў Захаду, і такім чынам дапамагчы ня толькі сабе, але й сваёй Бацькаўшчыне на шляху да прагрэсу, дабрабыту і дэмакратыі.

Хацелася б, каб гэтая перадача была ня толькі маім маналёгам-расказам пра заходнюю сыстэму адукацыі і магчымасьці яе атрыманьня, але і дыялёгам з тымі, хто бачыць сябе патэнцыяльным студэнтам ангельскага, ці французскага ўнівэрсытэту. Пытайцеся пра усё, што вас цікавіць у гэтай галіне, пішыце лісты, званіце ў нашае менскае бюро, а мы паспрабуем на ўсе вашыя пытаньні даць кваліфікаваны адказ.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG