Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможам мы ў ХХІ стагодзьдзі дажываць да 125 гадоў?


(эфір 3 сьнежня 1999)

Аўтар і вядучы – Алена Радкевіч.

Ці зможам мы ў ХХІ стагодзьдзі дажываць да 125 гадоў? Калі мы ня зможам, дык, прынамсі, нашыя дзеці – дзякуючы вучоным, якія шукаюць гены з больш працяглай жывучасьцяй. Але ці захоча хто жыць так доўга? – вось пытаньне, на якое ўжо сёньня спрабуюць знайсьці адказ сацыёлягі, біёлягі, эканамісты.

Пытаньню доўгалецьця ў ХХІ стагодзьдзі прысьвечаны наш наступны выпуск у сэрыі “Далягляды”.

Ляўрэат пулітцэраўскай прэміі, амэрыканскі пісьменьнік Джонатан Вэйнэр піша пра сваю маці: “З кожным днём ёй усё цяжэй і цяжэй размаўляць і хадзіць, і калі я па тэлефоне запытаўся, што яна думае пра пэрспэктыву дажываньня ў далейшым да 125 – пасьля доўгай паўзы пачуў адказ: «Я б не рэкамэндавала».

У свае 75 яна змагаецца з адным з незьлічоных сіндромаў, якія апаноўваюць пажылых людзей. З прычынаў, якіх ня можа растлумачыць ніводзін нэўрапатоляг, яе мазгавыя клеткі паступова запаўняюцца абломкамі, якія называюцца «целы Льюі». І сымптомы такія ж, як у хваробы Альцгаймэра, і прычыны таксама часам гэнэтычныя, – распавядае Вэйнэр.

Ці павінна нашая старасьць быць настолькі вартай жалю? Перад тым як сыйсьці з жыцьця – ці мусім мы згубіць большасьць натуральных дароў, якія робяць жыцьцё вартым? Мы першыя людзі ў гісторыі чалавецтва, для якіх гэты клопат робіцца асноўным. Для
ўсіх папярэдніх пакаленьняў асноўным пытаньнем было – ці змагу я ўвогуле дажыць да старасьці? Ці зможа маё дзіця дасягнуць сьпеласьці? Калі ласка, дайце нам пражыць даўжэй! – такім быў вокліч чалавецтва. За апошнія сто гадоў сярэдняя працягласьць жыцьця ў Злучаных Штатах, напрыклад, узьнялася ад 47 гадоў да больш як 76-ці. На працягу наступнага стагодзьдзя новыя біялягічныя вынаходніцтвы могуць нават узбудзіць мары аб вечнай маладосьці.

Аптымістаў натхняе прагрэс, дасягнуты ў лябараторыі Сэймура Бэнзера пры Каліфарнійскім Інстытуце тэхналёгіі. Бэнзэр зрабіў першы дэталёвы макет унутранай структуры генаў. Ён са свім вучнем Рональдам Канопкам адкрыў першы так званы «гадзіньнікавы ген», які цікае ўнутры фактычна кожнай жывой клеткі, дапамагаючы нашаму арганізму арыентавацца ў часе сутак – рэагаваць на раніцу, дзень альбо вечар. Цяпер 70-гадовы Бэнзэр шукае ў нашых генах т.зв. «гадзіньнік гадзіньнікаў», які будзе ўказваць нашае часавае мейсцазнаходжаньне на шляху ад нараджэньня да сьмерці і вызначаць хуткасьць нашага старэньня. Нядаўна Бэнзэр адкрыў мутанта садавіннай мухі, якая жыве больш як 100 дзён, што прыкладна на траціну даўжэй за астатніх мух. Розьніцу ўтварае адзіны ген, які Бэнзэр называе «мэтузелла».

Калі адзіны ген можа столькі зрабіць для мух (ці чарвякоў, ці мышэй – гэнэтычная інжынэрыя стварыла ўжо цэлы заапарк мэтузеллаў), дык што змогуць нашыя гены зрабіць для нас? Магчыма, сапраўды існуе гадзіньнік гадзіньнікаў і магчыма, (праўда, гэта толькі дапушчэньне), што біёлягі ХХІ стагодзьдзя змогуць перавесьці стрэлкі. Можа, яны змогуць стварыць Мэтузэлла-пігулкі, альбо ўколваць М-гены ў апладнёныя яйкі, і перахітрыць нашыя сьмяротныя целы, каб яны паверылі, што мы вечна маладыя. «Магчыма, -- раздумвае Бэнзэр, -- старэньне можа быць лепш апісанае ня ў якасьці гадзіньніка, а ў якасьці сцэнара, які мы можам спадзявацца адрэдагаваць. Калі б у старасьці мы паміралі такімі ж тэмпамі, як паміраюць людзі ва ўзросьце ад 10 да 15 гадоў – тады большасьць нас у Штатах жыло б 1200 гадоў». – прыводзіць меркаваньне Сэймура Бэнзэра часопіс «Тайм».

Такім чынам, канчаткова пацьверджаны факт існаваньня ў клетках жывых істотаў гэнэтычных і біяхімічных мэханізмаў, якія адказваюць за аднаўленьне і амаложваньне гэтых клетак. Гіпотэзы наконт існаваньня падобных мэханізмаў «самаамаложваньня» хадзілі даўно, аднак іхная рэальнасьць яшчэ да нядаўняга часу была няпэўнай. І вось сёлета ў Каліфарнійскім унівэрсітэце зробленае лёсавызначальнае адкрыцьцё. Цяпер справа за практычным увасабленьнем.

Біёлягі адкрылі мутацыі, якія назапашваюцца ў так званых мітахондрыях – батарэйках нашых клетак; магчыма, аднойчы біёлягі вынайдуць, як засьцерагчы нашыя батарэйкі ад зношваньня. Навукоўцы таксама могуць навучыцца аднаўляць канцавыя ўчасткі храмасомы -- маленькія нітачкі на канцы кожнай храмасомы, якія дапамагаюць трымаць нашыя гэнэтычныя зьвязкі разам, але зношваюцца з гадамі. Дасьледваньні могуць нават адкрыць спосаб вырошчваньня цэлых новых сэрцаў і пячонак з клетак! Такая пэрспэктыва, аднак, многіх засмучае: калі ўрэшце надыйдзе час нам сыходзіць са сцэны – ці ня будзем мы вынікам лябараторнага дызайну, жывымі пратэзамі: з фальшывымі зубамі, вачыма, ворганамі адчуваньня, фальшывым усім.

Мы ўжо і так робім усё большыя посьпехі ў прэвэнтыўнай мэдыцыне і ў рамонце старых целаў: змаганьне з брушным тлушчам, атэрасклерозам, крывяным ціскам, цукрам у крыві, катарактай і г.д. Амэрыканскія фармацэўтычныя кампаніі ужываюць каля двух тузінаў лекаў супраць сындрому Альцгаймэра. У наступным стагодзьдзі цалкам магчыма, што малекулярныя біёлягі змогуць усё больш маніпуляваць нашай гэнэтычнай апаратурай – і гэта можа быць альбо велізарнейшай памылкай чалавецтва, альбо найважнейшым абнаўленьнем кампутарных праграмаў ХХІ стагодзьдзя: уявіце - карыстальнік, напрыклад, зможа ўжываць любую вэрсію праграмы амаложваньня на выбар!

Вядома, у пытаньні аб старасьці навука ўсё яшчэ дзіця. Часопіс “Тайм”, гаворачы на гэтую тэму, ужывае мэтафару, зразумелую толькі амэрыканцам: “Ёсьць шмат біёлягаў, якія вераць, што старэньне і сьмерць ёсьць настолькі ж непазьбежнымі, як падаткі.” – піша Джонатан Вэйнэр. Ніхто ня ведае, ці жыцьцё чалавека падыйдзе ўрэшце рэшт да нейкага бар”ера, ці, як гукавы бар”ер, мяжа жыцьця
існуе толькі для таго, каб быць пераадоленай. Некаторыя гэрантолягі кажуць, што сярэдняя працягласьць жыцьця павінна складаць 85 гадоў, іншыя – што 100, 150 і больш. У Японіі, скажам, сярэдняя працягласьць жыцьця сёньня складае 80 гадоў, у Канадзе і Швэцыі – 78, у Беларусі – 68 з паловай. Паводле дадзеных Міністэрства сацыяльнай абароны, на 1 верасьня ў Беларусі было 816 чалавек, якія перасягнулі стогадовы ўзрост. Прычым больш за ўсё доўгажыхароў жыве ў Гарадзенскай вобласьці , менш за ўсё – у Гомельскай і самім Менску. Праўда,
яшчэ два гады таму стогадовых у Беларусі было больш за тысячу.

Ніхто таксама не разумее эканамічных бар”ераў. Рональд Лі, дэмограф Каліфарнійскага Ўн-ту Берклі, вылічыў, што за кожны год, які мы дадаем да сярэдняй працягласьці жыцьця, эканоміка мусіць вырасьці на 1 працэнт, каб аплаціць гэты выйграны ў сьмерці год.
Пэсымісты (а, можа, рэалісты – хто ведае?) указваюць на тое, што істотнае павелічэньне працягласьці жыцьця абавязкова паскорыць тэмпы перанаселенасьці зямлі, узмоцніць падзяленьне на багатых і бедных. Існуе шмат фантастычных раманаў, якія апісваюць сытуацыю, калі толькі вузкае кола багатых мае доступ да сакрэтаў бессьмяротнасьці. Беларуская кампутарная газэта “Опэн Бай”, напрыклад, уважае, што цяпер фантастыка цалкам можа стаць рэальнасьцяй, але нават калі такога разьмежаваньня і не адбудзецца, за перанасельніцтвам Зямлі непазьбежна надыйдуць войны і экалягічныя катастрофы. Вучоныя ўжо зьвярнулі ўвагу на тое, што ў нармальным стане ва ўсіх арганізмаў мэханізм самаамаложваньня клетак, так бы мовіць, “выключаны”. Гэтым самым прырода нібыта ўказвае на неабходнасьць падтрымліваць разумны балянс паміж нараджальнасьцяй і сьмяротнасьцяй. “Але спакуса такая вялікая! Ці пераадолее яе чалавеціва?” – задаецца пытаньнем газэта.

А як вырашыць праблему мазгавых клетак? Лічыцца, што ў чалавека пасьля 14-ці гадоў новыя клеткі мозгу не зьяўляюцца, а толькі паволі старэюць тыя, што ўжо існуюць. Выказваецца вэрсія, што “гвалтоўнае” амаложваньне мазгавых клетак можа мець катастрафічныя наступствы: будуць страчаныя ўсе, альбо большасьць, ведаў, назапашаных на працягу жыцьця. Амаложаны чалавек можа атрымаць розум немаўляці. Калі ж выключыць клеткі мозгу з праграмы амаложваньня, то будзе працягвацца натуральны працэс іхнага старэньня, і ва ўзросьце некалькіх соцень гадоў чалавек будзе выглядаць, скажам, на 30, але быць у поўным маразме. Так што вучоным ёсьць яшчэ над чым папрацаваць.

Правёўшы больш як 50 гадоў у лябараторыі Каліфарнійскага інстытута, Сэймур Бэнзер занадта добра знаёмы са складанасьцямі чалавечага жыцьця, каб верыць у міты – накшталт фантанаў маладосьці. Ён лічыць, што старасьць павінна вывучацца, як хвароба, і цяпер прысьвячае сваё жыцьцё, як ён кажа,“разгадваньню фактаў”. Аднак, ён не выносіць, калі прэса разьдзімае сэнсацыі, паішучы пра вывучэньне працягласьці жыцьця. . “Я спадзяюся, што гэтае пушчаньне пылу ў вочы ня будзе мець такога ж выніку, як Ніксанаўская вайна з ракам”, -- кажа Бэнзер.

Сярэдняя працягласьць жыцьця ў сьвеце няўхільна павялічваецца – там, дзе гэтаму працэсу не замінаюць войны, пошасьці, экалягічныя катастрофы. Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, напрыклад, тэмпы сьмяротнасьці ў Беларусі павялічыліся больш чым у 2-3 разы. Своеасаблівасьць сучаснай беларускай сытуацыі, на думку спэцыялістаў, у тым, што людзі пачалі паміраць маладымі. Сьмяротнасьць сярод людзей 25-30 гадоў павялічылася на 32 адсоткі, у групе 35 – 40-ка гадоў – больш як на 34, а сярод 40 – 45-цігадовых – аж на 38. У той жа час сьмяротнасьць сярод 65-70-ці гадовых узрасла толькі на 23 адсоткі. Значна скарацілася і сярэдняя працягласьць жыцьця.

10 гадоў таму беларускія жанчыны жылі больш як 75 гадоў, цяпер – 74; мужчынскае ж жыцьцё зьменшылася з 66-ці да амаль 62-ух. Увогуле ж у Беларусі ўпершыню адбываецца абсалютнае зьмяншэньне колькасьці насельніцтва – за апошнія пяць гадоў беларусаў паменела на 119 тысячаў чалавек.

Магчыма, што цяперашняе пакаленьне будзе спажываць
усялякія прэпараты супраць старэньня: гармоны росту, вітамін Д, часнык, чырвонае віно, мелатанін, чорную парэчку – і ўрэшце пражыве крыху больш, чым ягоныя бацькі. Сёньня, напрыклад, у Японіі кампанія вытворчасьці вопраткі выпускае, так бы мовіць,
антысьмярдзючую бялізну для пажылых людзей, ад якіх у пэўным узросьце можа сыходзіць нядобры пах. Неўзабаве экспансія маладосьці і адтэрмінаваньне старасьці можа стаць адным з велізарнейшых бізнэсаў ХХІ ст. “Я бачу гэта, як непазьбежнасьць, -- кажа эвалюцыйны біёляг Майкл Роўз, які спарвае ў сваёй лябараторыі у Калифарнийским ун-це ў Ірвіне мух-доўгажыхарак. “Я упэўнены што праца Бэнзэра, і, магчыма, мая праца будзе аднойчы ўжытая якой-небудзь карпарацыяй, якая заробіць мільярды даляраў, як, напрыклад, Майкрасофт, даўшы людзям тое, што яны заўсёды хацелі,” – кажа Роўз.

Амэрыканскі пісьменьнік Джонатан Вэйнэр гаворыць у інтэрвію
Часопісу “Тайм”: “Сам бы я не хацеў жыць так жа доўга, як метузэлла. Але я хацеў бы дажыць да старасьці актыўным і энэргічным. Я спадзяюся, што навука даўгалецьця разаўецца дастаткова хутка – да таго, што калі праз 30 гадоў мае сыны пачнуць задаваць вечныя пытаньні аб старэньні – я смагу паглядзець на іх і сказаць: “Я вам гэта рэкамэндую.”

Алена Радкевіч, Прага

XS
SM
MD
LG