Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць у наступным стагодзьдзі нараджацца новыя экстрэмісцкія ідэалёгіі?


(эфір 18 лютага 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

ХХ стагоддзе было часам нараджэньня, росквіту і ўпадку дзьвюх экстрэмісцкіх ідэалёгіяў чалавецтва: камунізму і фашызму. Але ці чалавецтва пахавала гэтыя ідэі назаўсёды? Наколькі вялікая пагроза іхнага адраджэньня ў ХХІ стагодзьдзі? І ці могуць у наступным стагодзьдзі нарадзіцца новыя экстрэмісцкія ідэалёгіі, здольныя падарваць стабільнасьць сьвету – так, як гэта зрабілі ў свой час камунізм і фашызм?..

Мінулае ХХ стагодзьдзе было самым крывавым за ўсю гісторыю чалавецтва. Толькі ў дзьвюх усясьветных войнах загінула больш як 60 млн. чалавек. Менавіта ў ХХ стагодзьдзі нарадзілася злавеснае паняцьце “генацыд”. Яно сымбалізуе палітыку плянавага зьнішчэньня цэлых народаў.

Людзі плянэты амаль без перапынку забівалі адзін аднаго толькі за тое, што не згаджаліся з поглядамі апанэнтаў.

Галоўнай сілай, якая рухала гэтай хваляй узаемнай нянавісьці, быў фанатызм. Джонатан Альтар, аўтар артыкулу, прысьвечанага ідэалёгіям 21 стагодзьдзя, ў часопісе “Таймс” дае наступную ацэнку фэномэну фанатызму: ”Фанатык – гэта той, хто лічыць, што ён выконвае заданьне Бога, што толькі ён валодае сапраўднай ісьцінай”. І фашызм, і камунізм – гэта ідэалёгіі, пабудаваныя на фанатызме, ля вытокаў якіх ляжыць перакананьне ў тым, што няма іншай праўды, акрамя той, у якую ты сам верыш.

У 2000 годзе фанатызм фашысцкага чорнага колеру і камуністычнага чырвонага хаця і ня зьнік зусім, але выразна адыйшоў у цень. І, магчыма, ніколі ўжо з гэтага ценю ня выйдзе на прастору вялікай палітыкі. Гітлер, Сталін і Мао могуць сёньня прыцягваць толькі нямногіх. Але, напрыклад, Хамэйні па-ранейшаму пануе над розумамі мільёнаў людзей.

Як быць зь іншымі ідэалёгіямі, у значнай ступені пабудаванымі на фанатызме: мусульманскім фундамэнталізмам, нацыяналізмам розных колераў, рэлігійнай неталерантнасьцю, варожасьцю да імігрантаў, расізмам і інш? Колькасьць іхных прыхільнікаў на плянэце па-ранейшаму значная, і ня выключана, што яна будзе павялічвацца ў 21 стагодзьдзі. Які ж лёс чакае гэтыя ідэалёгіі, пабудаваныя на фанатызме, у наступныя 100 гадоў? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да аднаго з аўтарытэтных экспэртаў у гэтым пытаньні -- дырэктара Ўсходняга праэкту Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледваньняў у Вашынгтоне Януша Бугайскага.

(Бугайскі: ) “Я лічу, што шмат залежыць ад таго, пра які рэгіён сьвету ідзе гаворка. У Эўропе, я лічу, і надалей будуць праблемы. Асабліва з ксэнафобіяй і варожасьцю да чужынцаў. Падобныя фэномэны мы назіраем у Аўстрыі і іншых краінах. Гэтая акалічнасьць надалей застанецца важным фактарам у працэсе вызначэньня этнічнай мэнтальнасьці. А этнічная мэнтальнасьць надалей застанецца важным фактарам палітычнай пазыцыі.

Адным словам, самае важнае тут у тым, ці дэмакратыя можа разьвівацца далей у пэрыяд глябалізацыі і інтэрнацыяналізацыі міжнароднага жыцьця? Людзі па-ранейшаму будуць патрабаваць нейкага меньшага паняцьця, чымся “эўрапеец”, каб вызначаць сябе. І я мяркую, што будзе супрацьстяньне паміж ідэнтыфікацыяй з малой і вялікай бацькаўшчынай. Можа, не канфлікт, але супрацьстаяньне. Іншымі словамі, нацыяналізм па-ранейшаму будзе разьвівацца – асабліва ў такіх рэгіёнах, як Афрыка і Азія. І нават у лацінскай Амэрыцы. І нават у разьвітых дэмакратыях нацыяналізм па-ранейшаму будзе ствараць праблемы. Такім чынам, у бліжэйшыя гады будзе назірацца вельмі зьмяшаная карціна”.

Гаварыў Януш Бугайскі, дырэктар Усходняга праэкту Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледваньняў у Вашынгтоне.

Бацькам усіх экстрэмісцкіх ідэалёгіяў -- і тых, што перажываюць сёньня ўпадак, і тых, што набіраюць сілу, зьяўляецца ўтапізм. Утапізм, калі спрошчана -- гэта ўпэўненасьць ў тым, што адпаведная вера ці перакананьне можа збудаваць ідэальны сьвет. Але, як не аднойчы мы змаглі пераканацца ў гісторыі, утапізм і ілюзорнасьць -- гэта амаль сынонімы. Больш таго, ідалёгіі, якія абсалютызуюць веру, раней ці пазьней робяцца небясьпечнымі ня толькі для тых, хто іх не падзяляе, але і для саміх іхных носьбітаў.

Экстрэмісцкія ідэалёгіі нельга блытаць з цьвердымі перакнаньнямі тых, хто ўпэўнены ў сваіх сілах. Экстрэмізм і перакананасьць - дзьве супрацьлеглыя зьявы ідэалягічнага жыцьця грамадзтва. Палітычная перакананасьць – гэта калі чалавек імкнецца да распаўсюджваньня сваіх поглядаў з дапамогай сродкаў перакананьня іншых, і не спрабуе сілай навязваць свае погляды. Сьвет, бясспрэчна, будзе больш бясьпечны, калі ў макрапалітычным жыцьці будуць пераважаць людзі памяркоўных палітычных поглядаў.

Дэмакратыя і справядлівасьць могуць базавацца толькі на сукупнасьці палітычных поглядаў і перакананьняў усіх членаў грамадзтва, а не на ўціску іншадумства. Усясьветна вядомы ангельскі гісторык Робэрт Конкест -- аўтар кнігі пра сутнасьць савецкага таталітарызму “Чырвоны тэрор” -- назваў гэты фэномэн заціску іншадумства “забіцьцём мазгоў”.

Амаль усе без выключэньня ўсясьветна вядомыя палітолягі сьцвярджаюць, што 21 стагодзьдзе будзе сьведкам барацьбы паміж дзьвума самымі ўплывовымі сёньня ідэалёгіямі: глябалізмам і нацыяналізмам.

Глябалізм пры гэтым мае аднаго надзвычай моцнага саюзьніка – тэхналягічны прагрэс, які ня ведае, што такое нацыянальныя межы. Некаторыя навукоўцы лічаць, што сыстэма Інтэрнэту будзе тым галоўным стрыжнем, вакол якога будзе хутка рухацца наперад тэхналягічны прагрэс. Гэтак, як ў 19 стагодзьдзі міжкантынэнтальныя чыгуначныя шляхі садзейнічалі нараджэньню і ўмацаваньню нацыяналізмаў, так і пад канец 20 і ў 21 стагодзьдзях Інтэрнэт можа быць важнаю зброяю ў руках глябалізму.

Апагей трыўмфу таталітарызму быў, магчыма, у 20 стагодзьдзі. Ягоная галоўная адметная рыса – падаўленьне ўсіх формаў іншадуманьня. Таталітарызм, такім чынам – тормаз на шляху тэхналягічнага прагрэсу, нават, калі таталітарная дзяржава канцэнтруе ўсе свае намаганьні на якой- небудзь адной галіне навукі. Так, як гэта было ў Савецкім Саюзе ў пэрыяд канструяваньня атамнай бомбы. Глябалізм жа сваей падставай мае канкурэнцыю розных поглядаў і думак. Здаровая інтэлектуальная канкурэнцыя сілкуе глябалізм.

А ці мае нейкая ідэалёгія ў 21 стагодзьдзі заняць такую ж самую пануючую пазыцыю ў галіне палітычнага жыцьця, як гэта было з камунізмам, ці фашызмам у 20 стагодзьдзі? Дырэктар Усходняга праэкту Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследваньняў у Вашынгтоне Януш Бугайскі адказвае:
(Бугайскі: ) “Я ня бачу, каб у будучыні зьявілася б нейкая адзіная ідэалёгія, якая б магла аб’яднаць шматлікія народы і дзяржавы. Ня будзе ідэалёгіі стагодзьдзя, не гаворачы ўжо пра ідэалёгію тысячагодзьдзя. Сьвет сёньня занадта падзелены паміж народамі і нацыянальнымі ідэалёгіямі. Я думаю, праўда, што могуць зьявіцца нейкія новыя рухі, якія б аб’ядноўвалі вялікія групы людзей на падставе іх агульных інтарэсаў. Будучыя ж канфлікты будуць у большай ступені базавацца на этнічных, а не ідэалягічных супярэчнасьцях. Гэта будуць канфлікты паміж эўрапэйскай этнічнай сьвядомасьцю і сьвядомасьцю прыналежнасьці да малых этнічных групаў. Такая будзе карціна”.

Ёсьць яшчэ адна думка пра будучыню глябалізму і таталітарызму ў 21 стагодзьдзі. Каб неяк канкураваць на палітычнай арэне -- таталітарызм ня можа ня ўдзельнічаць ў тэхналягічным прагрэсе, ня можа забараніць грамадзянам сваіх краінаў доступ да Інтэрнэту і іншых сучасных сродкаў перадачы інфармацыі. А гэта для яго падобнае на самаатручэньне. Калі ў будучыні нейкая ідэялёгія зможа заняць пануючую пазыцыю, дык гэтая пазыцыя будзе будавацца толькі на плюралізме, на мільярдах варыянтаў, узятых таксама з Інтэрнэту.

Марксізм, фашызм, маоізм, фрэйдызм, хамэйнізм і іншыя ідэалёгіі 20 стагодзьдзя былі пабудаваныя на строгай іерархічнасьці, на прызнаньні абсалютнага аўтарытэту кіраўніка. У будучым жа тэхнакратычным грамадзтве падобныя абсалютныя аўтарытэты павінны памерці натуральнай сьмерцю пад ударамі мільёнаў e-mail.

Разам з разьвіцьцем Інтэрнэту і іншых формаў сучаснай інфарматыкі некаторыя экспэрты ўважаюць, што паняцьце “нацыя” увогуле зьнікне з палітычнага жыцьця, што на зьмену нацыям прыйдуць нейкія “кібэрнэтычныя абшчыны”. Магчыма, палітычная барацьба ператворыцца ў барацьбу паміж людзьмі-гуманістамі і машынамі. Штучна створаны “біялягічны розум” можа пачаць канкураваць з чалавечым розумам.

Ідэалёгіі, якім больш за ўсё пагражае глябалізацыя, -- гэта нацыяналізм, і ў эканамічнай сфэры -- пратэкцыянізм. Але цяжка прадказаць вынік гэтай барацьбы. Магчыма, разам з паўсюдным наступленьнем глябалізму, можа ўзрасьці і нацыяналістычная рэакцыя на яго. Гэтым, магчыма, тлумачыцца і рост антыамэрыканізму ва ўсім сьвеце. Амэрыка ў апошнія гады стала сымбалем глябалізму, але шмат хто ў сьвеце бачыць у гэтым пагрозу для свайго “еgo”.

Якія ж формы можа прыняць канфрантацыя паміж глабалізмам і нацыяналізмам у 21 стагодзьдзі? Януш Бугайскі, вядучы экспэрт Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследваньняў з Вашынгтону камэнтуе:

(Бугайскі: ) “Як я ўжо сказаў, будуць паўсюдна супярэчнасьці, не абавязкава этнічныя вострыя канфлікты. У некаторых краінах, асабліва з аўтакратычнымі рэжымамі, будуць унутраныя канфлікты, калі народы захочуць пазбавіць дыктатараў улады. Кафлікты будуць і тады, калі таталітарныя дзяржавы ня змогуць канкураваць з дэмакратыямі. Дыктатары будуць намагацца выкарыстоўваць нацыяналізм, як зброю супраць глябалізацыі.

Бальшыня краінаў будзе ўдзельнічаць у працэсах глябалізацыі, але адначасна будзе захоўваць нацыянальную сьвядомасьць. Суадносіны паміж гэтымі дзьвюма ідэалёгіямі будуць залежаць ад жаданьня народаў пазбавіцца ад некаторых элемэнтаў сувярэннасьці і ўдзельнічаць у працэсе стварэньня вялікай эўрапэйскай нацыі. Адпаведную ролю ў гэтым будуць адыгрываць такія фактары, як мадэрнізацыя, тэхналягічны прагрэс, свабодныя падарожжы і свабодная сувязь.

Для кожнага паасобнага чалавека вельмі важна, ці зможа ён застацца свабодным у новым тэхналягічным сьвеце. Ёсьць тут і пагроза, што канфлікты, якія ўзьнікнуць, могуць маніпулявацца паасобнымі палітычнымі лідарамі”.

Гэта быў камэнтар дырэктара Ўсходняга праэкту Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследваньняў у Вашынгтоне Януша Бугайскага.

Моцны бок нацыяналізму ў тым, што ён базуецца на пачуцьцях людзей – хаця б і ірацыянальных. Нацыяналізм адлюстроўвае імкненьне захаваць спадчыну продкаў. Ён можа пераважаць ня толькі там, дзе невысокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця, ня толькі ў краінах трэцьцяга сьвету. Нават у асяродзьдзях багатых краінаў можа паўстаць страх перад панаваньнем новых тэхналёгіяў.

Сучасны сьвет разам з амаль беспрэцэдэнтным разьвіцьцём навукі, характарызуецца ростам рэлігійнага фундамэнталізму. Штогод выразна павялічваецца колькасьць прыхільнікаў хрысьціянскага і яўрэйскага рэлігійнага фундамэнталізму, але найбольш штогод пашырае свае ўплывы мусульманскі фундамэнталізм. Менавіта ён зьяўляецца ўрадлівай глебай для мусульманскага тэрарызму, вастрыня якога накіраваная супроць ЗША.

Аднак, пераважная бальшыня з амаль 1 мільярду мусульманскага насельніцтва сьвету вельмі далёкая ад тэрарызму. Дый самыя экстрэмісты занадта моцна падзеленыя, каб аб’яднацца і стварыць пагрозу для стабільнасьці сьвету. Нават у Іране сёньня назіраецца выразны канфлікт паміж кансэрватыўнымі і лібэральнымі мусульманскімі фундамэнталістамі.

Другая частка ХХ стагодзьдзя была крыху менш крывавая, таму што чалавецтва выказала здаровую самаабарончую рэакцыю на камунізм, нацыяналізм і мілітарызм. Ці будзе падобная рэакцыя працягвацца і ў ХХІ стагодзьдзі? Выразнага адказу на гэтае пытаньне пакуль што няма…

Мікола Іваноў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG