Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Семашкевіч і іншыя рэпрэсаваныя мастакі


(эфір 3 сьнежня 2000)

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

У сёньняшняй Вострай Браме я працягну подступы да няпростае будучае перадачы пра вынікі ХХ ст. у беларускай культуры. На пазамінулым тыдні гаворка ішла пра Таварыства Мёртвых Паэтаў - самы страшны эпізод у гісторыі беларускае літаратуры, пра канец лістапада 37-га, калі сталінскі НКВД увадначасьсе расстраляў два дзясяткі беларускіх паэтаў. І гэта толькі адзін эпізод у чырвонай палітры татальнага вынішчэньня беларускай творчай інтэлігенцыі. Бо ўвогуле ахвяры сярод літаратараў пералічваюцца на сотні.

І вось тут пытаньне - а што было з музыкамі, з тэатральнымі дзеячамі, з мастакамі. Як яны перажылі той самы страшны сталінскі час. Наколькі ведаю, не было спэцыяльных артыкулаў і дасьледаваньняў на гэтую тэму. Ведаю таксама, што шмат мастакоў у вайну засталіся ў Менску. Мабыць, ня так проста было спакаваць усе карціны і ўвесь рыштунак. Не параўнаеш з паэтам, які мог усё ўкласьці ў валізку, а то й прыхапіць пару сшыткаў. Паводле ўспамінаў, тая эвакуацыя зь Менску адбывалася раптоўна і нэрвова. Зрэшты, да яе яшчэ трэба было дажыць. Таму гаворка перадусім пра трыццатыя.

Натуральна, пра лёсы мастакоў-адзінак мы сёе-тое ведаем, але калі браць у цэлым - і прынцыпы адбору ў катаў і сыстэмнасьць таго, што страціла нацыя - верагодна, у розных жанрах выглядаюць па-рознаму. Гэтай думкай я падзяліўся з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Ягонае падсумаваньне наперадзе. Але перш ён прапанаваў распавесьці пра беларускага мастака Рамана Семашкевіча, які быў расстраляны ў 37-м і стогадовы юбілей якога сёлета ня быў адзначаны ў Беларусі. Слова Сяргею Харэўскаму.

(Харэўскі: ) “Імя Рамана Семашкевіча я ўпершыню пачуў у Пецярбургу. Тады, у перастройку, імёны мастакоў там адкрываліся ледзь не штодня. Мой прафэсар быў шчыра зьдзіўлены маёй недасьведчанасьцю: "Вам, як беларусу, гэта недаравальна".

Рамана Семашкевіча ў беларускіх энцыякляпэдыях няма. Было некалькі публікацыяў у пэрыёдыках, і ўсё. Мо таму сёлетні стогадовы юбілей мастака прамінуў у нас незаўважна. Семашкевіч выпаў з кантэксту беларускай культуры. Між тым, ягоны юбілей адзначылі ў Расеі: выдадзеныя альбомы, зьняты дакумэнтальны фільм, прайшло некалькі шумных выставаў. Цяпер расейцы называюць яго ня йначай як "мараю калекцыянэраў". Ведаў бы пра тое ён сам...

Нарадзіўся Раман у 1900-м у мястэчку Лебедзева пад Маладэчнам. Адтуль, дарэчы, з суседніх Дамашоў, і Семашкевіч Рыгор, літаратар, які выгадаваў на філфаку шмат сёньняшніх беларускіх дзеячоў. Раман жа быў гадаванцам Язэпа Драздовіча і Віленскай Беларускай Гімназіі. У 1925 годзе ён перабраўся ў Менск, адкуль разам з мастаком Міхасём Філіповічам накіроўваецца ў Маскву, на вучобу ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях.

Напачатку 30-х Семашкевіч паехаў быў у Тбілісі, да яшчэ аднаго земляка, беларуса Кірылы Зданевіча, таго самага, што адкрыў сьвету Пірасманішвілі. Пабачаная на кватэры Зданевіча калекцыя твораў геніяльнага грузінскага прымітывіста зрабіла на Семашкевіча ўражаньне.

З таго часу ягоны традыцыяналісцкі жывапіс зьмяняецца. Можна, праўда, казаць і пра францускія карані - пра Утрыла, Марке, Дзюфі ці Руо. У 31-м годзе Семашкевіч уваходзіць у мастакоўскую суполку "13-ці", разам зь якімі ладзіць вялікую выставу ў Маскве. Там, дарэчы, былі і беларусы - Стэфанскі, Мілашэўскі, Дрэвін, Рамановіч. А сама тая суполка была ці не апошнім усплёскам мастакоўскае свавольнасьці.

У Менску рэпрэсіі ўжо набывалі статыстычны размах, а ў Маскве на тое пакуль не выглядала. Але Семашкевіч нібы вычуваў. Напрыклад, ягоны малюнак "Чалавек і пачвара". Стаіць сабе мужык, як мае быць у ботах ды картузе, а за ім ужо цікуе нейкая земнаводная страшыдла з высалапленым языком. Альбо, рыхтык Гагенаўскія "Арыштанты". Сапраўды прадчуваў. Як і шмат хто іншы. Але, у адрозьненьне ад іншых, выкладаў свае прадчуваньні на паперы. Зрэшты, два ягоныя родныя браты ўжо былі арыштаваныя за пераход мяжы й польскі шпіянаж.

1 лістапада 37 году прыйшлі й па яго. У пратаколе "тройкі" значылася: "за нелегалны пераход савецкае мяжы, за актыўную контрэвалюцыйную фашыстоўскую дзейнасьць". Ні на водным з допытаў Семашкевіч вінаватым сябе не прызнаў. Нікога выдаваць не зьбіраўся. 22 сьнежня яго расстралялі. Чамусьці ў Татарстане.

Не пакінулі ў спакоі і ягоны творчы даробак. Звыш 300 (!) палотнаў былі забраныя ў НКВД, дзе прапалі незваротна. У даведцы з КГБ пра рэабілітацыю гаворыцца дакладна, што на карціны йснуе вопіс і іх у НКВД трымалі да 40-га году. Ад мастака засталіся: рамень ад эцюдніка, бутэлечка зь фіксатывам для малюнкаў і раскладное палатнянае крэсла. А яшчэ 150 малюнкаў тушам, што перахаваліся ў сяброў ды знаёмых і яшчэ дзясятак карцін, раскіданых ад Пензы да Тбілісі.

Уладзімер Мілашэўскі, сябра й зямляк Семашкевіча, славуты савецкі графік, якому пашчасьціла ацалець пасьля ссылкі, падчас адлігі 60-х шчыра ня мог узяць у цям гэткую нялітасьцівасьць:"Наш Семашкевіч быў цалкам бесьсвядомы. - казаў ён. - Жывапісец зь вялікай літары. Якія ў яго маглі быць палітычныя погляды?"

Аднак, мяркую, што погляды ў гэтага бясшкоднага творцы ўсё ж былі. Невыпадкова на ягоных малюнках суседзяць паседжаньні партячэек зь пінгвінамі й ламамі ў заасадзе, паляваньні побач з вымысьленымі турмамі. Ягоная творчасьць – гэта мастацтва супраціву. Не маляваў ён Сталінаў, Варашылаваў, Жданаваў. Не маляваў трюмфаваньне пралетраыяту. Не імкнуўся паладжвацца й ня меў ілюзіяў. Грэбаваў тымі людзямі, што забівалі ў саміх сабе сваю самавітасьць і тымі, што забівалі яго. Ён не сказаў ім нічога. Ён ведаў, за што яго зьнішчалі...”

(Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі мяркуе, што Раман Семашкевіч ведаў, за што яго расстрэльвае НКВД. Магчыма і расстраляныя беларускія паэты ведалі, прынамсі, вычувалі. Бо апыналіся акурат на мяжы дабра, якое несьлі ў сабе, і цяпер ужо нічым, ніякімі сьветлымі будучынямі, не зафарбаванага зла.

Мы працягваем тэму рэпрэсаваных беларускіх мастакоў і параўноўваем іхныя лёсы зь лёсамі літаратараў, якіх найболей расстрэльвалі ў 30-я. Дарэчы, пра Рамана Семашкевіча ніякіх зьвестак у беларускіх энцыкляпэдыях няма дагэтуль. Затое біяграфіі пісьменьнікаў папоўніліся гэтым самым апошнім радком - расстраляны.

Верагодна, і арыштоўваць літаратараў было лягчэй. Забраць хлапца-паэта са студэнцкага інтэрнату, з пакою на пяць чалавек было зусім ня тое, што выцягнуць з уласнай майстэрні ня бачнага за сотнямі сваіх твораў жывапісца. Тым ня менш, выцягвалі і жывапісцаў.

У размовах дасьледнікі сьцьвярджаюць, што і мастакоў як такіх у трыццатыя гады была ў Беларусі жменька. А членаў новастворанага Саюзу мастакоў і ўвогуле налічвалася ўсяго 10. Маўляў, каго тут рэпрэсаваць. І потым - як разабрацца, што такога падазронага намаляваў творца ў сваіх пэйзажах і натурмортах. Але сталіншчына любіла пранікаць якраз у такія недаступныя ёй сфэры і ў гэтых сфэрах вяршыць свой разбой.

Мне згадваецца сцэна зь нядаўняга расейскага фільма "Рускі бунт", які ,дарэчы, на мінулым беларускім кінафэстывалі Лістапад атрымаў, чамусьці, гран пры. Дык вось, там ёсьць эпізод, калі да Емяльяна Пугачова ягоныя спадручныя падводзяць затрыманага імі навукоўца, здаецца, швэда, які ў гэтых краях вывучаў флёру. Двухмэтровы і бясьсьведамы замежнік наіўна тлумачыць свой мэтафізычны занятак, а Пугачоў кідае - павесіць. На пытаньне - чаму павесіць, маўляў, гэта чалавек выразна ня з нашага бунтоўнага сьвету, расейскі бунтаўнік адказвае - а так, пад руку трапіўся. Аналёгіі зусім празрыстыя.

Праўда, тут ёсьць адно істотнае ўдакладненьне. Калі дапускаць меншыя рэпрэсіі ў дачыненьні да мастакоў, дык трэба ўлічваць, што якраз тых, хто мусіў прафэсійна разумець іхную творчасьць - мастацтвазнаўцаў, у Беларусі зьнішчылі ўсіх да аднаго. Крытыкаў і выкладчыкаў мастацтва пасьля сталіншчыны ў краіне не засталося. Гэтая галіна мусіла ў будучыні стварацца на абсалютна голым месцы.
Сяргей Харэўскі працягвае”.

(Харэўскі: ) “Няма ў беларускіх энцыкляпэдыях зьвестак і пра шмат якіх іншых мастакоў, якія палеглі ахвярамі перадваеннага тэрору. На пачатку 30-х былі арыштаваныя Ібрагім Гэмбіцкі, Міхась Філіповіч, Міхал Станюта. Але ім, можна сказаць, пашэнціла. Неўзабаве яны павярталіся дахаты жывымі й працягавлі творчасьць. Хоць і не патрапілі ў Саюз мастакоў, які ўтварыўся ў 38-м. У 39-м выпадкова уцёк з арышту ў Вялейцы Уладзіслаў Страмінскі, ён перабраўся ў Нямеччыну. Выжыў. А вось некаторыя разьлічыліся за свой талент жыцьцём. Адным зь першых быў забіты Ўладзіслаў Галубок. Ня толькі літаратар, актор і рэжысэр, але й мастак. Галубок сам афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх спэктакляў, а да таго ж браў удзел у выставах, як жывапісец... Яго расстралялі ў 37-м. Пра тыя гады я папрасіў распавесьці зяця Галубка, беларускага мастака Яўгена Ціхановіча. Яму, дарэчы, днямі споўнілася 89 гадоў. Яўген Ціхановіч ці не апошні сьведка тае эпохі з мастакоўскага асяродку і адзіны, бадай, памятае тых, з кім працаваў.

(Ціхановіч: ) "Гадлеўскі Эдуард, пасьля параду фізкультурнікаў выслалі ў Магадан. За тое, што ягоная скульптура Сталіна з пап'е-машэ павалілася. Сталін ледзь ня даў нырца ў Маскву-раку. Гадлеўскі пасьля адсідкі ў Менск не вярнуўся...

Змудзінскі, які рабіў малюнкі да буквароў, быў высланы ў Сібір за тое, што быў у мінулым афіцэрам "царскага рэжыму".

Абрамаў, мастак-графік, зрабіў між іншым, геаграфічныя мапы ў Белдзяржвыдавецтве. Меў хату й вялікі фруктовы сад. Але ўлады захапілі ягоны пляц і пабудавалі там Лечкамісію. Вядома, яму была нанесеная маральная зьнявага й матэрыяльная старта. Ён пачаў абурацца, што й стала падставаю ягонага арышту й высылкі. Дзе ён і памёр...

Кашкель – мастак-графік, працаваў у Белдзяржвыдавецтве, але ягоны бацька пры НЭПе меў вялікі магазін. Толькі гэта й стала падставаю для ягонага арышту й высылцы пры сталінскім "хапуне"...

1937 год не прамінуў Віцебскага мастацкага тэхнікума. Мы лічым яго вышэйшай мастацкай ўстановаю, бо там выкладалі настаўнікі, што скончылі яшчэ імпэратарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбурзе. Такія славуты мастакі як Волкаў, Керзін, Эндэ, былі настаўнікі, такія як Фогт, Хрусталёў, Загароўскі. Груцай, Дзежыц. Керзіна, напрыклад, пазбавілі права выкладаць скульптуру, адно таму, што ён атрымаў дыплём Акадэміі мастацтваў. Скульптуру пачаў выкладаць Ганс Шульц, які скончыў Інстытут Пралетарскага Мастацтва. Сама назва гаворыць сама за сябе. Скончылася акадэмічная праграма, наступіў хаас...

Настаўнікі Віцебскага мастацкага тэхнікуму, браты Даркевічы. Пётра Даркевіч выкладаў мастацтвазнаўства, а ягоны родны брат Хрыстафор выкладаў манумэнтальны жывапіс. Бацька іхны быў вельмы заможны, меў свой вялікі млын. Таму іх арыштавалі й расстралялі. Гэта быў 1937 год...

Мінін выкладаў у тым самым тэхнікуме графіку, а ў мінулым быў афіцэрам царскага войска. Арыштаваны быў у 37-м. Расстраляны..."

(Харэўскі: ) “Верагодна, мартыралёг гэты далёка ня поўны. Нам няведамыя лёсы мастакоў з Гомеля, Магілева, Мазыра, Бабруйска, Полацка. Ніхто сёньня адмыслова гэтай тэмай не займаецца. Але нават з таго, што мы ведаем, можна зрабіць адну супярэчлівую выснову – мастакоў рэпрэсавалі ў меншых маштабах, чым літаратараў і менш жорстка. Высылка – ня куля. На гэткую маю выснову Яўген Ціхановіч выказаў сваё меркаваньне. Маўляў, мастакамі ня надта хто азываўся за Сталінам. У тым сталінскім Саюзе мастакоў на 38-ы год было ўсяго дзесяць чалавек, пераважна небеларусаў. А большасьць беларускіх мастакоў сталі ў тыя гады проста выкладчыкамі або пазьяжджалі з буйных гарадоў...

Адам Глёбус цьвердзіць, што адносна мякчэйшае стаўленьне камуністаў да мастакоў тлумачыцца тым, што сапраўдны мастак – бажавольны, крыху вар'ят, а таму прымусіць ці прыдушыць яго не выпадае. Бо ж мастацтва – ці не адзіны від творчасьці, што не падлягае дысцыпліне. Нават той жа жывапісец Волкаў, са словаў Ціхановіча, мог і за Гітлерам і за Сталінам, адмаўляць людзям ва ўніформе, спасылаючыся на адсутнасьць настрою: "На сёньня сэанс адкладаецца".

Зрэшты, гэтыя гледзішчы не пярэчаць адно адному. Хоць гэта ніяк не ўваскрэсіць нам таго мастацтва, што было зьнішчана альбо ня створана... Нішто нам яго не ўваскрэсіць”.

(Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі распавёў пра сталінскія рэпрэсіі сярод беларускіх мастакоў. Нагадаю, нам гэтыя факты і высновы спатрэбяцца для падвядзеньня вынікаў ХХ ст. у беларускай культуры. Ужо сёньня ў мяне няма сумневаў, што гэта было стагодзьдзе літаратурнае. Узяўшыся неяк падсумоўваць нашаніўскае апытаньне чытачоў пра лепшую кнігу стагодзьдзя, я зразумеў, што мушу падсумаваць вынікі самога стагодзьдзя. Бо літаратура, народжаная ім і зьнішчаная ім, адлюстравала яго найлепшым чынам.

Калі ў іншых галінах культуры (выяўленчае мастацтва, музыка, тэатар, архітэктура) адбываліся або заняпад, альбо толькі першыя поклічы нараджэньня, дык літаратура зьдзейсьнілася ў гэтым стагодзьдзі напоўніцу і напоўніцу яго пражыла.

Архітэктура толькі бліснула недзе ў першай палове некалькімі помнікамі канструктывізму, жывапіс гэтаксама фрагмэнтарна адзначыўся Віцебскай школай і якімі-небудзь маляванымі дыванамі, музыка праз усё стагодзьдзе раскраплёная песьнямі, у якіх яна жанрава зьлівалася з той самай літаратурай. Сама ж літаратура, менавіта прыгожае пісьменства, сталася знакам, найбольшым здабыткам і найбольшай стратаю нацыі. Але пра гэта - у наступнай перадачы”.

Сяргей Дубавец, Вільня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG